viasna on patreon

Пракурорка запрасіла для палітзняволенага хірурга Андрэя Любецкага пяць гадоў пазбаўлення волі

2022 2022-04-14T12:38:40+0300 2022-04-14T12:38:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lubecki_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе працягваецца суд над вядомым хірургам, палітвязнем Андрэем Любецкім. Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава. Пракурорка Жана Баранава папрасіла асудзіць яго да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта яна прадстаўляла бок дзяржабвінавачання на судзе шматдзетнай маці Вольгі Залатар.

Сківічнага хірурга, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай бальніцы ў Мінску і быў валанцёрам каля Акрэсціна, затрымалі 4 мая 2021 года.

У чым абвінавачваюць хірурга?

Следчы камітэт кваліфікаваў дзеянні Андрэя Любецкага па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • арт. 342
  • арт. 130
  • арт. 369
  • ч. 1, 2 арт. 368

Па версіі следства, хірург "публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву... і ўсяляк перашкаджаў аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем'яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеянняў". Таксама яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў васьмі пратэстных акцыях (13, 17, 20, 23, 27 і 30 верасня, а таксама 4 і 25 кастрычніка 2020 года), і напісанні паведамленняў у сацсетках, якія кваліфікавалі як абразы і распальванне варожасці.

«Як прыстойны чалавек, я не магу маўчаць»

Як прайшоў першы дзень суда над хірургам Андрэем Любецкім

Што было на паседжанні?

Разгляд справы працягнуўся 11 красавіка. На ім праглядалі тэхніку, вынутую ў хірурга падчас вобшукаў, скрыншоты ягоных пастоў з сацыяльных сетак, фотаздымкі з маршаў. Любецкі заўважаў: "Каля ГУМа я нічога не парушаў, як і іншыя. Я не перакрываў дарогу — яе блакавала міліцыя".

Сярод матэрыялаў справы быў фотаздымак з адзіночнага пікета Любецкага, на якім палітзняволены сядзіць на лаўцы з плакатам, дзе Лукашэнка прымае прысягу пад бела-чырвона-белым сцягам з надпісам: "Для тых, хто забыў". На пытанне суддзі, навошта ён гэта зрабіў, Любецкі адказаў: "Каб нагадаць некаму". На пытанне, што выказваў плакат Леўчанка з маскай Лукашэнкі ў руцэ, хірург не адказаў. 

— Тыя, хто нічога не выказваў, хадзілі з кветкамі, — была ўпэўненая суддзя. — Будзьце шчырым, абвінавачаны! Для чаго і з якой мэтай?

Святлана Чарапанава паўтарыла гэтае пытанне некалькі разоў.

— Усе, да чаго я заклікаў, — каб на нашыя патрабаванні звярнулі ўвагу. Грамадзяне супраць гвалту. Народ усё адно даможацца праўды і справядлівасці шляхам мірнага дыялогу, — адказаў Андрэй Любецкі.

Калі пракурорка Баранава пачала праглядаць розныя сімкі і пытацца ў абвінавачанага, дзе ён стаяў і карыстаўся імі, суддзя Чарапанава спыталася ў яе: "Нам патрэбныя гэтыя дадзеныя?"

Падчас суда Андрэй Любецкі паведаміў, што яму заблакавалі сувязь з усімі сябрамі: не дахозяць лісты і пасылкі.

Наступнае паседжанне адбылося 13 красавіка. У гэты дзень па хадайніцтву абаронцы да справы былі далучаныя характарыстыкі з устаноў, дзе працаваў Любецкі: 4-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы, кафедры стаматалогіі медуніверсітэта, прыватных клінік, а таксама лісты падзякі ад пацыентаў. Напрыклад, у характарыстыцы з 4-й бальніцы пазначана, што Андрэй Любецкі "за час працы асвоіў усе віды аператыўных умяшанняў на сківічна-тварнай вобласці ў дзяцей. Выконваў усе выгляды рэканструктыўна-пластычных аперацый па рэабілітацыі дзяцей з прыроджанымі асаблівасцямі развіцця сківічна-тварнай вобласці". Таксама лекар прымаў удзел у навукова-практычных канферэнцыях.

Падчас спрэчак Жана Баранава адзначыла:

— У апошні час асобы, якія ўявілі сябе лідарамі нейкіх меркаванняў, паверыўшы ў сваю беспакаранасць, паставілі свае погляды і перакананні вышэй грамадскай думкі, грамадскага парадку, гонару і годнасці кіраўніка нашай дзяржавы і прадстаўнікоў улады.

Яна запрасіла для Андрэя Любецкага пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Маёмасная шкода "Мінсктрансу", па яе ўпэўненасці, склаў 201 тысячу рублеў. Згодна з абвінавачаннем, палітвязень таксама мусіць выплаціць дзяржпошліну ў памеры 10 тысяч рублеў. Таксама ў справе маецца грамадзянскі пазоў пацярпелага Карпенкова аб кампенсацыі маральнай шкоды. 

Апошняе слова Андрэя Любецкага будзе заслухана 14 красавіка ў 14.00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства