viasna on patreon

Псіхалагічная дапамога: Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы

2022 2022-04-14T12:46:40+0300 2022-04-14T12:51:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/psiholog_pomosch3.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.


Праз 1,5 года пасля прэзідэнцкіх выбараў беларусы, асуджаныя на адносна невялікія крымінальныя тэрміны за сваю палітычную пазіцыю, пачынаюць выходзіць на волю. Самы час пагаварыць, з якімі псіхалагічнымі праблемамі сутыкаецца чалавек пасля зняволення і як палегчыць перыяд адаптацыі да “свабоды”. У гэтым нам дапамаглі трое беларусаў, былых палітвязняў, якія правялі ў 2021 годзе 3 ці 4 месяцы ў СІЗА, і эксперт — беларускі лекар-псіхіятр і псіхатэрапеўт Сяргей Папоў.

Турма мяняе

“Гэта як патрапіць у паралельны сусвет. І чым больш ты там знаходзішся, тым больш ты іншай рэальнасці не ўсведамляеш. Усё-ткі 24/7 ў чатырох сценах ламае тваю псіхіку. Цябе акунаюць у несправядлівасць, робяць вінаватым, і гэта моцна ламае”, — вось як апісвае ўздзеянне турмы Яўген (імя змененае па просьбе героя).

Ён правёў сем дзён на Акрэсціна і два з паловай месяца ў СІЗА на Валадарскага за падзеі 9 жніўня 2020 года. Асуджаны да 3 гадоў «хіміі», зараз за мяжой.

— Што з сябе ўяўляе заключэнне для псіхічнага жыцця чалавека? Вядома, гэта псіхічная траўма, — тлумачыць псіхатэрапеўт Сяргей Папоў. — Гэта сутыкненне псіхікі з нейкімі знешнімі ўздзеяннямі альбо афектамі, пачуццямі, перажываннямі, якія перавышаюць здольнасць псіхікі перапрацаваць гэта. Чалавек сутыкаецца з бяссіллем, фрустрацыяй, таму што многія жаданні, патрэбы не могуць быць задаволеныя. Плюс гэта можа быць страх, прыніжэнне, абсалютная залежнасць ад ахоўнікаў, сілавікоў, суддзяў, пачуццё віны, несправядлівасці, злосці. Ёсць больш моцныя псіхічна людзі, у іх адэкватная самаацэнка, моцная ідэнтычнасць. Ёсць людзі, у якіх складаныя гісторыі развіцця, папярэднія псіхічныя траўмы або спадарожныя фізічныя хваробы. У такім выпадку псіхіцы справіцца складаней.

Ці можа чалавек выйсці з турмы, не пацярпеўшы псіхічна? Адказам служыць прыклад Алеся Мінава, былога настаўніка, які за жнівеньскія падзеі атрымаў тры гады "хіміі". Першыя 10 сутак ён правёў у ЦІПе на Акрэсціна, астатні тэрмін - на "Валадарцы". Алесь кажа, што літаральна на наступны дзень дома вярнуўся да звычайнага рытму жыцця.

“Нават у зняволенні прадумваў падрабязна, каб нешта прыгатаваць смачнае ці схадзіць некуды. Гэта вяртала да нармальнага жыцця хаця б у думках”.

Але ў большасці выпадкаў чалавек з турмы вяртаецца не тым, якім быў раней. Вяртаецца дадому цялесна, але трэба будзе яшчэ вярнуцца душэўна, што спалучана з болем.

Першыя эмоцыі

“Я быў несумненна рады, усміхаўся, па выглядзе не скажаш, што ў турме сядзеў, але як толькі прыехаў дадому, мяне скавала. Кладзешся — і ў камяк скручваешся, не разумееш, што рабіць, дзе апынуўся”, — успамінае Яўген свой стан адразу пасля суда. 

Вольга Паўлава, якая прасядзела сукупна чатыры месяцы на Акрэсціна, у СІЗА ў Жодзіна і на Валадарскага і асуджаная на тры гады хатняй "хіміі", кажа:

“Першы месяц у цябе эйфарыя, а потым ты не разумееш, што цяпер рабіць з гэтай свабодай. На працу ты не ўладкуешся, у цябе пастаянна адзнакі ў міліцыі, усё як быццам замерла, людзі працягваюць сядзець... і ў цябе проста апускаюцца рукі”.

У Жодзіне яна перажыла вельмі траўматычны досвед: ціск адміністрацыі і непалітычных сукамерніц, 17 дзён карцэра, 10 дзён галадоўкі пратэсту... Гэта быў яе чацвёрты арышт, а ў жніўні 2020 года яна трапіла ў сумна вядомую "газавую камеру". Узровень стрэсу ў СІЗА быў такі, што ў Вольгі першы час на свабодзе рукі трэсліся так, што яна не магла насыпаць кавы ў кубак.

“Калі ты трапіў у турму, стрэс, у якім ты знаходзішся, арганізм імкнецца максімальна абыйсці. А калі ты апыняешся на волі, усё, што стрымлівалася на працягу гэтага часу, цябе накрывае”, — дадае Вольга.

— Чаму адной радасці ад вызвалення недастаткова, каб адаптавацца да ранейшага жыцця?

Гэтая радасць павярхоўная. Адначасова чалавек выходзіць з вялікай трывогай, як быццам несвядома адчувае, з чым яму прыйдзецца сутыкнуцца, — тлумачыць эксперт. — У такіх выпадках дапамагаюць розныя актыўнасці ў грамадстве — літаратура, публіцыстыка, журналістыка, тэатр, кіно пра іншыя гісторыі, але падобнага вопыту. Тэксты і абмеркаванні на грамадскім, культурным узроўні дапамагаюць людзям знаходзіць словы для сваіх пачуццяў, пражываць іх з асэнсаваннем. Як прыклад, кнігі Святланы Алексіевіч дапамагаюць прапрацоўваць нашу калектыўную траўму. Такі парадокс: з аднаго боку, ёсць імкненне псіхікі пазбегнуць траўмуючай тэмы, а з другога — нешта цягне туды. Я магу сказаць, што пазбегнуць не атрымаецца. Чым больш намаганняў будзе па пазбяганню, тым больш знутры гэта будзе даваць пра сябе ведаць. У гэтым ёсць сутнасць посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР).

Успрыманне бесперапыннасці жыцця

Менавіта гэтую асноватворную для псіхікі рэч разбурае зняволенне.

Усе гэтыя падзеі паўплывалі на пачуццё часу. Яшчэ з 20-га года бурлівасць падзей, чаканне даволі хуткіх перамен нібыта пакінулі псіхалагічна ў тым моманце, які быў дагэтуль. І ў зняволенні час нібыта запавольваецца, таму что дзень у дзень адно і тое ж”, — распавядае Алесь.

А вось пра які эфект папярэдзіла Вольга:

“Раней у мяне энергіі на ўсё хапала: і на дачу, і на працу, і на дзіця... А пасля адседкі ты як высушаная крыніца”. 

— У нас ёсць пачуццё бесперапыннасці жыцця, мы ўсведамляем сябе ў часе. А тут адбываецца разрыў. Можна сказаць, што псіхіка расшчапляецца: ёсць толькі рэальнасць заключэння, іншая рэальнасць спынілася — частка псіхікі замерла. А энергія з'яўляецца, толькі калі мы целасныя, — тлумачыць урач-псіхіятр. — Чалавек вяртаецца, але ў гэтай рэальнасці яго нейкі час не было. І ён вяртаецца не зусім тым, якім сышоў. Як гэта ўсё спалучыць? Гэта складаная задача, таму што ўсе тыя пачуцці, пра якія мы казалі, трэба пачаць пражываць. Пачаць гараваць з нагоды непражытага жыцця. Узнікае рызыка развіцця дэпрэсій, таму што гараванне звязана з сумам. Калі ўспрыманне бесперапыннасці жыцця не аднаўляецца, гэта можа прывесці да развіцця ПТСР — і мінулае вяртаецца флэшбэкамі, наплывамі эмоцый і вобразаў.

Псіхатэрапеўт адзначае, што важна ўпісаць вопыт зняволення ў сваю асабістую гісторыю, звязаць не толькі з палітычнай сітуацыяй, але і са сваім мінулым. Па сутнасці знайсці адказ на пытанне: што гэта мне дало? Спачатку нават думаць пра гэта балюча. Таму што заключэнне зрабіла слабым, пазбавіла месяцаў/гадоў жыцця, здароўя... Але калі пачуцці пражываюцца, чалавек прыходзіць да гэтага этапу.

— Прыняцце — гэта і ёсць злучэнне уласнай часовай лініі c разуменнем стратаў і набытага вопыту, разуменнем, як гэта змяніла мяне, — кажа Сяргей Папоў.

Прарыў інфармацыйнага вакууму

Яўген за тры месяцы ў СІЗА развучыўся чытаць навіны, а на волі пасля размовы адчуваў перанасычэнне інфармацыяй. Вольга прызналася: “Калі я выйшла і даведалася, што нічога нікуды не зрушылася, што людзі замерлі і схаваліся, сказала папе: адвязі мяне назад у Жодзіна, ты сядзіш, і ў цябе хоць маламальская надзея ёсць, што ўсё на самай справе рухаецца”. 

— Як справіцца з лавінай інфармацыі, якая абвальваецца на чалавека на волі?

Гэта павінна быць вельмі павольна, каб не было паўторных траўмаў. У чалавека ёсць нейкія фантазіі пра жыццё там, за сценамі, гэта з'яўляецца часткай яго ідэнтычнасці. Калі на яго зваліцца ўвесь паток навінаў, ён павінен зноў пакінуць частку сябе, якая была патрэбна для таго, каб выжыць. Можна запаўняць гэты прабел вельмі персаналізаванай інфармацыяй. Добра, калі блізкі чалавек возьме на сябе частку кантактаў са знешняй рэальнасцю, будзе сачыць, каб не было перагрузкі.

Страхі

Парадаксальны прыклад распавёў Ілля. Хлопец не сядзеў месяцы ў СІЗА або гады ў турме, але, выходзячы пасля трэціх 15 сутак на Акрэсціна (палову ён прабыў адзін у камеры), адчуў сябе некамфортна:

“Мяне моцны калатун узяў. Рэальна адчуваў, што хачу назад. Таму што там як быццам усё зразумела становіцца. Там ты разумееш, што цябе чакае кожны дзень”.

— Пры сутыкненні з моцнымі перажываннямі любы чалавек можа спачатку выкарыстоўваць звыклыя спосабы спраўляцца з імі. Напрыклад, творчыя — маляваць, пісаць вершы. Выкарыстоўваць свае інтэлектуальныя здольнасці — гэта перакананне. Дапаможа камунікацыя, — каментуе спецыяліст. — Калі звыклыя спосабы не дапамагаюць, адбываецца тое, што ў псіхааналітычнай традыцыі называецца рэгрэс. Чалавек вяртаецца да больш ранніх спосабаў псіхічнага функцыянавання, дзіцячых, напрыклад. Калі ён меў шчаснае псіхічнае развіццё, то адкат у мінулае можа даваць апору ўнутры. Калі ў чалавека былі складанасці з псіхічным развіццём, ён сутыкаецца з тым, што перажываў, калі быў дзіцём. Гэта самыя складаныя выпадкі, гэта прыводзіць да дэзадаптыўных паводзінаў і часта да развіцця псіхічных разладаў. Рэгрэсія звязана з жаданнем большай залежнасці, каб былі знешнія структуры, якія давалі б бяспеку.

У такім выпадку варта самому ствараць такія структуры. Банальна: дастатковы сон, структура дня, праца.

Але часцей страх звязаны з адваротным — з магчымасцю зноў апынуцца ў зняволенні.

Пастаяннае адчуванне небяспекі ў Беларусі ўзрасло. Я сябе супакойваў тым, што, пакуль знаходжуся ў Беларусі, ад мяне нічога не залежыць, і ад таго, што будзеш пужацца, будзе горш толькі табе”, — распавядае Алесь.

А Яўген згадвае нават пра некаторую паніку на свабодзе.

— Як можна аслабіць страх?

Важныя блізкія людзі, якім можна давяраць. Гэта не значыць згрузіць на іх усю адказнасць. Проста гэта тыя, з кім можна пагаварыць альбо памаўчаць. А другое, што дае пачуццё бяспекі, — мець уяўленне пра найбліжэйшую будучыню: чаго я ўсё ж такі хачу, як я магу самарэалізавацца? Гэта пра перагляд каштоўнасцяў. Але апярэджванне будучага звязана зноў з мінулым. Без мінулага няма будучыні.

Складанасці з эмоцыямі

Яўген успамінае:

“Першыя 10-15 дзён эмоцый у мяне ніякіх не было. Цяжка было вярнуцца на волю, таму што ты надоўга ў турме замыкаешся ў сабе”.

Дарэчы, па гэтай прычыне часам могуць узнікаць непаразуменні з блізкімі — калі вызваліўшыйся чалавек не можа належным чынам адказаць на іх радасць ад сустрэчы. 

— Наколькі нармальна, што ты не адчуваеш эмоцый, і што з гэтым рабіць?

— Гэта ахоўная рэакцыя. Але эмоцыі важна пачаць перажываць, выказваць, таму што моцныя эмоцыі з'яўляюцца асновай траўмы. Я не ведаю іншага спосабу пачаць перажываць эмоцыі, акрамя як распавядаць. Гэта зноў пра блізкіх людзей — каб быў побач хтосьці, хто гатовы слухаць, хто не ўрываецца, не раіць узяць сябе ў рукі — гэта тут не працуе. Можа быць патрэба распавядаць адно і тое ж па некалькі разоў. Значыць, так трэба. З кожнай размовай нейкі аспект эмоцый выявіўся, — тлумачыць Сяргей Папоў. — Калі мы ствараем спрыяльныя ўмовы, то псіхіка пачынае сама сябе лячыць, у нас усё ёсць.

Складанасць яшчэ і ў тым, што чалавек выйшаў не таму, што сітуацыя змянілася. Трэба з усім грамадствам ўступіць у фазу адказнасці і рэпарацый. Чалавек не можа выказаць свае пачуцці і заклікаць да адказнасці і яшчэ больш павінен у сабе іх душыць. Можа ўзмацняцца пачуццё бессэнсоўнасці, можа вырасці, парадаксальным чынам, пачуццё віны. Гэта вядомы факт, што людзі, якія выжылі ў канцлагеры, у наступным адчувалі велізарнае пачуццё не радасці, а віны.

"Палітычным" беларусам сёння палягчае шлях адаптацыі ад зняволення да звычайнага жыцця салідарнасць і адсутнасць стыгматызацыі. Не выпадковая ж фраза "не сядзеў - не беларус". Гэта працуе на ідэнтычнасць, якая вельмі важная для псіхалагічнай раўнавагі. 

Дапамога спецыяліста

Нашай гераіні Вользе яна як раз спатрэбілася:

“У мяне пайшла дэперсаналізацыя і дэрэалізацыя — табе здаецца, што ўсё несапраўднае, як цацачны свет нейкі. Плюс у мяне быў вельмі моцны бруксізм — цягліцавыя спазмы. З-за пастаяннага стрэсу ўсё пераходзіць у псіхасаматыку. Я ноччу прачыналася, а ў мяне зубы зводзіць. І калі панічныя атакі працяглы час адбываюцца, ім ужо не патрэбен трыгер. У мяне была поўная апатыя. Я зразумела, што самастойна не змагу справіцца. Многія пачынаюць ужываць алкаголь, каб заглушыць гэты стан, але алкаголь пагаршае. Нашмат лепш прыйсці да спецыяліста”.

Праца з прафесіяналам і лекі ёй дапамаглі. Аднак поўнай рэабілітацыі няма, прызнаецца Вольга, яна нібы да гэтага часу сядзіць у СІЗА, разам з яе сябрамі і знаёмымі. Трэба быць гатовым да таго, што да тых часоў, пакуль не зменіцца сітуацыя, чалавек так ці інакш будзе ўцягнуты ў яе і будзе выпрабоўваць яе траўмуючае ўздзеянне.

— Але, ці ёсць нейкі час, пасля якога наступствы заключэння патрабуюць дапамогі лекара?

Дапамога псіхіятра або псіхатэрапеўта патрэбна, калі мы кажам, што працэс адаптацыі не ідзе добра ці трансфармуецца ў псіхічны разлад: дэпрэсіўны, трывожны, парушэнне сну, ПТСР, залежнасць, напрыклад, алкагольная, або фабічныя станы. Але ў кожным разладзе ёсць свае часовыя межы. Калі два тыдні стабільна дрэнны настрой, адсутнасць энергіі, задавальнення, нежаданне нешта рабіць, мы кажам, што развіваецца дэпрэсія. Калі праз паўгода захоўваецца трывога, флэшбэки, чалавек становіцца раздражняльным, як быццам памяняўся ў характары, тады можна падазраваць хранічны ПТСР. Лепш звярнуцца да спецыяліста, каб дыферэнцыраваць праблему.

Прычым сам чалавек можа не ўбачыць, што не спраўляецца з перажываннямі, але блізкі заўважыць, калі нешта не так.

— На жаль, псіхіятрыя — сфера вельмі стыгматызаваная, — адзначае Сяргей Папоў. — На самай справе правільна падабранае лячэнне дапамагае. Антыдэпрэсанты не “робяць з чалавека гародніну”. Медыкаментознае лячэнне заклікана дапамагчы чалавеку стаць больш устойлівым да яго ўласных цяжкіх пачуццяў, каб ён мог іх прапрацоўваць, пражываць, укладваць унутры сябе, надзяляць сэнсамі, выказваць. Аснова тэрапіі — псіхалагічная праца.

Рэкамендацыі

Нашы героі падзяліліся парадамі з уласнага вопыту, як хутчэй вярнуцца да звычайнага жыцця. Дарэчы, яны адзначаюць, што прыйсці ў сябе дапамагала ўжо тое, як трымаліся на працягу зняволення — без пачуццяў віны і шкадавання.

“Першае, што дапамагае — загрузіць сябе клопатамі, працай. Гэта дае адчуванне, што ты можаш нешта рабіць і сам распараджаешся сваім часам”, — упэўнены Яўген.

Яго жонка Ганна карысталася такім прыёмам: калі пра тры месяцы ў СІЗА ўсё ўжо было расказана, а Яўген зноў апускаўся ў тэму, яна старалася пераключаць яго думкі на нешта іншае.

Блізкія людзі заўсёды пыталі, ці зручна мне казаць пра зняволенне. Такая пільнасць, я лічу, важная”, — адзначае Алесь.

Што рабіць, каб дапамагчы свайму роднаму чалавеку адаптавацца, і чаго не рабіць — раіць псіхатэрапеўт.

— Дакладна не варта ўрывацца і быць настойлівым. Мець цярпенне чакаць душэўнага вяртання. Але важна быць побач, быць адкрытымі. І таксама не грузіць уласнымі пачуццямі: а мне як было тут дрэнна… Лепш таксама з кімсьці пагаварыць.

Па-за магчымасцю дамагчыся справядлівасці і задаволіць крыўды часта чалавек злосць і агрэсію міжвольна выплюхвае на блізкіх. Памятаеце, не заўсёды варта браць такія выпады на свой рахунак, па сутнасці, у гэтыя моманты блізкія людзі становяцца жывым кантэйнерам для эмоцый іншага.

А вось якія рэкамендацыі даў спецыяліст тым, хто выйшаў з-за кратаў:

— Даць сабе час. Трэба разумець, што за ўсім гэтым шмат пачуццяў і перажыванняў, важна ўвага да гэтых перажыванняў. І не бойцеся звяртацца па дапамогу. Тут вельмі важны іншы чалавек — небяспечна ізалявацца.

Калі вам патрэбна псіхалагічная дапамога, вы можаце звярнуцца сюды: неабходна зарэгістравацца на сайце і абраць краіну - Беларусь, ці даслаць свой запыт праз Фэйсбук

Псіхалагічная дапамога: Як родным палітвязняў падрыхтавацца да спаткання ў месцы зняволення

Cустрэча сваякоў з палітвязнямі — заўсёды стрэс, хай і станоўчы: часта бывае незразумела, як рэагаваць на незвычайныя паводзіны блізкага, што яму сказаць, ці браць з сабой дзяцей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства