viasna on patreon

Затрыманні ў Беларусі: хроніка пераследу 14 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-14T19:45:00+0300 2022-04-15T11:49:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pasynkau_82.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 14 красавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманне бацькі зняволенага ў Гродне

Як паведамляе тэлеграм-канал "Право имеют", бацьку Андрэя Сцепаненкі затрымалі раніцай 14 красавіка і павезлі на допыт. Да сына на вынясенне прысуду ён не трапіў. Яму інкрымінуюць абразу прадстаўніка (арт. 369 КК). Цяпер ён на свабодзе.


Затрымалі беларуску, якая адкрыла друкавальны цэнтр у Вільні

Каля тыдня таму затрымалі 32-гадовую Алесю Буневіч, якая жыла ў Вільні, а ў Беларусь прыехала на гадавіну смерці маці. Прычыны і падрабязнасці затрымання высвятляюцца.

У Вільні яна была дырэктаркай друкавальнага цэнтра, крамы-майстэрні А2.print, дзе друкаваліся рэчы на беларускую і апошнім часам украінскую тэматыку. 

Па інфармацыі магілёўскіх праваабаронцаў, Алесю Буневіч абвінавачваюць ў «здзяйсненні акта тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове» (ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса) — ёй пагражае ад 8 да 20 гадоў зняволення.

Папярэдне, Буневіч затрымалі пры спробе перасекчы мяжу Беларусі з адной з краін Еўразвяза. Магчыма, крымінальная справа тычыцца так званых актаў тэрарызму на беларускай чыгунцы.

Цяпер яна ўтрымліваецца ў магілёўскім СІЗА.


Выставілі абвінавачванне музыку з Маладзечна. Яго змясцілі пад варту 

12 красавіка ў сябе дома пасля ператрусу быў затрыманы 30-гадовы музыка Аляксандр Казакевіч. Яму выставілі абвінавачванне па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Мужчыну пераводзяць у жодзінскую турму.

Раней Аляксандр граў у гурце «Канфлікт».


Справу палітзняволенага Уладзіміра Мацкевіча перадалі ў суд

Палітвязень Уладзімір Мацкевіч
Палітвязень Уладзімір Мацкевіч

Палітзняволенаму філосафу і метадолагу Уладзіміру Мацкевічу выставілі канчатковае абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за «Марш Народнага Ультыматума» 25 кастрычніка, ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) за платформу «Сход», а таксама па ч.1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале. За кратамі філосафа ўтрымліваюць ужо 9 месяцаў.

Стала вядома, што пракуратура Мінска накіравала справу палітвязня ў Мінгарсуд.

Нагадаем, патрабуючы змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, завяршыць следчыя дзеянні і прызначыць дату судовага разбіральніцтва, Уладзімір абвясціў з 3 лютага галадоўку, з 15 лютага — "сухую галадоўку". Увечары 16 лютага Мацкевіч завяршыў галадоўку.

Падрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2


У Вілейцы 13 красавіка затрымалі мясцовага прадпрымальніка Аляксея Пасынкава

Учора Аляксей працаваў у Мінску. Яму патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, каб ён прыехаў у Цэнтральнае РУУС Мінска, бо нібыта яго машына была дрэнна прыпаркавана і таму яе эвакуявалі. Вядома, што на машыне была налепка «Пагоня».

Аляксей паехаў у міліцыю, але адтуль яго завезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.


Гомельскага актывіста Мікіту Слепянка змясцілі ў СІЗА — яго абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання»

21-гадовага адміністратара культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans Мікіту Слепянка выклікалі на допыт у міліцыю 6 красавіка, пасля якога на волю ён не выйшаў. Пазней стала вядома, што яго затрымалі ў межах крымінальнай справы па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання). Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі з ім «пакаяльнае відэа».

Rezystans, у якім на цяпер 284 падпісчыкі, МУС прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» 29 сакавіка — пасля яго 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту, якія ён адбываў у лютым па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). На волю Мікіта выйшаў 23 лютага, але яго тэлефон пакінулі для «правядзення далейшых следчых дзеянняў».

Цяпер Мікіта ўтрымліваецца ў СІЗА.

Падтрымайце яго лістамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Слепянок Мікіта Антонавіч (28.08.2000)


У Мінску зноў затрымалі Святлану Гацко — два тыдні таму яна выйшла пасля 25 «сутак» 

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў Мінску 13 красавіка затрымалі Святлану Гацко. Вядома, што яна пайшла забіраць свой тэлефон у Заводскае РУУС пасля нядаўняга арышту, але з міліцыі яна не выйшла.

Два тыдні таму, 31 сакавіка, Святлана выйшла на волю пасля папярэдніх «сутак». Яе затрымалі 6 сакавіка разам з актывісткай Галінай Лагацкай — яны развешвалі лістоўкі «Не вайне». Іх асудзілі арт. 24.23 КаАП «несанкцыянаванае пікетаванне». Галіну арыштавалі на 15 сутак, а Святлану — на 25 сутак.

Святлану затрымлівалі падчас пратэстаў у 2020 годзе. Сваю гісторыю яна распавяла праекту «Август 2020».


Мінінфарм прыпыніў дзейнасць выдавецтва «Мэдысант» на тры месяцы

Там выходзілі кнігі Андруся Горвата «Радзіва „Прудок“» і «Прэм’ера», «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» Сяргея Пясецкага, «Беларуская нацыянальная ідэя» Змітра Лукашука і Максіма Гарунова.


Па заяве пракуратуры Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «The Бульба» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».


Палітвязня Юрыя Бялько пераводзяць на турэмны рэжым 

13 красавіка ў судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска суддзя Антон Дудаль разглядзеў справу «аб пераводзе палітвязня Юрыя Бялько ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму». Суд пастанавіў перавесці Юрыя ў «крытую» турму тэрмінам на тры гады.

Нагадаем, нядаўна Бялько змясцілі на 30 сутак у ШІЗА, а потым перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Юрыя абвінавацілі ва ўдзеле ў телеграм-чаце «радыкальнага напрамку». Акрамя гэтага — у намеры пашкодзіць або знішчыць тры «Табакеркі». Яму прысудзілі 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Па дадзеных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 19 палітзняволеных перавялі ў «крытую» турму, і супраць яшчэ сямі распачалі крымінальныя справы па арт. 411 КК. Чытайце як пераследуюць палітвязняў у калоніі па спасылцы

Падтрымаць Юрыя: ПК №2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1


Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства