Палітзняволенага хірурга Андрэя Любецкага асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі
У Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд вядомаму хірургу, палітвязню Андрэю Любецкаму. Суддзя Святлана Чарапанава асудзіла лекара да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Менавіта такое пакаранне запрасіла для Любецкага пракурорка Жана Баранава. Нагадаем, таксама яна прадстаўляла бок дзяржабвінавачання на судзе шматдзетнай маці Вольгі Залатар.
Сківічнага хірурга, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай бальніцы ў Мінску і быў валанцёрам каля Акрэсціна, затрымалі 4 мая 2021 года.
У чым хірурга прызналі вінаватым?
Следчы камітэт кваліфікаваў дзеянні Андрэя Любецкага па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 342
- арт. 130
- арт. 369
- ч. 1, 2 арт. 368
Па версіі следства, хірург "публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву... і ўсяляк перашкаджаў аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем'яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеянняў". Таксама яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў васьмі пратэстных акцыях (13, 17, 20, 23, 27 і 30 верасня, а таксама 4 і 25 кастрычніка 2020 года), і напісанні паведамленняў у сацсетках, якія кваліфікавалі як абразы і распальванне варожасці.
Пракурорка запрасіла для палітзняволенага хірурга Андрэя Любецкага пяць гадоў пазбаўлення волі
«Як прыстойны чалавек, я не магу маўчаць»
«Мае досвед, веды і ўменні спатрэбіліся б шматлікім людзям, калі я буду на волі і буду займацца тым, чым займаўся 23 гады. [У мяне] вельмі эксклюзіўная спецыялізацыя, і ў Беларусі спецыялістаў майго ўзроўню можна пералічыць на пальцах адной, максімум дзвюх рук, — сказаў хірург у апошнім слове. — Што датычыцца дэнтальнай імплантацыі, то і ў гэтай галіне дасягнуў дастаткова вялікіх вышынь. Я толькі канстатую факты, у тым ліку аб тым, што на лячэнне прыязджалі людзі з усёй Беларусі, і ў тым ліку з-за мяжы. Акрамя таго, з-за мяжы звярталіся тыя, каму адмаўлялі з-за складаных сітуацый ці мэтанакіравана рэкамендавалі звярнуцца менавіта да мяне».