Вядучага бізнэс-аналітыка EPAM і палітвязня Дзяніса Насуру пакаралі трыма гадамі "хатняй хіміі"
У судзе Заводскага раёна Мінска 18 красавіка вынесены прысуд па справе вядучага бізнэс-аналітыка EPAM і палітычнага зняволенага Дзяніса Насуры. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Алена Капцэвіч.
Дзяніса Насуру затрымалі напярэдадні Новага года - 31 снежня. Да суда быў змешчаны ў СІЗА №1.
Пакуль працягвалася следства сайт Навукова-даследчага інстытута АІПІ НАН РБ выдаліў з архіву ўсе навуковыя працы Дзяніса Насура, які працаваў там больш за 10 гадоў. Удзельнічаў у касмічных праграмах Космас БР і космас НТ, у стварэнні суперкампутара, у запуску беларускага спадарожніка "Белка-1". Публікаваў артыкулы і навуковыя працы.
У канцы сакавіка 2022 года следства па справе Дзяніса Насуры было завершанае, матэрыялы перададзеныя ў пракуратуру.
“Непакоіліся за падзеі ў краіне, пераследу асабліва не чакалі”: гісторыя палітвязня Дзяніса Насуры
Суд паставіў прызнаць Дзяніса Насуру вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады ("хатняя хімія").
Да вызначэння яму ўмоваў адбыцця пакарання ён вызвалены з-пад варты.