viasna on patreon

Затрыманні працягваюцца: хроніка пераследу 20 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-20T12:05:00+0300 2022-04-20T23:32:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lednik-igar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 20 красавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Актывіста Ігара Ледніка затрымалі супрацоўнікі міліцыі з Гародні

Ігар Леднік. Фота з сацыяльных сетак.

Стала вядома, што 18 красавіка быў затрыманы барысаўскі сябра БСДП Ігар Леднік. Са словаў партыйцаў дамоў да Ледніка прыехаў аўтамабіль з гарадзенскімі нумарамі.

Нагадаем, што Ігару Ледніку ўжо двойчы прысуджаліся адміністрацыйныя суткі. Ён інвалід другой групы - мае праблемы з сэрцам, паведамляе "Грамада".


Сяргей Антусевіч знаходзіцца ў Сіза КДБ

Сяргея Антусевіча затрымалі супрацоўнікі КДБ. Ён патэлефанаваў уначы 20 красавіка сваім блізкім з СІЗА КДБ і паведаміў пра затрыманне, піша "Право имеют".

Сяргей Антусевіч - былы работнік "Гродна Азот". Каля 10 год кіраваў незалежным прафсаюзам на прадпрыемстве. Цяпер жыве ў Менску і з'яўляецца віцэ-старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.


Пасля ператрусаў у офісах незалежных прафсаюзаў знікла сувязь з 14 актывістамі

Пасля ўчарашніх ператрусаў у офісах незалежных прафсаюзаў на сувязь не выходзяць 14 прафсаюзных актывістаў. Гэта лідары і актыў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, паведамляюць праваабаронцы.

Нагадаем, у БКДМ уваходзяць Свабодны прафсаюз металістаў, Свабодны прафсаюз Беларуськалія, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

Паводле папярэдніх звестак, на 10:30 20 красавіка не было сувязі з Янай МалашВіталём ЧычмаровымГаннай ДусьАляксандрам БухвоставымВасілём БерасневымГенадзем ФядынічамДзмітрыем БародкамАляксандрам ЯрашукомСяргеем АнтусевічамМікалаем ШарахамІрынай Бут-ГусаімМіхаілам ГромавымВадзімам ПайвінамЮрыем Беляковым.


Затрыманага 19 красавіка намесніка старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Ігара Комліка. адпусцілі ноччу 20 красавіка пасля допыту ў СК.  У яго быў адвакат.


Генадзь Фядыніч затрыманы на 72 гадзіны

Як паведамляюць @gazetaby, лідэр Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Таксама на трое сутак затрымана супрацоўніца офіса Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Ірына Бут-Гусаім.


Затрыманы таксама лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў.

71-гадовы мужчына знаходзіцца пад вартай.


Па дадзеных праваабаронцаў, чатыры актывіста незалежных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч, Генадзь Фядыніч, Мікалай Шарах і Аляксандр Еўдакімчык — знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Яшчэ пяць чалавек затрыманыя, але іх месцазнаходжанне невядомае. Гэта Аляксандр Бухвостаў, Віталь Чычмараў, Аляксандр Ярашук, Ірына Бут-Гусаім і Ігар Леднік (затрыманы 18 красавіка).


Новыя абвінавачанні прад'яўленыя палітзняволенай Юлі Лаптановіч

Абвінавачанне па васьмі артыкулах КК РБ прад'явілі жыхарцы Пружанскага раёна, паведамляе Следчы камітэт. У 34-гадовай жанчыны — трое дзяцей, і аднойчы яе ўжо судзілі за ўдзел у пратэснай акцыі ў Брэсце ў верасні 2020 года. Тады ў рамках "карагоднай справы" ёй далі тры гады "хатняй хіміі", паведамляе "Еўрарадыё".

Мяркуецца, што гаворка ідзе пра Юлію Лаптановіч.  Яе муж — актывіст з Пружан Ігар Лаптановіч — таксама быў асуджаны па "карагоднай справе". Суд асудзіў яго на 2,5 гадоў пазбаўлення волі. І Юлія, і Ігар віны тады не прызналі, пісалі праваабаронцы.

Ігар і Юля Лаптановічы з дзецьмі

Яе абвінавачваюць у незаконным зборы, прадастаўленні і распаўсюдзе інфармацыі пра персанальныя дадзеныя іншай асобы без яе згоды (ч.3 арт. 203-1), паклёпе (арт. 188), дапамозе ў пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі (ч.6 арт. 16 і ч.1 арт. 366), стварэнні ўмоў для здзяйснення абразы прадстаўніка ўлады (ч.1 арт. 13 і арт. 369), стварэнні ўмоў для здзяйснення пагрозы гвалтам у дачыненні да суддзі (ч.1 арт. 13 і арт. 389) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4).

У СК кажуць, што расследаванне завершанае, і матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Праваабаронцы прызналі Ігара і Юлію Лаптановічаў палітзняволенымі.


У Расеі заблакавалі сайт motolko.help

На гэтай пляцоўцы, у тым ліку, публікавалася інфармацыя аб перамяшчэннях расейскай ваеннай тэхнікі і расследаванне аб адпраўцы расійскімі вайскоўцамі пасылак з беларускага Мазыра ў розныя гарады Расеі праз сэрвіс СДЭК.


Тэрмін утрымання пад вартай працягнуты старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву

Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай — гэтым разам да 12 чэрвеня, паведамляе Еўрарадыё. Кастусёў напісаў родным, што ніякіх следчых дзеянняў з ім не праводзяць.

Рыгор Кастусёў.

Старшыня Партыі БНФ знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за год. Яго затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года ў Шклове, у той дзень ён мусіў дапамагчы ўнучцы з урокамі. Адначасова ў Маскве былі затрыманыя палітолаг Аляксандр Фядута і юрыст Юрый Зянковіч. Усіх траіх абвінавачваюць у «змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, нібыта Кастусёў, Фядута і Зянковіч рыхтавалі замах на Лукашэнку.

У зняволенні ў Кастусёва выявілі анкалагічнае захворванне.


Рэдактарку газеты "Новы Час" Аксану Колб забралі на допыт у СК

Сёння да Аксаны Колб прыйшлі сілавікі і звезлі яе на допыт.

Як паведамілі блізкія Аксаны Колб, група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала сёння ў кватэру, дзе яна жыве. Яны паведамілі, што забіраюць рэдактарку "Новага Часу" на допыт у СК. Па якой справе і ў якім статусе - невядома.

Аксана Колб. Фота:

Нагадаем, газета "Новы Час" са жніўня 2021 года не выходзіць, сайт novychas.by быў заблакаваны ў кастрычніку 2021 года.


З гомельскай школы звольнілі настаўніцу за антываенныя выказванні

Настаўніца расейскай мовы і літаратуры Аксана Чачоткіна выказалася супраць вайны ва Украіне. Вучаніца 10 класа расказала пра гэта адміністрацыі школы, пасля чаго Аксану прымусілі звольніцца.

Пра гэта паведамляе выданне «Флагшток», спасылаючыся на бацькоў. Адміністрацыя школы пацвердзіла «Флагштоку» факт звальнення настаўніцы «па дамове бакоў».

Стала вядома, што каля 15 гадзін Аксана Колб патэлефанавала блізкім і паведаміла, што яе змяшчаюць у ІЧУ да 10 сутак. З якой нагоды і па якой справе, па-ранейшаму невядома


Палітзняволенага Аляксандра Івуліна этапавалі ў «Воўчыя норы»

Як паведамляе @zozhteam журналіст, блогер і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Івулін быў этапаваны ў папраўчую калонію №22 у пасёлку Даманава ў Івацэвіцкім раёне.

19 студзеня Аляксандру прысудзілі два гады калоніі. Яго прызналі вінаватым у «арганізацыі і актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Аляксандр Івулін

Нагадаем, адміністрацыя калоніі «Воўчыя норы» паведаміла вязням, што не будзе перадаваць ім лісты ў звычайных канвертах — толькі «1 класа». Акрамя гэтага, цэнзары калоніі цяпер павінны пільна сачыць за тым, ці правільна напісаныя адрасныя дадзеныя. Адзін з палітвязняў перадаў з-за кратаў узор напісання адрасных дадзеных, якія патрабуе цэнзар калоніі


Супрацоўніку чыгункі Аляксандру Лучыновічу прад’явілі абвінавачванне і перавялі ў гомельскі СІЗА

43-гадовы праваднік рэзерву Аляксандр Лучыновіч быў затрыманы 31 сакавіка на працы ў Гомельскім аддзяленні беларускай чыгункі. Пры затрыманні ў яго забралі тэлефон і пасля тако, як праглядзелі яго, склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП, а пазней асудзілі да адміністрацыйнага арышту.

Але на волю пасля «сутак» Аляксандр не выйшаў – яго перазатрымалі ў межах крымінальнай справы па арт. 361-4 КК РБ (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Прычына — перадача фота расейскай вайсковай тэхнікі тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн». 15 красавіка Лучыновіча змясцілі ў гомельскі СІЗА-3, яму прад'яўлена абвінавачванне.


У Мінску затрымалі 26-гадовую Паліну Мартынчык

У «пакаяльным відэа» яна «прызнаецца» ў тым, што ў жніўні 2020 года выходзіла на праезную частку падчас акцый пратэсту.

Дзяўчыне інкрымінаваны артыкул 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства