viasna on patreon

Мінчука асудзілі да трох гадоў "хіміі" за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў

2022 2022-04-20T15:08:12+0300 2022-04-20T15:08:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/amirani_92.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Ленінскага раёна Мінска 24 сакавіка вынес прысуд паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Амірані Бутыяшвілі. Суддзя Юлія Шут прызначыла мінчуку тры гады «хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Мінску 9 і 10 жніўня 2020 года. Амірані вызвалілі ў зале суда пасля двух месяцаў пад вартай у СІЗА-1.

Амірані Бутыяшвілі

Паводле версіі абвінавачвання, Амірані ў перыяд з 16-й гадзіны 9 жніўня па 01:11 10 жніўня 2020 года, знаходзячыся на тэрыторыі Мінска, у тым ліку на праезнай частцы дарогі праспектаў Перамогі і Машэрава, у выкананне публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт на розных інтэрнэт-рэсурсах, з'яўляючыся дакладна праінфармаваным з розных крыніц аб планаваным правядзенні на тэрыторыі горада Мінска з 9 жніўня масавых мерапрыемстваў без падачы заявы ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган і без атрымання рашэння гэтага органа аб дазволе на правядзенне дадзеных масавых мерапрыемстваў, з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, узяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады — супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, і пацягнулі парушэнне працы транспарту, далучыўшыся да групы грамадзян, якія ўдзельнічалі ў паказаных супрацьпраўных дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, неаднаразова адмовіўся выканаць паказанае патрабаванне прадстаўнікоў улады — супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Так, Бутыяшвілі, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асобаў з іншымі нявызначанымі падчас следства асобамі, узяў актыўны ўдзел у паказаных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады — супрацоўнікаў органаў унутраных спраў — спыніць вышэйпаказаныя дзеянні, а таксама тыя, што пацягнулі парушэнне працы транспарту, блакаваў і перагароджваў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеянні выклікалі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў спыненні транспарту на тэрыторыі горада Мінска.

Аналагічныя дзеянні яму інкрымінавалі ў перыяд з 20:10 10 жніўня па 01:50 11 жніўня.

На судзе Амірані прызнаў віну цалкам.

Бутыяшвілі затрымалі 12 студзеня — два месяцы ён утрымліваўся ў СІЗА-1 у Мінску.

Асноўнымі доказамі ўдзелу мінчука ў акцыях пратэсту сталі фота і відэа з яго тэлефона. Амірані пацвердзіў, што рухаўся па праезнай частцы, фатаграфаваў супрацоўнікаў міліцыі, якія са шчытамі перакрывалі шлях да станцыі метро «Няміга».

На працэсе дакладны маршрут свайго руху падчас акцый пратэсту 9 і 10 жніўня ён не памятае, дапускаў, што рухаўся па маршруце, праходзячы вуліцы і праспекты, паказаныя ў абвінавачванні, але трамвайныя шляхі не праходзіў. Амірані расказаў, што лозунгі ён не выкрыкваў, у ладкі не пляскаў. На акцыі ён ажыццяўляў фота- і відэаздымкі.

На судзе «Мінсктранс» заявіў пазоў у памеры 21 667 рублёў 87 капеек.

У судзе ў якасці доказаў вывучылі звесткі аб тэлефонных злучэннях Бутыяшвілі 9–11 жніўня, на падставе якіх суд паменшыў перыяд часу ажыццяўлення ім дзеянняў, накіраваных на парушэнне працы транспарту па першым эпізодзе да перыяду з 22:13 па 23:43 9 жніўня, па другім эпізодзе — да перыяду з 21:51 па 23:31 10 жніўня.

Судом выключана з аб'ёму прад'яўленага абвінавачвання Бутыяшвілі ўказанне на парушэнне ягонымі дзеяннямі працы «Мінсктрансу», паколькі падчас судовага пасяджэнні было выяўлена, што яго праца парушана не была.

Таксама суд выключыў з абвінавачвання ўказанне пра тое, што абвінавачаны выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, паколькі «апошні адмаўляў паказанае, а дакладных доказаў, якія пацвярджаюць зваротнае, суду не прадстаўлена».

У выніку, суддзя Ленінскага раёна Мінска Юлія Шут асудзіла Амірані Бутыяшвілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі"). Канфіскаваныя ў мінчука 6 500 долараў пакінулі пад арыштам да вырашэння пытання наконт грамадзянскага пазову "Мінсктрансу" пра спагнанне з яго шкоды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства