viasna on patreon

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні васьмі палітычных зняволеных

2022 2022-04-20T15:22:23+0300 2022-04-21T12:19:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kajdanki-kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

20 красавіка 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г.д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягваннем прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека.

У гэтай сувязі нам вядома пра асуджэнне:

  • Яўгена Клімава па абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 361-1 КК у кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем і паводле ч. 1 арт. 130 КК у распальванні сацыяльнай варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў у папраўчай калоніі;
  • Сяргея Санюты паводле ч. 1 арт. 130 КК за публікацыі ў сацыяльных сетках з заклікам аказваць супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  • Святаслава Шубіча паводле ч. 1 арт. 130 за публікацыі ў сацыяльных сетках, арт. 368 за абразу А. Лукашэнкі, ч. 1 арт. 328 КК за захоўванне нязначнай колькасці наркатычных сродкаў без мэты збыту (пакаранне паглынутае найболей цяжкім паводле арт. 130) да 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Паказаныя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметаў. Іх дзеянні не пацягнулі і не маглі пацягнуць цяжкіх наступстваў для пацярпелых.

Шэраг судовых рашэнняў прыняты з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя. Так:

  • Алег Нічыпорка асуджаны паводле ч. 1 і 2 арт. 218 КК за розныя пратэсныя надпісы і дзеянні, якія пацягнулі пашкоджанні фасадаў будынкаў і відэакамер, паводле ч. 1 арт. 205 КК за выкраданне маёмасці, паводле арт. 341 КК за пратэсныя надпісы ў грамадскіх месцах, паводле арт. 370 КК — за здзек з дзяржаўных сімвалаў да 3 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі. Падчас судовага пасяджэння абвінавачаны заявіў пра тое, што доказы яго віны атрыманы пад катаваннямі, і таму адмаўляў вялікую частку абвінавачвання, што не засталося неабвергнутым, бо суд не арганізаваў праверку яго заяў;
  • Аляксей Храловіч асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 2 арт. 356 КК за здраду дзяржаве — перадачу тэлеграм-каналу звестак, якія ён меў у сувязі з займанай пасадай, да 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі і штрафу ў памеры 500 базавых велічынь.

У сувязі з апошняй справай мы таксама нагадваем сваю пазіцыю, выказаную ў заяве праваабарончай супольнасці, пра тое, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая ўяўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў ці іншых асобаў за распаўсюд такой інфармацыі.

Таксама ў дачыненні да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай пры адсутнасці дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду па крымінальным абвінавачанні, то бок пасля прад'яўлення абвінавачання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачання, выцякае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, пра тое, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання". Акрамя таго, змяшчэнне пад варту грамадзян, якія маюць цяжкія хранічныя захворванні, з'яўляецца яшчэ адной мерай для аказання на іх ціску і прычынення пакут з палітычных матываў.

У прыватнасці, нам вядома пра змяшчэнне пад варту:

  • Уладзіміра Гундара, чалавека з інваліднасцю, які абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі), ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) і ўтрымліваецца ў СІЗА больш за год практычна ў адсутнасць працэсуальных дзеянняў па крымінальнай справе, што відавочна несумяшчальна з мэтамі дасудовага ўтрымання пад вартай; да гэтага У. Гундар асуджаны паводле арт. 366 КК да трох гадоў пазбаўлення волі за кінуты на падлогу і пабіты падчас вобшуку ўласны тэлефон, што кваліфікавана судом як пагроза службовай асобе, і гэта давала падставу патрабаваць перагляду ягонага прысуду як вынесенага з палітычных матываў і прызнання яго палітвязнем;
  • Паўла Кучынскага, які мае анкалагічнае захворванне, абвінавачваецца паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 389 (пагроза ў дачыненні да суддзі), арт. 391 (абраза суддзі), арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), справа якога ўжо расследавана;
  • Аляксандра Фядуты, які мае цяжкія хранічныя захворванні, абвінавачваецца ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і змяшчаецца пад вартай больш за год; у дачыненні да яго практычна не паводзіцца следчых дзеянняў, у сувязі з чым яго знаходжанне пад вартай да судовага разгляду з'яўляецца залішнім з пункту гледжання забеспячэння інтарэсаў расследавання і яўкі ў суд і можа быць заменена на іншыя меры, якія забяспечваюць правамерныя інтарэсы.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае зняволенне Яўгена Клімава, Сяргея Санюты, Святаслава Шубіча, Алега Нічыпоркі, Аляксея Храловіча, Уладзіміра Гундара, Паўла Кучынскага, Аляксандра Фядуты з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў дачыненні да згаданых палітвязняў меры стрымання і прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
  • вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства