viasna on patreon

Наступ на незалежны прафсаюзны рух: што вядома па стане на 22 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-22T22:23:00+0300 2022-04-27T10:14:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kdb-minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Будынак КДБ ў Мінску. Фота www.fotex.biz

Будынак КДБ ў Мінску. Фота www.fotex.biz

У аўторак, 19 красавіка, з’явілася інфармацыя пра ператрусы ў офісах і кватэрах лідэраў незалежных беларускіх прафсаюзаў, затрыманыя кіраўнікі і актывісты прафсаюзнага руху. Што вядома праваабаронцам пра затрыманых на гэты дзень?

У СІЗА КДБ знаходзяцца сем актывістаў незалежных прафсаюзаў:

Аляксандр Ярашук — старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. БКДП аб'ядноўвае некалькі незалежных прафесійных саюзаў. У яго ўваходзяць Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускі незалежны прафсаюз (БНП). Ператрус прайшоў па месцы працы і па месцы жыхарства. Канфіскаваная тэхніка. Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Генадзь Фядыніч — ранейшы кіраўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці — РЭП. У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасць быў асуджаны да 4 гадоў абмежавання волі — «хімія». 11 красавіка КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) «экстрэмісцкім фармаваннем». Вядома, што Фядыніч затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Аляксей Еўдакімчык — намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу металістаў. Еўдакімчыка затрымлівалі ў лютым 2022 года і асудзілі на 17 сутак арышту. У канцы сакавіка Аляксандра зноў затрымалі. Па абвінавачванні ў непадпарадкаванні міліцыі паводле арт. 24.3 КаАП ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Дома адбыўся ператрус.

Сяргей Антусевіч — намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Доўгі час — амаль 10 год — кіраваў незалежным прафсаюзам «Гродна Азот». Затрыманы 19 красавіка і змешчаны ў СІЗА КДБ. У той жа дзень у офісе БКДП і ў кватэры Сяргея Антусевіча адбыліся ператрусы. Яго затрымалі, уначы яму дазволілі патэлефанаваць жонцы.

Мікалай Шарах — ранейшы старшыня Свабоднага Прафсаюзу Беларускага, зараз — кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюза з Полацка. 9 красавіка ў яго адбыўся ператрус. 19 красавіка быў затрыманы на 72 гадзіны, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Вацлаў Арэшка — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП. Затрыманы пасля ператрусу на кватэры.

Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП. 71-гадовы мужчына знаходзіцца пад вартай. Справу вядуць следчыя цэнтральнага апарату Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Дастаўлены ў Мінск. Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Прафсаюзныя актывісты, пра затрыманне якіх вядома дакладна

Аляксандр Бухвостаў — старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў. На пачатку сакавіка 2022 году ў офісе прафсаюзу металістаў адбыўся ператрус. 19 красавіка сілавікі прыйшлі ў офіс зноў і затрымалі прафсаюзных актывістаў.  80-гадовы актывіст трапіў пасля затрымання ў шпіталь з сардэчным прыступам.

Віталь Чычмароў — былы інжынер завода імя Казлова. Быз звольнены ў 2020 годзе з-за прафсаюзнай дзейнасці. Кіраваў на прадпрыемстве пярвічнай арганізацыяй  Свабоднага прафсаюза металістаў.

Ірына Бут-Гусаім — супрацоўніца офіса Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Затрыманая на 3 сутак.

Міраслаў Сабчук - актывіст, удзельнічаў у стварэнні звароту работнікаў МТЗ, у якім завадчане асудзілі гвалт і патрабавалі новых сумленных выбараў.

Зміцер Бародка - актывіст,пасля допыту быў затрыманы.

Яна Малаш - актывістка Свабоднага прафсаюза металістаў, была затрыманая, пасля допыту на волю не выйшла.

Не выходзяць з 19 красавіка на сувязь прафсаюзныя актывісты:

Міхаіл Громаў на сувязь не выйшаў, верагодна затрыманы.

Выйшлі на волю пасля допыту:

Ігар Комлік — намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў. Адпусцілі ноччу 20 красавіка пасля допыту ў СК. На допыце у яго быў адвакат.

Ганна Дусь - была затрыманая. Выйшла на волю пасля допыту з падпіскай аб нявыездзе.

Вадзім Пайвін - затрыманы. Выйшаў на волю  пасля допыту.

Юрый Белякоў. Стала вядома, што пасля допыту яго 20 красавіка адпусцілі. Забралі пашпарт, кампутар, тэлефон.

Мікалай Герасіменка - затрыманы. Выйшаў на волю пасля допыту.

Алена Яськова, юрыстка БКДП. Выйшла на волю пасля допыту.

Лізавета Мярляк - міжнародны сакратар Беларускага незалежнага прафсаюза, сяброўка БСДП. Затрыманая ў Гародні  ўвечары 21 красавіка. Пра затрыманне паведаміла партыя БСДП. У той жа вечар пасля допыту яе адпусцілі.

Інфармацыя будзе ўдакладняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства