Псіхалагічная дапамога: Што казаць дзецям, бацькі якіх знаходзяцца ў турме?
Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.
Калі ў турме ўтрымліваецца хтосьці з блізкіх — гэта складанае выпрабаванне для ўсёй сям'і. Але ў самым уразлівым стане знаходзяцца дзеці, бо ў іх менш жыццёвага досведу, ведаў, дый наогул ім складаней зразумець тое, што адбываецца ў краіне. Што рабіць у такой сітуацыі, як расказаць праўду і ці трэба яе расказваць, як дапамагчы дзецям перажыць зняволенне бацькі ці маці і галоўнае — як правільна пра гэта размаўляць?
Мы пагутарылі з дзвюма сем'ямі пра тое, як дзеці перажываюць адсутнасць бацькі. Іх гісторыі пракаментавалі два дзіцячыя псіхолагі — Юлія і Марыя (імёны змененыя).
Гісторыя Вольгі (імя змененае) і ейных траіх дзяцей
— На момант затрымання дзецям было 6, 9 і 14 гадоў. Мужа затрымалі на працы, таму самога працэсу дзеці не бачылі. Але нашу пазіцыю яны ведалі першапачаткова, мы разам хадзілі на маршы, глядзелі стрымы ў інтэрнэце. Калі дзеці задавалі пытанні, то мы адказвалі як ёсць. Таму, калі затрымалі іх бацьку, я не прыдумляла казак. Старэйшаму я распавяла падрабязней пра тое, да чаго быў датычны тата. Малодшым — бацьку затрымалі дрэнныя дзядзькі, але ён не рабіў нічога благога.
Першыя часы яны лічылі, што дзядзькі хутка разбяруцца ў тым, што тата не вінаваты, і адпусцяць яго. Яны верылі ў справядлівасць, але час ішоў. Тады малодшае дзіця пачало прыдумляць пэўныя даты, калі тату адпусцяць, напрыклад, на Раство. Але цуду не здарылася, і мы разам з сябрамі і сваякамі кампенсавалі расчараванне падарункамі. Гэта дапамагло дзецям трохі адцягнуць увагу ад таго, што чаканні не спраўдзіліся.
Дзеці ніколі не ставіліся да сітуацыі з вялікім драматызмам. Штовечар мы молімся пра бацьку і ўзгадваем нейкія добрыя моманты. Думаем пра тое, чым ён можа цяпер займацца. Імкнёмся «ўплятаць» яго ў сваё паўсядзённае жыццё, няхай і не фізічна. У нашых зносінах тата як быццам заўсёды побач.
Мае дзеці цвёрда ведаюць, што тата добры чалавек. Я ўвесь час кажу ім, што вельмі ганаруся іх бацькам і што ён годны чалавек. Таму сумневаў у тым, што бацьку пасадзілі без падставы, у іх няма. Праз тое, што мы вернікі, муж не мог нашкодзіць жыццю і здароўю іншага чалавека проста паводле вызначэння.Таксама я прыводзіла ў прыклад гісторыі іншых такіх жа недарэчных затрыманняў.
Дзеці актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы турэмных перадач бацьку, увесь час рыхтуюць сюрпрызы з малюнкамі і вершыкамі. Гэты напамін, што мы яго памятаем, любім і чакаем.
Таму пазіцыя дзяцей: «Умовы цяпер такія, мы нічога змяніць не можам, але мы можам прыдумаць, як падбадзёрыць і павесяліць тату. Сёння таты няма, але ён жывы, і мы можам працягваць мець зносіны — гэта ўжо добра».
Каментар Юліі: У гэтай гісторыі апісаны добры прыклад таго, як сям'я захоўвае баланс паміж сумнай рэальнасцю і пазітыўнымі момантамі. Маці дапамагае дзецям адаптоўвацца да сітуацыі і добра расстаўляе акцэнты. Але яшчэ абавязкова трэба запытваць у дзяцей, што іх трывожыць, каб дзеці дзяліліся сваімі перажываннямі і пытаннямі. «А што, калі яго не выпусцяць у тэрмін?», «Раптам тата перастане пісаць нам?». Любыя дзіцячыя «а раптам» маюць патрэбу ў адказе дарослага і павінны ўтрымоўваць паведамленне: «Мы пераадолеем гэта, мы штосьці прыдумаем». Гэта зменшыць узровень трывогі ў дзяцей. Важны баланс дзвюх рэальнасцяў: штодзённага паўсядзённага жыцця сям'і з руціннымі заняткамі, святамі і забаўкамі, і — расстання з татам, якое дадае ў жыццё новыя формы зносін з ім. Так дзеці змогуць адаптоўвацца да сітуацыі і не ўспрымаць яе як штодзённае гора. |
Каментар Марыі: У гэтай гісторыі агульнае гора згуртавала сям'ю. Важна, што ў іх ёсць пэўныя звычкі, якія дапамагаюць перажываць крызіс. Якраз такія традыцыі і рытуалы — гэта тое, што дазваляе сямейнай сістэме выжыць. Гэта тыя апоры, якія ствараюць стабільнасць. Але праз тое, што старэйшае дзіця знаёмае з дэталямі, ёсць рызыка перагрузіць яго адказнасцю. Ад грузу хлопчык можа замкнуцца ў сабе і пачаць усё перажываць усярэдзіне. Ці наадварот, зрабіцца знарок вясёлым і жыццярадасным, сысці ў свет фантазій, дзе ўсё добра. Абодва варыянты — званочкі, што з дзіцем неабходна пагаварыць. Каб зняць з дзіцяці такія абавязанні, трэба яму сказаць, каб на ўсе пытанні малодшых ён адпраўляў іх да мамы. |
Гісторыя Святланы (імя зменена) і ейных дваіх дзяцей
— Калі затрымалі майго мужа, сыну было два гады, а дачцэ ўсяго тры месяцы. Я перажывала, што сын спалохаецца таго, што тата не вярнуўся ўвечары дадому. Але дзіця першыя дні не задавала пытанняў.
Гэта абумоўлена тым, што я з дзецьмі вельмі часта езджу да бацькоў у госці і мы застаёмся там на тыдзень – другі без таты. Таму сама сітуацыя, калі бацькі няма дома працяглы час, для дзіцяці знаёмая — гэта норма жыцця. Тата — гэта чалавек, які з ім гуляе, і цяпер гэтую ролю сыну замяніў дзядуля. А тата «ў камандзіроўцы».
Я маю страх, што дзіця проста забудзецца на бацьку, таму я імкнуся паказваць яму фотаздымкі, відэа ці неяк згадваць яго ў гутарцы. Але муж у зняволенні ўжо роўна год, і яшчэ столькі ж яму засталося. Так доўга казаць, што тата ў камандзіроўцы, не атрымалася б, таму я сказала, што ён уладкаваўся на працу ў іншы горад, і цяпер мы будзем ездзіць да яго ў госці.
Мы ездзім на спатканні раз на чатыры месяцы, але дзіцяці кажам, што памяшканне, у якім мы знаходзімся, — бацькава праца. Калі спатканне сканчаецца — тату час вяртацца, у яго шмат спраў. Яшчэ раз на 2 – 3 месяцы нам дазваляюць стэлефаноўвацца праз відэасувязь. Дзіця на гэта рэагуе нармальна, не капрызіць, што тата сыходзіць, проста прымае гэта як факт.
Я кансультавалася з дзіцячым псіхолагам, ці варта неяк працаваць з малым. Яна сказала, што калі няма нейкіх праблем з успрыманнем таго, што таты няма, то і не варта акцэнтаваць на гэтым увагу. Таму тату мы ўзгадваем, але не надаём драматызму факту ягонай адсутнасці.
Каментар Юліі: Гэта добры прыклад канструявання новай рэальнасці. Праз тое, што дзіця мела досвед працяглай адсутнасці таты ў сям'і, адаптацыя адбылася не так востра. На цяперашні момант няма ніякіх нагодаў для непакою за эмацыйны стан дзіцяці. Правільна, што мама звярнулася да спецыяліста і карэктна ацаніла сітуацыю. Часта ў стане шоку мы не заўсёды здольныя прыняць слушнае рашэнне. Аднак ёсць верагоднасць, што дзіця можа адчуваць напружанне ў сям'і, чуць нейкія таемныя гутаркі і рабіць здагадкі. У гэтым узросце дзіця не разумее такую складаную канструкцыю, як «турма», для яго ёсць факт адсутнасці блізкага чалавека з нейкіх прычынаў, і гэтыя прычыны ён з часам паспрабуе зразумець. Мы часта можам недаацэньваць чуласць і настрой дзіцяці счытваць тое, што адбываецца ў сям'і, на невербальным узроўні. Рана ці позна праўда выйдзе на паверхню і размова ўсё адно адбудзецца. І добра быць падрыхтаванымі да яе. |
Каментар Марыі: У гэтай гісторыі ў дзіцяці могуць паўстаць складанасці з пражываннем крызісу трох гадоў. Гэта важны этап развіцця, калі дзіця вучыцца быць аўтаномным і ў яго закладваецца падмурак для будучай сепарацыі ад бацькоў. З гэтага пункту гледжання важна браць сына на ўсе спатканні і відэасувязь з татам. |
Чаму шмат якія бацькі выбіраюць не казаць дзецям праўду?
Ёсць шмат складнікаў, чаму бацькі выбіраюць не казаць праўду дзіцяці. Часцей за ўсё гэта тры прычыны: жаданне абараніць дзіця ад шоку; адсутнасць навыкаў і разумення, як слушна гэта зрабіць; і страх не даць рады эмоцыям дзіцяці.
Маці ці бацька самі напалоханыя і не ведаюць, што рабіць і казаць, таму падтрымліваюць дзіця ў свеце ілюзій і фантазій, каб захаваць ідэю, што свет добры і бяспечны.
У якіх сітуацыях гаварыць няпраўду абгрунтавана і прымальна?
Падман на падсвядомым узроўні можа выклікаць трывогу і напружанне ў сям'і. Таму хлусня наогул не канструктыўная, мы мусім быць шчырымі. Але і казаць праўду трэба, улічваючы ўзроставыя асаблівасці дзіцяці. Чым меншае дзіця, тым прасцейшымі павінны быць адказы. Адно пытанне — адзін адказ. Калі дзіця трывожыцца, трэба спытаць, што прымусіла яго перажываць, і прагаварыць гэта.
Калі ёсць страх прамаўляць словы «затрыманы», «турма», «калонія», можна сказаць праўду — «Я пакуль не ведаю, як табе пра гэта сказаць, але мне важна, што ты задаеш гэтае пытанне, я падумаю і адкажу».
Чаму варта казаць праўду?
Пра тое, што сваяк адбывае тэрмін, можа сказаць хтосьці чужы з негатыўнай ацэнкай — «твой тата дурань», «твой тата злачынец», «твой тата крымінальнік і здраднік». Менавіта гэтая першая ацэнка можа застацца самай моцнай, бо будзе звязаная з шокавым станам.
Абстаноўка напружання, трывогі, нявызначанасці будзе выклікаць у дзіцяці шмат здагадак і фантазій пра тое, што адбываецца ў сям'і. Часцей за ўсё дзеці будуць вінаваціць сябе і шукаць прычыны ў сваіх паводзінах. А вам давядзецца шмат падманваць і доўга падтрымліваць легенду. Калі-небудзь у ёй могуць узнікнуць неадпаведнасці ці супярэчнасці, і тады можа адбыцца падрыў даверу да бацькі ці маці. Акрамя таго, дзіця можа адчуваць крыўду, што адзін з бацькоў абраў «працу і камандзіроўкі» замест сям'і.
Што рабіць, калі дзіцяці сказалі, што бацька ў камандзіроўцы, а яно даведалася праўду?
Прызнаць гэта і растлумачыць, што вы былі занадта разгубленыя ў той момант і не ведалі, што адказаць. Што ў вас не было часу падумаць, таму вы зрабілі памылку — вырашылі схлусіць, бо меркавалі, што так будзе карысней, але цяпер вы разумееце, што гэта быў няслушны выбар.
Да якіх наступстваў для дзяцей і зняволенага бацькі ці маці можа прывесці «хлусня ў імя дабра?»
Наступствы затрымання аднаго з бацькоў для дзіцяці могуць быць самымі рознымі. Гэта моцна залежыць ад ягонага узросту і падтрымкі сям'і з боку сяброў і сваякоў.
Гэта можа быць:
- Трывога, розныя фобіі («усім страшна і мне страшна, незразумела з якой прычыны»). Успышкі агрэсіі.
- Пачуццё віны («напэўна, мама плача і не звяртае на мяне ўвагі праз мае дрэнныя паводзіны»).
- Пачуццё кінутасці і неразумення («тата нават не павіншаваў нас на Новы год і Дзень народзінаў, напэўна, ён больш нас не любіць»).
- Падрыў адносінаў і даверу да маці ці бацькі і, як вынік, парушэнне базавага даверу да свету («калі мама мяне падманвае, то як я магу давяраць іншым людзям»).
Пасля завяршэння тэрміну зняволеныя бацькі таксама могуць сутыкнуцца з вялікім напружаннем, бо даводзілася хаваць, дзе яны знаходзіліся, і выдаткоўваць рэсурс на падтрыманне ілюзіі.
Як казаць праўду маленькім дзецям?
Маленькім дзецям будзе пасаваць такі варыянт (можна выкарыстоўваць аналогію з мультыкаў, кніг і казак, паказваць на цацках):
- Наш тата (мама і г.д.) вельмі добры і адважны;
- Ён хацеў, каб усе вакол жылі шчасліва і весела;
- Нядобрыя людзі вельмі спалохаліся гэтага і змясцілі тату ў месца, з якога пакуль выйсці нельга. Там вельмі высокі плот. Але тата моцны і яму не страшна. Ён там са сваімі смелымі сябрамі;
- Мы будзем пісаць яму лісты, ствараць малюнкі і збіраць падарункі. А часам хадзіць у госці. Ён будзе вельмі рады. Мы будзем яго чакаць. І ён абавязкова вернецца, калі злыя людзі стомяцца;
- Ён нас вельмі любіць. А мы — яго.
Як сказаць праўду школьніку?
Дзіцяці дашкольнага веку і малодшага школьнага веку мы апісваем сітуацыю вельмі проста і кажам, як мы будзем у ёй жыць. «Тата цяпер у калоніі, мы не можам пакуль з ім жыць разам, але мы будзем ездзіць да яго ў госці раз на тры месяцы». Трэба не баяцца прамаўляць слова «турма» ці «калонія», таму што замоўчванне створыць дадатковае напружанне.
Калі дзіця запытвае, як доўга бацька ці маці там будзе, вы адказваеце, калі ведаеце, а калі не, то добрым варыянтам будзе: «Я не ведаю, але мы будзем яго/яе чакаць». Адказваем толькі на тыя пытанні, якія дзеці задаюць.
Дзеці сярэдняга школьнага веку выдатна разумеюць, што такое турма. З імі можна абмяркоўваць гісторыю на прыкладзе «Чыпаліна». Калі мы бачым рэакцыю дзіцяці — адлюстроўваем яе. Калі дзіця змаўкае — «Мабыць ты разгублены цяпер. Але ты можаш задаць мне пытанні папазней, я гатовая з табой размаўляць пра гэта». Тут мы можам ужо апярэджваць пытанні і адказваць трошкі больш падрабязна.
Як сказаць праўду падлетку?
Вось прыклад дарэчных фраз і патрэбных акцэнтаў:
- Я хачу пагаварыць з табой пра нашага бацьку (маці і г.д.).
- На жаль, свет так уладкаваны, што часам адбываецца не так, як нам хацелася б. Мы будзем рабіць усё магчымае, але нашы жаданні не заўжды спраўджваюцца лёгка.
- У свеце ёсць шмат усяго: ёсць людзі, якія прагнуць праўды і свабоды, а ёсць людзі, якія не гатовыя да гэтага.
- Наш тата вельмі добры і правільны чалавек. Ён хацеў, каб у нашай краіне было шчасце.
- Я пагаджаюся з табой, што ў турме павінны сядзець толькі дрэнныя людзі, але, як ты ведаеш, часта, нават у тваім класе, караюць невінаватых. Так адбылося і з татам. І шмат з якімі іншымі людзьмі. Так, на жаль, здараецца.
- Ні я, ні тата не шкадуем пра гэта. Часам мы павінны рабіць правільныя рэчы, нават разумеючы, што гарантый на перамогу няма. Гэта называецца чалавечнасць і быць сапраўдным чалавекам. Бацька — сапраўдны чалавек. Мы можам ганарыцца ім.
- Мы будзем пісаць яму лісты, разам перадаваць пасылкі, думаць пра яго, размаўляць з ім у думках. Ён пераадолее гэта. А мы будзем радавацца і жыць, таму што ён бы не хацеў, каб мы смуткавалі.
- Калі-небудзь зернетка праўды, якое ён пасеяў сваімі рукамі, прарасце. І гэта будзе вялікі лес. Таму што такога насення тысячы.
Як дапамагчы дзіцяці прыняць праўду?
Проста знаходзіцца побач і не пужацца пытанняў. Нават калі спалохаліся, — «твае пытанне важныя, але я цяпер разгубленая і не ведаю, як адказаць, я падумаю і адкажу пазней». Дзіця ў кожным разе павінна дакладна ведаць, што ягоныя пытанні важныя і яно атрымае на іх адказы.
Як даросламу рэагаваць на моцныя эмоцыі дзіцяці?
- Любыя моцныя эмоцыі дзіцяці абсалютна нармальныя. Нам не трэба іх баяцца і намагацца заціснуць. Галоўнае — тое, як мы падтрымаем дзіця ў ягоным стане. Можна абняць і паспрабаваць нармалізаваць гэтыя пачуцці («я таксама журуся і нуджуся, як і ты»), пагаварыць пра эмоцыі і пацярпелага бацьку ці маці.
- Важна мець магчымасці для радасці, ладзіць святы і казаць, што тата (мама і г.д.) быў бы рады гэтаму. Не трэба выгадоўваць пачуццё віны («маме дрэнна, калі ты плачаш»), прасіць дапамогі і разумення ў дзіцяці («мне самой дрэнна, лепш бы пра мяне падумаў і пашкадаваў маму!»).
- Добра прагаворваць эмоцыі дзіцяці ўголас: «Ты злуешся, ты хочаш усіх забіць, ты ў роспачы, ты разгублены». Апісваем усё, што адбываецца, і знаходзім фразы, якія здатныя падтрымаць. Трэба падумаць, што менавіта не раззлуе вашае дзіця. Фраза «ўсё будзе добра» — дрэнны варыянт: мы не ведаем, як будзе. «Я вельмі спадзяюся, што ўсё наладзіцца, але цяпер я не ведаю, што будзе. Я таксама злуюся, але я буду побач з табой».
- Галоўнае — быць шчырымі з дзецьмі. Гэта лягчэй, чым здаецца.
Дадатковыя рэсурсы
Прапануем для дадатковай інфармацыі азнаёміцца з некаторымі кнігамі, у якіх можна знайсці алгарытм зносін і разумення, што адбываецца з дзіцём у тэмах страты бацькоў, бяспекі і ранейшага свету. Развод бацькоў, добраахвотны сыход з сям'і ці нават смерць перажываюцца дзіцячай псіхікай паводле падобных сцэнароў. Таму кнігі будуць карысныя і ў сітуацыі са зняволеннем бацькі ці маці.
- Oscar Brenifier, Jacques Desprès. Le livre des grands contraires philosophiques (пераклад на рускую мову: Бренифье Оскар, Деспре Жак. «Главная книга противоречий. Все о жизни и человеке»).
- Patrick Ness. A Monster Calls (пераклад на рускую мову: Патрик Несс. «Голос монстра», кніга і фільм).
- Helmuth Figdor. Patient Scheidungsfamilie: Ein Ratgeber für professionelle Helfer (пераклад на рускую мову: Гельмут Фигдор. «Развод. Излечение травмы утраты и предательства»).
- Doris Brett. More Annie Stories: Therapeutic Storytelling Techniques (пераклад на рускую мову: Дорис Бретт. «Жила-была девочка похожая на тебя... Психотерапевтические истории для детей»).
Псіхалагічная дапамога: Як падтрымаць сябе, калі твае родныя знаходзяцца ў турме