viasna on patreon

Аб спыненні пераследу беларускіх незалежных прафсаюзаў

2022 2022-04-21T17:14:17+0300 2022-04-22T13:41:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rep11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

21 красавіка 2022 года

19 красавіка 2022 года адбыўся напад на незалежны прафсаюзны рух. Ператрусы прайшлі ў офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і офісах яго сяброўскіх арганізацый — Свабоднага прафсаюзу беларускага (СПБ), Свабоднага прафсаюзу металістаў (СПМ), Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Мінску і рэгіёнах, а таксама ў прыватных дамах прафсаюзных лідараў і актывістаў.

У выніку ператрусаў былі канфіскаваны персанальныя камп'ютары, флэш-карты, асабістыя дакументы, пашпарты, банкаўскія карткі, якія належаць, у тым ліку, чальцам сям'і прафсаюзных актывістаў, SIM-карты, прафсаюзныя сцягі, лічбавыя прылады і прафсаюзная дакументацыя. Затрыманы лідары і актывісты незалежных прафсаюзаў Беларусі.

Дакладная колькасць арыштаваных прафсаюзных дзеячаў пакуль невядома, аднак прынамсі 14 чалавек не выходзяць на сувязь з 19 красавіка. Толькі адзін з іх, віцэ-прэзідэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч, патэлефанаваў дадому ў ноч з 19 на 20 красавіка і паведаміў, што ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ у Мінску. Паводле звестак Беларускага незалежнага прафсаюзу, у СІЗА КДБ знаходзяцца таксама старшыня БКДП Аляксандр Ярашук і бухгалтарка прафсаюзу Ірына Бут-Гусаім. У СІЗА КДБ знаходзіцца таксама старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалай Шарах, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандр Еўдакімчык, прадстаўнік РЭП Генадзь Фядыніч. Затрыманы прафсаюзныя актывісты Віталь Чычмароў, Аляксандр Бухвостаў. Не выходзяць на сувязь Яна Малаш, Ганна Дусь, Васіль Бераснеў, Дзмітрый Бародка, Міхаіл Громаў, Вадзім Пайвін, Юрый Белякоў. Намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу металістаў (СПМ) Ігар Комлік быў затрыманы, аднак адпушчаны пасля допыту ў Следчым камітэце.

Невядома таксама дакладная прававая падстава крымінальнага абвінавачвання супраць прафсаюзных дзеячаў. Паведамляецца, што ў пастанове аб ператрусе пералічана прыкладна 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія традыцыйна выкарыстоўваюцца апошнія два гады для пераследу грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі.

Пераслед незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідараў апошнім часам носіць сістэмны характар. Так, 7 красавіка дзяржаўныя органы абвясцілі пра пазасудовае рашэнне КДБ аб вызначэнні Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) як "экстрэмісцкага фармавання". Гэта першы выпадак, калі афіцыйна зарэгістраванае аб'яднанне, заснаванае на сяброўстве, уключана ў падобны пералік "экстрэмісцкіх фармаванняў". Вядома пра неаднаразовыя арышты прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, актывістаў рэгіянальных прафсаюзных ячэек у перыяд люты-красавік 2022 года.

Вышэйпаказаныя дзеянні беларускіх улад супярэчаць міжнародным абавязкам і нацыянальнаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Пра неабходнасць прызнання прынцыпу свабоды асацыяцый заяўлена ў Прэамбуле да Статуту Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Дэкларацыя МАП аб асноватворных прынцыпах і правах у сферы працы 1998 г. называе свабоду асацыяцый сярод чатырох асноватворных правоў, якія павінны выконвацца дзяржавамі — сябрамі Міжнароднай арганізацыі працы з прычыны самога факту сяброўства ў МАП. Права на стварэнне прафсаюзаў, абарону ад дыскрымінацыі ў сувязі з рэалізацыяй права на свабоду асацыяцый гарантаванае Канвенцыяй аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю (№ 87) і Канвенцыі аб праве на арганізацыю і на вядзенне калектыўных перамоў (№ 98), ратыфікаваных Беларуссю 6 лістапада 1956 года. Свабода асацыяцый, у тым ліку права на аб'яднанне ў прафсаюзы, гарантуецца артыкуламі 36, 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Беларуская праваабарончая супольнасць у чарговы раз падкрэслівае, што рэпрэсіі ў дачыненні да беларускай грамадзянскай супольнасці маюць беспрэцэндэнтны характар. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці зазнаюць праверкі, ператрусы, блакаванні рахункаў, канфіскацыю абсталявання, дыскрэдытацыю, іх сябры і актывісты — адміністрацыйны і крымінальны пераслед, іншыя формы персанальнага ціску. На сённяшні дзень больш як 650 арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, або прымусова ліквідаваны, або былі вымушаны прыняць рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.

Беларуская праваабарончая супольнасць рашуча выступае супраць чарговай хвалі бесперапынных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі. Мы ў чарговы раз заяўляем пра недапушчальнасць пераследу прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, грамадскіх і прафсаюзных актывістаў, парушэння свабоды асацыяцый і іншых правоў чалавека ў краіне.

Мы патрабуем неадкладна вызваліць усіх затрыманых прафсаюзных лідараў і актывістаў, а таксама ўсіх палітычных зняволеных. Мы патрабуем неадкладна спыніць дыскрымінацыю незалежных прафсаюзаў, рэпрэсіі, кампанію па запалохванні грамадскіх і прафсаюзных актывістаў, іх адміністрацыйным і крымінальным пераследзе, татальным знішчэнні свабоды асацыяцый.

Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі, у тым ліку прафсаюзныя, і праваабаронцаў усіх краін публічна выказаць рашучы пратэст супраць грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і даць ацэнку дзеянням беларускіх улад, выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы для аказання ўплыву на змену цяперашняй сітуацыі, а таксама працягваць аказваць падтрымку арганізацыям грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі ПЭН;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства