viasna on patreon

Ціск на палітзняволеных, новыя экстрэмісты і затрыманні: хроніка пераследу 21 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-21T16:34:00+0300 2022-04-23T12:37:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ramanenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах,прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, аказваецца ціск на палітвязняў. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ціск на палітзняволеных

Палітвязень Раман Багнавец
Палітвязень Раман Багнавец

Адміністрацыя наваполацкай калоніі цісне на палітвязня Рамана Багнаўца, які адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі. Пра гэта паведаміла яго сястра. Яна распавяла, што больш за месяц не атрымлівала ад брата аніякіх звестах. І толькі некалькі дзен таму да яе дайшлі лісты ад Ромы, у якіх ён паведаміў, што ажно два тыдні яго ўтрымлівалі ў ШІЗА, і што ў хуткім часе яго могуць перавесці ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Акрамя гэтага, ён паведмляе, што адносіны адміністрацыі калоніі №1 да зняволеных апошнім часам вельмі пагоршыліся. Па словах Рамана, там «робяць усё дзеля таго, каб было сорамна за тое, што яны палітвязні».

Нагадаем, Рамана Багнаўца абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня (арт. 293 КК). Яго асудзілі па «пінскай справе» да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падтрымаць Рамана можна лістамі салідарнасці і паштоўкамі. Адрас такі: ПК №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Раману Анатольевічу Багнаўцу.

Палітвязень Аляксандр Нурдзінаў
Палітвязень Аляксандр Нурдзінаў

Палітзняволенага Аляксандра Нурдзінава перавялі ў крытую турму на два гады.

Нагадаем, Аляксандра асудзілі да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 і ч.2 арт. 293. Абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсных акцыях 9-10 жніўня 2020 года, блакаванні дарог, узвядзенні барыкад і ў тым, што «кідаў расліннасць з кветнікаў у супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Вы можаце падтрымаць палітвязня і даслаць яму ліст. Адрас такі: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Аляксандру Андрэевічу Нурдзінаву.

Палітзняволены Уладзімір Колас
Палітзняволены Уладзімір Колас

Палітвязню Уладзіміру Коласу ўзмацнілі рэжым і перавялі з «хіміі» ў магілёўскую турму. Прычына - «парушэнне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове». Цяпер ён будзе адбываць тэрмін у магілёўскай турме №4.

Уладзіміра асудзілі на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК). Трэцяга красавіка 2021 Коласа затрымалі, змясцілі ў ІЧУ, а затым этапавалі да месца адбыцця пакарання. З 14 красавіка палітвязень знаходзіўся ў папраўчай установе №46.

Падтрымайце Уладзіміра лістамі салідарнасці. Адрас такі: турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Уладзіміру Сяргеевічу Коласу. 

Таксама праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што апошнім часам у гродзенскай турме некаторым сваякам палітвязняў адмаўляюць у перадачах і спатканнях. Вяьзням нельга перадаць нават кнігі. З чым звязана такое абмежаванне, пакуль невядома. Адміністрацыя турмы адказвае толькі адно: «Не положено!».


Мікіта Залатароў
Мікіта Залатароў

Праваабаронцам паведамілі, што адміністрацыя выхаваўчай калоніі №2 цісне на 17-гадовага палітвязня Мікіту Залатарова, якога ўжо двойчы асудзілі па «пратэсных» артыкулах. Паведамляюць, што яго рэгулярна караюць суткамі ў штрафным ізалятары.
Мікіта Залатароў - падлетак хворы на эпілепсію. У лютым 2021 года хлопцу прысудзілі 5 гадоў у выхаваўчай калоніі па крымінальнай справе аб «кактэйлях Молатава». Ён неаднаразова скардзіўся бацьку на жорсткае збіццё - ужывалі нават электрашокер. Ужо ў ліпені 2021 года хлопца зноў асудзілі. Яго абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка СІЗА-3 па арт. 364 КК. Шляхам частковага складання раней прысуджанага тэрміну пакарання з новым, агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4,5 гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.

Падтрымайце Мікіту лістамі салідарнасці. Адрас такі: Выхаваўчая калонія №2, 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4, Мікіту Міхайлавічу Залатарову

Папаўненне ў спісе экстрэмістаў

Кнігу прызналі экстрэмісцкай
Кнігу прызналі экстрэмісцкай

Стала вядома, што суд Ленінскага раёна Гродна вынес рашэнне аб прызнанні кнігі «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», якая выйшла ў сталічным выдавецтве «Харвест» у 2019 годзе, экстрэмісцкай. Яна ўключана ў адпаведны спіс, размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі. Аўтар гэтай кнігі - Віктар Ляхар. Ён вядомы беларускі геральдыст, член Міжнароднага саюза дызайнераў, які шмат гадоў уваходзіў у склад Геральдычнай рады пры прэзідэнце. Дарэчы, гэта ён распрацаваў сімволіку для многіх дзяржорганаў, у тым ліку сілавых. Так, менавіта яму належыць аўтарства эмблем большасці структур МУС, якія ён распрацаваў яшчэ ў нулявыя гады, у тым ліку эмблемы ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК і Дэпартамента аховы.

Новыя затрыманні

Фота з затрымання Арсенія Пахомава
Фота з затрымання Арсенія Пахомава

Стала вядома пра затрыманне Арсенія Пахомава. «Пакаяльнае» відэа з ім з’явілася на праўладным тэлеграм-канале.

На ім мужчына кажа, што яму 35 год, ён часова беспрацоўны, і што затрымалі яго за тое, што ён «распаўсюджваў дэструкрыўную інфармацыю пра вайну ва Украіне».

ГУБАЗіК таксама паведаміў, што па начах затрыманы нібыта расклейваў налепкі з забароненымі выявамі. У якасці доказу віны Арсенія сілавікі размясцілі ў тэлеграм-канале фотаздымкі з кватэры затрыманага. На іх сцяг Украіны, бел-чырвона-белыя значкі і стужачкі, значкі з надпісамі «Белсат», «Выбары 2006. Назіральнік», сцяг ЗША, сцяг Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, налепкі з надпісам «Не смяротнаму пакаранню», «Баста», пасведчанне (напэўна, ужо несапраўднае) супрацоўніка «Нашай Нівы» і туалетная папера з партрэтам-шаржам Пуціна. Дзе зараз утрымліваюць Арсенія, пакуль невядома.


Васіль і Ала Раманенкі
Васіль і Ала Раманенкі

Праваабаронцы даведаліся пра затрыманне ў Мінску ўладальнікаў агенцтва нерухомасці КУБ - мужа і жонкі Васіля Раманенкі і Алы Раманенкі. Учора, 20 красавіка, дадому да іх уварваліся супрацоўнікі ГУБАЗ і САХР.

Вядома, што дома ў мужа і жонкі правялі агляд, канфіскавалі жорсткі дыск.

Па дадзеных, якімі валодаюць сваякі Алы і Васіля, ноч пасля затрымання яны правялі на Акрэсціна. Ёсць звесткі, што сёння, 21 красавіка, над імі павінен адбыцца суд.


Актывіст прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка
Актывіст прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка

Стала вядома, што актывіст прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Нагадаем, 19 красавіка з’явілася інфармацыя пра ператрусы ў офісах і кватэрах лідэраў незалежных беларускіх прафсаюзаў, затрыманні кіраўнікоў і актывістаў прафсаюзнага руху.

Наступ на незалежны прафсаюзны рух: што вядома па стане на 21 красавіка

У СІЗА КДБ знаходзяцца чацвёра актывістаў незалежных прафсаюзаў, некалькі чалавек не выходзяць на сувязь, дакладна вядома пра яшчэ 6 затрыманых актывістаў.


Праваабаронцы даведаліся, што ў Баранавічах затрымалі Юрыя Вераб'ева. У чым яго абвінавачваюць і дзе зараз утрымліваюць, пакуль невядома.


Лізавета Мярляк
Лізавета Мярляк

У Гродне затрымалі сяброўку БСДП, міжнародную сакратарку Беларускага незалежнага прафсаюза Лізавету Мярляк.


Гэтага мужчыну затрымалі ў яго ж Дзень народзінаў
Гэтага мужчыну затрымалі ў яго ж Дзень народзінаў

У Мазыры затрымалі мужчыну, якога завуць Уладзіслаў. Яго прозвішча праваабаронцы пакуль не ведаюць. На праўладным тэлеграм-канале ГУБАЗ размясціў відэа, на якім бачна, што мужчыну затрымалі ў яго дома. Сілавікі ўрываюцца ў кватэру, кідаюць мужчыну тварам у падлогу, заломваюць рукі за спінай, пытаюцца яго імя, а калі той адказвае, цынічна кажуць: «С Днем рождения, Владислав». Далей запісваць відэа працягваюць ужо ў машыне.

Затрыманы мужчына ў відавочна прыгнечаным стане гаворыць, што ён 1977-га года нараджэння, жыве ў Мазыры, прызнаецца, што абразіў у каментарах супрацоўніка ГУБАЗ, раскайваецца і выбачаецца за свой учынак. Таксама мужчына сазнаецца, што «распаўсюджваў малюнкі, якія абражаюць прэзідэнта і супрацоўнікаў міліцыі». Напрыканцы відэа затрыманы пацвярджае, што ён сапраўды затрыманы ў свой Дзень народзінаў. Меркавана, гэта адбылося 20 красавіка. Менавіта гэтым днём датавана відэа, якое з Уладзіславам запісаў ГУБАЗ.

Паведамляецца, што мужчыну прад'явілі абвінавачванне па крымінальным артыкуле 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».


Затрыманы чыгуначнік
Затрыманы чыгуначнік

Затрыманы 39-гадовы інжынер Мінскай дыстанцыі арганізацыі сувязі БЧ. З мужчынам ГУБАЗ запісаў «пакаяльнае» відэа, на якім ён гаворыць, што ў 2020-м годзе «браў удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а да нядаўняга часу быў падпісаны на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, з якіх рабіў рэпосты». Нібыта, за гэта мужчыну і затрымалі. Яго імя і прозвішча на відэа не прагучалі.

ГУБАЗ паведамляе, што фотаздымкі з пратэстных маршаў чыгуначнік са свайго тэлефона выдаліў, але пасля затрымання сілавікі іх аднавілі. Таксама яны нібыта вылічылі, што нядаўна ў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах мужчына цікавіўся відэаролікамі пра тое, як сапсаваць чыгуначнае абсталяванне. На затрыманага завялі крымінальную справу па арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Дзе зараз знаходзіцца мужчына, праваабаронцы пакуль не ведаюць.


Кваліфікацыйная камісія Мінюста не атэставала адвакатку Марыю Колесаву-Гудзіліну. Яна абараняла палітзняволеных Эдуарда Пальчыса і Яўгена Юшкевіча.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства