viasna on patreon

ГУБАЗіК распаўсюджвае экстрэмісцкі лагатып, беларусаў затрымліваюць за «палітыку», працягваецца ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 22 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-22T15:15:00+0300 2022-04-24T23:44:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/miadzvecky_artsiom.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў. Незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі, адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Высветлілася, што ГУБАЗіК, які выкарыстоўвае лагатып «Z», адкрыта парушае закон

Пасля пачатку вайны ва Украіне лацінская літара Z стала сімвалам расійскай вайсковай агрэсіі. Але ж плакат з гэтай літарай вісіць у кабінеце ГУБАЗіК! На яго фоне часцяком запісваюць «пакаяльныя відэа».

Праваабаронцы высветлілі, што лагатып «Z» у Беларусі быў прызнаны «экстрэмісцкім» яшчэ ўлетку мінулага года. 13 жніўня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацсеткі TUT.ВY «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Згодна з рашэннем суда, «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя таксама «лагатыпы і лічбавыя знакі «TUT.ВY» и «Z»». Гэтае рашэнне суда можна знайсці ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Літара Z прызнаная экстрэмісцкім сімвалам яшчэ ўлетку мінулага года.
Літара Z прызнаная экстрэмісцкім сімвалам яшчэ ўлетку мінулага года.

Цікава атрымліваецца: сілавікі, якія затрымліваюць, у тым ліку, за забароненыя сімвалы, самі выкарыстоўваюць забароненыя сімвалы. То бок, самі ж і з’яўляюцца злачынцамі.

Дарэчы, «простых смяротных» за «экстрэмісцкі тэкст «Z» ужо каралі. У праваабаронцаў нават ёсць копія пастановы суда, згодна з якой да вайны ва Украіне беларуса аштрафавалі на 725 рублёў за тое, што ён «распаўсюдзіў інфармацыйную прадукцыю, якая змяшчае лагатыпы, а таксама тэкст «Z».

Судовая пастанова.
Судовая пастанова.

Праваабаронцы даведаліся пра новыя затрыманні

У Мінску па справе, звязанай з абразай Лукашэнкі ў інтэнэце, затрымалі 47-гадовага Сяргея Міцука - бацьку палітвязня Арцема Міцука. Сяргея дапыталі, паглядзелі тэлефон, нічога не знайшлі і адпусцілі з РУУСа.


Настасся Даўгая
Настасся Даўгая

Праваабаронцам стала вядома, што сёння ў Мінску затрымалі Настассю Даўгую. Яе родныя паведамілі, што дзяўчыне 22 гады, і што яе затрымалі дома у прысутнасці панятых. Меркавана, прычынай затрымання стала падпіска Настассі на тэлеграм-канал, на якім нядаўна з'явілася відэа, якое выстаўляе Лукашэнку не ў самым лепшым чынам. Ёсць дадзеныя, што дзяўчыну павезлі ў Заводскае РУУС, аднак знайсці яе там родным не ўдалося. Сітуацыю пагаршала тое, што дзяўчына мае праблемы са здароўем – аутаімуннае захворванне шчытападобнай залозы, пры якім лекі трэба прымаць тры разы на дзень.

«Вясна» дакладна ведае, што праз некалькі гадзін дзяўчыну адпусцілі.


Гэтую жанчыну ў Мінску затрымалі, меркавана, 21 красавіка
Гэтую жанчыну ў Мінску затрымалі, меркавана, 21 красавіка

Стала вядома, што ў Мінску затрымалі жанчыну, якую вы бачыце на фота. Меркавана, гэта адбылося 21 красавіка. Яе імя і прозвішча праваабаронцы пакуль не ведаюць. Калі вы пазналі затрыманую, калі ласка, напішыце «Вясне» у Тэлеграм-бот @viasna_bot, альбо на @ViasnaSOS ці @SosViasna.

З жанчынай ГУБАЗ запісаў «пакаяльнае» відэа. На ім яна гаворыць, што ёй «49 гадоў, самазаняты кравец верхняга жаночага адзення». Таксама затрыманая кажа, што была падпісаная на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, зарэгістраваная ў плане «Перамога» і сазнаецца ў тым, што 2 красавіка ў ліфце свайго дома зрабіла надпіс «Супраць вайны». ГУБАЗ паведамляе, што жанчыну «здалі неабыякавыя грамадзяне», і што ў дачыненні да яе распачата справа адразу па двух крымінальных артыкулах: 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», а таксама па арт. 361-1 «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім».


Алесь Бутэнка
Алесь Бутэнка

Затрыманы выкладчык хірургіі Барысаўскага медколеджа Алесь Бутэнка. Ёсць дадзеныя, што мужчыну затрымалі за тое, што ён не падтрымліваў ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, выказваў гэтую сваю пазіцыі нават падчас лекцый, а таксама распавядаў студэнтам пра значнасць незарэгістраванай беларускай дзяржаўнай сімволікі. Акрамя гэтага, у віну затрыманаму ставяць тое, што ён быў падпісаны на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы.

Дома ў Алеся Бутэнкі прайшоў ператрус. Дзе яго зараз утрымліваюць, невядома.

З’явіліся новыя факты ціску на палітвязняў

Палітвязень Арцём Мядзведскі
Палітвязень Арцём Мядзведскі

Палітзняволенага Арцёма Мядзведскага, які ў лютым збег з папраўчай установы №45, пераводзяць у калонію.

Раней паведамлялася, што Мядзведскі збег з лякарні ў Камянцы, куды трапіў з лёгкім страсеннем мазгоў пасля таго, як паслізнуўся і зваліўся ў будынку ПУАТ. Але праз некаторы час Арцёма затрымалі і вярнулі ў ПУАТ. 21 красавіка ў судзе Камянецкага раёна разглядзелі справу «аб пераводзе палітвязня ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму».Суддзя Аксана Шкель пастанавіла перавесці Мядзведскага ў калонію тэрмінам на 9 месяцаў.

Нагадаем, Арцёма затрымалі 19 кастрычніка 2020 года. Абвінавацілі ў тым, што ўвечары 10 жніўня ён ўдзельнічаў у акцыі пратэсту каля станцыі метро «Пушкінская» і выкаціў на дарогу камень, што прывяло да блакавання праезнай часткі. 15 студзеня 2021 года палітвязню прысудзілі 3 гады «хіміі».


Палітвязень Аляксандр Зялюткік
Палітвязень Аляксандр Зялюткік

Стала вядома, што ў лютым адміністрацыя «Валадаркі» пакарала палітвязня Аляксандра Зялюткіна 10 суткамі карцара. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку, якую трымаў восем дзён. На восьмыя суткі Аляксандра перавялі ў камеру.

41-гадовы Аляксандр Зялюткін - бацька шасці непаўнагадовых дзяцей, спартсмен, пячнік. Яго затрымалі 7 снежня 2021 года ў межах крымінальнай справы аб удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) за падзеі 10 жніўня каля «Рыгі» ў Мінску. Цяпер Аляксандра ўтрымліваюць у СІЗА-1.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці і грашовым пераводам.

Адрас такі: СІЗА-1: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Аляксандру Уладзіміравічу Зялюткіну.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства