viasna on patreon

Новыя абвінавачанні супраць палітвязняў, чарговыя затрыманні: хроніка пераследу 25 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-25T11:20:00+0300 2022-06-16T18:29:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pushkin-sud-04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пачаўся наступ на незалежны прафсаюзны рух, вядома пра затрыманне двух дзесяткаў актывістаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 25 красавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна этапавалі ў калонію «Воўчыя норы»

Сваякі мастака Алеся Пушкіна паведамляюць, што 15 красавіка яго этапавалі з СІЗА-1 у папраўчую калонію №22. Апеляцыйную скаргу палітвязень падаваць адмовіўся.

Суд над Алесем Пушкіным 10 сакавіка 2022 года

Нагадаем, Алеся затрымалі 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы супрацоўнікамі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка у доме Пушкіна адбыўся ператрус. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні  расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК). Пад час адного з судовых пасяджэнняў, 25 сакавіка, Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар. 30 сакавіка 2022 Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Падтрымайце мастака лістамі салідарнасці: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Аляксандру Мікалаевічу Пушкіну (на лістах пазначайце «каранцін»)/


У Гродне затрымалі адміністратара пратэстнага Telegram-канала

24 красавіка быў затрыман адміністратар Telegrаm-канала "Гродно-чат-здравомыслящих". Вядома, што мужчына працаваў у школе. Па версіі міліцыі, ён размяшчаў у ім экстрэмісцкія матэрыялы і абражаў службовых асоб. Яго канал выдалілі пасля затрымання.

У 2020 годзе хлопец напісаў абразлівы каментар на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Ён раскаяўся ў зробленым. Яго будуць судзіць "за абразу Лукашэнкі" па арт.368 КК РБ і 369 КК РБ "абраза прадстаўніка ўлады", паведамляюць праваабаронцы.


 Супраць палітвязня Руслана Кузьміча, асуджанага да трох гадоў калоніі, узбудзілі новую крымінальную справу

Праваабаронцам стала вядома, што супраць палітвязня Руслана Кузьміча распачалі новую крымінальную справу паводле артыкула 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Два тыдні таму, жонцы Руслана паведамілі, што яго перавозяць у баранавіцкі ІЧУ, бо нібыта ён праходзіць сведкай па нейкай крымінальнай справе. Але, у выніку, стала вядома пра справу супраць Руслана.

Нагадаем, жыхара Навагрудка прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Паводле звестак следства, 3 кастрычніка 2021 года ў адным з "дэструктыўных тэлеграм-каналаў" ён пакінуў каментар "у падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці і выкарыстання зброі" пад відэа, у якім дэманструецца выкарыстанне зброі. Кузьміча асудзілі да трох гадоў калоніі.


У Гомелі за фота тэхнікі з сімвалам «V» затрымалі айцішніка, заведзеная справа

Гаворка пра 30-гадовага Андрэя Уткіна, цяпер мужчына ў СІЗА. Пра яго затрыманне распавялі на мясцовым ТБ.

- Калі ездзіў па горадзе, моцна здзівіўся ўбачыць КАМАЗ з літарай "V" побач з плошчай Леніна ў Гомелі, ён стаяў на паркоўцы. Таму вырашыў зрабіць фота і адправіць яго ў Телеграм-канал, - распавёў сам айцішнік. У сюжэце ўдакладнілі, што канал гэты прызнаны ўладамі экстрэмісцкім. - Прыкладна праз два тыдні пасля публікацыі я быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК дома. Я быў моцна шакаваны. Не ведаю, што будзе далей. Перажываю ў асноўным за бацькоў, як яны перажывуць гэта ўсё.

Зараз ідзе следства, на гамяльчаніна завялі справу па ч. 4 арт. 361 КК РБ «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", яму пагражае да 6 гадоў, паведамляюць "Моцныя навіны".


Таксама ў Гомелі затрыманы таксіст, валанцёр Чырвонага Крыжа Алег Храмых. Папярэдне - за інфармацыю аб вылеце з Гомеля самалёта і відэа з "Пазікамі", якія везлі параненых расейскіх вайскоўцаў.


Затрыманне папулярнага TikTok-блогера ў Бабруйску

Зьявілася інфармацыя пра затрыманне ў Бабруйску вядомага TikTok-блогера «У меня вопрос». Таксама канал з такой назвай ён мае і на YouTube. Папярэдне вядома, што мужчыну забралі проста з працы.

Мужчыну завуць Андрэй Бяляўскі. У сваім TikTok ён разважае на грамадзка-палітычныя тэмы і мае 107 тысяч падпісантаў.


Затрыманы дырэктар Zborka labs Барыс Маманенка

З ім ужо з'явілася пакаяльнае відэа, на якім мужчына «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыя пратэсту пасля выбараў і перакрыцці дарог. Таксама праўладныя каналы асабліва падкрэслілі, што ў Барыса «заробак больш за 5000 і вольны графік працы».

Маманенка інкрымінаваны артыкул 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Лабараторыя Zborka працуе з IT-стартапамі.


Затрыманы жыхар Гродна Дзмітрый Ветраў

Папярэдне, яму інкрымінаваныя арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім») і арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»). Затрыманне адбылося нібыта за рэгістрацыю ў «Плане Перамога».


Яшчэ адзін адвакат, які абараняў палітвязняў, не прайшоў атэстацыю

21 красавіка па выніку чарговай атэстацыі адвакатаў было прынята рашэнне аб немагчымасці выканання адвакацкіх прафесійных абавязкаў "з прычыны недастатковай кваліфікацыі” шасці адвакатаў. Сярод іх — Ігар Касцюк. Ён часта абараняў інтарэсы тых, каго пераследавалі па палітычных матывах, піша "Новы Час".

Напрыклад, Касцюк з’яўляўся абаронцам палітзняволенага Паўла Пяскова — першага асуджанага за падзеі, звязаныя з акцыямі пратэсту ў 2020 годзе. Яго асудзілі да трох гадоў і трох месяцаў калоніі за тое, што адбіваў пратэстоўца ад затрымання.


Чарговае затрыманне за фота ваеннай тэхнікі

Пра затрыманне 43-гадовага Аляксандра Лучыновіча, ужо былога работніка БЧ, распавялі на мясцовым ТБ. Кажуць, гамяльчук зняў ваенную тэхніку РФ на вуліцах абласнога цэнтра і «перадаў каштоўную інфармацыю» Тэлеграм-каналу, прызнанаму ўладамі экстрэмісцкім.

На мужчыну завялі справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", яму пагражае да 6 гадоў. Аляксандр Лучановіч-шматдзетны бацька, з траіх дзяцей працуе яшчэ толькі старэйшая дачка, двое засталіся на апецы жонкі.


Затрыманы сябра Сойма партыі БНФ Зміцер Каспяровіч

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што затрыманы Зміцер Каспяровіч — сябра Сойма Партыі БНФ і былы палітвязень. У 2006 годзе яго асудзілі па арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса да пяці месяцаў арышту. Ён надарваў чырвона-зялёны сцяг на будынку дзяржвыканкама.

Зміцер вылучаўся ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад партыі БНФ у 2019 годзе.

У студзені гэтага года Каспяровіча дэпартавалі з Расіі ў Польшчу, дзе ён жыў апошнім часам. Цяпер, відаць, Зміцер вярнуўся ў Беларусь, дзе і быў затрыманы. Падрабязнасці і прычыны затрымання высвятляюцца.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства