viasna on patreon

Суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі зрабілі закрытым Дапоўнена

2022 2022-04-25T12:22:00+0300 2022-04-26T12:26:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marfa_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе сёння распачаўся суд над адразу дзесяццю палітзняволенымі — каардынатаркай Валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, Аляксандрам Францкевічам, Аляксеем Галаўко, Аляксандрам Казлянкам, Паўлам Шпетным, Мікітам Дранцам, Андрэем Марачам, Данілам Чулем. Агулам, у гэтай справе фігуруе 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы крымінальнай справы складаюць 160 тамоў. Разглядаць гэтую гучную справу прызначылі суддзю Сяргея Хрыпача. «Вясна» распавядае, што вядома пра справу, яе фігурантаў і як пачынаўся суд.

Палітзняволеныя на судзе 25 красавіка
Политзаключенные на суде 25 апреля

"Суд з'яўляецца часткай рэпрэсіўнага апарата". Як пачаўся працэс над палітвязнямі?

Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымлівае пракурор Андрэй Бугук. Старшыняваў па справе суддзя Сяргей Хрыпач, народныя засядацелі — Сіўцова і Куляшова. Адразу на суд пусцілі ўсіх жадаючых — каля 45 чалавек. Перад залай суда, дзе судзілі палітвязняў, не было рамак аховы. Марфа Рабкова на судзе была ў сімвалічнай майцы "Добі вольны эльф". Прысутныя адзначылі, што яна вельмі схуднела за час зняволення, выглядае стомленай і бледнай. На суд з'явілася толькі прадстаўніца грамадзянскага пазоўніка ад "Белтэлерадыёкампаніі" Дудзінская, астатнія не з'явіліся.

Суддзя, заслухаўшы меркаванне ўсіх удзельнікаў працэсу, забараніў на пасяджэнні ажыццяўляць фота і відэаздымку.

На судзе Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец і Аляксандр Казлянка адмовіліся ўставаць, калі прадстаўляліся суду. Суддзя спытаў у Францкевіча, чаму ён не ўстае, той адказаў:

"Не бачу сэнсу — і так сядзім".

Калі Павел Шпетны назваў дату нараджэння — 25 красавіка — то суддзя павіншаваў яго З Днём Нараджэння.

"У вас сёння Дзень нараджэння? Віншуем Вас!", — сказаў Сяргей Хрыпач.

Марфа Рабкова, Аляксандр Францкевіч і Аляксандр Казлянка сказалі, што не бачаць сэнсу заяўляць адвод. На працэсе толькі Андрэй Чапюк заявіў адвод суддзі Сяргею Хрыпачу:

"Я двойчы падаваў заяву ў суд аб тым, што па заканчэнні з папярэднім следствам я не змог азнаёміцца з часткай крымінальнай справы, а менавіта, з аўдыё- і відэазапісамі. Калі падаваў хадайніцтва, то мне было адмоўлена ў азнаямленні.

У матэрыялах справы 160 тамоў. Пры гэтым, майму абаронцу не было прадастаўлена магчымасці фатаграфаваць. Гэтыя абставіны паказваюць на тое, што суддзя яшчэ да суда парушае маё права на абарону. Дадзеная сітуацыя дае мне права і падставу лічыць, што суддзя асабіста, прама і ўскосна зацікаўлены ў зыходзе гэтай крымінальнай справы".

Гаеўскі-Ханада падтрымаў дадзенае хадайніцтва Чапюка, бо лічыць, што "суд з'яўляецца зацікаўленым бокам і, у першую чаргу, таму што суд з'яўляецца часткай рэпрэсіўнага апарата дзяржавы і зацікаўлены ў тым, каб пераследваць актывістаў, іншадумцаў..." Далей Хрыпач перапыніў яго.

Хадайніцтва палітвязня падтрымалі таксама Галаўко, Дранец, Казлянка, Марач, Рабкова, Францкевіч, Чуль, Шпетны.

У выніку, параіўшыся з народнымі засядацелямі ў дарадчым пакоі, суддзя Сяргей Хрыпач адмовіў у адводзе яму.

Пасля гэтага пракурор Андрэй Бугук заявіў хадайніцтва аб слуханні судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме, паколькі "ў матэрыялах крымінальнай справы маюцца матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці".

Усе палітвязні і іх абаронцы былі супраць закрыцця працэсу. Мікіта Дранец сказаў:

"Мы супраць, але зыход мы ўсе ведаем".

Марфа Рабкова заявіла:

"Катэгарычна супраць".

Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка
Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка

Адвакаты палітвязняў падтрымалі сваіх падабаронных. Вялікую прамову за правядзенне судовага разбору ў адкрытым рэжыме вымавіў абаронца Гаеўскага-Ханады Віктар Мацкевіч:

"Я супраць заяўленага хадайніцтва аб закрыцці судовага паседжання, якое было прапанавана дзяржабвінавачаннем па наступных меркаваннях.

Галоснасць судова разбору з'яўляецца адным з асноўных прынцыпаў крымінальнага працэсу. У адпаведнасці з артыкулам 114 Канстытуцыі, ч. 1 арт. 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса разгляд крымінальных спраў ва ўсіх судах адкрыты. Разгляд справаў у закрытым судовым пасяджэнні ажыццяўляецца ў выпадках, прадугледжаных законам, з захаваннем усіх правілаў судовай вытворчасці.

Права абвінавачанага на публічнае разбіральніцтва справы незалежным і бесстароннім судом — адно з асноўных правоў чалавека, прадугледжаных артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ў сілу п. 4 арт. 1 КПК з'яўляецца міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь, які вызначае правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, у крымінальным працэсе прымяняюцца разам з гэтым Кодэксам (КПК).

Публічнае слуханне забяспечвае транспарэнтнасць вытворчасці і тым самым служыць важнай гарантыяй інтарэсаў асобных асоб і грамадства ў цэлым. Суды маюць права не дапускаць ўсю публіку або яе частку па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве, або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суду, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасьць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключаючы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі (Заўвага агульнага парадку № 32, CCPR/C/GC/32, 23 жніўня 2007 года).

Таму, Высокі суд, я супраць заяўленага хадайніцтва".

Прысутныя ў зале гучна заапладзіравалі адвакату. Канваіры пачалі папярэджваць некаторых аб парушэнні грамадскага парадку. Затым суддзя зрабіў заўвагу аб паводзінах у зале суда:

"Пасля такога інцыдэнту будзеце выдаленыя з залы, таму што вы перашкаджаеце слухаць справу. Не трэба тут ладзіць спектакль".

У выніку, суддзя, параіўшыся на месцы, задаволіў хадайніцтва пракурора і вырашыў закрыць суд па справе дзесяці палітзняволеных. Усіх прысутных выгналі з залі суда.

Што вядома па справе?

Палітвязняў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянка, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранеца, Андрэя Марача, Данілу Чуля абвінавачваюць у арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах — "Революционное действие", "Народная самооборона", "Революцiйна дiя",  і судзяць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў.

Што паказальна, інтэрнэт-рэсурсы «Революционное действие / Народная самооборона / Революцiйна дiя» МУС прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем 2 лістапада 2021 года — толькі пасля 8-15 месяцаў пасля затрымання ўсіх дзесяцярых фігурантаў справы. Але, негледзячы на гэта, некаторыя з іх абвінавачваюцца ў стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (ч. 1 і 3 арт. 361-1 КК).

Трох палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, СК характарызуе як арганізатараў і кіраўнікоў шэрага "арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі".

“Для супрацьпраўнай дзейнасці фарміраваліся "общаки", была створаная інтэрнэт-крама па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі экстрэмісцкай літаратуры, адзення і іншай атрыбутыкі. У свае шэрагі лідары падбіралі схільную да экстрэмізму моладзь, актыўных удзельнікаў фанацкага руху, шукалі асобаў з дапамогай сацсетак, якія адмініструюцца імі экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў і Telegram-каналаў”, — заявіў СК.

У выніку, дзесяць палітзняволеных у залежнасці ад ролі і эпізодаў агулам абвінавачваюцца па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк;
  • ч. 3 арт. 293 (навучанне асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 285 (стварэнне і кіраванне злачыннай арганізацыі) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) — Андрэй Чапюк, Андрэй Марач, Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Данііл Чуль.
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за "Марш недармаедаў" 5 сакавіка 2017 года) — Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за перакрыцце трасы М1 на выездзе з горада Берасця ў 2018 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Казлянка, Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Данііл Чуль.
  • ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) —  Андрэй Чапюк;
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці групай асобаў)— Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў рэкламныя шчыты ДАІ ў 2016 годзе і за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТРК у 2016 годзе) — Марфа Рабкова, Аляксандр Францкевіч;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за дымавую шашку, кінутую ў будынак брэсцкага ГУБАЗіКа ў 2016 годзе) — Павел Шпетны, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (першамайскае графіці ў Брэсце ў 2020 годзе) — Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 3 арт. 218, ч. 3 арт. 339, ч. 2. арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб) (падпал гомельскай падатковай інспекцыі і рэкламнага шчыта ўпраўлення прымусовага выканання пакарання ў Івацэвічах у 2017 годзе) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада.

Па інфармацыі Аляксандра Казлянкі, па справе з дзесяці чалавек — восем адмовіліся даваць паказанні.

У асобную вытворчасць вылучана крымінальная справа ў дачыненні тых, хто з’ехаў за мяжу – Дзмітрыя ЛяўчукаАртура КандратовічаРамана Халілава і Яўгена Жураўскага, а таксама «неўстаноўленых асобаў».

Збіццё, пагрозы і доўгае ўтрыманне пад вартай

Як раней распавядала «Вясне» маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, пасля затрымання ў дачыненні да яе сына ўжываліся катаванні. Гэтую інфармацыю яна даведалася ад сукамерніка Аляксандра з СІЗА-1. Ён перадаў, што Аляксандра збівалі ў КДБ, білі электрашокерам у вобласць пахвіны, пры гэтым патрабавалі прызнаць віну. У прысутнасці яго таксама быў моцна збіты затрыманы з ім яшчэ адзін фігурант гэтай справы Акіхіра Гаеўскі-Ханада. Таксама супрацоўнікі КДБ пазней прыходзілі ў камеру, дзе сядзіць Аляксандр, і зноў праз пагрозы і запалохванні патрабавалі падпісаць прызнанне віны, чаго той не зрабіў.

Пра збіццё, пагрозы і жорсткае абыходжанне распавёў з СІЗА-1 яшчэ адзін фігурант справы, якога затрымалі 2 сакавіка мінулага году, – Аляксандр Казлянка:

«2 сакавіка каля 8 раніцы мяне затрымалі дома брэсцкі АМАП і мінскі ГУБАЗіК. Мяне даставілі ў брэсцкі аддзел ГУБЗіКа, дзе прыкавалі ў дзяжурным памяшканні да кратаў, задраўшы рукі за спіной у стаячым становішчы. Каб стаяць у больш менш зручнай позе, даводзілася падымацца на кукішкі. У такім становішчы прастаяў каля гадзіны і адзін раз амаль страціў прытомнасць. Затым падышоў адзін з мінскага ГУБЗіКа і сказаў, што калі я не дам паролі ад ноўтбука і тэлеграма, то мяне будзе катаваць, як Мікалая Дзядка. Я падумаў, што не гатовы да катаванняў з-за гэтых пароляў і пагадзіўся іх даць (потым яшчэ даў пароль ад кнопкавага тэлефона).

Увогуле ў брэсцкім ГУБАЗіКу прабыў паўтары гадзіны. Затым мяне завялі ў бус і пасадзілі на падлогу, рукі былі ў кайданках за спіной. У гэты ж бус завялі і гэтак жа пасадзілі Андрэя Марача і трох невядомых мне людзей. Нас пецярых павезлі ў Мінск у Следчы камітэт (у агульнай складанасці ў мяне рукі за спіной у кайданках былі гадзін 7, а потым я месяц вялікі палец левай рукі не адчуваў).

Як толькі перад СК мяне вывелі з буса, кіраўнік следчай групы Цыбульскі І. А. пачаў пагражаць, што калі я не пайду на супрацоўніцтва са следствам, то паеду ў лагер на сем гадоў. Я адмовіўся супрацоўнічаць. У прыбіральні СК два [супрацоўнікі] ГУБЗіКі знялі мяне на відэа. Я адмовіўся называць на відэа свае дадзеныя і казаць пра сябе, з-за чаго адзін з іх ударыў мяне кулаком у грудзі. Я для сябе вырашыў, што не буду на камеру нічога казаць, нават калі будуць катаваць. Мне трохі пагразілі, але больш не білі, хоць я так нічога і не сказаў».

Каардынатарка Валанцёрскай Службы «Вясны» утрымліваецца за кратамі пад следствам ужо адзін год і сем месяцаў — за гэты час у яе сур’ёзна пагоршылася здароўе. Яна як мінімум двойчы страчвала прытомнасць (у чэрвені і ліпені 2021 года). Таксама дзяўчына некалькі разоў хварэла на COVID-19 — у жніўні і снежні 2021, а таксама дрэнна пачувалася і на пачатку 2022 года.

Да таго ж Марфа ўвесь час адчувае болі ў жываце, а таксама ў яе запаліліся лімфавузлы на шыі. Аналізы крыві, зробленыя Марфай яшчэ ўвосень 2021 года, былі дрэннымі: выяўлены нізкі гемаглабін і прыкметы запаленчага працэса. Таму праваабаронца пачала дамагацца правядзення УГД. Яго, як стала вядома "Вясне", зрабілі Рабковай толькі ў сакавіку 2022 года — і ў выніку знайшлі вадкасць у малым тазе.Такі стан выклікае сур'ёзную ўстурбаванасць, бо патрабуе неадкладнага абследавання — хірургічнага і гінекалагічнага. Акрамя таго, падчас УГД у шчытападобнай залозе дзяўчыны было выяўлена шмат ачаговых утварэнняў і кіст. Каб вызначыць характар гэтых новаўтварэнняў, неабходна правесці дадатковае абследаванне. Таксама ў Марфы Рабковой працягваюць разбурацца і крышыцца зубы. Дазвол на наведванне стаматолага ёй не даюць ужо каля дзевяці месяцаў.

Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова

Каардынатарка Валанцёрскай службы
Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Фота Spring96.org

Марфа была затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіКа ў Мінску 17 верасня 2020 года, калі вярталася з уручэння «Вясне» прэстыжнай прэміі Яна Карскага. Дома ў яе правялі ператрус, а Марфу з мужам Вадзімам затрымалі і даставілі ў ГУБАЗіК. Першапачаткова ёй выставілі абвінавачванне толькі па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю валанцёраў-назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Пазней Марфе прад’явілі новыя абвінавачванні – па ч. 3 арт. 130 і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса. У лістападзе 2021 года праваабаронца ў лісце да родных паведаміла, што судзіць яе будуць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Нягледзячы на доўгае ўтрыманне пад вартай, падчас якога ў яе памерлі бабуля і бацька, праблемы са здароўем, Марфа не прызнае віну. Следчыя неаднаразова прапаноўвалі ёй супрацоўніцтва: прызнаць віну і тады ёй зменяць меру стрымання і адпусцяць да хворых бацькоў. Але Марфа прынцыповая ў сваёй пазіцыі.

Валанцёр «Вясны» Андрэй Чапюк 

Андрэй Чапюк. Фота з сацыяльных сетак

Андрэя затрымалі праз паўмесяцы пасля затрымання Марфы – 2 кастрычніка 2020 года. З таго часу ён утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1.

У межах сваёй праваабарончай дзейнасці Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, разам з валанцёрамі "Вясны", ажыццяўлялі назіранне за правядзеннем мірных сходаў, прымалі актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, удзельнічалі ў дакументаванні сведчанняў катаванняў і іншых жорсткіх відаў абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту, дапамагалі родным палітвязняў. 

Прачытаў 55 кніг і навучыўся адціскацца на адной руцэ. Чаго за год у СІЗА дасягнуў Андрэй Чапюк

Больш за год валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк утрымліваецца ў СІЗА. За гэты час ён прачытаў 55 кніг, заканспектаваў тры агульныя сшыткі па кнізе па праграмаванні і навучыўся адціскацца на адной руцэ.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада і Аляксандр Францкевіч — першыя затрыманыя па справе 

Аляксандр Францкевіч. Радыё Свабода
Аляксандр Францкевіч. Радыё Свабода

Актывістаў анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскага-Ханаду і Аляксандра Францкевіча затрымалі разам 12 жніўня 2020 года.

«12 жніўня Ахікіра быў затрыманы разам з маім сынам, — распавядала «Нашай Ніве» Таццяна, маці Аляксандра Францкевіча. — Прыязджалі затрымліваць Акіхіра, а Саша ў гэты момант быў каля яго, таму затрымалі абодвух. Прабілі потым па базе наконт Сашы, а ён з палітвязняў 2010 года. І вось пасля Акрэсціна абодвух адвезлі ў КДБ». 

Даведка. Аляксандр Францкевіч — асуджаны ў 2011 годзе да трох гадоў калоніі за тое, што 9 сакавіка 2010 г. здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску: там былі выбітыя шыбы, у памяшканне быў укінуты фаер. Акцыя была праведзеная ў знак пратэсту супраць незаконных дзеянняў міліцыі, якія, годам раней, па перакананнях удзельнікаў акцыі, давялі да самагубства салігорскую актывістку Яну Палякову. Падчас суду Францкевіч прызнаў, што здымаў гэтую акцыю на відэа. Але віну не прызнаў.

Падчас следства адвакат Францкевіча Павел Сапелка (цяпер — юрыст «Вясны») быў пазбаўлены ліцэнзіі за актыўную абарону палітычных вязняў пасля падзеяў 19 снежня 2010 года.

Аляксандр адбываў прысуд у калоніі № 22 «Воўчыя норы». Адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Апошнія пяць месяцаў зняволення ён правёў у ПКТ.

Сукамернік Аляксандра ў жніўня 2020 года распавядаў маці Аляксандра, што затрыманых анархістаў збівалі і катавалі пасля затрымання.

Адразу пасля затрымання Акіхіру і Аляксандру выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках. 28 студзеня стала вядома, што супраць іх і яшчэ некалькіх чалавек узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва ёй. Да суда крымінальныя справы супраць іх выраслі да дзясятка артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Берасцейцы Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Андрэй Марач, Данііл Чуль, Аляксей Галаўко, Мікіта Дранец

Анархіста Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, Андрэя Марача, Данііла Чуля і Мікіту Дранеца затрымалі 2 сакавіка 2021 года. Казлянка распавёў пазней з СІЗА пра сваё затрыманне. Аляксей Галаўко быў затрыманы праз тры дні пасля гэтага. Усіх іх перавезлі ў ІЧУ Мінска, а потым — у СІЗА-1 на Валадарскага.

У хуткім часе пра іх затрыманне адсправаздачылася МУС:

«На семярых удзельнікаў "Рэвалюцыйнага дзеяння" [хаця затрымалі шэсць] выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС падчас аператыўнай працы па крымінальнай справе, узбуджанай па факце стварэння злачыннай арганізацыі і ўдзелу ў ёй.

Пачынаючы з 2016 года, у розныя перыяды часу яны рыхтаваліся і ўдзельнічалі ў акцыях правакацыйнага і дэструктыўнага толку, уключаючы масавыя беспарадкі мінулага года ў Мінску і Брэсцкай вобласці».

Больш за ўсё артыкулаў інкрымінуецца Аляксею Галаўко — ён абвінавачваецца адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 285(стварэнне і кіраванне злачыннай арганізацыі), ч. 1 і 3 арт. 361-1(стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім), арт. 341 Крымінальнага кодэкса — апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці, арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Маці палітвязня Аляксея Галаўко: "Ніякіх сумневаў, што гэта сфабрыкаваная палітычная справа, у мяне няма"

"Вясна" паразмаўляла з маці палітвязня Аляксея Галаўко — фігуранта нашумелай справы "Рэвалюцыйнага дзеяння".

Вядома, што ў аснову абвінавачвання па арт. 342 Крымінальнага лёг эпізод з перакрыццём дарог ў Брэсце ажно ў 2018 годзе: 5 траўня таго году анархісты блакавалі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва заводу АКБ. Акрамя гэтага, берасцейцам інкрымінуецца ўдзел у "Маршы недармаедаў" 5 сакавіка 2017 году.

У палітзняволенага берасцейца Паўла Шпетнага сёння Дзень народзінаў — у першы дзень суда яму спаўняецца 25 год.

Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

  1. Марыя Аляксандраўна Рабкова
  2. Андрэй Сяргеевіч Чапюк
  3. Акіхіра Святаслававіч Гаеўскі-Ханада
  4. Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч
  5. Мікіта Вадзімавіч Дранец
  6. Аляксандр Аляксандравіч Казлянка
  7. Даніла Раманавіч Чуль
  8. Аляксей Ігаравіч Галаўко
  9. Андрэй Ігаравіч Марач 
  10. Павел Аляксандравіч Шпетны

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства