viasna on patreon

“Вы – тая сіла, якая рухае Беларусь наперад!” Праваабарончаму цэнтру “Вясна” – 26 год Відэа Дапоўнена

2022 2022-04-26T13:16:41+0300 2022-04-27T19:35:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pashtouka_marfy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 красавіка сваё 26-годдзе адзначае Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Менавіта ў гэты дзень пасля сілавога разгону Чарнобыльскага Шляху ў 1996 годзе неабыякавыя актывісты аб’ядналіся, каб дапамагаць затрыманым і іх сем’ям.

З той пары “Вясна” стала адной з вядучых праваабарончых арганізацый у Беларусі, дзейнасць якой была накіраваная на дапамогу пацярпелым ад уладаў і абарону правоў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўні. За гэтыя 26 год “Вясна” вырасла колькасна і якасна і працягвае адстойваць правы беларусаў, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму.

Як стваралася “Вясна”. Успаміны Алеся Бяляцкага

Беларускі ПЭН-цэнтр апублікаваў успаміны пра нараджэнне праваабарончай арганізацыі Алеся Бяляцкага, напісаныя ў 2011 годзе за кратамі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску і надрукаваныя ў кнізе “Халоднае крыло Радзімы” (2014 год).

За сваю мірную і выключна праваабарончую дзейнасць цяпер за кратамі знаходзіцца сем сябраў арганізацыі: старшыня Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка, валанцёры Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

Святлана Ціханоўская падзякавала праваабаронцам “Вясны” за іх працу:

“Мы так прызвычаіліся да “Вясна”, якая заўсёды побач, што часам забываемся дзякаваць ім за такую важную і складаную працу. Давайце зробім гэта сёння. Дзякую вам, родныя, вы робіце вельмі, вельмі важную для ўсіх нас працу”, - напісала яна ў тэлеграм-канале.

bialiacki_cihanouskaia_16.12.2020.jpg
Алесь Бяляцкі са Святланай Ціханоўскай на ўручэнні прэміі імя Сахарава. Брусэль, 16.12.2020

Таксама падзяку за працу “Вясне” выказалі і простыя беларусы ў рэпартажы Беларускага радыё Рацыя: 

– “Вясна” мне вельмі дапамагла ў свой час, і я вельмі ўдзячны.

– Прыйшлі да мяне сябры “Вясна”, яны падтрымлівалі ўвесь час пакуль Вадзім 6 месяцаў сядзеў у турме. На судзе таксама.

– Жадаю быць мужнымі, працягваць сваю справу, і ў рэшце рэшт мы пераможам!

Беларусы ўдзячныя “Вясне”

Шмат добрых слоў было сказана беларусамі на адрас “Вясна” пры адказе на пытанне: ваша меркаванне пра дзейнасць Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Тым часам “Вольныя паштоўкі” да 26-годдзя Вяснывыпусцілі новы набор паштовак з малюнкамі палітзняволенай праваабаронцы Марфы Рабковай.

pashtouka_marfy.jpg
Паштоўкі з малюнкамі Марфы Рабковай

Ужо 26 гадоў прадстаўнікі “Вясна” падтрымліваюць беларусаў, якія церпяць за сваю грамадскую пазіцыю. Дзякуючы праваабаронцам, беларусы не застаюцца сам-насам з рэпрэсіўным апаратам, а злачынствы рэжыма становяцца вядомымі ўсяму свету”, - адзначаюць у ініцыятыве.

Паштоўкі можна набыць і даслаць палітвязням. Для гэтага трэба зрабіць данат ад 5 еўра і болей, даслаць чэк ініцыятыве і пакінуць адваротны адрас. “Вольныя паштоўкі” абяцаюць адправіць паштоўкі з малюнкамі Марфы ў любую кропку свету.

Задзіночанне беларускіх студэнтаў далучылася да віншаванняў “Вясне”

"ЗБС віншуе “Вясна” з днём заснавання і зычыць далейшых поспехаў у праваабарончай чыннасці! Мы дзякуем вам за самаадданую дзейнасць", - напісана ў тэлеграм-канале арганізацыі.

Павіншуй "вясноўцаў"!

Мы запусцілі віртуальную дошку, дзе можна пакінуць пажаданні да словы падтрымкі для нашых зняволеных калегаў і для сябраў “Вясны” агулам. Салідарныя беларусі ўжо напісалі шмат цёплых словаў да гадавіны стварэння арганізацыі.

"Паважаныя вясноўцы! Вы – тая сіла, якая рухае Беларусь наперад ужо шмат гадоў, і вашы высілкі – гэта тое, што робіць магчымым наша існаванне і рух наперад. Вашу дапамогу палітвязням, іх сваякам і ўсім актывістам не ацаніць. Дзякуй за вашу працу, жадаю, каб настаў час, калі ўсе вясноўцы будуць свабодныя".

Вольга Вялічка напісала: 

"Дарагія нашы героі - вясноўцы! Шчыра віншую ўсіх нас з адным з найважнейшых этапаў у сучаснай гісторыі нашай Беларусі.
Бязмерна дзякую за вашу працу, за ваш талент і прафесіяналізм, за вашу моц і ўпартасць, за вашу прынцыпіяльнасць і неадступнасць ад закона!
Асабістыя прывітанні і праменні адпраўляю закладнікам, якія сёння вымушана знаходзяцца за кратамі. Моцна вас усіх абдымаю і веру ў нашу перемогу".

Раман К. з Віцебску таксама павіншаваў "Вясну": 

"Дарагія "Вясноўцы"!
Дзякуй вам за вашу доўгую, плённую і самаадданую працу на карысць грамадства Беларусі. Я вельмі ўдзячны вам за вашыя старанні і ахвяры, за вашую адукацыйную дзейнасць. Вы - прыклад для іншых людзей, як можна быць актыўным удзельнікам грамадскага жыцця ў сваёй краіне.
Ваша праца служыла, служыць і будзе служыць нашай агульнай справе будоўлі незалежнай, справядлівай і шчаслівай Новай Беларусі!"

Далучайцеся да віншаванняў! 

Са словамі падтрымкі і віншаваннямі выступілі сімвалічныя "хросныя" Алеся Бяляцкага - віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Нікола Бір, Валянціна Стэфановіча - старшыня дэпутацкай групы “Саюз 90/Зялёныя” у нямецкім Бундэстагу Антон Хофрайтэр.  

beer_dn_viasna.jpg
Віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Нікола Бір. Фота з твітэра

Намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер, якая з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" Марфы Рабковай у межах кампаніі #WeStandByYou, павіншавала "Вясну" з 26-годдзем.

marfa_dn2.jpg

Яна адзначыла на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

"Марфа Рабкова і шматлікія іншыя мужныя людзі, якія знаходзяцца ў турме ў невыносных умовах за сваю прыхільнасць свабодзе і дэмакратыі, павінны быць, нарэшце, вызваленыя.

На працягу 26 год працы "Вясна" застаецца важнай і актуальнай. Мы не перастанем падтрымліваць "Вясну" на яе шляху да захавання правоў чалавека і вяршэнства закона.
Дзякуй за вашу працу, вашу мужнасць, вашу стойкасць!

Уле фон Ікскюль, выканаўчы дырэктар Right Livelihood, запісаў відэазварот у падтрымку "Вясны" ў 26-ю гадавіну стварэння арганізацыі.

Вясна заўсёды побач!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства