viasna on patreon

«Сядзець будзеш доўга, матэрыялаў у нас на цябе — на пяць гадоў»: праваабаронца «Вясны» Алесь Капуцкі расказаў пра сваё зняволенне

2022 2022-04-26T14:46:00+0300 2022-04-28T19:51:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kapucki-07.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Капуцкі

Алесь Капуцкі

Алесь Капуцкі - праваабаронца з Маладзечна. Правы беларусаў ён адстойвае ўжо больш за 20 гадоў. Як ніхто іншы ён ведае: прававую пятлю на шыі беларусаў улады зацягваюць ужо не першае дзесяцігоддзе, але такога прыгнёту, як пасля жніўня 2020-га мы не адчувалі яшчэ ніколі. Ды і сам праваабаронца не стаў выключэннем: пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў за ім «прыходзілі» не аднойчы. Апошнім разам нагодай для затрымання Алеся сталі перапосты «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у мясцовым праваабарончым чаце. За гэта яму чатыры разы запар прысуджалі арышты па 15 сутак. 60 дзён у ІЧУ АУС Маладзечанскага раёна Алесю даліся нялёгка. У якіх умовах ён адбываў арышт, з якімі думкамі вызваліўся і чаму вырашыў пакінуць родную Беларусь, праваабаронца распавёў напярэдадні Дня нараджэння «Вясны».

«Быў гатовы сесці»

Наша сустрэча з Алесем Капуцкім адбываецца ў бяспечным месцы, у бяспечнай краіне, але і тут увесь час ён сумуе па Радзіме, а сэрца баліць за Беларусь.

Гаворыць: «Сам, калі б давялося, быў гатовы і сесці. І не з’ехаў бы, але на апошнім допыце зразумеў: ненаўмысна сваімі паказаннямі магу пагоршыць сітуацыю іншых «вясноўцаў», якія зараз за кратамі».

Апошнім разам Алеся Капуцкага затрымалі 17 снежня мінулага года.

«Наперадзе было 3 выходных, — узгадвае той дзень Алесь. — Я працаваў ахоўнікам у гіпермаркеце. Там такі графік: тры дні працуеш, потым тры выходныя. Гэтым разам нешта прыхварэў. Ляжаў пад коўдрай, лекаваўся. Падняўся выпіць кавы, зірнуў у вакно — там нейкія людзі ў звычайнай вопратцы. Праз некалькі хвілін пагрукаліся ў дзверы (Алесь жыве ў прыватным доме - Заўв.). Звычайна я асцярожны, але гэтым разам чамусьці быў упэўнены, што тыя людзі з нейкай камунальнай службы. Пайшоў адчыняць. Напэўна, праз хваравітасць страціў пільнасць…

На ганку чатыры чалавекі — адразу паперку мне ў вочы. То быў ордэр, у якім было напісана, што ў іх ёсць дастаткова дадзеных лічыць, што па маім месцы жыхарства могуць знаходзіцца прадметы, дакументы і каштоўнасці, якія могуць мець значэнне для крымінальнай справы. І з гэтай нагоды ім трэба правесці ў мяне вобшук.

Што тут ужо будзеш рабіць... Запусціў іх. Дарэчы, паводзілі яны сябе даволі карэктна. Адразу было зразумела: не ГУБАЗіК — гэта былі супрацоўнікі ДФР. 

Спыталіся, ці ёсць у мяне зброя і наркотыкі. Няма, канешне! Больш за ўсё зацікавіліся сістэмным блокам ад кампутара і смартфонам. Мяне гэта ніяк не здзівіла, бо з ператрусам да мяне прыходзяць уже не першы раз». 

Алесь Капуцкі
Алесь Капуцкі

Дагэтуль з вобшукам да Алеся Капуцкага прыходзілі 15 ліпеня 2021 года. Тады яго затрымалі наўпрост на працоўным месцы (і таксама супрацоўнікі ДФР — Заўв.), дома правялі ператрус, а яго самога адвезлі ў Мінск на так званае «апытанне» і допыт. Тады ж па «справе Вясны» апыталі і былую жонку Алеся Капуцкага, якая даўно ўжо з ім не жыве. Самога праваабаронцу адпусцілі ўвечары.

Было зразумела, што ягонае затрыманне – гэта працяг масавай атакі на прадстаўнікоў НДА, якая адбылася ў Беларусі 14 ліпеня 2021 года. Тым днём па ўсёй краіне прайшлі масавыя ператрусы ў актывістаў і праваабаронцаў. У межах расследвання крымінальнай справ паводле ч. 1 і ч.2 арт. 342 КК «Арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і ч. 2 арт. 243 КК «Ухіленне ад выплаты падаткаў» былі затрыманыя восем праваабаронцаў-вясноўцаў. Пяцёра выйшлі на волю цягам 72 гадзін, а старшыні «Вясны» Алесю Бяляцкаму, сябру Рады Валянціну Стэфановічу і юрысту Уладзіміру Лабковічу былі прад’яўлены абвінавачванні. Яны дагэтуль застаюцца за кратамі.

«Ніколі не ведаеш, які загад у іх зверху»

«Праваабарончай дзейнасцю я займаюся з 2000 года. То бок, стаж у мяне вялікі. З вобшукамі прыходзілі і 10 год таму. Падаецца, ужо разумееш, да чаго рыхтавацца, але ўсе ж успрымаць ператрус спакойна складана нават з 20-гадовым стажам. Бо ніколі не ведаеш, што яны прыдумаюць гэтым разам, і які загад наконт мяне ў іх зверху», — кажа праваабаронца. 

17 снежня пасля вобшуку з дома Алеся забралі сістэмны блок і мабільны тэлефон. «Больш нічога, бо яны з ДФР. Ім мой магніцік з «Пагоняй» на лядоўні не здаўся, — гаворыць Алесь. — Але ўсё ж цікавы момант быў. На палічцы стаяла кніжка Арлова «Пяць мужчын у леснічоўцы». Маленечкая такая кніжка пра паўстанцаў. Гэтая кніжка старога афіцыйнага выдання, на карэньчыку яе была выява бел-чырвона-белай стужачкі. Дэфээравец пабачыў яе, і такі адразу: «А што гэта?». «Кніга», — кажу яму. Паглядзеў, пакруціў, пачытаў, што ёй сапраўды шмат гадоў, ды і не стаў дакапвацца»

Алесь Капуцкі з Палінай Сцепаненкай і Алесем Бяляцкім
Алесь Капуцкі з Палінай Сцепаненкай і Алесем Бяляцкім

У той дзень пасля ператрусу Алеся Капуцкага адвезлі ў мясцовы аддзел ДФР.

«Завялі ў нейкі кабінет — і панеслася, — успамінае праваабаронца. — Прыбеглі двое. Я нават не зразумеў, хто яны. Дакументы не паказвалі, імёнаў і пасад не называлі. Абодва былі ў цывільным. Я нават пачаў думаць, што яны з ГУБАЗіКа, бо пачалі з наезду, з пытанняў: «За што жывеш?», «Адкуль атрымліваеш грошы?», «Хто дасылае?», «Дзе грошы на плот новы ўзяў?» і г.д.

А ў мяне і сапраўды новы плот. Але і даход быў з-за мяжы. Падаткі я аплаціў, даход задэклараваў. Але па гэтым пункце яны неяк хутка адсталі ад мяне.

Потым перайшлі да пытанняў па маёй дзейнасці, ці даваў я грошы такой-та і такой-та. Назвалі прозвішча жанчыны — былой сужыцелькі аднаго палітвязня. 

Я ім: «Не, не даваў».

Яны: «А вось яна кажа, што даваў».

Задавалі пытанні пра «Вясну». Пачалі казаць, што па іхняй інфармацыі я датычны да незаконнага перамяшчэння праз мяжу фінансавых сродкаў для дзейнасці арганізацыі. Гэта ўвогуле было для мяне поўнай нечаканасцю. Бо за мяжой я не быў, здаецца, з 2019 года. На мае словы пра тое, што я нічога не ведаю, яны пачалі запалохваць, шантажаваць малалетнім сынам, які са мной жыў, пагражаць звальненнем з працы, што нідзе больш не ўладкуюся. Паказалі скрыншоты з нашага закрытага мясцовага праваабарончага чата. Сказалі, што яны ўжо даўно сочаць за тым, што там адбываецца. Паказалі перапосты матэрыялаў на праваабарончую тэматыку з «Нашай Нівы», якая на той момант ужо была прызнана экстрэмісцкай.

Алесь Капуцкі з праваабаронцам Андрэем Палудай
Алесь Капуцкі з праваабаронцам Андрэем Палудам

Алесь Капуцкі ўспамінае: «У 2020 годзе праз вялікую салідарнасць у народзе ў Маладзечне праходзілі цэлыя кампаніі па зборы сродкаў рэпрэсаваным і пацярпелым. Збіралі ў адкрытую, нават на прадпрыемствах і ў дзяржаўных арганізацыях. Безумоўна, штосьці перадавалі праз мяне як праз праваабаронцу, бо я меў давер у людзей, але дзе ж усіх запомніш, ды і не вёў я такога ўліку. Але, магчыма, у іх нейкая інфармацыя пра тое была, тым больш, нядаўна мне стала вядома, што адзін мой прыяцель, які выехаў за межы Беларусі, пакаяўся ў размове з адным сваім аднапартыйцам у тым, што быў завербаваны спецслужбамі і меў заданне працаваць са мной.

Прапанавалі: «Давай ты нам усё раскажаш, дапаможаш, і мы цябе адпусцім».

Я адказаў: «Што мог, я ўжо ўсё расказаў». 

Яны: «Усё, выклікаем міліцыю». 

Праз колькі хвілін за мной прыехалі».

«Не дазвалялі нават чытаць»

Далей Алеся завезлі ў РАУС і склалі пратакол затрымання. 

«За што? Маюць права на 72 гадзіны. А была пятніца. Я добра разумеў, што выходныя правяду ў ІЧУ. Так і здарылася, — узгадвае праваабаронца. — Першыя некалькі дзён сядзеў адзін. У камеры нічога не было — ні бялізны, ні матрасаў. Заікнуўся пра матрас. Прадольны адказаў: «Потым». У выніку матраса і бялізны я не ўбачыў да канца сваёй адсідкі».

Суд адбыўся 20 снежня. Алесю прысудзілі 15 сутак арышту па ч. 2 адміністрацыйнага артыкула 19.11 «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, або якая прапагандуе такую дзейнасць».

«Пасля першых трох сутак перавялі ў іншую камеру, дзе сядзелі двое. Тыя хлопцы, калі пачулі мой адказ, што я тут ціпа за палітыку, усклікнулі: «Добро пожаловать в наш клуб политических!». Яны таксама сядзелі за рэпосты. Крыху пабыў з імі. Потым, чамусьці, мяне зноў вярнулі ў першую камеру. Яна была разлічана на двух чалавек, але я быў там адзін. Потым зноў вярнулі да тых хлопцаў. Яны, дарэчы, таксама былі без матрасаў, без бялізны. Не дазвалялі нават чытаць.

Па выходных нам падсаджвалі сутачнікаў — тых, хто трапіўся за п’янкі ды сямейныя скандалы. Дык для іх было дзівам такая дыскрымінацыя і выклікала нават абурэнне.

Калі я ўжо некалькі дзён прасядзеў, сябры заключылі дамову з адвакатам, і ў бліжэйшы выходны ён да мяне завітаў. Для мяне гэта было нечаканасцю і вялікай падтрымкай. Ажно неяк узнёсся духам», — узгадвае праваабаронца.

Алесь Капуцкі
Алесь Капуцкі

«Раз-два — гатовы новы тэрмін»

Алесь Капуцкі ўзгадвае расклад дня ў ІЧУ АУС Маладзечанскага раёна:

«Пад’ём а 6 гадзіны раніцы, адбой — у 22.00. Але нават пасля адбою яшчэ пару гадзін, да 24.00 грала музыкай «Минская волна». Святло гарэла кругласуткава. 

Каб не звар’яцель, трэба было неяк бавіць час. Я веруючы чалавек, мяне выратоўвала малітва. Чытаў Ружанец – гэта пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па дзесяць малітваў у кожным. Кожная асобная малітва адзначаецца вузельчыкам на вяроўцы. Лічыць не было на чым, таму загінаў пальцы. Адгаворваў па 8-10 Ружанцаў на дзень. Дапамагала».

Ежа, па словах Алеся Капуцкага, у ІЧУ была больш-менш цярпімая:

«Раніцай — каша, катлета, батон. У абед — суп, каша, катлета, кавалак хлеба. Увечары – адна катлета. Кашу, праўда, прыносілі заўсёды ў адной місцы на ўсіх, нягледзячы на пандэмію. Гарбату нам, палітычным, калі мы сядзелі адны, прыносілі праз дзень перад абедам. Астатнім кіпень прыносілі па тры разы на дзень. Яны ўжо са сваіх передач гарбату заварвалі самі. Неяк давялося сядзець са звычайнымі сутачнікамі, дык яны з намі дзяліліся. Я нават разы тры за кратамі папіў кавы. Гэта было для мяне сапраўднае свята! Але чамусьці марыў пра чорны шакалад. Думаў: выйду — і адразу з’ем цэлую плітку».

Лісты да Алеся не даходзілі. Хоць ён дакладна ведаў, што іх яму пісалі. Лісты не аддалі нават пасля вызвалення. А тое вызваленне, дарэчы, адбылося не хукта.

«Першыя 15 сутак скончыліся акурат на Новы год. Да мяне прыйшоў капітан Кеўра і сказаў: «Знайшлі ў цябе новыя перапосты». У выніку склаў на мяне новы, аналагічны першаму, пратакол. Зноў адбыўся суд, і зноў далі 15 сутак. Суд выглядае так: заводзяць у нейкую каморку ў ІЧУ, там стаіць ноутбук. У ім бачны суддзя. Раз-два — гатовы новы тэрмін. Усё вельмі хутка.

Дарэчы, пакуль я сядзеў першы тэрмін, да мяне прыходзілі тыя два супрацоўнікі з ДФР, якія мяне дапытвалі ў аддзеле. Прапаноўвалі, каб я з імі супрацоўнічаў, што будзе нагодай майго хуткага выхаду з ІЧУ. Але я адмовіўся, спасылаючыся на сваю хрысціянскую веру і сумленне. Для іх гэта было незразумелым, хоць адзін з іх сцвярджаў, што таксама верыць у Бога. Потым, пакуль я сядзеў, яны прыходзілі яшчэ два разы, і ўсё паўтаралася па-новай. Кожны раз палохалі: «Сядзець тут будзеш доўга, а калі выйдзеш — пойдзеш на гадкоў пяць у зону».

Алесь Капуцкі
Алесь Капуцкі

«На прагулку не вывелі ні разу, у душы не быў 45 дзён»

Тэрмін утрымання Алесю Капуцкаму павялічвалі некалькі разоў. Кожны раз адбываўся суд, і кожны раз суддзя прысуджаў яму новыя 15 сутак. Усяго амаль 60-гадовы праваабаронца адбыў за кратамі 60 сутак. За гэты час ён пабываў у некалькіх камерах, умовы ў якіх для яго часам стваралі амаль невыносныя.

«Наўмысна перасоджвалі на некалькі сутак ў камеру з бамжом, змяшчалі ў халодную камеру, у якой не было нават стала і ўмывальніка, — успамінае Алесь. — Самая цяжкое — адсутнасць хоць нейкага занятку. Не давалі нічога чытаць, нават Біблію, якую мне перадалі. Не было і паперы з асадкай, каб пісаць скаргі на судовыя пастановы. Прасіў яе ў дзяжурныхне давалі. Праз месяц зняволення на адным з разводаў прапрасіў паперу і асадку ў намесніка начальніка ІЧУ. Толькі пасля гэтага выдалі.

Перадачы не перадавалі, з цёплых рэчаў была толькі куртка, але і яна не вельмі дапамагала, бо ў большасці камер было даволі халодна, асабліва ўначы. На прагулку за ўвесь тэрмін утрымання не выводзілі ніводнага разу. Нават звычайныя сутачнікі дзівіліся з такога абыходжання з палітычнымі».

У душ Алеся Капуцкага не вадзілі 45 дзён!

«Дагэтуль сукамернікі казалі, што ў ізалятары няма гарачай вады, а падследчых водзяць мыцца кудысьці ў іншае месца. Але потым высветлілася, што ўсё ж гарачая вада была. Звадзілі памыцца толькі пасля таго, як я напісаў на гэта заяву. Вярнуўся ў камеру яшчэ з вільготнымі валасамі — дык адзін прадольны, на маю думку, наўмысна ўключыў вентыляцыю, якая хвілін 20 ганяла па камеры халоднае паветра. Прыхварэў. З’явіўся насмарк, кашаль. 

У мяне, апроч усяго, і гіпертанія другой ступені. Трэба штодня прымаць лекі. Мне нават іх перадалі, яны ляжалі ў ІЧУ, але мне іх не давалі. Казалі: «Патрэбны рэцэпт, каб не займаліся самалячэннем». Але дзе мне яго ўзяць? Падчас пандэміі нават у аптэках рэцэпт не пытаюць. Мяне ніхто не слухаў. Часам ціск зашкальваў. Давалі толькі аспірын, які мне крыху дапамагаў, анальгін або каптапрыл, які небяспечна прымаць без замеру ціска. Аднойчы раніцай прачнуўся ад таго, што вельмі дрэнна сябе адчуваў. Сказаў, што мне патрэбна хуткая дапамога. Яны прыехала, але толькі к абеду. Памерылі ціск. Верхні быў 180. Далі таблетку каптапрыла, зрабілі «гарачы» укол. Пасля гэтага зрабілася яшчэ горш. Памерылі ціск, а ён упаў ніжэй, чым трэба. Медыкі сказалі, што трэба пад кропельніцу на хвілін 20. У ІЧУ ёсць фельдшарская. Не дазволілі. У выніку зрабілі мне яшчэ укол, каб ціск зноў падняўся. Крыху паляжаў. Неяк ачуняў. Дазволілі ў камеры легчы паспаць».

Параўнайце: фотаздымкі Алеся Капуцкага да затрымання і пасля вызвалення. У зняволенні праваабаронца схуднеў на 10 кг
Параўнайце фотаздымкі Алеся Капуцкага да затрымання і пасля вызвалення з ІЧУ. У зняволенні праваабаронца схуднеў на 10 кг.

Мінула паўтара месяцы зняволення…

«Напрыканцы трэціх 15 сутак мяне з рэчамі вывелі ў кабінет РАУС. Я ўжо падумаў, што будуць адпускаць, - ўспамінае праваабаронца. - Але туды зайшлі ДФР-шчыкі і пачалі зноў казаць, што калі не буду згаворлівы, да рэферэндуму я не выйду. Гэта быў канец студзеня. Прапанавалі зняць са мной відэа на фоне чырвона-зялёнага сцяга ў падтрымку дзеючай улады, пасля гэтага абяцалі адразу адпусцяць. Я не пагадзіўся.

Яны таму самаму  капітану Кеўру: «Задержание».

Ну што…Зноў пратакол і зноў 15 сутак… Нават супрацоўнікі ІЧУ былі нямала здзіўленыя, калі мяне прывялі назад.

Дарэчы, большасць супрацоўнікаў ІЧУ, хоць і выконвалі усё, што ім загадвалі, але рабілі гэта, здавалася, з невялікім імпэтам. Ставіліся да мяне ня горай, чым да астатніх сутачнікаў, адзін нават спрабаваў размаўляць са мной па-беларуску. Толькі двое супрацоўнікаў выказаліся: «Разговаривай с нами на нормальном языке». Сукамернікі ж на маю беларускую мову рэагавалі вельмі добра. Не было праблем з гэтай нагоды ні з кім. Нават з тым, хто калісьці сядзеў за забойства».

«Не хацеў стаць тым чалавекам, з-за якога сітуацыя праваабаронцаў за кратамі пагоршыцца яшчэ больш»

Апошні тэрмін у праваабаронцы скончыўся 16 лютага, пасля чаго яго вызвалілі. Гэта было нечакана нават для яго.

З ІЧУ Алесь Капуцкі выйшаў барадаты, бо нават пагаліцца ў яго не было магчымасці.

Жартуе: «Калі вызваліўся, больш быў падобны на Рабінзона Круза».

У хуткім часе праваабаронцу выклікалі на допыт у Следчы камітэт па справе «Вясны».

«Выклікалі ў якасці сведкі, але там я зразумеў, што без адваката мне не абыйсціся. Допыт перанеслі на наступны тыдзень. А я зразумеў, што магу нявольна стаць тым чалавекам, з-за якога сітуацыя праваабаронцаў за кратамі можа пагоршыцца яшчэ больш».

Праз некалькі дзён, не папярэдзіўшы нават родных, Алесь Капуцкі з дапамогай службы рэлакацыі выехаў з краіны. Цяпер ён у бяспецы.

Напрыканцы нашай сустрэчы Алесь сказаў: «Не толькі ў кожнага чалавека, але і ў кожнага народа ёсць свой лёс. Я веруючы чалавек, і ў гэтай сітуацыі бачу аналогіі з біблейскай гісторыяй. Калі Бог вывеў народ Ізраіль у зямлю абяцаную, яны пачалі там жыць, развівацца. Калі адступалі ад веры – Бог дасылаў ім выпрабаванні, у тым ліку, і ў выглядзе заняволення. Калі людзі каяліся і зноў звярталіся да Бога, ён іх вызваляў. Але гэта ўжо не праваабарончая тэма…»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства