viasna on patreon

"Свабодны і адкрыты чалавек, за што і пакутуе цяпер". Ветэрынарку асудзілі да трох гадоў калоніі за ўдзел амаль ва ўсіх нядзельных Маршах

2022 2022-05-02T11:49:00+0300 2022-05-02T11:57:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhuravleva_725.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна 4 красавіка вынеслі чарговы прысуд па ўжо "народным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Аднак тэрмін у тры гады калоніі для 25-гадовай ветэрынаркі шакаваў усіх. Расказваем, хто такая палітзняволеная Яна Жураўлёва і як праходзіў суд над ёй.

Яна Жураўлёва. Фота з сямейнага архіва
Яна Жураўлёва. Фота з сямейнага архіва

Затрымалі на працы

Яна Жураўлёва ўжо трэці год працавала ў ветэрынарнай клініцы ўстановы "Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі" ў Ратамцы. Там яе і затрымалі 23 лістапада мінулага года. У Яны быў адпачынак, але яна ўсё роўна выходзіла на працу.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа пасля затрымання адвезлі яе дадому на ператрус. У гэты час там была яе мама.

"Я ўспрыняла навіну аб затрыманні Яны спакойна, бо паўплываць на сітуацыю не магла. Муж (тата Яны) не прысутнічаў пры ператрусе — быў на працы.

Я сабрала Яне з сабой рэчы, якія дазволілі ўзяць, ну а затым займалася бягучымі пытаннямі: шукала адваката, камунікавала з сябрамі па гэтай сітуацыі, шукала інфармацыю па тэме затрыманняў у інтэрнэце і іншым".

Дома ў Яны забралі яе тэлефон, тры ноўтбука і тры жорсткіх дыска, якія ёй не належалі. Тэлефон таксама быў яе таты, а Яна ім карысталася. Двое сутак бацькі Яны не ведалі, дзе знаходзіцца іх дачка. На наступны дзень пасля затрымання дзяжурныя ЦІП і ІЧУ казалі, што да іх такая не паступала. Бацькі Яны тэлефанавалі ва ўсе суды раёнаў і РУУС — ім удалося даведацца, што іх дачка арыштаваная на 14 сутак за «дробнае хуліганства». Днём 25 лістапада дзяжурны ЦІП на Акрэсціна ўсё ж сказаў, што Жураўлёва знаходзіцца ў іх.

"Мы, вядома, за Яну вельмі перажываем, але спакойна вырашаем пытанні, якія ўзнікаюць: падрыхтоўка перадач, лісты, камунікацыя з сябрамі, знаёмымі, кліентамі, калегамі Яны", — кажа маці палітзняволенай.

Фота з тэлефона — падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы

Пасля затрымання ў Яны знайшлі ў тэлефоне фота з акцый пратэсту. У 2020 годзе дзяўчыну два разы судзілі па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Але тады ўсё абыходзілася штрафамі. Але пасля гэтых "сутак" Яну не выпусцілі на волю — яна стала фігуранткай крымінальнай справы. У якасці меры стрымання ёй выбралі заключэнне пад варту. У чаканні суда ў СІЗА-1 яна правяла чатыры месяцы.

Не хоча пісаць пра СІЗА — ёй цікава, што адбываецца на волі

Як распавядае маці Яны, у СІЗА яе дачка шмат чытае — пераважна класічную літаратуру. Калі сустракае нешта незнаёмае, то просіць даслаць ёй цікавую для яе інфармацыю, часта — па медыцынскай тэматыцы, напрыклад апісанне хвароб, лекаў.

Таксама Яна малюе ў СІЗА. Як адзначае яе маці, гэта яркія і жыццярадасныя малюнкі. 

"Яна малюе ў лістах і на канвертах. У самым пачатку перадалі ёй набор каляровых алоўкаў. Потым перадалі яшчэ шмат алоўкаў новых колераў, бо яна захацела паспрабаваць іншыя адценні. Нядаўна яна намалявала комікс па падрыхтоўцы шакаладнай каўбасы". 

Па словах маці палітзняволенай, пра побыт у СІЗА і наогул аб знаходжанні там яе дачка нічога не піша, кажа, што не хоча на гэтую тэму нічога пісаць: 

"Ёй цікава, што адбываецца тут. Просіць пабольш дасылаць фота яе любімых коцікаў, апавяданні пра іх, фота прыроды".

"Яна свабодны і адкрыты чалавек, за што і пакутуе цяпер" 

Яна Жураўлёва. Фота з сямейнага архіва
Яна Жураўлёва. Фота з сямейнага архіва

Раней Яна займалася конным спортам. Маці палітзняволенай тлумачыць менавіта гэтым яе валявы характар.

"Наогул яна адказная і мэтанакіраваная, не баіцца цяжкасцяў. Яна самастойная ў прыняцці рашэнняў і заўсёды разлічвае на свае сілы. Яна верыць у тое, што справіцца з усім, да чаго імкнецца".

Маці Яны адклікаецца аб ёй як аб дабрым і спачувальным чалавеке:

"Калі камусьці чымсьці можа дапамагчы, то яна абавязкова з задавальненнем і ўсім клопатам зробіць гэта. Яна гатовая аказаць дапамогу і падтрымку ўсім, хто ў іх мае патрэбу. Яна заўсёды падзеліцца ўсім неабходным".

Вельмі добра адгукаюцца пра яе аднакурснікі, яе практыканты, сябры: цікавяцца ёй, пішуць лісты, дасылаюць пасылкі. 

Як адзначае маці Яны, яна свабодны і адкрыты чалавек:

"Вось за гэта і пакутуе цяпер. Але пры ўсёй негатыўнасці сітуацыі Яна ацэньвае яе як цікавую. Гэта магчымасць пазнаёміцца і пагутарыць з новымі людзьмі, адцягнуцца ад імклівага тэмпу жыцця і працы. Спакойна ўсё прааналізаваць і зрабіць высновы, чым і як заняцца цяпер і ў будучыні".

Тры гады калоніі — за ўдзел у сямі нядзельных Маршах 

Яну судзілі за ўдзел у сямі нядзельных Маршах цягам двух месяцаў з 23 жніўня да 25 кастрычніка 2020 года. Дзяўчына на судзе прызнала віну і тое, што сапраўды прымала ўдзел у іх.

4 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Мінска Жураўлёву асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На судзе пракурор заявіў пазоў на карысць "Мінсктранса" за "перакрыцце дарог" — 179 тысяч рублёў. Яго вылучылі ў грамадзянскую вытворчасць.

Як распавядаюць бацькі Яны, на судзе ні пракурорам, ні суддзёй не было ўлічана ні аднай змякчальнай акалічнасці: прызнанне віны, станоўчая характарыстыка і хадайніцтва з месца працы, трынаццаць на працягу двух гадоў дакументаў, якія пацвярджаюць яе высокую кваліфікацыю: сертыфікаты аб удзеле ў семінарах, канферэнцыях, кангрэсах па ветэрынарнай медыцыне і іншыя.

Яна падала апеляцыйную скаргу на прысуд і чакае яе разгляду ў СІЗА-1.

"Здавацца і падаць духам Яна не збіраецца"

Пасля суда Яне дазволілі спатканне з бацькамі:

"На спатканнях, як і на судзе, выглядала добра. Яна займаецца фізкультурай, сочыць за сабой, наколькі магчыма ў такіх умовах. Яна была спакойная, у добрым настроі", — распавядае маці палітзняволенай.

Па словах родных палітзняволенай, яна не падае духам і імкнецца выкарыстоўваць час ў зняволенні з карысцю:

"У любой праблемнай сітуацыі Яна ў першую чаргу заўсёды задаецца пытаннем: што магчыма зрабіць? У дадзенай сітуацыі — падаць апеляцыю, захоўваць спакой, здароўе, добры настрой, чытаць, пісаць лісты, маляваць, займацца фізкультурай, камунікаваць з суседкамі, атрымаць у калоніі яшчэ якую-небудзь актуальную адукацыю.

Здавацца і сумаваць Яна не збіраецца, з самаацэнкай усё нармальна. За два з невялікім гады працы ў ветклініцы яна шмат чаму навучылася, стала высокакваліфікаваным ініцыятыўным спецыялістам, запатрабаваным у кліентаў. Так што ёсць падстава адчуваць упэўненасць у будучыні і мець стымул пераадолець усе цяжкасці бягучага перыяду".

"Яна сумуе з-за бяздзейнасці — за гэты час столькім дапамагла б!"

Яна Жураўлёва. Фота з сямейнага архіва
Яна Жураўлёва. Фота з сямейнага архіва

Яна вельмі рознабаковы чалавек са шматлікімі інтарэсамі: з самага ранняга дзяцінства пачала займацца ў мастацкай студыі, фігурным катаннем, ангельскай і французскім мовамі. У 10 гадоў яна пачала займацца конным спортам. Таксама яна наведвала клуб беларускіх народных танцаў.

"На адукацыю і захапленні дачкі мы ніколі не шкадавалі ні часу, ні сіл і ні сродкаў. Сама яна заўсёды імкнецца даведацца і асвоіць нешта новае. Прывыкла шмат працаваць. Яна працавітая і адказная".

Яна пасля школы паступіла ў Акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску.

"У сувязі з навучаннем у іншым горадзе прыйшлося расстацца з конным спортам, але па магчымасці заўсёды прыязджала ў Ратамку да коней і ў ветэрынарную клініку".

Пасля Акадэміі яе прынялі на працу на пасаду ветэрынарнага лекара ў клініку ў Ратамцы. 

"Жывёл Яна любіла з самага дзяцінства, то бок выбар прафесіі заканамерны. Першая яе жывёла — пацук. Потым былі пясчанка, пясчаная вавёрка дэгу, коткі.

Пасля першага курса прывезла дадому сабаку з адлову. Калі на 3 курсе пачалася аперацыйная хірургія, то сказала выкладчыку, што хоча самастойна зрабіць аперацыі па стэрылізацыі і кастрацыі. Ён адказаў: "Знойдзеш на кім — зробіш". Зразумела, што коткі — брат з сястрой чорнага афарбоўкі — былі знойдзеныя. Для такой добрай справы аддала сваіх падапечных вулічных катоў жанчына, якая за імі даглядала каля сваёй працы. Аперацыі былі паспяхова выкананы, а каты сталі жыць у Яны і прыехалі з ёй у Мінск. Яны — самыя яе любімыя. Катоў Яна любіць больш за ўсіх жывёл і называе іх коцікамі. І цяпер у лістах і на спатканнях просіць, каб нікому не аддавалі яе любімых коцікаў. За час працы ў яе з'явіўся аднавокі коцік і коцік, выкармлены і дагляданы ёю практычна з нараджэння, і які мае праблемы са зрокам", — узгадваюць родныя палітзняволенай. 

Яна Жураўлёва. Фота з сямейнага архіва
Яна Жураўлёва. Фота з сямейнага архіва

Як распавядае яе мама, у кожным лісце Яна піша, што больш за ўсё сумуе па любімай працы, хоча хутчэй вярнуцца да ветэрынарыі:

"Яна сумуе з-за бяздзейнасці — за гэты час столькі карыснага зрабіла б і столькім дапамагла б! Амаль першай яе просьбай пасля затрымання было перадаць прафесійную літаратуру, але на жаль — не прымаюць".

Падтрымаць палітзняволеную лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі можна па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Яна Уладзіміраўна Жураўлёва (26.09.1996)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства