viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 29 красавіка-2 траўня Дапоўнена

2022 2022-05-02T12:11:39+0300 2022-05-02T19:55:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/laurencv_.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 29 красавіка-2 траўня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Чарговыя затрыманні па ўсёй краіне

Стала вядома пра затрыманне Аляксандра Лаўрэнцьева. Жыхару Гродна інкрымінуюць два артыкулы Крымінальнага кодэксу — 368 («Абраза прэзідэнта») і 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Яўгена Андрэева і Марыны Паповай. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах. Ім інкрымінаваны арт. 342 КК — удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.


30 красавіка на Нямізе затрымалі музыку, які выконваў песні на ўкраінскай мове, сярод іншага кампазіцыі гурта «Акіян Эльзы». Прозвішча затрыманнага высвятляецца.


30 красавіка на праўладным мітынгу «Zа Россию» затрымлівалі тых, хто спрачаўся з яго ўдзельнікамі

Праваабаронцам «Вясны» вядома як мінімум пра два такіх выпадкі. Сярод затрыманых — Кацярына Шыцікава. Калі яна з сябрамі праходзіла міма мітынгу, то пачала спрачацца з адной удзельніцай. Потым да яе падыйшлі супрацоўнікі міліцыі.

Кацярыну выклікалі ў Цэнтральны РУУС на размову, пасля якой яе не выпусцілі.

Учора ў Мінску невялікая купка людзей з дзяржаўнымі, савецкімі і расійскімі сцягамі прайшла маршам па горадзе «у падтрымку Расіі».


КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» Фонд спартыўнай салідарнасці і рэгіянальнае выданне «Флагшток»


Як паведамілі праваабаронцам «Вясны», 30 красавіка з цягніка «Мінск-Санкт-Пецярбург» быў зняты Дзмітрый Субачоў

Ён затрыманы. Прычыны і яго месцазнаходжанне пакуль невядомыя.


Палітвязня Рыгора Кастусёва перавялі ў СІЗА КДБ 

Рыгор Кастусёў.

Стала вядома, што днямі палітзняволенага лідара БНФ Рыгора Кастусёва перавялі з «Валадаркі» ў СІЗА КДБ.

Нагадаем, Рыгор быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове. Ён разам з Аляксандрам Фядутам, юрыстам з ЗША Юрыем Зянковічам, кіраўніцай мінскага офіса Зянковіча Вольгай Галубовіч і дальнабойшчыкам з Нарачы Дзянісам Краўчуком — фігурант крымінальнай справы аб "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (арт. 357 КК).

Палітвязень у лісце ад 25 красавіка паведаміў, што расследаванне па справе скончылася, і яго азнаёмілі з канчатковым абвінавачваннем. Фігуранты пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. Хутка справу перададуць у пракуратуру.

Падтрымайце Рыгора: СІЗА КДБ, 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Рыгор Андрэевіч Кастусёў


Палітзняволеных жлобінцаў, якія адбываюць тэрміны ў калоніях, дапытваюць у межах крымінальнай справы за абразлівыя каментары

Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», за апошні час следчыя ў папраўчых калоніях дапыталі ўжо трох жлобінцаў у межах крамінальнай справы за абразлівыя каментары ў інтэрнеце. Супраць аднаго з іх — Сяргея Бекарэвіча — ужо распачалі новую справу, але пакуль невядома, паводле якога артыкула.

Паведамляецца, што следчыя прыходзілі да Дзяніса Давыдуліна і Яўгена Дамарацкага. Прычынай для допыту сталі нейкія зняважлівыя каментарыі ў сацыяльных сетках. Давыдулін адказаў следчаму, што ўжо больш за год знаходзіцца ў зняволенні, дадому тэлефануе раз на 2 месяцы, і, знаходзячыся ў калоніі, не мог нікога абразіць у сацсетках.

Дамарацкага дапытвалі ў якасці сведкі, які нібыта бачыў нейкі каментарый у адным з тг-каналаў. Яўгенадказаў, што не звяртае на такое ўвагу. Затым у яго запыталі, ці пісаў ён сам зняважлівыя каментарыі адносна нейкага жлобінскага суддзі. Акрамя гэтага яму прапанавалі падпісаць яўку зпавіннай, на што Дамарацкі даў адмоўны адказ.


Палітзняволенаму Віктару Пархімчыку ўзмацнілі рэжым і пераводзяць у калонію

29 красавіка ў судзе Камянецкага раёна разглядзелі справу «аб пераводзе палітвязня Віктара Пархімчыка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму». Па рашэнню суддзі Галіны Прыхожка Віктара перавядуць у калонію на чатыры месяца і некалькі дзён.

Віктара асудзілі на два гады «хіміі» па ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства). У віну Пархімчыку ставілася тое, што ў перыяд з 12 па 16 лістапада ў некалькі этапаў з хуліганскіх меркаванняў ён раскідаў 510 самарэзаў на праезнай часцы каля адміністрацыйнага будунку памежнага камітэта. Аднак не давёў злачынства да канца, так як супрацоўнікі памежнага камітэта збіралі раскіданыя самарэзы з праезнай часткі да таго, як па ім праязджаў аўтатранспарт, тым самым не дапускалі пашкоджаня маёмасці грамадзянаў і арганізацый.

Падтрымайце яго лістамі салідарнасці: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №45, 225073, Брэсцкая вобл., Камянецкі р-н, в. Сушкі


29 красавіка раніцай быў затрыманы старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч.


Затрыманне шэф-повара

Як стала вядома праваабаранцам «Вясны», 26 красавіка ў Мінску быў затрыманы шэф-повар Вячаслаў Гарбатоў. Ён вядомы тым, што на «Беларусь-1» вёў кулінарную праграму.

Прычыны і абставіны затрымання Вячаслава пакуль невядомыя.


Наста Дашкевіч стала падазраванай па крымінальнай справе

Цяжарную жонку палітвязня Змітра Дашкевіча падазраюць па артыкуле 342 – «Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».


Ютуб і тэлеграм-канал «Жыццё-маліна» прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі

Таксама «экстрэмісцкім» прызнаны лагатып «Жыццё-маліна».


У Оршы затрыманы ўладальнік мясцовага копі-цэнтра

У мінулым месяцы да жыхара Оршы Дзяніса Сімановіча ў копі-цэнтр завіталі супрацоўнікі ГУБАЗіка. Іх увагу прыцягнулі некалькі значкоў з выяваю жоўтага поля з блактітным небам. Такія сувеніры Дзяніс паспеў таксама падарыць некалькім сваім знаёмым.

Сімановіча дапыталі і адпусцілі дадому.

А 29 красавіка запрасілі на гутарку ізноў, адкуль ён ужо не выйшаў. Дзяніс паспеў патэлефанаваць блізкім і паведаміў, што яго арыштавалі на 10 сутак, нібыта за пікетаванне.

У той жа час у копі-цэнтр працягваюць заглядваць супрацоўнікі ГУБАЗіКа, іх цікавіць, якая прадукцыя там вырабляецца і што менавіта прадаюць людзям.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства