Псіхалагічная дапамога: Катаванні і жорсткае абыходжанне — розніца, наступствы і важнасць дакументавання
Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.
Згодна з даследаваннямі, рызыка развіцця посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР) у палітвязняў у сярэднім дасягае 45-50%. Калі параўноўваць гэтую лічбу з аднаразовымі траўматычнымі падзеямі, то ў ахвяр сэксуальнага гвалту ці прыродных катастроф гэтая лічба складае 18-20% і 10-11% адпаведна. Выходзіць, у паловы палітвязняў у той ці іншай ступені будуць назірацца сімптомы ПТСР. Такая высокая ступень рызыкі звязаная з тым, што часцей за ўсё да палітзняволеных ужываюцца катаванні ці іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці прыніжальныя годнасць чалавека віды абыходжання.
Аднак не кожны гвалт можа быць катаваннем ці іншым жорсткім абыходжаннем: бачыць розніцу паміж імі важна для разумення магчымых наступстваў таго ці іншага віду жорсткага абыходжання, а таксама абавязкаў дзяржавы ў іх ухіленні.
катаванне — любое дзеянне, якім нейкай асобе наўмысна прычыняецца моцны боль ці пакута, фізічная ці маральная, каб атрымаць ад яе ці ад трэцяй асобы звесткі ці прызнанні, пакараць яе за дзеянне, якое зрабіла яна ці трэцяя асоба ці ў здзяйсненні якога яна падазраецца, а таксама запалохаць ці прымусіць яе ці трэцюю асобу, ці з любой прычыны, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль ці пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, ці па іх падбухторванні, ці з іх ведама ці маўклівай згоды. У гэта вызначэнне не ўключаецца боль ці пакуты, якія ўзнікаюць толькі ў выніку законных санкцый, неаддзельныя ад гэтых санкцый ці выклікаюцца імі выпадкова. |
Катаванне, жорсткае абыходжанне ці правамерны гвалт?
Розніца паміж катаваннем, жорсткім бесчалавечным абыходжаннем і гвалтам палягае ў іх мэтах, працягласці, а таксама дзеяннях, якія патрабуюцца ад дзяржавы ў тым ці іншым выпадку.
— Катаванне заўсёды мае выразную мэту: дамагчыся ад чалавека пэўных паводзінаў, дзеяння ці бяздзейнасці, — каментуе праваабаронца Павел Сапелка. — Мэтай можа зрабіцца прызнанне віны чалавекам, атрыманне пэўных паказанняў, маральны ціск, пакаранне за дзеянне ці іх адсутнасць — у тым ліку, пакаранне за палітычную пазіцыю. Тут няма вызначанага спісу: кожны выпадак даследуецца асобна — ці дасягае ўзровень жорсткасці, бесчалавечнасці ці знявагі ўзроўню катавання. Але гэта розніца не такая важная, таму што забароненыя не толькі катаванні, але і ўсе іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага ці прыніжальнага годнасць чалавека абыходжання.
Аднак не варта блытаць катаванне ці іншае жорсткае абыходжанне з правамерным ужываннем гвалту. Напрыклад, пры затрыманні небяспечнага злачынцы, які аказвае супраціўленне, супрацоўнікі міліцыі могуць ужыць фізічную сілу, каб засцерагчы сябе і навакольных. Гэта можа выклікаць боль, але будзе не катаваннем, а правамерным ужываннем гвалту, прапарцыйным дзеянням злачынцы. Іншая рэч — калі супрацоўнік з розных прычынаў будзе біць чалавека, які ляжыць і не ўяўляе пагрозы грамадству.
Калі пры выяўленні факту катавання ад дзяржавы дастаткова неадкладна спыніць уласна катаванне, расследаваць факт яго ўжывання, прыцягнуць да адказнасці вінаватых і кампенсаваць ахвяры пакуты, то пры выяўленні іншых забароненых відаў абыходжання неабходная больш працяглая праца. Напрыклад, сфармаваная за дзесяцігоддзі сістэма пакаранняў у дзяржаве можа быць сама па сабе крыніцай знявагаў і жорсткага абыходжання. Для яе змены неабходны доўгі шлях заканадаўчых рэформаў. У той час як катаванне ў адносінах да пэўнага чалавека — асобна ўзятае злачынства.
— Калі ад канкрэтнага зняволенага атрымліваюць прызнанне з дапамогай збіванняў, голаду, пакідання ў адзіночным зняволенні без святла і вады — гэта катаванне, — прыводзіць прыклад праваабаронца. — Але калі гаворка ідзе пра зняволеных, якія ў роўнай ступені знаходзяцца ў перанаселеным СІЗА, атрымліваюць недастатковае харчаванне, таму што дзяржава не можа аплаціць лепшыя ўмовы, то ёй неабходна шукаць сродкі, перагледзець палітыку ўжывання меры стрымання ці відаў пакарання. То бок іншыя віды жорсткага абыходжання могуць быць больш працяглыя, і для паляпшэння сітуацыі мае праводзіцца больш глабальная праца.
Псіхалагічныя наступствы катаванняў
Псіхолаг Кацярына ўпэўненая: у выпадку з беларускай сітуацыяй аднаразовы гвалт, які ўжываўся да пратэстоўцаў 9-12 жніўня 2020 года, магчыма, будзе меней небяспечны для псіхалагічнага здароўя чалавека, чым працяглае жорсткае абыходжанне. І чым больш відаў жорсткага абыходжання спалучаецца, чым даўжэй яно працягваецца, чым даўжэй нельга аказаць псіхалагічную дапамогу, тым цяжэйшымі могуць зрабіцца наступствы.
— Паводле маіх назіранняў, людзі, якія прайшлі праз 9-12 жніўня, але атрымалі кваліфікаванае лячэнне, цяпер знаходзяцца ў лепшым стане, чым сваякі палітвязняў, якія хоць і не зазнавалі гвалту самі, але месяцамі знаходзяцца ў хранічным стрэсе. На гэта ўплывае працягласць траўматычнай падзеі, — тлумачыць Кацярына. — Таму важна своечасова звярнуцца па псіхалагічную дапамогу — на працягу месяца пасля траўматычнай падзеі. Бо нават калі палітычная сітуацыя ў краіне зменіцца, гэта не будзе значыць, што стан чалавека палепшыцца сам па сабе: на адзін нявылечаны стрэс напластуецца іншы — хай і пазітыўны.
Найболей распаўсюджаным псіхалагічным наступствам катавання ці жорсткага абыходжання з'яўляецца ПТСР. Калі на працягу паўгода ў чалавека, які перажыў траўму, захоўваюцца пэўныя сімптомы, гэта прычына для наведвання псіхатэрапеўта. Ключавымі сімптомамі могуць быць стан узбуджанасці, звышмабілізацыі — чалавек увесь час прыслухоўваецца да крокаў за дзвярыма, выглядае ў вакно; пазбяганне пэўных трыгераў — людзей у форме, «бусікаў»; парушэнне канцэнтрацыі ўвагі, злучанае з высокім узроўнем трывогі. Таксама часта назіраюцца розныя парушэнні сну: павярхоўны сон, кашмары. Калі чалавек працягвае зведваць катаванні ці жорсткае абыходжанне, узрастае рызыка другасных наступстваў: да агульных сімптомаў могуць дадацца адчуванне апатыі, прыгнечанасці і песімізму.
— І калі ў выпадку з аднаразовай траўматычнай падзеяй сімптаматыка будзе звязаная выключна з ёй, то ў выпадку з працяглым гвалтам уключаецца цэлы шэраг траўматычных асацыяцый, падзей, кожная з якіх можа зрабіцца трыгерам, — тлумачыць Кацярына. — І чым большая комплекснасць будзе, тым большая імавернасць таго, што ПТСР таксама будзе комплексным, і ўзаемадзеянне фактараў будзе складанейшым, а наступствы — цяжэйшымі. А чым цяжэйшыя сімптомы ў ПТСР, тым менш якасна чалавек зможа працягваць тое жыццё, якое ў яго было, бо траўма парушае бесперапыннасць успрымання жыцця: звычайна гэта выяўляецца ў адчуванні, што яно падзялілася на «да» і «пасля» і больш ніколі не будзе ранейшым.
Калі траўма працягваецца доўга, а патрэбная псіхалагічная дапамога не аказваецца, ПТСР набывае зацягнутыя формы і абрастае другаснымі праблемамі. У дарослых людзей гэта, часцей за ўсё, дэпрэсія і злоўжыванне алкаголем. Калі чалавек знаходзіцца ў турме і псіхаактыўныя рэчывы яму недасяжныя, дэпрэсія можа прагрэсаваць у бок рызыкі суіцыду.
— Але калі чалавек трапляе ў бяспечныя ўмовы, то сімптомы ПТСР могуць сысці на нішто, — тлумачыць псіхолаг. — Тэарэтычна, калі чалавека пераводзяць з аднаго месца зняволення ў іншае, дзе ўсё ж такі ёсць магчымасць мець зносіны з аднадумцамі, лепшая сітуацыя з ліставаннем і спатканнямі, ёсць больш вольная прастора, то гэта можа спыніць развіццё ПТСР. І нават калі ва ўмовах зняволення чалавеку нельга аказаць псіхалагічную дапамогу, вельмі важная наяўнасць псіхалагічнай падтрымкі: напрыклад, лісты палітвязням. У паняццях псіхалогіі гэта — тая самая неабходная сетка сацыяльнай падтрымкі, якая «трымае» чалавека. Не думаю, што яна пазбавіць яго ад усіх наступстваў, але зменшыць узровень дэпрэсіі і дапаможа пазбыцца суіцыдальных думак.
Даследаванні паказваюць: каб ахвяра катаванняў атрымала поўнае маральнае задавальненне, неабходна атрымаць раскаянне злачынцы ў прысутнасці ахвяры. Але нават калі гэтага ідэальнага варыянту дамагчыся нерэальна, для аднаўлення пачуцця справядлівасці і частковай кампенсацыі траўмы важна, каб вінаваты быў прыцягнуты да адказнасці.
Таму Павел Сапелка дадае: праваабаронцы ўвесь час працуюць над пошукам прымальных механізмаў для крымінальнага пераследу вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці — напрыклад, у дзяржавах, якія прызнаюць прынцып універсальнай юрысдыкцыі. Для няўхільнасці пакарання за здзяйсненне катаванняў іх важна дакументаваць. Тэрміну даўнасці для прыцягнення да адказнасці за гэта няма, таму, менавіта задакументаваўшы катаванні ці іншыя віды жорсткага абыходжання, ахвяра можа спадзявацца на хаця б частковую кампенсацыю траўмы і адчуванне справядлівасці, калі ў краіне будуць працаваць законы.
Звязацца з праваабаронцамі "Вясны", каб запісацца на дакументаванне катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання можна праз тэлеграм @viasnadoc ці пошту viasnadoc@spring96.org |
Псіхалагічная дапамога: Як дапамагчы дзіцяці перажыць траўматычную падзею