Ціск на палітвязняў і ліквідацыя грамадскага сектара: хроніка пераследу 4 траўня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пачаўся наступ на незалежны прафсаюзны рух, вядома пра затрыманне двух дзесяткаў актывістаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 4 траўня.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Журналіста Анджэя Пачобута перавялі з Жодзіна ў СІЗА на Валадарскага
Пра гэта паведаміла жонка палітвязня. Анджэя Пачобута арыштавалі ў рамках «справы палякаў», фігурантамі якой таксама з’яўляюцца старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, актывісты Саюзу палякаў Беларусі з Ліды, Ваўкавыску і Берасця: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава. Жанчын, апрача Анжалікі Борыс, летась вызвалілі і прымусілі пакінуць Беларусь, піша Беларускае Радыё Рацыя.
У палітвязня Уладзіміра Гундара ў турме забралі ўсе лісты
Палітвязня Гундара затрымалі па "справе Аўтуховіча" нібыта за падрыхтоўку тэракта, нагадваюць праваабаронцы. Уладзімір Гундар мае інваліднасць другой групы — у яго няма нагі.
Брэсцкі абласны суд 20 траўня 2021 года абвясціў Гундару прысуд. Яго абвінавацілі па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак) і прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Увесь час у зняволенні на Гундара аказваецца ціск. Яго змяшчаюць у карцар, а аднойчы падчас этапу прымусілі ісці без мыліц.
Нядаўна Гундар напісаў, што ў яго забралі ўсе лісты.
Яну Пінчук пакінулі пад вартай да 30 ліпеня
29 красавіка Васілевостраўскі раённы суд Санкт-Пецярбурга пакінуў Яну Пінчук у СІЗА да 30 ліпеня. На паседжанне не пусцілі журналістаў і слухачоў. На працягу трохмесячнага знаходжання пад вартай падазроная жыхарка Віцебска можа быць экстрадаваная расейскімі ўладамі ў Беларусь.
22 снежня 2021 года ПЦ «Мемарыял» прызнаў Пінчук палітвязнем. Яе у Беларусі абвінавачваюць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса за адміністраванне тэлеграм-чата "Віцебск 97%", прызнанага ўладамі экстрэмісцкім.
Працягваецца ліквідацыя грамадскага сектара Гародні
Яшчэ дзве грамадскія арганізацыі ў Гародні збіраюцца ліквідаваць праз суд: Гарадзенскі абласны спартыўны клуб па вольнай барацьбе "Мядзведзь" і сацыяльна-інфармацыйнае грамадскае аб'яднанне "Устойлівае развіццё вёскі".
Клуб "Мядзведзь" быў створаны ў 2002 годзе.
Прысуд палітзняволенай Сафіі Сапега абвесцяць 6 траўня
Гродзенскі абласны суд з 28 сакавіка ў закрытым рэжыме разглядае крымінальную справы грамадзянкі Расіі і палітзняволенай Сафіі Сапега, якую абвінавачваюць адразу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Нагадаем, Сафію затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам — самалёт авіякампаніі Ryanair, у якім яны ляцелі, прымусілі зрабіць пасадку ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».
Палітзняволенай Ксеніі Сырамалот у калоніі забаранілі наведваць тэатр і спортзалу
Сястра палітзняволенай Ксеніі Сырамалот у Instagram паведаміла, што адміністрацыя гомельскай калоніі пазбавіла дзяўчыну і яшчэ некалькіх палітзняволеных наведвання тэатра і спортзалы. Прычыны ім не паведамілі.
Нагадаем, Ксенія Сырамалот — студэнтка БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночання беларускіх студэнтаў», валанцёрка Праваабарончага цэнтру «Вясна», а таксама фігурантка вядомай «справы студэнтаў». 16 ліпеня суд прысудзіў (https://spring96.org/be/news/104326) ёй 2,5 гады калоніі. З кастрычніка адбывае свой тэрмін у гомельскай калоніі №4.
Падтрымайце Ксенію: ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Сырамалот Ксеніі Аляксандраўне.
ГУБАЗ затрымаў студэнтку, якая абражала адміністратараў праўладных тэлеграм-каналаў
Дзяўчына падзарабляла ў IT-кампаніі і дамаўлялася аб рэкламе ў тэлеграме. Па версіі сілавікоў, яна ігнаравала перапіску з "адміністратарамі каналаў, якія прытрымліваюцца дзяржаўнага пункту гледжання", пакідаючы ім "толькі патокі абраз", паведамляе Медыязона.
Сама дзяўчына ў "пакаяльным" відэа распавяла, што "звярталася з рэкламай у экстрэмісцкія каналы "Рэальная Беларусь" і "Deutsche Welle".
Інфармацыя дапаўняецца.