viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2022

2022 2022-05-04T13:49:47+0300 2022-05-12T17:23:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka_krasavik_2022.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • працяг вайны ва Украіне і яе наступствы кардынальна змянілі актуальны парадак дня ў Еўропе і ў свеце;
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна» рашуча асуджае дзеянні беларускіх і расійскіх улад, што падрываюць асновы мірнага суіснавання народаў, парушаюць Канстытуцыю і законы Беларусі, а таксама палажэнні падпісаных міжнародных дамоў;
  • безадказныя дзеянні кіраўніцтва Беларусі, якія супярэчаць інтарэсам дзяржавы і грамадства, паставілі краіну ў адзін шэраг з агрэсарам; такая палітыка ўлад па-ранейшаму выклікае непрыманне і супраціў з боку грамадзян, якія прытрымліваюцца дэмакратычных каштоўнасцяў;
  • улады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў, у тым ліку за антываенныя выступы; працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватных жыллі і тэрыторыях, а таксама за распаўсюд інфармацыі; за красавік ПЦ «Вясна» вядома пра 55 штрафаў і 95 адміністрацыйных арыштаў, прызначаных судамі па справах пратэстоўцаў;
  • у месцах няволі паводле прысудах судоў на канец красавіка знаходзіліся 1 166 палітвязняў, іх колькасць працягвае няўхільна павялічвацца;
  • у следчым ізалятары згодна з адвольнымі абвінавачваннямі працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, а таксама каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, у дачыненні да якіх распачаты разгляд справы ў судзе; сябар ПЦ «Вясна», кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, асуджаны да трох гадоў зняволення, і валанцёрка «Вясны» Таццяна Ласіца, асуджаная да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення, знаходзяцца ў папраўчых калоніях;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі згодна з палітычнымі матывамі, затрыманых і асуджаных да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў зняволення нечалавечыя ўмовы ўтрымання для гэтай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ «Вясна» як катаванні;
  • катаванні і забароненыя віды абыходжання па-ранейшаму ўжываюцца падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Як і ў папярэднія месяцы, улады працягваюць рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і выступаў пазнейшых перыядаў, супраць іншадумцаў і крытыкаў улады. Крымінальны пераслед захоўвае масавы і паўсюдны характар, закранаючы ўсё новых людзей і новыя сацыяльныя групы. Суды і суддзі актыўна ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, з'яўляюцца складальнай часткай працэсу задушэння якой б там ні было палітычнай ці грамадскай актыўнасці і іншадумства, фармуючы бачнасць законнасці падчас пазбаўлення і абмежавання волі і грамадзянскіх правоў.

Колькасць палітвязняў за месяц павялічылася на 56 чалавек і па стане на канец красавіка склала 1166 чалавек, працягваючы няўхільна павялічвацца. 

У СІЗА працягваюць утрымлівацца паводле надуманых абвінавачванняў старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

Крымінальную справу каардынатаркі Валанцёрскай службы «Вясны» Марыі (Марфы) Рабковай, валанцёра «Вясны» Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў-актывістаў анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянкі, Паўла Шпетнага, Мікіты Дранца, Андрэя Марача, Данііла Чуля пачалі разглядаць у Мінскім гарадскім судзе. Старшынюе на судзе суддзя Сяргей Хрыпач. Нягледзячы на пярэчанні абвінавачаных, суд задаволіў хадайніцтва пракурора Андрэя Бугука аб правядзенні судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме, таму што «матэрыялы крымінальнай справы змяшчаюць матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці». Гэта істотна парушае працэсуальныя правы ўсіх абвінавачаных і ўжо сведчыць аб парушэнні стандартаў справядлівага суда.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесны праект Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), атрымала новую інфармацыю пра стан палітзняволенай Марфы Рабковай і просіць тэрмінова ўмяшацца. Абсерваторыя выяўляе крайнюю занепакоенасць пагаршэннем стану здароўя Марфы Рабковай у турме і заклікае ўлады Беларусі неадкладна даць ёй доступ да адэкватнага і комплекснага медыцынскага лячэння, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць яе, паколькі ўтрыманне праваабаронцы пад вартай з'яўляецца адвольным і толькі ставіць ейнае жыццё ў небяспеку.

Асуджаныя да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка (да трох гадоў) і валанцёрка Таццяна Ласіца (да двух з паловай) знаходзяцца ў калоніі.

Усіх зняволеных праваабаронцаў наўмысна адвольна абмяжоўваюць у ліставанні, а да Леаніда Судаленкі не можа трапіць адвакат.

Палітвязням працягваюць тэрмін пазбаўлення волі.

Так, супраць палітзняволенага былога дэсантніка з Салігорска Руслана Акосткі, якога асудзілі на тры гады калоніі за супраціў міліцыянтам падчас затрымання на акцыі ў памяць Рамана Бандарэнкі, у папраўчай калоніі № 3 распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд над ім адбыўся 18 сакавіка на тэрыторыі калоніі. Пра працэс не ведалі нават сваякі палітвязня — тры месяцы ад яго наогул не было вестак. У выніку, суддзя Віцебскага раённага суда Міхаіл Зубеня асудзіў яго да года калоніі.

У гомельскай жаночай калоніі 7 красавіка вынеслі прысуд паводле ч. 2 арт. 411 КК палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк. Справу на выязным, фактычна закрытым пасяджэнні на тэрыторыі калоніі разглядаў суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Крупадзёраў, які прызначыў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у папраўчай калоніі. Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная паводле гэтага артыкулу.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў. У судах дагэтуль выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў 2020 года.

Так, у судзе Ленінскага раёна Мінска 30 сакавіка асуджаныя муж і жонка Дар’я и Аляксей Арбузавы за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Суддзя Анастасія Ачалава вынесла прысуд паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і асудзіла палітвязня А. Арбузава да 1 года і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за ўдзел у двух Маршах, а Д. Арбузаву — да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ за ўдзел у адным Маршы.

5 красавіка ў судзе Савецкага раёна Гомеля вынесены прысуд 28-гадоваму палітвязню Дзянісу Гапоненку. Суддзя Аліна Кошкіна прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Згодна з абвінавачваннем, 12 жніўня 2020 года ў адкрытым чаце «Гомель: нас 97%» (цяпер прызнаны экстрэмісцкім) Гапоненка заклікаў людзей выходзіць на вуліцу, каб выказаць свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў мірным спосабам, а таксама да блакавання дарог і страйку. У прыватнасці, ён прапанаваў з раніцы 13 жніўня 2020 выйсці на блакіроўку дарог, каб у далейшым ажыццявіць страйк.

У судзе Ленінскага раёна Мінска 5 красавіка да 2,5 гадоў зняволення асудзілі фемблогерку Дар'ю Ціханаву (Афанасьеву). Суддзя Анастасія Ачалава прызнала яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у паслявыбарных акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Мінску. Доказамі па справе былі ейныя фотаздымкі на Маршах.

У судзе Маладзечанскага раёна 12 красавіка быў абвешчаны прысуд чатыром юнакам за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года. Палітычных зняволеных Антона Драздовіча, Аляксандра Новаша, а таксама Вольгу Чарняк і Руслана Шапунова абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за тое, што яны стаялі ў «счэпцы» з бел-чырвона-белым сцягам. Трох хлопцаў асудзілі да 1 года і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а дзяўчыну — да аднаго года зняволення. Усе чацвёра ўтрымліваліся да суда пад вартай. Справу разглядала суддзя Вольга Дубовік.

25 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе да 11 гадоў калоніі асудзілі 24-гадовага палітвязня Аляксея Кудасава. Яго абвінавацілі адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Прысуд вынесла суддзя Анастасія Папко. Палітвязень знаходзіцца за кратамі дзевяць месяцаў. У чым канкрэтна абвінавачваўся Кудасаў — невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома, што ў віну Кудасаву ставілі стварэнне і адміністраванне Telegram-канала «Каскад» (па назве жылога комплексу ў Мінску), які 28 снежня 2021 года быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем», а таксама за распальванне сацыяльнай варожасці, абразу прадстаўнікоў улады і за арганізацыю масавых беспарадкаў менавіта ў Telegram-канале «Каскад»: «Арганізаваў і выканаў падпал пакрышак у кастрычніку 2020 года на вуліцы Кальварыйскай у Мінску».

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць «адпрацоўку» гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэснай сімволікі, затрымліваюць людзей на працы; праводзяць вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлад. У судах праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, рэпосты і каментары ў сацсетках, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

ПЦ «Вясна» на сталай аснове збірае звесткі пра адміністрацыйны пераслед за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў удзельнікаў мірных акцый пратэсту, у тым ліку антываенных, а таксама пра адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях, за распаўсюд інфармацыі. «Вясна» распавядала, якімі метадамі беларусы выяўляюць свой пратэст супраць вайны і як за гэта іх пераследваюць улады. Згодна са звесткамі ПЦ «Вясна», на працягу красавіка за пратэсную актыўнасць накладзена не менш за 55 штрафаў і прызначана не менш як 95 адміністрацыйных арыштаў [12 траўня прадстаўленыя ўдакладненыя лічбы па выніках разглядаў адміністрацыйных спраў]. Гэта не поўныя звесткі пра колькасць палітычна матываваных адміністрацыйных спраў: у шматлікіх выпадках суддзі таемна праводзяць пасяджэнні ў фактычна закрытым рэжыме з дапамогай відэаканферэнцыі без абвяшчэння даты і месца слухання, што груба парушае працэсуальныя і канстытуцыйныя правы асоб, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а назіральнікі за выкананнем стандартаў справядлівага правасуддзя пераследуюцца за сваю правамерную дзейнасць.

1 красавіка быў затрыманы загадчык Навабеліцкай падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі Сяргей Савіч. На думку знаёмых, нагодай зрабілася паведамленне «добразычлівага калегі» ў сілавыя структуры пра раздрукоўку «Не вайне» ў асабістым аўтамабілі Савіча і негатыўнае стаўленне да прыпаркаваных на стаянцы для медыцынскага транспарту аўтамабіляў расійскіх вайскоўцаў, якія ён прасіў пераставіць і не замінаць працы машын хуткай дапамогі. Нядаўна калектыў падстанцыі арганізоўваў збор сродкаў для патрэбаў параненых вайскоўцаў РФ, але Савіч не падтрымаў гэтую ініцыятыву.

Наваполацкую актывістку Вольгу Брыцікаву затрымалі яшчэ 27 лютага падчас галасавання на рэферэндуме на выбарчым участку. Яе арыштавалі на 15 сутак за тое, што жанчына сфатаграфавала бюлетэнь. Праз некалькі дзён над Вольгай адбыўся ўжо другі суд. Ёй прызначылі яшчэ 15 сутак за адзенне з надпісам «Не вайне». 10 сакавіка стала вядома, што Вольгу зноў асудзілі. Паводле наяўнай інфармацыі, чарговыя 15 сутак яна атрымала за аркушы паперы з надпісам «Не вайне» на вокнах. 28 красавіка яе асудзілі пяты раз, у цяперашні час яна знаходзіцца ў ізалятары часавага ўтрымання г. Ушачы, дзе агулам правядзе не меней за 75 сутак.

Артыкул 19.11 КаАП, згодна з якім караецца распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, увесь час выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі дзеля рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Як правіла, караецца рэпост розных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару з рэсурсаў, чыя інфармацыйная прадукцыя прызнаная экстрэмісцкай.

За месяц суды вынеслі 33 рашэнні, якія папоўнілі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэннем суда прызнаны экстрэмісцкай прадукцыяй папулярны YouTube-канал з назвай «жизнь-малина», Telegram-канал і чат з той жа назвай, а таксама ягоны лагатып. Таксама экстрэмісцкімі прызнаны шэраг рэгіянальных Telegram-каналаў сацыяльна-палітычнага зместу, у тым ліку інфармацыйная прадукцыя, якая публікуецца ў сеткавым выданні Media-Polesye.by.

Праваабаронцы «Вясны» працягваюць маніторынг судовых крымінальных спраў, звязаных з нецярпімасцю беларускіх улад да любых формаў выказвання меркаванняў. Не спыняецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за паклёп на А. Лукашэнку і абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 367, 368, 369, 370, 391 КК РБ). На ўсёй тэрыторыі Беларусі праходзяць судовыя пасяджэнні паводле такіх абвінавачванняў.

У судзе Салігорскага раёна 28 сакавіка да аднаго года зняволення асудзілі 46-гадовага рэжысёра Дзмітрыя Панцялейку. Яго абвінавацілі згодна з арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў) за тое, што ён размясіў у сацсетцы «ВКонтакте» выяву свастыкі на фоне беларускага дзяржаўнага сцяга. Справу разглядала суддзя Алеся Серадзенка. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя як здзек з дзяржаўных сімвалаў. Паводле прысуду Дзм. Панцялейка пакараны годам зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі.

Суд Быхаўскага раёна 1 красавіка разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да мясцовага жыхара Аляксандра Аўдзеюка. Яго абвінавацілі адразу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: паклёп у дачыненні да А. Лукашэнкі (ч. 1 арт. 367) і абраза А. Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368). Справу разгледзеў суддзя Аляксандр Марозаў. Да суда Аляксандр Аўдзяюк утрымліваўся ў СІЗА Магілёва. Паводле матэрыялаў справы, Аўдзяюк не пазней за жнівень 2021 года паставіў «клас» пад допісам у пабліку ў «Аднакласніках» «Мая краіна — вольная еўрапейская Беларусь». У публікацыі змяшчаўся фотаздымак Лукашэнкі і абразлівы надпіс, злучаны з абвінавачваннем у фашызме. Варта падкрэсліць: сам абвінавачаны нічога не размяшчаў — а толькі паставіў рэакцыю на публікацыю. Аднак судова-лінгвістычная экспертыза паказала на «негатыўную ацэнку Лукашэнкі», а дзяржабвінаваўца нават заявіў пра праяву «сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады». Больш за тое, ён падкрэсліў, што Аўдзяюк паставіў «клас» з помсты, піша mspring.media.

4 красавіка ў Брэсцкім абласным судзе вынесены прысуд палітвязню Дзянісу Карабану, затрыманаму за каментар у інтэрнэце пасля гібелі Андрэя Зэльцэра. Мужчыну асудзілі на 2,5 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Прысуд вынесла суддзя Кацярына Груда. Палітвязню ставілі ў віну тое, што 28 верасня 2021 года ў групе «ВКонтакте» «Плохие новости БЕЛАРУСЬ» ён пакінуў кароткі ўхваляльны каментар пад навіной пра перастрэлку і гібель супрацоўніка КДБ.

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 красавіка асудзілі 30-гадовага Паўла Пернікава. Яго абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса) шляхам правак у артыкулы на «Вікіпедыі» пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавой і Генадзя Шутава, а таксама за артыкул на сайце нямецкай праваабарончай арганізацыі пра катаванні і забойствы беларусаў падчас пратэстаў. Павел на судзе віну не прызнаў. Суддзя Яўген Брэган прызначыў яму пакаранне у выглядзе двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

1 красавіка суд Лунінца і Лунінецкага раёна ў будынку мясцовага РАУС разгледзеў справу 33-гадовага Юрыя Церашкевіча. Суддзя Святлана Братанава прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Згодна з абвінавачваннем, супрацоўнікі ДАІ затрымалі Церашкевіча ўвечары 9 студзеня 2022 года на аўтамабільнай дарозе. У машыне супрацоўнікаў, у лякарні і па дарозе ў РАУС ён абражаў Лукашэнку, выказваючыся нецэнзурна.

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 14 красавіка вынесены прысуд паводле крымінальнай справы Андрэя Сцепаненкі, які абвінавачваўся ў абразе А. Лукашэнкі. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк. А. Сцепаненку абвінавацілі ў тым, што, маючы намер на публічную абразу А. Лукашэнкі 11 жніўня 2020 года ў Telegram-чаце «Лицей 2002-2004 П/Т», наўмысна ў непрыстойнай форме размясціў выказванне ў дачыненні да прэзідэнта: «У гэтым ёсць нейкае лагічнае зярнятка. Але я не хачу ў Польшчу. Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі. У Беларусі, у якой закон вышэйшы, важнейшы за нейкага там вусатага...». Пакаранне паводле прысуду — зняволенне ў папраўчай калоніі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў.

Свабода асацыяцый

19 красавіка на працягу ўсяго дня праходзіла атака ўлад на прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі. Раніцай у Мінску адбыўся ператрус у Свабодным прафсаюзе металістаў. Прайшлі ператрусы дома ў старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука і ягонага намесніка Сяргея Антусевіча. Таксама быў пяратрус у кватэры супрацоўніцы офіса БКДП, пасля чаго яе павезлі на допыт. Ператрусы адбываліся і ў старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалая Шараха ў Полацку. Затрыманы прадстаўнікі РЭПа.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай аб спыненні пераследу беларускіх незалежных прафсаюзаў

Раней КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем «Беларускі незалежны прафсаюз РЭП», таму што «група грамадзян з ліку кансультанта, в. а. старшыні, сябраў прафсаюзу, а таксама іншых асобаў Беларускага незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць». Назва «экстрэмісцкага фармавання» практычна ідэнтычна назве наяўнага, зарэгістраванага ўладамі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, у апісанні сімволікі фармавання пазнаецца сімволіка прафсаюзу.

Акрамя паказанага, экстрэмісцкім прызнанае яшчэ «фармаванне» «Беларусь галаўнога мозгу», «Беларускі фонд спартовай салідарнасці», «Флагшток».

Актыўна запрацавалі рэпрэсіўныя «антыэкстрэмісцкія» змены ў крымінальнае заканадаўства, прынятыя ўлетку 2021 года.

У прыватнасці, стала вядома пра затрыманне 38-гадовага жыхара Бабруйска Максіма Беляновіча, пра якога праўладныя Telegram-каналы паведамляюць, што яму інкрымінуецца арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) за ўдзел у плане «Перамога».

За перадачу аднаго фота расійскай вайсковай тэхнікі «Беларускаму Гаюну» ў Гомельскай вобласці затрыманы IT-спецыяліст Андрэй Уткін. На праўладных Telegram-каналах паведамляецца, што мужчына сфатаграфаваў калону расійскай вайсковай тэхнікі і адправіў здымак каналу «Беларускі Гаюн», які 16 сакавіка быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Уткін абвінавачваецца паводле арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне 31-гадовага творчага работніка, які «накіроўваў антываенным каналам фотаздымкі і відэафайлы пра рух транспартных сродкаў ваеннага прызначэння». Згодна з інфармацыяй «Вясны», digital-мастак Віктар Кулінка быў затрыманы 30 сакавіка. На праўладных Telegram-каналах з'явілася відэа, дзе ён распавядае, што сфатаграфаваў калону ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў, што накіроўвалася ў бок Гомеля. Паводле яго слоў, здымак ён перадаў у Telegram-канал «Беларускі Гаюн». Віктару інкрымінуецца арт. 361-4 і арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) за рэгістрацыю ў плане «Перамога», якую сілавікі знайшлі ў тэлефоне.

У Следчым камітэце паведамілі, што абвінавачванне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці выстаўленае 28-летняй маці непаўнагадовага дзіцяці з Мазыра. Паводле версіі абвінавачвання, яна «зняла відэа з перасоўваннем верталётаў для ангажаванага дэструктыўнага рэсурсу». У гэты момант жанчына знаходзіцца ў следчым ізалятары Гомеля. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пад апісанне падыходзіць Ганна Пышнік (Чымпаеш). Яе затрымалі за адпраўку відэа ў канал Nexta.

49-гадовую былую настаўніцу з Хойнікаў Ірыну Абдукерыну затрымалі зранку 5 красавіка на лецішчы. Падставай для гэтага стала нібы тое, што жанчына запісала на відэа перасоўванне калоны расійскай ваеннай тэхнікі і пераслала яго ў Telegram-канал «Беларускі Гаюн». Пра гэта гавораць у роліку на праўладным прапагандысцкім канале з яе ўдзелам. Прычым у гэтым жа відэа было паказана, што Ірыну звольнілі з навучальнай установы ў 2020 годзе, хоць яна сышла адтуль з уласнага жадання яшчэ ў 2016-м. 10 красавіка жанчыне выставілі абвінавачванне адразу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У цяперашні час Ірына знаходзіцца ў гомельскім СІЗА.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа 1 красавіка затрымалі 43-гадовага жыхара Гомеля Алега Барадзіна. Меркавана, пра яго цяпер паведамляе СК. Прычына — мужчына зняў на вакзале абласнога цэнтра відэа з ваеннай тэхнікай і адправіў «экстрэмісцкаму Telegram-каналу». «Прызнавальнае» відэа з'явілася з ім на праўладных Telegram-каналах. «Зрабіў відэа на вакзале Гомеля з вайскоўцамі Расійскай Федэрацыі і скінуў гэтае відэа ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозгу», — кажа на роліку мужчына. Барадзін утрымліваецца ў гомельскім СІЗА.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі выступілі з адпаведнай заявай і запатрабавалі вызвалення згаданых грамадзян.

22 красавіка ў Мінскім абласным судзе вынесены прысуд палітзняволеным анархістам Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю і Арцёму Сяргеевічу Салаўю. Суддзя Алена Міснік прызнала іх вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і ч. 3 арт. 361-1 і прызначыла пакаранне: А. Бялову, Я. Рубашку, А. Д. Салаўю — па пяць гадоў пазбаўлення волі, А. С. Салаўю — 4,5 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Справу разглядалі ў закрытым пасяджэнні; вядома, што абвінавачванне паводле арт. 361-1 было выстаўленае ў сувязі з дзейнасцю экстрэмісцкага фармавання «Прамень», якое насамрэч не існуе і названае відавочна паводле імені анархісцкага медыя-рэсурсу.

Пераслед журналістаў і СМІ

Свабода слова ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца ў самых розных формах. У прыватнасці, СМІ пазбаўляюцца рэгістрацыі і акрэдытацыі, а іх журналісты зазнаюць крымінальны пераслед за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. 24 прадстаўнікі СМІ пазбаўленыя волі.

20 красавіка была затрыманая галоўная рэдактарка выдання «Новы Час» Аксана Колб. Група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала ў кватэру, дзе яна жыве. Яны паведамілі, што забіраюць рэдактарку «Новага Часу» на допыт у СК. 22 красавіка стала вядома, што ёй выстаўленае абвінавачванне згодна з ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Смяротнае пакаранне

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаннях прыняла змены ў Крымінальны кодэкс, занесеныя дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Марынай Лянчэўскай. Праект закона падрыхтаваны «ў мэтах аказання стрымальнага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы дзяржавы з тэрарыстычнай дзейнасцю. Законапраектам прапануецца занясенне змен у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць ужывання выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму», — паведаміла прэс-служба Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Праектам закона прапануецца ўнясенне зменаў у ч. 1 арт. 59 і ч. 2 арт. 67 КК, якія вызначаюць магчымасць ужывання выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму.

Раней смяротнае пакаранне магло быць прызначана толькі за скончанае злачынства, якое пацягнула гібель чалавека.

Пашырэнне магчымых сфер прымянення смяротнага пакарання — крок назад у руху да адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.

Катаванні. Жорсткае, нечалавечае, зневажальнае абыходжанне

Былога следчага, які звольніўся пасля выбараў у знак пратэсту, Мікіту Старажэнку затрымалі сёлета 1 лютага ў гандлёвым цэнтры ў Мінску. Трэці месяц ён утрымліваецца ў СІЗА-1 паводле абвінавачвання ў «распальванні сацыяльнай варожасці» за тое, што «зліў» дадзеныя супрацоўнікаў ГУБАЗіКа ў «пратэсны Telegram-канал». Сукамернік Мікіты, які ўтрымоўваўся з ім у карцары ІЧУ на Акрэсціна, распавёў «Вясне» пра тое, што даставілі былога следчага туды моцна збітым.

Палітзняволенага IT-спецыяліста і стрыт-арт мастака (вядомага як Дзіма Dream) Дзмітрыя Падрэза паўтара месяца таму асудзілі ў закрытым рэжыме да сямі гадоў зняволення. За перадачу звестак сілавікоў Telegram-каналу «Чорная кніга Беларусі» яго абвінавацілі адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Дзмітрыя затрымалі 15 ліпеня мінулага года — тады сілавікі на вяроўках праз акно ўварваліся ў кватэру IT-спецыяліста. Праваабаронцам «Вясны» ад ягонага былога сукамерніка стала вядома аб збіцці і здзеках з палітвязня з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа падчас затрымання.

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоў утрымання для арыштаваных паводле палітычна матываваным спраў, якія ў выніку мяжуюць з катавальнымі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і нечалавечымі.

Па-ранейшаму не расследаваныя шырока вядомымі жудасныя выпадкі катаванняў, пра якія раней заяўлялі палітзняволеныя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства