viasna on patreon

Затрыманне блогера і новыя "экстрэмісты": хроніка пераследу 7 траўня Дапоўнена

2022 2022-05-07T10:50:00+0300 2022-05-07T13:09:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/charankova-kryscina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пачаўся наступ на незалежны прафсаюзны рух, вядома пра затрыманне двух дзесяткаў актывістаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 6 траўня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Менску сілавікі затрымалі вядомага твітэр-блогера kazzz_by

Пра затрыманне 6 траўня паведаміла "Еўрарадыё". Падрабязнасці затрымання невядомыя.

Па словах сяброў блогера, яго арыштавалі на сем сутак па адміністрацыйнай справе. Па якім артыкуле асудзілі блогера, невядома.

Твітэр-акаўнт kazzz_by вядомы дзякуючы Відэа з гумарыстычнымі каментарамі блогера, цяпер ён налічвае больш за 1 600 падпісчыкаў.

У праўладным тэлеграм-канале "Жоўтыя слівы" апублікавалі пост, у якім гаворыцца, што ўладальнік акаўнта kazzz_by быў затрыманы «ў рамках дэнацыфікацыі».


Інстаграм "экстрэмісткі" Крысціны Чаранковай прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі"

Старонка мазырскай палітзняволенай Крысціны Чаранковай у Іnstagramm прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі». Ініцыяваў працэс у судзе ГУБАЗ.

“Нічога добрага не чакаю”, - паведаміла Крысціна на волю.

Крысціну Чаранкову затрымалі 22 сакавіка 2022 і прад’явілі абвінавачанне ў распальванні варожасці ці варажнечы (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

Вядома, што ў Гомельскім СІЗА №3 Крысіціну паставілі на ўлік як "схільную да экстрэмізму".


У Берасці адразу некалькі тэлеграм-каналаў і чатаў прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі"

У Ленінскім судзе Берасця па запыце пракуратуры суддзя Алена Кавальчук вырашыла пытанне аб прызнанні "экстрэмісцкімі матэрыяламі":

суполкі ва "ВКонтакте" з назвай "ЧП Беларусь", тэлеграм-канала "Беларускія анархісты ў Варшаве", тэлеграм-чата "Паўднёвы Брэст-суседзі".

Такім чынам, па інфармацыі брэсцкай "Вясны", ужо мінімум 23 рэсурсы ў Інтэрнэце суддзя Кавальчук прызнала "экстрэмісцкімі матэрыяламі".


Затрыманы беларускамоўны музыка Андрэй Задзяркоўскі

Праваабаронцы паведамлялі, што ў Мінскім раёне 5 траўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі 38-гадовага Андрэя Задзяркоўскага. Вядома, што мужчыну даставілі ў ІЧУ Мінскага раёна на вуліцы Скарыны. Верагодна, складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. У чым абвінавачваюць Андрэя - пакуль невядома. Суд павінен быў прайсці 6 траўня.

Андрэй Задзяркоўскі закончыў гістарычны факультэт БДУ, у вольны час піша электронную музыку, заўсёды размаўляе на беларускай мове.


Палітвязня Аляксандра Ігнатовіча 28 красавіка этапавалі ў папраўчую калонію ў Оршу

Аляксандр Ігнатовіч — жыхар Мінска, які, адбываючы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ("хімія"), у адным з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкім, пад здымкам пракурора і супрацоўніка міліцыі з Мінска пакінуў абразлівыя каментары, якія суправаджаліся нецэнзурнымі выразамі.  Па гэтым эпізодзе была распачатая крымінальная справа па арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады).

Мужчыну судзілі ў Магілёве — у горадзе, дзе ён адбывае папярэднюю "хімію". У выніку Ігнатавічу трэба адбыць яшчэ 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі, хоць да выйсця з магілёўскай "хіміі" яму заставалася каля двух месяцаў.


Барысаўскі актывіст БСДП Ігар Леднік не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Як паведамлялася раней, на Ігара заведзена крымінальная справа па ч.2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

У Ігара Ледніка ёсць адвакат. Таксама з'явілася інфармацыя, што яго хутка могуць перавесці ў Жодзіна і суд над ім можа адбыцца праз два месяцы.

Ігару Ледніку пагражае да 5 год пазбаўлення волі.

Нагадаем, што напярэдадні адміністрацыйнага арышту ў сацыял-дэмакрата адбыўся вобшук. Была канфіскавана зарэгістраваная партыйная сімволіка, некалькі асобнікаў аналітычнага часопіса БСДП "Пазіцыя", а таксама некалькі кніг.

Ігару Ледніку 60 год. Ёсць праблемы з сэрцам. Мае другую групу інваліднасці

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства