viasna on patreon

Псіхалагічная дапамога: Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў

2022 2022-05-10T13:14:47+0300 2022-05-10T13:24:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/psiholog_pomosch10.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.


Сённяшнія рэпрэсіі часта пакідаюць беларусаў сам-насам з сабой і, на першы погляд, невырашальнымі сітуацыямі. Так адбываецца, калі палітвязняў саджаюць у карцар, штрафны ізалятар (ШІЗА) ці памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Так адбываецца, і калі людзі вымушаны экстрана ўцякаць у іншую краіну, часам хаваючыся ад пераследу ў месцах без сувязі, часам стоячы на мяжы гадзінамі. Так адбываецца, і калі пасля эміграцыі беларусы вымушаны адаптоўвацца ў новай краіне і адчуваць сябе ў ёй адзінокімі і кінутымі.

У такія моманты чалавек можа дапамагчы сабе толькі сам — пра тое, як гэта зрабіць, нам распавяла Алеся Альховік, псіхолаг Цэнтра траўматэрапіі «Фарпост Хэлп».

Што рабіць у поўнай ізаляцыі?

Былы палітвязень Дзмітрый Фурманаў распавядаў пра час, які ён правёў у ШІЗА, так:

«У такія моманты чалавеку прыходзяць у галаву думкі, што трэба рабіць нейкія экстрэмальныя рэчы. Магчыма, некаторыя могуць прыдумаць нанесці шкоду сабе — я думаю, любому чалавеку прыходзяць такія думкі. Таму што думкі там, як ні дзіўна, сканчаюцца. Ты ўсё жыццё сваё асэнсоўваеш, успамінаеш, што пражыў, робіш планы на будучыню. Гэта ўсё робіцца па некалькі разоў, і ў пэўны момант ты не ведаеш, пра што думаць. Менавіта ў гэты момант чалавек з'язджае з глузду. Але, каб адцягнуць ад гэтага сваю ўвагу, трэба проста займацца чымсьці, і гэта мяне выратавала».

Уначы ён прысядаў, каб сагрэцца, накіроўваў сваю ўвагу на кармленне павука мошкамі і назіранне за ягоным жыццём.

«Вельмі добрае пытанне — як не звар'яцець, — адзначае Алеся Альховік. — Каб даць адказ на яго, трэба зразумець, што чалавек з'язджае з глузду ад вар'яцкай колькасці таксічных думак: «усё знікла, адсюль няма выйсця, мяне ўсё кінулі». Такая ментальная актыўнасць можа быць вынікам псіхалагічнага ціску, гвалту, калі ў чалавека спрабуюць знішчыць годнасць і разбурыць ягоныя сацыяльныя сувязі. Таму, каб не з звар'яцець, трэба зрабіць штосьці з гэтымі думкамі: малітвай, медытацыяй, практыкай майндфулнэс. Нельга проста не думаць іх — важна менавіта пераключэнне на штосьці канструктыўнае і нетаксічнае, таму што, калі мы проста як быццам рыдлёўкай выкідаем іх з галавы, гэтае месца не застанецца пустым, і добра б кіраваць тым, чым мы яго запаўняем. Для фармавання  рэзіл’ентнасці (ад англ. resilience — аналаг стрэсаўстойлівасці), супраціўлення стрэсу, нам патрэбныя прыемныя, добрыя думкі. Можна думаць пра будучыню, строіць планы, што будзе пасля турмы. Добры спосаб — авалодваць медытатыўнымі тэхнікамі: напрыклад, праецыяваць думкі на вялікі кінаэкран, а побач уявіць пыласос, які іх забірае. Ці ўявіць, што думкі, што нападаюць на мяне, — гэта сухое лісце дрэў, якое выносіць вецер».        

У стрэсавых сітуацыях пры хваравітых нагрузках псіхіка як быццам адключаецца, каб выжыць: гэта добрая рэч для абароны ў сітуацыі вострага стрэсу, якая называецца дысацыяцыяй, але жыць у  ёй увесь час цяжка — гэта вельмі энергавыдатковы працэс. Знаходзячыся не ў кантакце з сабой, мы не прабудоўваем адаптацыйныя механізмы.

«У такой сітуацыі цела застаецца тут, а эмоцыі як быццам адрэзаны і пакладзены ў сейф, — тлумачыць Алеся. — Таму ў адносна бяспечных месцах — напрыклад, нават у ШІЗА, калі ў гэты момант там няма фізічнай небяспекі — важна ўзгадаць, што я маю цела, усвядоміць, што з ім адбываецца, дзе яму баліць. Можна сканцэнтравацца на адчуваннях у левай ступні, ікраножнай мышцы і гэтак далей. Акрамя гэтага, карысныя любыя ўзаемадзеянні з целам: прапляскаць сябе далонямі па нагах, жываце, ягадзіцах, грудной клетцы, зрабіць практыкаванне «матылёк». Можна зазямліцца: моцна-моцна патупаць нагамі па зямлі, гэтае банальнае счапленне падэшвы з зямлёй верне чалавека ў «тут і цяпер». Рэч у тым, што, калі шляхам арышту, ганення ці любых іншых формаў ціску прадзіраўлены нашы псіхалагічныя межы, важна памятаць, што ў нас застаецца скура — фізічная мяжа. А каб гэта памятаць, трэба яе ўключыць».

Яшчэ адзін спосаб выратаваць сябе — канцэнтравацца на каштоўнасцях і магчымасці рабіць выбар у тых умовах, якія застаюцца даступнымі. 

«Каштоўнасці — гэта найглыбокае жаданне нашага сэрца, — упэўненая Алеся. — Гэта тое, як бы мы хацелі пражыць сваё жыццё як чалавек. Але зусім не тое, што я хачу атрымаць ці чаго дасягнуць — гэта тое, як я хачу паводзіць сябе ці дзейнічаць на сталай аснове. І калі я жыву ў адпаведнасці са сваімі каштоўнасцямі і асновамі, у мяне ў грудзі як быццам рэзануе: мой компас наладжаны слушна і я іду, куды трэба. Гэта як палярная зорка: да яе мы ніколі не дабярэмся, але ў ейным кірунку мы жывём».

Таму, напрыклад, новая машына ці фінансавы статус не могуць зрабіцца каштоўнасцямі, у адрозненне ад адносін з людзьмі, узаемадапамогі, свабоды — асабістай ці сваёй краіны, права вырашаць. Таму для чалавека важна зразумець, што з'яўляецца для яго такім арыенцірам.

«Віктар Франкл, які прайшоў канцлагер, казаў, што выбіраць спосаб, якім чынам ставіцца да тых акалічнасцяў, у якіх мы аказаліся, — гэта адзіная свабода, якую не адабраць, — працягвае Алеся Альховік. — Калі мы апыняемся ў ізаляцыі, у нас не могуць адняць выбар, як я на гэта рэагую. І калі я разумею, што я тут, таму што адстойваў свае каштоўнасці, ішоў за сваімі ідэямі, гэта будзе дапамагаць не ўпадаць у панічны і бездапаможны стан. Важна перыядычна задаваць сабе гэта пытанне: той жа Віктар Франкл, цытуючы Ніцшэ, казаў, што можна вынесці любое “як”, калі ведаць, “навошта”. Кантакт з каштоўнасцямі — гэта апорная канструкцыя. Гэтаму ж спрыяе выбар звычайных побытавых дзеянняў. Чалавек не можа выйсці з турмы, з ШІЗА, зрынуць рэжым у краіне, але, акрамя думак, ён можа выбіраць, што яму рабіць у пэўны прамежак часу: напрыклад, пахадзіць у камеры ці пасядзець».

Тэорыю пра вывучаную бездапаможнасць даказалі эксперыментам. Вальер з сабакамі падзялілі на дзве часткі. У той зоне, дзе знаходзіліся сабакі, іх білі токам і зачынялі плот, каб яны не маглі трапіць на другую, бяспечную палову. Але нават калі плот адчынілі, сабакі ўсё адно не ішлі туды. Сутнасць эксперыменту палягае ў тым, што, калі ў нас няма сіл памяняць штосьці, у нейкі момант мы настолькі прызвычайваемся да гэтага, што не змяняем нават тады, калі гэта магчыма. Акрамя таго — даказана, што жыхары дамоў састарэлых, якім дазвалялі рабіць перастаноўку ў пакоях ці карэктаваць свой графік харчавання, аказаліся меней дэпрэсіўнымі і больш здаровымі саматычна.

«Менавіта таму ў такіх умовах важна задаваць сабе пытанне: на што я магу ўздзейнічаць?» — упэўненая Алеся.

Што рабіць, калі ізаляцыя частковая і ўнутраная?

Надзея сутыкнулася з іншай формай ізаляцыі і сітуацыяй, калі падтрымліваць сябе трэба было не ў карцары. Спачатку ёй двойчы давялося тэрмінова эміграваць з краіны, у якой яна знаходзілася: спачатку — з Беларусі, а пасля — з Украіны, дзе пачалася вайна. Цяпер, за няпоўны год, яна знаходзіцца ўжо ў трэцяй краіне і адаптуецца да новых умоваў.

«У стрэсавай сітуацыі мой арганізм сам разумее, што трэба сабрацца, — кажа яна. — У дзень пераходу мяжы я не ела і не піла каля 40 гадзін, але не адчувала голаду і смагі. Жадання пайсці ў прыбіральню я не адчувала да таго моманту, пакуль не трапіла ў адносна зразумелую сітуацыю. У стрэсавай сітуацыі я раблюся вельмі адназначнай, а калі я штосьці папрасіла зрабіць, то магу падвысіць голас, каб чалавек побач мяне пачуў.

Пры пераходзе мяжы цікава было назіраць, на што здольнае маё цела і мой арганізм пры выкідзе адрэналіну: я змагла прастаяць больш за суткі, хоць звычайна стамляюся пасля 3040 хвілінаў шпацыру. Усведамленне, што няма іншага варыянту, акрамя як стаяць і чакаць сваёй чаргі на пераход мяжы, прымусіла цела сабрацца. А калі ў натоўпе падумалі, што ў нас ляціць ракета, праз літаральна пару секунд у мяне пачалі моцна і некантралявана трэсціся ногі, хоць я працягвала стаяць на месцы. Так у майго арганізма адбыўся скід выпрацаванай энергіі для рэакцыі «бяжы». Гэтая дробная дрыготка рук і ног заставалася са мной яшчэ не менш за суткі, я нават зблытала гэта з трасцай ад холаду.

Цяпер на новым месцы ўсё прыводзіць у шаленства: новыя ўпакоўкі, новыя прадукты — усё на незнаёмай мове. Марнуеш час, каб знайсці нейкія новыя падыходзячыя сродкі, перакладаеш цэтлікі. Паўсюль я выбіраю знаёмае, таму што няма жадання разбірацца. І гэта моцна раздражняе — марнаваць так шмат часу, каб купіць умоўны шампунь. Яшчэ ў першыя часы я не зважаю на цэны. Тыдзень ці два, калі не больш, цэн для мяне не існуе — ёсць толькі пытанне забеспячэння сабе камфорту, забеспячэння сябе тымі рэчамі, што былі на папярэднім месцы.

Яшчэ я заўсёды на новым месцы шукаю якары, якія не залежаць ад майго месцазнаходжання. Менавіта так я заўжды, дзе б ні была, шукаю кропку са смачнай кавай».

Псіхолаг Алеся Альховік тлумачыць:

«У такой сітуацыі наша звыклае жыццё парушаецца, трэба адаптоўвацца да іншай краіны, мы пачуваемся адзінокімі. Падлучаецца яшчэ і віна выжылага, калі з'яўляюцца думкі накшталт «там людзі ў турме, а я пераехаў і не маю права пачувацца дрэнна». Да такой сітуацыі прыдатныя ўсе тыя спосабы, пра якія мы казалі вышэй: арыентацыя на каштоўнасці, планы на будучыню, цялесныя практыкі.

Аднак тут у нас з'яўляецца магчымасць знаходзіць сваё племя. Калі ў калоніі ці СІЗА зносіны могуць быць вымушанымі, а людзі ў камеры не заўсёды будуць адпавядаць нашым каштоўнасцям, то на волі ў сваім арэоле можна знайсці людзей, якія думаюць падобна з намі, шануюць тыя ж рэчы. Адчуванне прыналежнасці да супольнасці для нас крытычна важна. Калі я бачу, як людзей «выносіць», я падыходжу і кажу:

«Паглядзі на мяне. Я тут, каб табе дапамагчы».

І ўжо пасля гэтага робіцца лягчэй, хоць мы пакуль нічога не вырашылі».

Як перадаць гэтыя парады людзям у зняволенні?

У цяперашніх умовах данесці да палітвязняў метады, якія апісаны ў матэрыяле, можна некалькімі спосабамі: апісаць у лісце, перадаць з адвакатам ці расказаць пра іх на спатканні.

«Лепш за ўсё перадаваць гэтыя веды пры асабістым кантакце, — упэўненая Алеся Альховік. — Напрыклад, навучыць чалавека, які ідзе на спатканне, як рабіць «матылька», як правільна прапляскваць сябе, стукаць ножкамі, каб потым ён паказаў усё гэта чалавеку ў зняволенні. Калі рабіць гэта разам, гэта лепш запамінаецца: веды, не прапушчаныя праз цела, не так западаюць у памяць. Калі чалавек, які губляе надзею, не хоча нічога рабіць, прачытае пра гэтыя метады ў лісце, ён можа падумаць: «Добра, потым пагляджу», — і больш не вярнуцца да іх. А калі ўключыць яго цела, у яго з'явіцца досвед, а гэта ўжо штосьці змяняе».

Такім чынам, ёсць некалькі апор, на якіх чалавек можа трымацца самастойна, нават калі ў яго няма псіхалагічнай падтрымкі з боку: каштоўнасці, выбар паводніцкай стратэгіі, замена таксічных думак на канструктыўныя і сацыялізацыя. Галоўнае — карыстацца гэтымі дзейснымі інструментамі, якія, хоць і простыя на першы погляд, валодаюць неверагоднай сілай.

Псіхалагічная дапамога: Правілы аказання першай дапамогі людзям, якія сутыкнуліся з гвалтам і катаваннямі

За гады рэпрэсій шматлікія беларусы сутыкнуліся з псіхалагічным і фізічным гвалтам, катаваннямі і жорсткім, бесчалавечым абыходжаннем. У такіх умовах важна, каб кожны чалавек разумеў, якую дапамогу сабе і блізкаму можна аказаць у першыя часы пасля траўматычнай падзеі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства