viasna on patreon

Вынесены чарговы прысуд за каментар у бок міліцыянта, які апынуўся на зямлі падчас пікета, дзе быў затрыманы Ціханоўскі

2022 2022-05-10T15:19:30+0300 2022-05-10T17:03:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kaslouski_hrodna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 траўня ў судзе Баранавіч і Баранавіцкага раёна вынесены прысуд выхавацельке дзіцячага садка першай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлане Анціпкінай. Суддзя Юліяна Шчэрба прызнала жанчыну вінаватай паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і агучыла прысуд: 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Менавіта такое пакаранне запрасіў пракурор.

Святлану Анціпкіну прызналі вінаватай за тое, што пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага 30 траўня 2020 года яна пракаментавала допіс у сацсетцы «Аднакласнікі». На ім быў змешчаны фотаздымак старшага лейтэнанта міліцыі Ленінскага РАУС горада Гродна Уладзіміра Казлоўскі, якога прызналі пацярпелым па справе. Згодна з меркаваннем боку абвінавачання, каментар быў зняважлівым і ўтрымліваў ненарматыўную форму маўленчага выказвання. Таксама яна адрэагавала на допіс у суполцы рэакцыяй "клас" і тым самым размясціла яго на сваёй старонцы ў "Аднакласніках".

Пацярпелы Казлоўскі быў дапытаны анлайн. Ён распавёў, што 29 траўня 2020 года, калі ён «нёс службу па забеспячэнні грамадскага парадку на тэрыторыі Ленінскага раёна Гродна», у дачыненні да яго прымянілі грубую фізічную сілу.

Пацярпелы Уладзімір Казлоўскі
Пацярпелы Уладзімір Казлоўскі

Пасля гэтых падзей у сацыяльных сетках з’явілася каля 700 каментароў. На іншым судзе па гэтым жа эпізодзе старшы лейтэнант распавядаў, што абраз было больш за тысячу:

«Усё пачалося 29 траўня [2020 года], калі я заступіў на ахову грамадскага парадку на тэрыторыі Ленінскага раёна Гродна, дзе праходзіла пікетаванне па зборы подпісаў кандыдата ў прэзідэнты. Нёс службу разам з напарнікам Хваленем. Пасля ў дачыненні да мяне і да Хвалені быў ўжыты гвалт. Нас для аказання медыцынскай дапамогі даставілі ў лякарню. 30 траўня [2020 года], знаходзячыся ў лякарні, каля 10-й гадзіны на мой мабільны тэлефон у розных сетках: у "Аднакласніках", "ВКонтакте", Instagram — цягам гадзіны прыйшло больш за тысячу абразаў, пагрозаў ужывання гвалту як у дачыненні да мяне, гэтак і ў дачыненні да маіх родных і блізкіх. Пасля чаго я заблакаваў усе старонкі ва ўсіх сацсетках. Карыстальнікі самі пабачылі, што мае старонкі закрытыя, недасяжныя, таму пачалі дадаваць паведамленні на адрас маёй маці, жонкі. Пасля ад супрацоўнікаў УУБ мне стала вядома, што на старонцы ў "Аднакласніках" Вольгі Карач быў пакінуты каментар абразлівага характару ў адносінах да мяне. Усё, па гэтым факце была напісаная заява. Быў фотаздымак, наколькі я памятаю, дзе я ажыццяўляў свае службовыя абавязкі ў 2017-м ці 2018-м годзе на вуліцы Савецкай. І таксама былі па-мойму допісы і каментары іншых грамадзян, якіх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае пікетаванне.

Канкрэтна каментар абражаў мяне як супрацоўніка міліцыі, як прадстаўніка ўлады, насіў негатыўны характар і ацэнку маіх дзеянняў».  

milicioner-02-1024x736.jpg

На судзе па “справе Ціханоўскага” дапыталі ўчастковага Казлоўскага, які на пікеце 29 траўня апынуўся на зямлі

Допыт міліцыянта Казлоўскага.

Абвінавачаная Анціпкіна прызнала віну і раскаялася. Яна адзначыла, што не ўсведамляла ўсіх наступстваў, якія за сабой пацягне пакінуты каментар. Пацярпелы папрасіў прызначыць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў, 800 рублёў Анціпкіна пералічыла за дзень да суда. Таксама дзяржабвінаваўца адзначыў, што па месцы працы выхавацельніца характарызуецца "<неразборліва> за выказаную нязгоду з канстытуцыйным строем". Падчас апошняга слова Анціпкіна адзначыла, што ўжо неаднаразова выбачалася перад пацярпелым, прызнала віну і папрасіла суд не караць яе строга.

Пракурор папрасіў пакараць жанчыну двума гадамі «хатняй хіміі», адвакат папрасіла прызначыць штраф 30 базавых велічынь. Але ў той дзень суддзя Юліяна Шчэрба нечакана ўзнавіла судовае следства, таму што пракурор хадайнічаў аб выкліку ў суд пацярпелага, каб удакладніць у яго абгрунтаванне кампенсацыі маральнай шкоды. Пасля гэтага Уладзімір Казлоўскі не прыехаў у суд, але адмовіўся ад пазова, заявіўшы, што абвінавачаная ўжо кампенсавала яму панесеную шкоду. Тады дзяржабвінаваўца папрасіў пакараць Анціпкіну ўжо 1,5 гадамі абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Суддзя пагадзілася з такім тэрмінам.


Гэта не першы суд пасля падзей 29 траўня 2020 года з удзелам Уладзіміра Казлоўскага. Менавіта ён быў прызнаны пацярпелым на першым судзе за інцыдэнт на пікеце, дзе судзілі Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу. Тады ён запрасіў кампенсацыю маральнай шкоды на суму 8 000 рублеў, суд абавязаў выплаціць яму 1000 рублеў. Ён жа быў пацярпелым па справе, калі Руслана Літвіна асудзілі да трох гадоў «хатняй хііміі», тады абвінавачаны мусіў кампенсаваць 1500 рублёў маральнай шкоды. Таксама за каментар у ягоны бок да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» асудзілі 57-гадовага Андрэя Васілеўскага, а да 1,5 гадоў «хіміі» — 55-гадовага муляра Аляксандра Анташкевіча. Суд спагнаў на ягоную карысць па 1500 рублёў з кожнага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства