viasna on patreon

"Кожны дзень за кратамі для палітвязняў – гэта барацьба з дэпрэсіяй і песімізмам", – былы вязень "Валадаркі"

2022 2022-05-10T17:51:07+0300 2022-05-10T18:48:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kazlouski_vital.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 28 красавіка па "народным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў "хіміі" з накіраваннем асудзілі 48-гадовага заслаўчаніна Віталя Казлоўскага. Суддзя Анастасія Ачалава вынесла яму такі прысуд за ўдзел у нядзельным "Маршы міра і незалежнасці" 30 жніўня 2020 года. Да суда мужчына амаль тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА-1. Віталь распавёў пра сумнавядомы карцар для "палітычных" на Акрэсціна, пра настроі палітвязняў на "Валадарцы", як вязні ўспрынялі навіну пра пачатак вайны і пра тое, што яго падтрымлівала за кратамі.

Віталь Казлоўскі
Віталь Казлоўскі

Віталю Казлоўскаму 48 гадоў, ён з Заслаўя. Па адукацыі мужчына мастацтвазнаўца, але зарабляў грошы на жыццё, працуючы станочнікам. Пры гэтым, Віталь не пакідае творчых заняткаў – ён піша вершы, вучыцца спяваць і граць на гітары.

Затрымалі па скрыну з аператыўнай відэаздымкі з Маршу

Віталь быў затрыманы супрацоўнікі ГУБАЗіКа 31 студзеня гэтага году ў Заслаўі. Той раніцай ён быў дома – адпачываў у свой выходны. Трое супрацоўнікаў прыйшлі да яго, паказалі пастанову на ператрус і скрыншоты з аператыўнага відэазапісу АМАПу з нядзельнага Маршу 30 жніўня 2020 года, куды патрапіў і Віталь.

«Канешне, пачалі псіхалагічны ціск, маўляў, "ну ты папаў, калі гэта ты, дык сядзеш "ой, як надоўга". Рук не прыкладалі».

Па словах Віталя, супрацоўнікі падчас ператрусу правяралі шафу, шуфлядкі і тое, што знаходзілася перад іх вачыма:

«У першую чаргу шукалі вопратку спартовага гарнітура па скрыншотах, заплечнік і красоўкі. Ад гарнітура ў мяне засталіся толькі шэрыя штаны, якія яны і "прышылі" да справы, а таксама мае акуляры».

У выніку ператрусу супрацоўнікі ГУБАЗіКа забралі ў Казлоўскага два тэлефоны – якім ён карыстаўся і стары, ноўтбук, флэшкі з софтам для ўсталявання розных версій вінды.

«У ГУБАЗіКу два разы прыклаліся па нагах дручком, так, каб я адчуў, дзе знаходжуся» 

Пасля гэтага Віталя павезлі на сумнавядомым срэбным Volkswagen Passat у будынак ГУБАЗіКа на допыт і запіс «пакаяльнага відэа». Як распавядае заслаўчанін, адразу ён віну не прызнаваў:

«Супрацоўнікі пачалі сумнявацца ў тым, што "прынялі" патрэбнага ім чалавека, але толькі да таго моманту, пакуль не глянулі білінгі маіх мабільнікаў. Тады яны ўжо не сумняваліся, запрасілі паглядзець свайго кіраўніка, а той пачаў раўсці. Мяне павалілі на калені, моцна заціснулі кайданкі за спіной і два разы прыклаліся па нагах дручком, так, каб гематомаў не засталося, але ж і так, каб я адчуў, дзе знаходжуся».

Потым Казлоўскага павезлі ў Следчы камітэт, дзе "адкаталі" пальцы і далоні, узялі мазок сліны і адправілі ў ІЧУ на Акрэсціна. На той момант заслаўчанін адмаўляўся ад дачы паказанняў і адваката. Але пасля размоваў з іншымі затрыманымі ў карцары на Акрэсціна ён вырашыў даць паказанні і прызнаць віну.

«Пасля задушэння вулічнага пратэснага руху адчуванне працы рэпрэсіўнай машыны прытупілася» 

Жыхар Заслаўя распавядае, што псіхалагічна ён рыхтаваў сябе да затрымання, але ўсё роўна яно было нечаканым:

«Любы актывіст ад самага пачатку ўсведамляў і ўсведамляе рызыку затрымання. Пасля задушэння вулічнага пратэснага руху адчуванне працы рэпрэсіўнай машыны прытупілася. Жыццё скіравалася ў звычайным, спакойным, побытавым напрамку. З гэтай нагоды, канешне, затрыманне сталася сапраўднай нечаканкай.

Настрой быў спакойны –  гэта змірэнне з тым, што здарылася. З аднаго боку я адчуваю годнасць і павагу сябраў за тое, што зрабіў, з другога – страту і тупую трывогу. Мне 48 гадоў, і два гады "на дарозе не валяюцца", а жыццё яшчэ двойчы прыдзецца пачынаць лічы з нуля – на "хіміі" і пасля яе. Невядома, ці ўсе каштоўныя для мяне сацыяльныя сувязі ацалеюць за гэты час, не лічачы з'яўлення цэлага шэрагу звычайных жыццёвых праблем і адцягнення рэалізацыі асабістых мараў і мэтаў.

Стараюся захоўваць аптымізм. Як мовіў герой папулярнага серыяла "Мандалорац" – "такі шлях"». 

«На Акрэсціна адчуванне рэпрэсій іншае»

Віталь да дэталяў запомніў умовы ўтрымання ў ІЧУ на Акрэсціна:

«На Акрэсціна ў першую маю камеру на чацвёртым паверху вялі на карачках, з кайданкамі за спіной, заламаўшы левую руку так, што я кранаўся носам прыступкаў. Напэўна, пасля гэтага у мяне адбыўся мікрапрарыў плечавай цягліцы. У ёй пры пэўных рухах пякло і шчыпала на працягу двух наступных месяцаў.

Гэтая першая камера была транзітнай. Туды заводзілі і выводзілі самых розных людзей, сярод якіх былі і "наркоты", і "крадзяжы", і "бытавушнікі".

Вельмі часта з калідора з нейкай "засакрэчанай" камеры даносілася замежная арабская гаворка. Чулася, як атрады шчабечучых арабаў, чалавек па 15-20, то выводзілі, то прыводзілі ў тую камеру. Хутчэй за ўсё, гэта былі іранцы па міграцыйнай бучы. У маёй акрэсцінскай камеры нязменным быў толькі адзін бамжаваты, "бывалы зэчара", які пастаянна хадзіў да адваката і вяртаўся з цыгарэтамі, заныканымі ў штанах. Частаваў. Хутчэй за ўсё – "падсадная качка". І я ўсё думаў, калі ж сустрэну сваіх БЧБ-шнікаў. І гэты момант настаў на чацвёртыя суткі. Мяне спусцілі ў цокаль у адзіночны карцар».

Віталь узгадвае, што ў камеры памерам на 4,5 квадратных метры адразу ўтрымлівалася восем чалавек. У гэтай камеры – бетонная падлога, адны прышчэпленыя да сцяны нары, маленькае зачыненае закратаванае «жалюзямі» акно, адкрыты подыюм з чашай «Генуя» (прыбіральня), рукамыйнік з халоднай і гарачай вадой. Акрамя гэтага – задуха і цесната.

«Спалі як цюлені: падкладвалі пластыкавую бутлю пад галаву, а шлёпкі пад ныркі, каб не застудзіць». 

У карцары цягам шасці дзён напачатку лютага ў розныя дні Віталь Казлоўскі сустрэўся з мінімум 25 затрыманымі па палітычных матывах. Сярод іх – гітарыст Васіль Ярмоленка, былы следчы Мікіта Старажэнка.

«На Акрэсціна мае сацыяльныя сувязі з воляй былі цалкам абарваныя: ні пісьмаў, ні перадач. Толькі ты і такія, як ты, затрыманыя. Сваю першую перадачу я атрымаў на Акрэсціна падчас этапавання на дзесятыя суткі, і разгарнуць яе змог толькі ўжо на "Валадарцы".

На Акрэсціна адчуванне рэпрэсій іншае. Там, відавочна, рэгулярная праца карнага станка ў сярэднім тэмпе: чатыры чалавекі этапавалі на "Валадарку", у гэты ж дзень на іх месца ў карцар закінулі чатыры новых. І гэтак па крузе».

На дзесятыя суткі Віталь Казлоўскі быў этапаваны ў СІЗА-1 на Валадарскага. Ён патрапіў у камеру, дзе ўтрымліваўся былы дырэктар БелаПАНа Зміцер Наважылаў, які стаў яго суседам па «шконцы» (ложку):

«Гэта чалавек высокай культуры і энцыклапедычных ведаў, моцны духам і верай. Сваім прыкладам ён вельмі дапамагаў мне штодзённа трымацца. Са слоў Зміцера, падчас візіта да адваката ён у калідоры пабачыў Аляксандра Фядуту. Зміцер адмеціў вельмі дрэнны стан яго здароўя, "кепска выглядаў, шаркаў нагамі".

Калі вялі ў лазню,я мелькам пабачыў філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Выглядаў трывала».

«У мяне і Дзімы Наважылава кожны дзень пачынаўся з малебна»

Віталь Казлоўскі распавёў пра тое, што яго падтрымлівала ў зняволенні:

«У няволі мяне вельмі моцна падтрымлівала ўсведамленне, дзеля каго і чаго мы рабілі пратэсты ў 20-м годзе, і канешне людзі: сябры, паплечнікі, сукамернікі (што я не адзін рэпрэсаваны), лісты і перадачы, весткі праз адваката.

Разам з тым, падчас выпрабавання няволяй прадстала прад вачамі цэлая градацыя асобаў і характараў. Стала зразумела, што мы – БЧБ-шнікі – таксама розныя. Адны сваёй унутранай сілай і верай падавалі прыклад, другія – не вельмі прыгожа пераносілі зняволенне, былі і такія, за якіх рабілася сорамна. Таксама вельмі дапамагалі малітвы. У мяне і Дзімы Наважылава кожны дзень на «Валадарцы» пачынаўся з малебна перад абразком за родных і каханых, сябраў, беларусаў і ўкраінцаў, і напрыканцы – за палітвязняў. Я – каталік, а Дзіма праваслаўны».

«Палітвязні – наш боль кшталту Курапатаў»

Віталь Казлоўскі тлумачыць важнасць падтрымкі палітзняволеных і распавядае, як гэта адчуваецца на ўласным досведзе:

«У нашым выпадку падтрымліваць палітвязняў не толькі варта, а болей – гэта наш абавязак, акт нашага сумлення і, бадай, адно з найбольш актуальных і важных пытанняў для дэмакратычнай беларускай супольнасці. Палітвязні – наш боль кшталту Курапатаў. І калі мы іх пакінем сам на сам са сваім зняволеннем і праблемамі, тады шмат каштоўнасцяў, за якія мы рызыкавалі і пацярпелі, проста абясцэніцца, ператворацца ў папулізм.

Скажу шчыра, там, на шконцы, я адчуваў моцныя згрызоты сумлення, што дагэтуль не вельмі актыўна праяўляў сябе ў гэтым напрамку. Адчуванне, што на волі пакінулі, забылі, любога зняволенага проста забівае на вачах. І палітвязні тут не выключэнне. Акрамя гэтага, палітвязні – гэта, як правіла, вельмі актыўныя асобы з лідарскімі якасцямі, людзі высокай культуры і прафесіяналізму, і ад тых, хто на волі, у значнай ступені залежыць, каго мы сустрэнем: ці вызваленую з-за кратаў дзейсную плынь, ці страціўшых веру надламаных ахвяр свайго часу.

Цэнзура на «Валадарцы» амаль не прапускала лісты і паштоўкі ад сябраў і неабыякавых людзей – толькі ад родных. Выключэннем сталі пасхальныя віншаванні. Мае адказы таксама не даходзілі да адрасата – толькі родным. Рэчавыя і прадуктовыя перадачы прыносіліся ўсе. Я па пэўных прадуктах у складзе перадачы здагадваўся, хто ўдзельнічаў у яе збіранні.

Пасля таго, як я апынуўся на волі, я даведаўся, у якім маштабе мне аказвалася маральная і матэрыяльная падтрымка. Нізкі паклон усім, хто сёння падтрымлівае палітвязняў і іх сваякоў».

«Сёння палітвязні амаль не спадзяюцца на хуткае вызваленне і рэабілітацыю»

Асуджаны Віталь дзеліцца пра настроі палітзняволеных СІЗА-1: 

«Палітвязням зараз псіхалагічна вельмі цяжка. Кожны дзень за кратамі – гэта барацьба з дэпрэсіяй і песімізмам. У 20-м годзе можа і рызыкавалася павольна, таму што ніхто не дапускаў думкі аб адбыцці поўных тэрмінаў пакарання. Сёння палітвязні рэальна ацэньваюць абстаноўку ў краіне і амаль не спадзяюцца на хуткае вызваленне і рэабілітацыю, хоць і пакідаюць у думках надзею на ўсім вядомае і доўгачаканае цуда. Калі дадаць, што цяпер цэнзуры вельмі рэдка прапускаюць лісты ад сяброў – становішча пагаршаецца і вымагае ад чалавека ледзь не сталёвага стрыжня і абсалютнага валодання сваёй псіхікай. У камеры галоўныя ворагі – чаканне і ўласныя негатыўныя думкі. Яны здольныя выесці чалавека знутры».

На шпацыры ў дворыку «Валадаркі» ўбачыў надпіс «Пахне Чабор»

Паштоўка, якая дайшла да Віталя ў СІЗА
Паштоўка, якая дайшла да Віталя ў СІЗА

У СІЗА-1 налічваецца каля 25 дворыкаў для шпацыра зняволеных. Віталь узгадвае знакавую гісторыю з аднаго з іх:

«На Валадарцы ёсць адзін дворык, бадай, самы БЧБ-шны па колькасці насценных надпісаў, нанесеных, як правіла, кавалкам чырвонай ці памаранчавай цэглы. Калі я патрапіў туды на шпацыр у першы раз, то знайшоў там сакавіты надпіс "Пахне чабор", з якім у мяне звязана цёплая асабістая гісторыя. Гэта так мяне кранула, што вочы сталі вільготнымі. Я ўспрыняў гэты надпіс як нябесны знак, як абярэг. Потым гэты надпіс патрапляўся мне і ў камеры – на донцы алюмініевых місак. Ён нібыта суправаджаў мяне».

«Жартавалі з Наважылавам, называючы сябе пачынальнікамі беларускага зэкаўскага слэнгу»

У зняволенні Віталь знайшоў незвычайны занятак перакладаў на беларускую мову словы з турэмнага жаргону:

«Я вельмі цікавіўся словамі зэкаўскага слэнгу: шконка, шлёмка, асазнанка, прадлёнка, прадол, палажняк, дальняк, цярпіла. Найбольш яркія з іх запісваў і стараўся падабраць ім беларускамоўны аналаг, бо ў камеры размаўляў па-беларуску. Так самае распаўсюджанае ў выкарыстанні слова "абшчак" мы з Змітром Наважылавым пераклалі як "агульнік". Жартавалі потым, называючы сябе пачынальнікамі беларускага зэкаўскага слэнгу. Зняволеныя былі проста ў захапленні ад такіх беларускіх словаў як "гарбата","сківіца","пачвара" ці "часопіс"».

«Мы ўспрынялі навіну аб пачатку вайны з хваляваннем і разуменнем таго, што будзе шмат людскіх смерцяў»

Пра пачатак вайны палітвязні ў СІЗА-1 даведаліся ў першы дзень з навінаў па тэлевізары:

«У нашай камеры на "Валадарцы" быў невялікі вадка-крышталічны тэлевізар, які застаўся ад папярэдняга зняволенага, і мы маглі глядзець некалькі афіцыйных беларускіх і расейскіх каналаў. Такім чынам з выступа Пуціна 24 лютага і даведаліся аб уводзе ва Украіну расейскіх войскаў.

Усе зняволеныя ўспрынялі навіну аб пачатку вайны з хваляваннем і разуменнем таго, што будзе шмат людскіх смерцяў. Мы з Дзімай Наважылавым былі вельмі абураныя: украінцы толькі крывёй аплацілі свой выбар у 2014-м, і тутака новая больш страшэнная навала.

Зразумела, выпускі навінаў насілі прыкрую прапагандысцкую афарбоўку, якую мы сваёй логікай вучыліся адсейваць ад канкрэтнага факталагічнага матэрыялу. І тады самастойна аналізавалі падзеі, сітуацыю, расклад сілаў, будавалі прагнозы і нават дыскутавалі».

Як распавядае Віталь, да навінаў яны ставіліся крытычна, алё ўсё роўна яны выклікалі гарачыя дыскусіі ў камеры:

«Напрыклад, рубрыку, прысвечаную «расейскім героям вайны», мы глядзелі па-свойму. Адзін з іх нібыты вывеў узвод з аблогі і выратаваў параненага, другі – падчас навядзення пераправы адбіў са сваім атрадам шэраг нападаў украінцаў. «Ага. Значыць украінцы праводзяць паспяховыя контратакі, не дазваляюць ставіць пантоны, а калі сярод захопнікаў ёсць параненыя, існуюць і забітыя – украінцы не бягуць, а абараняюцца», – рабілі высновы мы.

Але ж трэба адзначыць, што зняволеныя па свайму складу разнамасныя і рознаўзроставыя, так бы мовіць,"зборная народная салянка". У паловы адзначанага кантынгенту даволі адчувальна ўкаранілася постсавецкае і нават прарасейскае псеўдапатрыятычнае ўспрыманне падзей. І, калі ад пачатку вайсковай эскалацыі пераважная колькасць зэкаў была ўпэўнена, што рускія захопяць Кіеў на працягу сямі дзён, і на мае адваротныя заявы раілі "спусціцца з нябёсаў на зямлю", то пасля ў адказ на мае словы, маўляў, два месяцы прайшло, а рускія яшчэ з Марыупаля не выбраліся, усе толькі разводзілі рукамі».

«Але ўсё роўна, сябры, напішыце»

Віншаванне, якое дайшло да Віталя ў СІЗА
Віншаванне, якое дайшло да Віталя ў СІЗА

Па словах Віталя, які ў СІЗА-1 утрымліваўся амаль тры месяцы – з пачатку лютага па канец красавіка, цяпер з дастаўкай лістоў там існуюць пэўныя праблемы. Рэгулярна ён атрымліваў лісты толькі ад родных, а ад сяброў і неабыякавых людзей – амаль не, за выключэннем вялікодных віншаванняў.

Сітуацыю з лістамі на «Валадарцы» Віталь апісвае радкамі з песні Уладзіміра Высоцкага "Мой першы тэрмін":

«Страшней быць можа толькі страшны суд,
Пісьмо мне стане ацалелай ніткай.
Яго, быць можа, мне не аддадуць,
Але ўсё роўна, сябры, напішыце».

«Я пачаў з большай каштоўнасцю ставіцца да простых у жыцці рэчаў» 

Віталь дзеліцца, што яго жыццё змянілася пасля зняволення: 

«Пасля трохмесячнай адсідкі я пачаў з куды большай каштоўнасцю і павагай ставіцца да простых і звычайных у жыцці рэчаў, якія ўспрымаюцца, як дадзенасць: прастора, прырода, свежае паветра, хада "куды вочы глядзяць", пральная машына і сталовыя прыборы, і, безумоўна,стасункі з людзьмі, якіх жадаеш чуць і бачыць, а не з тымі, ад якіх не маеш магчымасьці сысці. Сябры казалі, што пасля суда я выйшаў вельмі падцягнуты, але ж і вельмі збялелы. Турма – гэта пастаянны недахоп кіслароду. Рыба ў акварыуме.

У маіх абставінах мне цяжка загадваць на будучыню. Буду жыць і марыць, працаваць і старацца, наколькі гэта магчыма, займацца творчасцю».

Віталь працягваў пісаць вершы і за кратамі. Ён падзяліўся адной страфой з яго верша "Валошка", напісанага ім у зняволенні на "Валадарцы":

«Што ж ты, квёлы, недарэчлівы валошка,
На дарозе панурыўся блакітой?
Для каханай я б сарваў цябе далошкай,
Каб не рукі з кайданамі за спіной».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства