viasna on patreon

Новыя абвінавачанні для палітвязняў і новыя суды: хроніка пераследу 11 траўня Дапоўнена

2022 2022-05-11T09:52:00+0300 2022-05-11T15:10:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gundar-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пачаўся наступ на незалежны прафсаюзны рух, вядома пра затрыманне двух дзесяткаў актывістаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 11 траўня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Прызначаная дата суда над палітвязнем Уладзімірам Гундарам

Сваякі Уладзіміра Гундара паведамілі "Гарадзенскай праваабароне" пра пачатак судовага працэсу па другой крымінальнай справе супраць краязнаўцы. Разгляд справы пачнецца 18 траўня, аднак, будзе весціся дыстанцыйна, то бок абвінавачанага ў залю не павязуць. Ці будзе працэс адкрытым і ці дапусцяць у так званы суд людзей, пакуль невядома.

Уладзімір Гундар.

Новая крымінальны пераслед палітвязня цягнецца ў межах «справы Аўтуховіча». Раней Гундара вінавацілі ў тэрарызме, але пазней гэтае абвінавачанне знялі. Цяпер краязнаўцу з Баранавічаў вінавацяць паводле ч. 1 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) КК РБ.

Нагадаем, што першы вырак у 3 гады калоніі яму прысудзілі за нібыта «гвалт у дачыненні да службовай асобы» 20 траўня 2021 года.


Прад'яўленае абвінавачанне баранавіцкаму журналісту

Баранавіцкаму журналісту Юрыю Ганцарэвічу, затрыманаму два тыдні таму, прад’явілі абвінавачанне па арт. 361[4] Крымінальнага кодэкса «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і перавялі ў Баранавіцкае СІЗА №6. Пра гэта стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Тыдзень таму пасля затрымання журналіста праўладныя прапагандысцкія каналы распаўсюдзілі відэа допыту журналіста і паведамілі, што Ганцарэвіч затрыманы за тое, што фатаграфаваў расійскую вайсковую тэхніку і дасылаў здымкі ў незалежныя медыя «Зеркало» і «Радыё Свабода».

Паколькі раней улады прызналі вядучыя беларускія незалежныя медыя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», цяпер журналіста абвінавацілі менавіта ў садзейнічанні такому «фармаванню».

Ад учорашняга дня Юрый Ганцарэвіч пераведзены з СІЗА № 6 у Баранавічах (225413, Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258, Ганцарэвічу Юрыю Юр’евічу).


Экс-кіраўніку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» запрасілі 2,5 гады пазбаўлення волі

Стала вядома, што ўчора ў судзе Маскоўскага раёна Мінска бок дзяржабвінавачання запрасіў для палітвязня Віктара Фянчука пакаранне — два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Па словах пракурора, «такія паводзіны чалавека, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, проста недапушчальныя». Да матэрыялаў справы былі далучаныя фотаздымкі з маршаў. Таксама вядома, што ў Віктара канфіскаваны кубачак з надпісам «для чаю з малінавым варэннем».

Дзяржабвінаваўца просіць спагнаць з Фянчука 196 тысяч рублёў на карысць «Мінсктранса».


Прызначана дата суда над жыхаркай Полацка, якая абразіла прэзідэнта

19 траўня ў Полацку за абразу Лукашэнкі будуць судзіць 28-гадовую Святлану Фірсаву.

Крымінальную справу супраць жыхаркі гарадскога пасёлку Ветрына распачалі 15 сакавіка, і ўжо 16 сакавіка яна апынулася за кратамі.

Некалькі дзён пасля затрымання Святлана Фірсава знаходзілася ў Полацкім ІЧУ, а потым яе перавялі ў Віцебскі СІЗА. Яе вінавацяць паводле ч.1, арт.368 Крымінальнага кодэксу за каментар у інтэрнэце да відэа з прамовай Аляксандра Лукашэнкі, напісаны яшчэ ў 2021 годзе.


Пярвічка  Беларускага Незалежнага прафсаюза "Гродна Азот" прызнана экстрэмісцкай

Працэс па прызнанні першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ "Гродна Азот" экстрэмісцкай арганізацыяй, забароне яе дзейнасці і ліквідацыі зрабілі закрытым. Такое рашэнне прынялі ў Гродзенскім абласным судзе. Прадстаўнікі прафсаюза не змаглі прысутнічаць на працэсе-адзін у ізалятары, другі - на працы.
Пазоў пачалі разглядаць 10 траўня ў Гарадзенскім абласным судзе. Старшыня арганізацыі не змог трапіць на працэс - ён адбывае 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Намеснік старшыні не змог прысутнічаць на працэсе.
Па заяве пракурора Гродзенскай вобласці 11 траўня першасная арганізацыя Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ "Гродна Азот" прызнана экстрэмісцкай.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства