viasna on patreon

Заява ЕС аб палітычных рэпрэсіях і смяротным пакаранні ў Беларусі

2022 2022-05-13T22:07:00+0300 2022-05-14T10:12:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/osce_vienna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з сайта www.osce.org/Кёрціс Бадэн

Фота з сайта www.osce.org/Кёрціс Бадэн

12 траўня Пастаянны Савет АБСЕ прыняў прыняў заяву аб палітычных рэпрэсіях і смяротным пакаранні ў Беларусі.

  1. Еўрапейскі Саюз самым рашучым чынам асуджае агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, а таксама саўдзел беларускага рэжыму ў гэтай агрэсіі шляхам прадастаўлення сваёй тэрыторыі і інфраструктуры, што з'яўляецца абуральным парушэннем Статуту ААН і міжнароднага права, уключаючы рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН № 3314 і прынцыпаў і абавязальніцтваў АБСЕ. Мы шкадуем, што працяг падаўлення правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі адлюстроўвае акты вонкавай агрэсіі і закладвае для іх глебу. Мы зноў заяўляем, што абавязальніцтвы ў галіне чалавечага вымярэння з'яўляюцца пытаннямі, якія прадстаўляюць непасрэдны і законны інтарэс для ўсіх дзяржаў-удзельніц і не адносяцца выключна да ўнутраных спраў пэўнай дзяржавы.

  2. Наша вера ў гатовасць Беларусі выконваць свае абавязальніцтвы ў межах АБСЕ сур'ёзна пахіснулася пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і беспрэцэндэнтных рэпрэсій, што былі пасля іх. Цяпер Беларусь апынулася ў яшчэ большай ізаляцыі ўсярэдзіне міжнароднай супольнасці, сутыкнуўшыся з узмацненнем санкцый і асуджэннем у сувязі з яе роляй у расійскай агрэсіі супраць Украіны.

  3. У той жа час відавочна, што беларускі народ не хоча, каб яго асацыявалі з гэтай незаконнай агрэсіўнай вайной і жахлівымі злачынствамі, зробленымі ва Украіне. ЕС дзякуе адважнаму народу Беларусі за тое, што — як бы рызыкоўна гэта ні было — ён не маўчыць і не застаецца абыякавым.

  4. ЕС шкадуе аб далейшым узмацненні палітычных рэпрэсій з боку рэжыму ў Мінску, у тым ліку шляхам пашырэння магчымасцяў для ўжывання смяротнага пакарання да расплывіста вызначанага «замаху на тэрарыстычны акт». Гэта сумны крок, які ідзе насуперак глабальнай тэндэнцыі адмовы ад смяротнага пакарання. Змены ў беларускім Крымінальным кодэксе і іншых заканадаўчых актах аб смяротным пакаранні — гэта не клопат рэжыму пра правасуддзе ці паляпшэнне прававога рэгулявання, а ўзмацненне інструментарыя палітычных рэпрэсій супраць супернікаў Лукашэнкі і беларускага народа, які «пасмеў» пратэставаць супраць рэжыму ці супраць вайны ва Украіне. Сапраўдная мэта гэтых паправак — далейшае пашырэнне рэпрэсій супраць тых, хто абараняе дэмакратыю, асуджае падтрымку беларускім рэжымам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны і патрабуе, каб іх галасы былі пачутыя, а іх правы і свабоды выконваліся.

  5. Згодна са звесткамі Праваабарончага цэнтра «Вясна», на 12 траўня 2022 года ў Беларусі налічвалася 1187 палітычных зняволеных. Шматлікія палітвязні (як мінімум 36 чалавек) абвінавачваюцца ці ўжо асуджаныя да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення паводле так званых «тэрарыстычных» артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Шмат якія прадстаўнікі дэмакратычных сіл і палітычныя актывісты знаходзяцца ў вышуку праз абвінавачванні ў «тэрарызме». Шмат хто з абвінавачаных паўстае перад судом падчас таемных, несправядлівых і прадузятых судовых разглядаў, часта паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў і без аніякай прававой абароны. Шматлікія палітычныя зняволеныя зазнаюць катаванні і іншыя формы жорсткага, нечалавечага ці прыніжальнага годнасць абыходжання і пакарання. Любы, хто выступае супраць рэжыму, цяпер таксама рызыкуе, што яго абвінавацяць у замаху на тэрарызм, асудзяць да смяротнага пакарання і таемна прывядуць прысуд у выкананне.

  6. ЕС таксама вельмі занепакоены планамі беларускіх улад прыняць асобны закон аб грамадзянскай супольнасці дзеля ўзмацнення жорсткасці заканадаўчага кантролю і нядаўняй атакай на незалежныя прафсаюзы.

  7. ЕС ізноў заклікае Мінск неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных і спыніць парушэнне правоў чалавека і асноўных свабод беларускага народа, у тым ліку неадкладна пакласці канец працягу шырокамаштабных нападаў на незалежныя СМІ, журналістаў і іншых прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Мы зноў заяўляем, што адзіны спосаб спыніць палітычны крызіс у Беларусі — гэта інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог і палітычны працэс, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ. У гэтым кантэксце мы зноў заклікаем Беларусь неадкладна выканаць рэкамендацыі дакладу Маскоўскага механізму.

  8. ЕС поўны рашучасці забяспечыць, каб усе, хто нясе адказнасць за палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, паўсталі перад судом. Мы зноў заяўляем пра сваю падтрымку Міжнароднай платформы падсправаздачнасці Беларусі. Мы прыкладзем усе намаганні дзеля таго, каб тыя, хто садзейнічаў агрэсіўнай вайне Расіі, таксама былі прыцягнутыя да адказнасці. Пакеты санкцый будуць заставацца ў сіле да тых часоў, пакуль не будуць ухіленыя падставы для іх увядзення, і мы па-ранейшаму гатовыя разгледзець пытанне пра далейшыя санкцыі ў адпаведнасці з паступовым падыходам, прынятым Саветам 12 кастрычніка 2020 года.

  9. ЕС глыбока шкадуе, што рэжым у Мінску працягвае весці свой гібрыдную атаку супраць ЕС і яго дзяржаў-чальцоў, выкарыстоўваючы нелегальную міграцыю як інструмент. Мы патрабуем, каб гэтая практыка была неадкладна і цалкам спыненая. Мы нагадваем Беларусі пра яе міжнародныя абавязальніцтвы, звязаныя з памежнай дзейнасцю, і абавязальніцтвы АБСЕ і заклікаем Мінск выконваць іх па літары і духу.

  10. ЕС таксама заклікае Беларусь спыніць садзейнічанне агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і ўкраінскага народа, выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы і забяспечыць поўную празрыстасць у дачыненні да ваеннай дзейнасці на сваёй тэрыторыі.

  11. ЕС працягне падтрымку дэмакратычных сіл у краіне і свабоднай, незалежнай і квітнеючай Беларусі. Голас і воля народа Беларусі не будуць заглушаныя.

Да гэтай заявы далучаюцца краіны-кандыдаты Рэспубліка Паўночная Македонія*, Чарнагорыя* і Албанія*, краіна-ўдзельніца Працэсу стабілізацыі і асацыяцыі і патэнцыйны кандыдат Боснія і Герцагавіна, краіны Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю — Ісландыя і Ліхтэнштэйн, чальцы Еўрапейскай эканамічнай прасторы, а таксама Украіна і Сан-Марына.

*Рэспубліка Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Албанія працягваюць заставацца часткай Працэсу стабілізацыі і асацыяцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства