«Героі не паміраюць»: 21 траўня — гадавіна са дня смерці Вітольда Ашурка
«Добры дзень, сябры! Я Вітольд Ашурак, мне 49 год. Я каардынатар Руху “За свабоду” у Гродзенскай вобласці, сябра Сойму партыі БНФ. Шмат год удзельнічаю ў рашэнні праблемаў рэгіёна», — менавіта так пра сябе распавёў мужчына ў тэлезвароце падчас дэпутацкіх выбараў 2019 года. Ён не раз балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент, удзельнічаючы ў выбарах у Бярозаўскі гарадскі савет у 2018 годзе, нават ва ўмовах страшэнных фальсіфікацый ён атрымаў 15,9% галасоў. Ён хацеў змяніць жыццё ў Беларусі да лепшага і выкарыстаць кампаніі падчас выбараў дзеля таго, каб размаўляць ў людзьмі.
Вітольд Ашурак — беларускі палітвязень з Бярозаўкі, што на Лідчыне. Першы раз яго затрымалі 9 жніўня 2020 года і асудзілі на 20 сутак адміністрацыйнага арышту: на 15 — за ўдзел у мерапрыемстве і яшчэ на 5 — за непавагу да суда, бо ён не ўстаў, калі зайшоў суддзя. Тады яго адпусцілі праз 5 сутак, але Вітольд і далей працягнуў ездзіць на «ланцугі салідарнасці» у Ліду.
21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі. Далучайся да акцый салідарнасці!
Ён не хаваўся, бо не лічыў сябе вінаватым. 19 верасня затрыманы спачатку на суткі, а праз месяц за кратамі – і паводле крымінальнай справы. Суддзя Максім Філатаў асудзіў яго да пяці гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах пасля выбараў 2020 году. Памёр у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах.
Вітольд — рашучы і нязломны. Ягоная актывісцкая дзейнасць пачалася з Плошчы-2010. За ўдзел у мерапрыемстве яму далі 12 сутак – двое сутак дадалі за тое, што сказаў, што прымаў удзел у мерапрыемстве «За ідэю». Пасля гэтага ён уступіў у БНФ, хаця казаў, што ніколі не будзе ўдзельнічаць у партыі. Умеў працаваць над сабой: калі ў 2010 годзе перайшоў на беларускую мову, прасіў жонку дыктаваць яму дыктоўкі.
Хто такі Вітольд Ашурак?
Вітольд закончыў 10 класаў школы ў Бярозаўцы, але сябры неаднаразова ўзгадвалі ягоныя акадэмічныя веды: ён шмат чытаў, ведаў гісторыю Беларусі і свету. Доўгі час ён працаваў выдзімальнікам на шклозаводзе, потым стаў займацца будоўляй, рамонтам кватэр. Таксама набіваў татуіроўкі. Ён трэніраваўся на сабе, а якія не падабаліся — забіваў. Брат Андрэй называе яго найлепшым майстрам на Бярозаўцы. Акрамя таго, Вітольд маляваў карціны – захавалася ўсяго некалькі з іх, адна з каторых называецца «Простыя рэчы». Добра гуляў у шахматы.
З 1988 года Вітольд падарожнічаў на платах па Нёману, які ён вельмі любіў. У першае падарожжа выправіўся са Змітром Вайцюшкевічам — тады хлапцы яшчэ вучыліся ў школе. З тых часоў кожны год сплаўляўся па Нёману і да кожнага сплаву будаваў новы карабель, да кожнага з іх ён самастойна рабіў чарцяжы. Летам 2021 года сябры зладзілі традыцыйны сплаў у памяць пра Вітольда.
«Не хапае яго, усё жыццё мы былі недзе побач, — распавядаў ягоны брат Андрэй Ашурак. — Ён заўсёды быў разумным, генератарам ідэй. Неяк вычытаў, што можна выкапаць артэзіянскі калодзеж, мы выбралі жудаснае месца з пяском і дзіцячымі савочкамі вырылі метры тры ўніз — і капалі ўсе рабяты са двара. Усім было цікава, як хутка мы дакапаемся да вады».
Ён шанаваў гісторыю Беларусі і разбіраўся ў ёй. Калі ў 2019 годзе ў Лідзе адкрылі помнік Гедыміну, Ашурак быў вельмі натхнёны атмасферай, колькасцю бел-чырвона-белых сцягоў і па выніках дня быў упэўнены: «Будучыня належыць нам!» Таксама Вітольд быў адным з арганізатараў фэстаў патрыятычнай песні, якія праходзілі пад Бярозаўкай.
Палітвязень удзельнічаў у шматлікіх акцыях, звяртаючы ўвагу людзей да праблем у Беларусі, у тым ліку — экалагічных. Напрыклад, 26 красавіка 2020 года ён зладзіў адзіночны пікет супраць будаўніцтва ў ягонай роднай Бярозаўцы новага цэху шклаваты. Вітольд лічыў, што гэтай акцыяй падведзеная рыса над ілюзіямі. «Сёння бессэнсоўна накіроўваць лісты, апеляваць да вышэйшых інстанцыяў і да Лукашэнкі, бо ён сам і загадаў пабудаваць гэты цэх», — сказаў ён тады. Разам з паплечнікамі ён судзіўся з заводам за парушэнне Орхускай канвенцыі, яны дамагліся грамадскіх слуханняў. Урэшце на заводзе пабудавалі больш бяспечную высокатэмпературную печ, дзе спальвалі шкодныя адкіды. Таксама ў 2019 годзе прыцягнуў увагу да мора рыбы ў Дзітве, пасля гэтага пачалі пашыраць лідскія ачышчальныя збудаванні. А напярэдадні 7 лістапада 2017 года ён з сябрамі прынёс да помніка Леніна вянок з надпісам «Гары ў пекле, кат».
Дзякуючы ягоным намаганням, у Лідскім раёне быў зладжаны мемарыял у гонар паўстанцаў 1863-64 гадоў у рэальным месцы змаганняў наваградскага атраду. Гаспадар колішняй сядзібы сабраў каля целы каля 30-ці загінулых там хлопцаў на полі і пахаваў на ўскрайку свайго фальварку. У 2016-2017 гадах Вітольд з сябрамі рэстаўравалі ўсталяваныя ў 90-я гады крыжы. Ён марыў, каб гэтае месца стала своеасаблівым беларускім Пантэонам. Ашурак лічыў, што гэта повязь пакаленняў — тых, якія сыйшлі, і тых, якія прыйдуць. Ён быў і на пахаванні парэшткаў паўстанцаў у Вільні. Зараз усё больш беларусаў прыязджаюць у гэтае месца.
«Вось ужо тры месяцы я ў турме. І я ўважліва прыслухоўваюся да сябе — ці не стаў я менш свабодны ў інтэр’ерах з тоўстымі сценамі і жалезнымі дзвярыма з "кармушкай"? Ці пазбавіў мяне будынак былога езуіцкага калегіума свабоды маіх думак? Мае ворагі забралі ў мяне магчымасць бачыцца з роднымі, з жонкай, з сябрамі, але яны не маюць магчымасці прыставіць міліцыянта да маіх думак! Я па-ранейшаму свабодны адрозніваць чорнае ад белага і любіць сваю Айчыну Беларусь!» — так напісаў Вітольд у лісце ў рэдакцыю газеты «Новы час» пасля некалькіх месяцаў зняволення.
Як шануюць памяць пра актывіста?
Імя Вітольда Ашурка ёсць на Мемарыялах пры беларускай царкве ў Лондане, у беларускай царкве Антвэрпэна ўсталявалі і асвяцілі памятны знак у гонар Вітольда Ашурка, ягоны партрэт ставілі ў Курапатах, акцыі памяці Ашурка праходзяць у розных гарадах і краінах. Мастак Яўген Лукашэвіч зімой 2021 года зрабіў у Бярозаўцы скульптуру «Бярозаўскага Зубра з вялікім сэрцам», якую прысвяціў Вітольду Ашурку.
Беларускі актывіст пасмяротна быў ўганарованы крыжом «За годнасць у палоне», якім узнагароджваюцца ўкраінцы і грамадзяне, якія былі ўзятыя ў палон і выявілі ўзор мужнасці і нязломнасць перакананняў.
«Прыйшоў час браць адказнасць за Айчыну на сябе. Мы павінны самі вырашаць свой лёс і адказваць за сваю будучыню. Ва ўмовах татальных фальсіфікацый я не маю права заклікаць вас на выбарчыя ўчасткі. Але так будзе не заўжды. За самай цёмнай ноччу прыходзіць дзень, і мы павінны сустрэць гэты дзень падрыхтаванымі. Гатуйцеся, сябры!
Будзьце актыўнымі, смела выказвайце сваю грамадзянскую пазіцыю і патрабуйце павагі да сябе. Ведайце, што патрыётаў Беларусі больш, чым прыстасаванцаў. Памятайце: вы – сіла, а Беларусь — перадусім!» – сказаў ён у тэлезвароце падчас кампаніі па выбарах у дэпутаты.
У лісце да сяброўкі Вольгі Быкоўскай ён напісаў: «Як я зайздрошчу тым нам, якія пакінуць часы зняволення і здзекаў над нацыяй у мінулым. Усё гэта безумоўна будзе!»
Матэрыял падрыхтаваны паводле інфармацыі суполкі «Вітольд Ашурак», фільма «Радыё Свабода» «Я Вітольд Ашурак», іншых матэрыялаў «Радыё Свабода». Тут можна знайсці рамкі для профільных выяваў у гонар Вітольда Ашурка. У назве матэрыяла выкарыстоўваецца цытата з песні Лявона Вольскага «Героі не паміраюць».