viasna on patreon

Затрыманні, новыя экстрэмісцкія матэрыялы: хроніка пераследу 18 траўня Дапоўнена

2022 2022-05-18T14:30:09+0300 2022-05-18T17:23:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karnackaya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 траўня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Сочы затрымалі былога палітвязня Юрыя Касцюка. У Беларусі ён быў абвешчаны ў вышук

Сёння стала вядома, што 24-гадовага берасцейца Юрыя Касцюка затрымалі 15 траўня ў аэрапорце ў Сочы, калі ён збіраўся выляцець у Азербайджан.У Беларусі ён быў абвешчаны ў вышук паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ён змешчаны ў мясцовы ізалятар часовага ўтрымання.

Нагадаем, Юрыя абвінавачвалі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў па артыкуле 370 КК. 17 лістапада 2020 года Юрыю прысудзілі 1 год «хіміі». 23 лістапада 2021 года адбыўся суд па замене пакарання на больш строгае. У выніку Юрыю замянілі «хімію» на 1 месяц і 16 дзён калоніі. 6 студзеня палітвязень выйшаў на волю.

Юрый — адзін з «хімікаў», якіх 15 лютага затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным», які аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на «хімію». У выніку яго асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на 15 сутак арышту.


Чэрыкаўскі актывіст Зміцер Іваноў аштрафаваны на 320 рублёў

Суд Чэрыкаўскага раёна 14 траўня разглядзеў адміністрацыйную справу актывіста Зміцера Іванова. Але судовы працэс адбыўся без яго, бо Зміцер у гэты момант знаходзіўся ў лякарні. У РАУСе на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Вынікам суда стаў штраф у памеры 10 базавых велічыняў (320 рублёў).

Нагадаем, што раней Зміцера затрымалі і да суда на трое сутак змясцілі ў ІЧУ. Але суд адправіў справу Іванова на дапрацоўку, таму мужчыну вызвалілі.


Насту Карнацкую асудзілі на 13 сутак арышту

Прадавачку кнігарні «Кнігаўка» затрымалі 16 траўня пасля ператрусу.

Яе судзілі за «дробнае хуліганства», паведамляе «Наша ніва».


Раніцай КДБ затрымаў дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых

Таксама затрыманая бухгалтарка выдання Юлія Кахно. З галоўным рэдактарам «БіР» Андрэем Александровічам няма сувязі, піша «Еўрарадыё».

Па словах жонкі Залатых, яму інкрымінуюць артыкул 130 КК Беларусі — «Распальванне нацыянальнай варажнечы». У яго канфіскаваныя ноўтбук і сродкі сувязі. Прыкладна гадзіну таму дырэктар «Беларусаў і рынку» ў суправаджэнні траіх следчых зайшоў у рэдакцыю выдання.

Upd: каля 17 гадзін стала вядома, што Андрэй Александровіч выйшаў з КДБ пасля допыту. Ён пад падпіскай аб неразгалошванні і праходзіць сведкай па крымінальнай справе, якая заведзеная на Канстанціна Залатых. Па словах жонкі Залатых, яму інкрымінуюць артыкул 130 КК Беларусі. У яго канфіскаваныя ноўтбук і сродкі сувязі. 

Юлія Кахно таксама знаходзіцца на волі.


Наша Ніва: у Беларусі забаранілі прадаваць раман Оруэла «1984»

Копію адпаведнага распараджэння мае «Наша ніва».

«Зняць з продажу ўсе варыянты кнігі Оруэл Д. «1984». Пра выкананне далажыць не пазней за 19 мая», — гаворыцца ў распараджэнні.


«СБ» піша, што кнігу «Сабакі Еўропы» беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам»

Аўтар напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Бахарэвіч даведаўся пра гэта з артыкула ў "СБ".

“Ну нарэшце. Бальшое спасіба, "Савецкая Беларусія". Цяпер маем інфармацыю з правераных крыніц, ёсьць на што спасылацца. Так што ад сёньня я афіцыйна прызнаны аўтар экстрэмісцкага рамана”, — пракаментаваў навіну пісьменнік.

Адзначым, што ў Рэспубліканскім Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы» няма.


На заснавальніка BYSOL Андрэя Стрыжака завялі чарговую справу

Пракуратура паведамляе, што ў дачыненні да Стрыжака дадаткова распачата крымінальная справа па ч.2 арт.361-3 Крымінальнага кодэкса за фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, узброеным канфлікце, ваенных дзеяннях.

Па дадзеных следства, праз сацыяльныя сеткі Стрыжак «сумесна з іншымі асобамі займаўся дзейнасцю, звязанай з вярбоўкай, навучаннем, іншай падрыхтоўкай і фінансаваннем грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ў далейшым накіроўваліся для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе ўзброеных фармаванняў і нацыяналістычных батальёнаў названай дзяржавы».


У Мінску быў затрыманы 19-гадовы Андрэй Раптуновіч 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён нібыта збіраўся паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства