viasna on patreon

Як пераследуюць сям'ю палітзняволенай Аніты Бакуновіч

2022 2022-05-19T16:24:05+0300 2022-05-19T16:24:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bakunovich_6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аніта з маці і братам

Аніта з маці і братам

18-гадовую палітзняволеную Аніту Бакуновіч затрымалі 3 месяцы таму. Зранку дзверы ў кватэру, дзе яна жыла з маці і братам, выламалі невядомыя людзі. Яны не прадставіліся, правялі вобшук і забралі Аніту і яе брата Яна. Спачатку палітзняволеную асудзілі на 15 сутак, якія яна адбывала на Акрэсціна і ў Жодзіне, а ейны брат пасля допытаў у РУУС і ГУБАЗіК трапіў у лякарню ў перадінфарктным стане. Пазней у яго атрымалася сысці адтуль.

Пра гісторыю пераследу сям'і «Вясне» распавяла жонка Яна — Хрысціна: ёй удалося пагутарыць з мужам у лякарні, але пасля таго, што здарылася, яна была вымушаная пакінуць краіну.

Пераслед сям’і

У дом, дзе Аніта жыла з мамай і братам, прыйшлі 23 лютага а 7.50 раніцы. Супрацоўнікі праваахоўных органаў пры падтрымцы САХР са зброяй і шчытамі выламалі дзверы, калі Аніта і Ян спалі ў сваіх ложках. Пасля гэтага брата і сястру вывелі з кватэры без адзення і паставілі на калені на бетонную падлогу. Правялі вобшук і завялі Яна і Аніту ў кватэру. Там іх развялі ў розныя пакоі, у дачыненні да Яна быў ужыты гвалт з мэтай допыту і атрымання інфармацыі асабістага характару і пароля ад тэлефона, ужывалася грубая сіла. Усё гэта доўжылася каля дзвюх гадзін. Пасля гэтага брата з сястрой павезлі на розных машынах.

— Сусед расказаў, што Аніта трымала Яна пад руку, калі яны выходзілі з пад'езда, — распавяла Хрысціна, жонка Яна. — Потым мужа дапытвалі ў РУУС і ГУБАЗ, запісвалі з ім «пакаяннае відэа», але ў яго хворае сэрца, таму яму зрабілася дрэнна. Ён папрасіў выклікаць хуткую, але ў першы раз яму адмовілі. Пасля другой просьбы дактары прыехалі і хацелі забраць Яна ў лякарню, але аператыўнікі параіліся з кімсьці з начальства і не адпусцілі яго. Пазней, як высветлілася, Яну зрабілася зусім блага, ён страчваў прытомнасць, і самі міліцыянеры адвезлі яго ў лякарню. Паступіў ён туды з падазрэннем на інфаркт.

З лякарні Ян змог патэлефанаваць Хрысціне, і яна двойчы ўбачылася з ім там, пагаварыла, прывезла яму неабходныя рэчы:

— Ён быў у шоку, — узгадвае Хрысціна. — Увесь час тросся, як напалоханае дзіця. Было відаць, што ён вельмі стаміўся і маральна зношаны. У першы дзень у яго была неразборлівая мова. Я не распытвала яго падрабязна пра тую раніцу, але ён расказаў, што шмат што не памятае, бо перыядычна адключаўся і страчваў прытомнасць.

Рэпрэсіі закранулі і Хрысціну: калі дзяўчына дазналася пра затрыманне мужа і ягонай сястры, яна больш не начавала дома. Калі ж Ян перастаў выходзіць на сувязь з лякарні, прыняла рашэнне выехаць з краіны. Праз некаторы час да яе дадому прыехалі трое невядомых — мабыць, яны шукалі Яна. Там быў толькі непаўнагадовы брат Хрысціны: не дачакаўшыся дарослых і не паказаўшы пастанову на вобшук, супрацоўнікі дасталі пісталеты і сказалі хлопцу, каб ён завёў іх у дом. Тым часам Хрысціне прыйшла СМС ад брата: «Прыйдзі, калі ласка, я забыўся на ключы ад дома».

— Думаю, калі б я была ў краіне, я б не змагла распавесці гэта, — кажа Хрысціна. — Ніякіх папер пра вобшук у маёй кватэры невядомыя супрацоўнікі не пакінулі, брат не запомніў ні іх імёнаў, ні колеру вокладак пасведчанняў, якія яны яму паказалі. Таксама гэтыя «супрацоўнікі» забралі непаўнагадовага брата шукаць Яна на сваёй службовай машыне.

«Я ўжо не магу глядзець на гэты кавалачак неба»

Цяпер у зняволенні застаецца 18-гадовая Аніта. Яе знаходжанне ў турме ўсяляк намагаюцца пагоршыць, запісваючы відэа на допытах, падсяляючы «патрэбных» людзей у камеру. У першыя 25 дзён, праведзеныя на Акрэсціна і ў Жодзіне, для яе не прымалі перадачы, медыкаменты і цёплыя рэчы, спасылаючыся на каранавірус. Як стала вядома пазней, 8 сакавіка супрацоўнікі з асаблівым задавальненнем забралі адзенне (курткі), на якіх спалі зняволеныя.

— Калі я чытала пра рэпрэсіі ў Беларусі, заўсёды жахалася, але ніколі не думала, што гэта адбудзецца са мной, — дзеліцца Хрысціна. — Калі гэта адбываецца з тваёй сям'ёй, ты разумееш, наколькі не перабольшаны ўсе навіны, наколькі ўсё менавіта так, як пішуць. І цяпер Аніта нібыта замкнёная ў іншым вымярэнні: ёй хочацца неяк дапамагчы, чымсьці падтрымаць, але я нават не магу напісаць нічога шчырага ёй. Невядомасць і чаканне гнятуць як нас, гэтак і яе. І калі спачатку ў яе быў добры настрой, то цяпер я бачу, як у яе сканчаецца цярпенне і надзея. Яна напісала: «Я ўжо не магу выходзіць і глядзець на гэты кавалачак неба». Таму мне хочацца, каб людзі яе падтрымалі лістамі.

Аніта — рознабаковы чалавек, таму зможа пагутарыць на шматлікія тэмы. Яна выдатна вучылася ў школе і нават стала лаўрэаткай рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, мела поспехі ў матэматыцы. Аніта вельмі любіць жывёл: аднойчы нават выгадавала ўсіх дзясяцярых дзіцянятаў трусіхі, увесь час сачыла за тым, каб яна іх карміла. Акрамя гэтага, шмат часу надае творчасці: на волі малявала карціны, рабіла хэнд-мэйд аксэсуары і нават размалявала свой скейтборд сцэнай з «Футурамы». Яна таксама не паспела скончыць праект у сваім пакоі паводле ўласнага дызайну.

— Аніта планавала вучыцца маркетынгу, але вырашыла дапамагчы сям'і і падзарабіць, — расказвае Хрысціна. — Ейная маці даглядае ляжачую бабулю з інваліднасцю, таму падтрымка Аніты была вельмі патрэбная. І калі першую палову дня яна працавала, то другую абавязкова надавала творчасці.

Канечне, чаканне невядомага забівае. Але я ведаю, што плакаць цяпер не трэба. Плакаць мы будзем потым разам, калі сядзем ля каміна і падумаем пра тое, што адбылося. А пакуль слёзы будуць толькі аддаляць рашэнне праблем.

Падтрымаць Аніту лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аніта Алегаўна Бакуновіч 

Дапамагчы сям'і:

Нумар рахунка (IBAN): PL57 1090 1694 0000 0001 5001 3322
Назва банка: Santander
SWIFT (BIC): WBKPPLPP
Валюта рахунка: PLN
Імя ўладальніка карты: – Khristsina Misiuchenka

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства