Полацк: за абразу прэзідэнта — два гады калоніі агульнага рэжыму Святлане Фірсавай
У судзе Полацка і Полацкага раёна 20 траўня вынесены прысуд па крымінальнай справе жыхаркі гарадскога пасёлка Ветрына Святланы Фірсавай. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу за каментар у інтэрнэце да відэа з прамовай Аляксандра Лукашэнкі, створаны яшчэ ў 2021 годзе.
Справу разглядаў суддзя Уладзімір Бясецкі. Дзяржабвінаваўца — старшы памочнік пракурора Вольга Коласава.
Па матэрыялах абвінавачання Святлана Фірсава 30 жніўня 2020 года, а таксама 30 ліпеня 2021 года пад уплывам ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, выкарыстоўваючы мэсэнджар Telegram, размясціла наўмысна ў чаце "Полацк-Наваполацк для жыцця" тэкставыя паведамленні з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання, якія публічна абразілі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку.
На папярэднім судовым пасяджэнні абвінавачанне запрасіла Фірсавай два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф па першым прысудзе 6400 рублёў.
У Полацку за абразу прэзідэнта судзяць Святлану Фірсаву: пракурор просіць два гады пазбаўлення волі
У апошнім слове абвінавачаная папрасіла прабачэння за нанесеныя абразы, прасіла прызначыць пакаранне не звязанае з пазбаўленнем волі, каб клапаціцца пра бацькоў і працаваць.
Суд прызнаў Фірсаву вінаватай і прызначыў пакаранне адпаведна прапанове абвінавачання - два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф па першым прысудзе 6400 рублёў.