viasna on patreon

За абразу прэзідэнта ў Беларусі судзяць нават псіхічна хворых: вынікі судоў у Гомелі і Вілейцы

2022 2022-05-21T08:57:51+0300 2022-05-23T12:21:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/psihiatrychka-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Закрытая псіхіятрычная ўстанова ў РПНЦ псіхічнага здароўя ў Навінках

Закрытая псіхіятрычная ўстанова ў РПНЦ псіхічнага здароўя ў Навінках

У Савецкім судзе Гомеля 20 траўня слухалася не зусім звычайная справа па абвінавачанні Вадзіма Фядосава ў абразе прэзідэнта (ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мохараў.

На працэсе не прысутнічаў абвінавачаны, яго інтарэсы прадстаўляў юрыст адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля.

Сам абвінавачаны знаходзіцца ў псіхіятрычнай бальніцы ў Бярозках на прымусовым лячэнні з снежня 2021 года, паколькі мае псіхічнае расстройства. Апроч гэтага з 2019 года знаходзіцца на ўліку ў наркадыспансеры на глебе алкагалізму.

Вадзім Фядосаў у 2020 годзе прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за апаганьванне будынкаў і грамадскіх месцаў.

Па матэрыялах абвінавачання, у лістападзе 2021 года Фядосаў са свайго электроннага адрасу разаслаў па пракуратурах усіх буйных гарадоў зварот, у якім сцвярджаў, што прэзідэнт Лукашэнка - злачынец і педафіл, крышуе разам са сваёй сям'ёй і сілавікамі ўвесь наркатрафік у РБ, прадае і труціць дзяцей наркотыкамі.

Пад час следства, на апытанні, Фядосаў пацвердзіў інфармацыю, якая была ў лісце, а на пытанне адкуль у яго гэтая інфармацыя адказаў, што атрымлівае ўсе адказы ад "войнаў святла з матрыцы і яшчэ пэўных толькі яму вядомых крыніц".

На момант здзяйснення злачынства псіхіятрычнай экспертызай абвінавачаны прызнаны нездаровым і няздольным адказваць за свае ўчынкі.

З улікам гэтага, у ходзе спрэчак, пракурор прапанавала зняць з абвінавачанага крымінальную адказнасць і пакінуць яго на прымусовым лячэнні ў псіхіятрычнай бальніцы з агульным кантролем.

Прадстаўнік абвінавачанага і адвакат падтрымалі пракурора, што ў канцы і агучыў суддзя ў якасці прысуду.

Тэлефон прысудзілі канфіскаваць на карысць дзяржавы.

Падобная справа разглядалася нядаўна і ў Вілейцы

У судзе Вілейскага раёна на 13 траўня быў прызначаны разгляд крымінальнай справы Сяргея Сафарава, якога абвінавачвалі ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Канстанцін Калядаў.

Аднак у суд паступілі медычныя дакументы аб прызнанні Сафарава недзеяздольным, і на момант учынення злачынства ён не мог адказваць за свае дзеянні.

Па інфармацыі, якая стала вядома праваабаронцам, Сяргей Сафараў паглуміўся над партрэтам Аляксандра Лукашэнкі, груба размаляваўшы яго.

Суддзя Канстанцін Калядаў прыняў рашэнне аб спыненні крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства