viasna on patreon

Акцыі салідарнасці па ўсім свеце: як прайшоў Дзень палітвязня ў Беларусі Фота Дапоўнена

2022 2022-05-21T22:31:03+0300 2022-05-23T18:58:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/den_palitviaznia22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 траўня, у абвешчаны праваабаронцамі “Вясны” Дзень палітвязня ў Беларусі, акцыі памяці з загінулым у калоніі Вітольдам Ашуркам і салідарнасці з больш чым 1200 палітзняволенымі прайшлі ў розных гарадах і краінах свету.

Беларусы Тэль-Авіва сабраліся на акцыю яшчэ 20 траўня каля амбасады Беларусі, каб ушанаваць памяць Вітольда.

den_palitviaznia26.jpg

У розных гарадах Беларусі таксама прайшлі невялікія акцыі салідарнасці з палітзняволенымі. 

den_palitviaznia3.jpg
Акцыя ў Мінску
den_palitviaznia24.jpg
Акцыя ў Віцебску
den_palitviaznia10.jpg
Акцыя ў Гомелі

У Беларускім Моладзевым Хабе ў Варшаве (Польшча) прыгадалі тых, хто цярпіць ад рэжыму. Зусім яшчэ маладыя хлопцы Ціхан Клюкач і Данііл Касенка распавялі як апынуліся і чаму апынуліся ў турме ды сталі палітвязнямі, а таксама ў якіх умовах па палітычных матывах за кратамі знаходзяцца тысячы беларусаў.

den_palitviaznia25.jpg

Таксама ў будынку Беларускага Моладзевага Хаба дзве ночы запар (з 20 да 22 траўня) транслююцца фотаздымкі беларускіх палітвязняў.

Таксама ў Варшаве сёння прайшоў вечар памяці героя Беларусі Вітольда Ашурка, дзе выступалі брат Вітольда - Андрэй, а таксама яго сябры і паплечнікі.

den_palitviaznia18.jpg
Андрэй Ашурак падчас вечарыны памяці Вітольда. Фота: Паўлюк Быкоўскі

22 траўня ў Варшаве адбылася імша ў касцёле святога Аляксандра па загінуламу ў турэмных засценках Вітольду Ашурку. Пасля службы людзі з плакатамі і расцяжкай з выявай Вітольда і надпісам «Вітольд Ашурак – герой Беларусі» прайшлі ў калоне на плошчу да помніка Каперніку.

Удзельнікі акцыі мелі на адзенні жоўтыя нашыўкі — такія, якія носяць у месцах зняволення палітвязні, у руках трымалі партрэты палітзняволеных. Людзі выступалі з прамовамі, пелі беларускія песні.

 

Акцыя салідарнасці прайшла ў Кракаве каля помніка Адаму Міцкевічу.

den_palitviaznia7.jpg
Фота Еўрарадыё

Таксама адбылася акцыя салідарнасці ў Познані.

У офісе Беларускага радыё Рацыя ў Беластоку (Польша) прайшла сустрэча, прысвечаная Вітольду Ашурку. Арганізатар сустрэчы праваабаронца Уладзімір Хільмановіч распавёў пра Вітольда:

"Гэта быў духоўны брат, я не баюся гэтага высокага азначэння. Таму што мы заўсёды былі побач у час розных фэстаў, асабліва па ўшанаванні паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы, у Якушоўцы, у Лідскім раёне. І мы перасякаліся менавіта на такіх беларускіх грамадскіх акцыях. Я адчуваў вялікую энергетыку і пазітыў гэтага чалавека".

Таксама прысутныя напісалі лісты салідарнасці беларускім палітвязням. Таксама былі зачытаныя паэтычныя творы, якія прысвячаліся палітзняволеным.

Дзяўчыны Беластоку выйшлі на шпацыр з жоўтымі кветкамі і біркамі з прозвішчамі палітзняволеных.

Беларусы сабраліся ў порце Батумі (Грузія), каб выказаць сваю падтрымку палітзняволеным. 

Беларускі Грузіі зладзілі акцыю–перформанс да Дня палітвязня на беразе Чорнага мора. Больш за тысячу бел-чырвона-белых стужак сталі сімвалам скалечаных лёсаў у няволі за сценамі турмаў. Фіналам акцыі стала сінхронная чытка апошняга пісьма да маці сапраўднага патрыёта сваёй радзімы, Вітольда Ашурка.

den_palitviaznia23.jpg

У Тбілісі актывісты сустрэліся і падпісалі паштоўкі для вязняў. 

Акцыя салідарнасці ў Дзень палітвязня прайшла і ў Празе

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі адбылася ў Вільні (Літва)

"Ён застанецца вечным палітвязнем з жоўтай біркай". Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ў Вільні

Праваабаронцы “Вясны” прынеслі на яе выяву трохмятровага чалавека, складзенага з жоўтых бірак “экстрэміста” з імёнамі 1204 палітвязняў, што ў дадзены момант утрымліваюцца за кратамі.

Выйшлі з акцыяй салідарнасці актывісты і ў Каўнасе (Літва).

У Львове (Украіна) беларусы сабраліся на базе офіса Адукацыйнага Дома правоў чалавека і напісалі паштоўкі палітвязням пры падтрымцы ініцыятывы "Письма в клеточку"

У Эдынбургу (Шатландыя) прадстаўнікі беларускай дыяспары зачыталі ўсе імёны ўсіх палітвязняў у Беларусі. 

den_palitviaznia38.jpg

den_palitviaznia37.jpg

У Рызе (Латвія) актывісты даслалі лісты палітычным зняволеным:

"За дзве гадзіны разам мы напісалі 31 ліст. Гэта былі і звычайныя паштоўкі, і малюнкі, і доўгія глыбокія лісты...", - адзначылі арганізатары акцыі. 

У Тэмсе беларусы Бельгіі правялі пікет і ўзгадалі ўсіх палітвязняў, напісалі лісты зняволеным і запалілі свечкі памяці ў гонар Вітольда Ашурка.

 Падтрымалі палітзняволеных і ў Куява-Паморскім ваяводстве Польшчы.

На акцыю салідарнасці выйшлі беларусы ў Таронта (Канада).

Са словамі падтрымкі палітвязням і іх блізкім выступілі еўрапейскіе палітыкі і дыпламаты, прадстаўнікі розных амбасадаў і міжнародных праваабарончых арганізацый.

"Дыпламаты краін Еўразвязу і ЗША выказваюць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз патрабуюць ад уладаў іх вызвалення і спынення палітычных рэпрэсій супраць жыхароў Беларусі", - напісаў у сваім твітары амбасадар Польшчы Артур Міхальскі.

Так, прэм'ер Літвы Інгрыда Шымоніце апублікавала у сваім твітэры відэа, дзе тытрамі пералічваюцца імёны ўсіх беларускіх палітвязняў.

"Сёння мы адзначаем Дзень Палітвязня ў Беларусі і ўспамінаем смерць Вітольда Ашурка год таму. Латвія асуджае палітычна матываваныя пераследы і заклікае рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх 1204 палітычных зняволеных. #StandWithBelarus",напісала ў Twitter Міністэрства замежных спраў Латвіі.

Амбасадар Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель напісаў адкрыты ліст на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

Сёння, у абвешчаны праваабаронцамі Дзень палітвязня ў Беларусі, я бы хацеў звярнуцца, у першую чаргу, да нашых шаноўных сяброў вясноўцаў. Алесь, Валянцін, Марфа, Уладзімір, Леанід, Таццяна, Андрэй, вы шмат гадоў прысвячаеце сябе абароне фундаментальных каштоўнасцяў чалавецтва, настойваеце на павазе свабод і правоў сваіх суграмадзян, змагаецеся за Беларусь, у якой панавала б вяршэнства права ды існавала б магчымасць адкрыта выказваць думкі, не асцерагаючыся арышту. Вы дапамагалі палітзняволеным і іх семям, не зважаючы на рызыку для сябе, і на працягу доўгіх месяцаў вы самі ў статусе палітычных зняволеных, як і многія сотні вашых суайчыннікаў. Сёння і кожны дзень я, як і мноства людзей у Беларусі і ва ўсім свеце, думаю пра вас і ўсім сэрцам жадаю, каб усе палітвязні Беларусі хутка апынуліся на волі і ў бяспецы. Як Амбасадар ЕС у Беларусі я буду разам з маёй камандай у Прадстаўніцтве ЕС у Мінску надалей рабіць усё, што ў нашых сілах, каб гэтае жаданне выканалася.

Амбасада Вялікабрытаніі апублікавала відэа ў сваім твітары з допісам:

У гэты дзень Вялікабрытанія зноў заяўляе аб непахіснай падтрымцы ўсіх адвольна арыштаваных за палітычныя перакананні. Нашы думкі з 1201 несправядліва абвінавачаным і асуджаным беларусам, іх сем'ямі і сябрамі.

Пасол Чэхіі ў Беларусі Томаш Пярніцкі ў Дзень палітвязня адправіў лісты і тэлеграмы пяці палітзняволеным беларускім праваабаронцам. 

Фонд “Дамоў правоў чалавека” адзначыў шэрагам пастоў Дзень палітвязня:

“Сёння і кожны дзень мы выказваем салідарнасць і паўтараем наш заклік да беларускіх уладаў вызваліць іх”.

Амбасада ЗША падкрэсліла ў сваім твітары:

“Сёння ў беларускіх турмах сядзяць больш за 1200 палітвязняў. З моманту першых арыштаў перад фальсіфікаванымі выбарамі 2020 года былі затрыманыя яшчэ дзясяткі тысяч чалавек. Мы ўспамінаем іх усіх у гэты Дзень палітвязня ў Беларусі. Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя”.

У падтрымку палітвязняў выступілі беларускія і замежныя мастакі і паэты.

Амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар Эрні Барбараш стварыў карціну-мазаіку з фотаздымкаў палітвязняў.

“У гонар Дня палітвязня ў Беларусі я стварыў вобраз пад назвай “Беларуская Бастылія” ‒ мазаіку “Узяцце Бастыліі” Жана-П'ера Увеля, складзеную з фатаграфій 1204 палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.

Я зрабіў гэты малюнак у прадчуванні сапраўднага "Дня ўзяцця Бастыліі ў Беларусі", у які адчыняцца дзверы Акрэсціна, Валадаркі, усіх турмаў і папраўчых калоній, і ўсе нявінныя людзі, зняволеныя за жаданне пазбавіць сваю краіну ад дыктатара Лукашэнкі, будуць вызваленыя”, ‒ напісаў Эрні Барбараш у сваім твітары.

Беларускі ПЭН далучыўся да Дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі шэрагам відэа: паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч зачытаў свой верш, прысвечаны Аляксандру Фядуту, паэтка і перакладчыца Ганна Комар прачыла верш Кацярыны Андрэевай, паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева чытала свой верш "Лісты", а паэтка і перакладчыца Таццяна Нядбай зачытала ўрывак з дакументальнага рамана Максіма Знака «Зэкамерон».

Палітзняволены Уладзімір Гундар, якога гэтымі днямі судзяць у турме №1 г. Гродна, перадаў на волю сёння верш: 

Вітольду Ашурку прысвячаецца!

Хай шлях – да раю, пекла ці палону –
Усё прайдзі і вынесці здалей.
Васіль Стус  

Дружа, ішлі мы поруч вызвольным тропам.
Тропам да запаветнай свабоды,
Да нашае свабоднае шчаслівае Айчыны.
Ён нас знайшоў, ён нас абраў…
Ты гэты троп як мог прайшоў,
А я іду, яшчэ сваім зямным змагарным тропам.
Тропам, які наканаваў сам Госпад нам…
І пастараюся, і за сябе, і за цябе дайсьці
Да нашае свабоднае Айчыны.

05.05.2022

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства