viasna on patreon

"Ён застанецца вечным палітвязнем з жоўтай біркай". Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ў Вільні Фота

2022 2022-05-22T11:31:02+0300 2022-05-23T10:38:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/den_palitviaznia_vi14.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя насупраць амбасады Беларусі ў Вільні, 21 траўня 2022 г.

Акцыя насупраць амбасады Беларусі ў Вільні, 21 траўня 2022 г.

У Вільні 21 траўня адбылася акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі. Праваабаронцы “Вясны” прынеслі на яе выяву трохмятровага чалавека, складзенага з жоўтых бірак “экстрэміста” з імёнамі 1204 палітвязняў, што ў дадзены момант утрымліваюцца за кратамі.

Напачатку акцыі хор “Беларускі цуд” заспяваў “Пагоню” і “Ляцела куля цераз гару”. Пасля гэтага слова ўзяла прадстаўніца “Вясны” Дзіяна Пінчук, якая адзначыла:

“Сёння 21 траўня. Год таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітзняволены Вітольд Ашурак. Ён застанецца вечным палітвязнем з жоўтай біркай. Вітольд у лістах абяцаў маме хутка вярнуцца дадому. Ён вярнуўся, але ў труне. Крымінальная справа па факту смерці Вітольда дагэтуль не ўзбуджаная, абставіны, пры якіх сапраўды памёр палітвязень у калоніі, дагэтуль застаюцца нявысветленымі. А маці Вітольда, якой нядаўна споўнілася 84 гады, працягвае чакаць.

Гэтак жа чакаюць 1204 палітзняволеных на волі іх бацькі, сваякі, сябры, каханыя. Яны да гэтага часу вераць, што іх блізкія хутка вернуцца дадому”.

den_palitviaznia_vi24.jpg
Праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук. Фота: spring96.org

Праваабаронца распавяла, што жоўтыя біркі выкарыстоўваюцца за кратамі для меткі “палітычных”, якія аўтаматычна трапляюць на прафілактычны ўлік як “схільныя да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці”, праз што ім надаецца асаблівая ўвага, да іх больш жорстка ставяцца.

“У гэтым велічэзным чалавеку-палітвязні, які сёння таксама “прыйшоў” на акцыю, кожны можа пазнаць свайго сябра, суседа, знаёмага, калегу, вядомага палітыка, актывіста, праваабаронцу і журналіста. Наша з вамі Радзіма ператварылася ў краіну палітвязняў, а ўсе іншадумцы і нязгодныя — ў “схільных да экстрэмізму”.

Праваабаронцы «Вясны» абвясцілі 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі, каб аддаць даніну памяці загінуламу ў калоніі Вітольду Ашурку. <…>

Сёння праваабаронцы яшчэ раз хочуць нагадаць пра тое, як важна падтрымліваць палітвязняў за кратамі і рабіць усё магчымае для іх хутчэйшага вызвалення. Мы хочам прыцягнуць увагу беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці да таго, што на фоне вайны ва Украіне працягваюцца маштабныя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Яны не спыняюцца ні на дзень. «Вызваліце палітычных зняволеных!» – мы будзем паўтараць і патрабаваць гэта кожны дзень, пакуль хоць адзін палітвязень застаецца за кратамі. <…>

Мы з вамі голас палітвязняў. Гаварыце ім і пра іх. Я хачу скончыць гэтую прамову словамі Вітольда: “Не трэба ўпадаць у адчай, рабіць сваю справу – і мы пераможам!”

Праваабаронца "Вясны Дар'я Рублеўская распавяла, як пачыналася ініцыятыва "Майстэрня паштовак салідарнасці" і чаму вельмі важна пісаць лісты за краты. 

“Два гады таму ў Беларусі было 25 палітвязняў. У той час мы з трыма сяброўкамі – прабываючы ў поўнай роспачы – пачалі маляваць на тонкіх кардонках паштоўкі і дасылаць за краты. Мы не ведалі, як правільна. Мы не разумелі, што такое цэнзура. Мы не ўяўлялі, што лепей пісаць і аб чым лепей змаўчаць у гэтых вестачках. Аднак тады мы не вынайшлі ніякага іншага спосабу, як перадаць незнаёмым людзям “вітаю, мы ведаем і памятаем пра цябе, заставайся мужным”, – адзначыла Дар'я.

den_palitviaznia_vi22.jpg
Праваабаронца "Вясны" Дар'я Рублеўская. Фота: spring96.org

“Цяпер зняволены 1204 чалавекі. То бок калі ўзяць за мэту напісаць кожнаму чалавеку па 1 паштоўцы ў дзень, вам спатрэбіцца больш за 3 гады. Нямала, праўда? Некаторым вязням столькі прысуджаюць літаральна аддаць свайго жыцця турме, калоніі ці ўстанове для адбыцця "хіміі". І толькі таму, што чалавек быў смелым у сваёй барацьбе за свабоду, дэмакратыю і змены ў роднай краіне. Але вы і самі ведаеце гэта, бо іначай не апынуліся бы тут, у гэтым месцы і з тым заплечнікам смутку па дому, які вы носіце за сабой.

Паштоўка палітвязню – гэта дзеянне, якое вымагае ў вас найменш намаганняў, аднак падтрымлівае вязня так, што ў прамым сэнсе дазваляе трымацца на плаву. <...>

Пішыце лісты, калі маеце сілы распавядаць шмат. Пішыце паштоўкі, калі сілаў толькі на некалькі радкоў. Колькі можаце, столькі пішыце: галоўнае ад сэрца і шчыра. І няхай наша салідарнасць у канвертах шатае муры ўсіх турмаў”, – заклікала праваабаронца. 

Слова ўзялі і былыя палітвязні Дзмітрый Фурманаў, Вікторыя Лысковіч і Андрэй Шарэнда.

den_palitviaznia_vi17.jpg
Былы палітвязень Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org
den_palitviaznia_vi16.jpg
Былая палітзняволеная Вікторыя Лысковіч. Фота: spring96.org
den_palitviaznia_vi18.jpg
Былы палітвязень Андрэй Шарэнда. Фота: spring96.org

Пасля адбылася хвіліна маўчання ў памяць Вітольду Ашурку і запальванне знічак. А хор праспяваў “Муры”.

Больш фота:

"Ён застанецца вечным палітвязнем з жоўтай біркай". Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ў Вільні
Дзеня палітвязня ў Беларусі: акцыя ў Вільні

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства