Вярхоўны суд палічыў, што дзейнасць “Незалежнага таварыства прававых дасьледваньняў” парушае закон. Касацыйная скарга праваабарончай арганізацыі не задаволеная
11 сакавіка Калегія Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь пад старшынствам судзьдзі Яхнавец разгледзела касацыйную скаргу ГА “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” на рашэньне Менскага гарадзкога суда, які 29 студзеня 2004 году прыняў рашэньне аб ліквідацыі гэтай арганізацыі.
Бок упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму, па ініцыятыве якога і было зьліквідаванае Менскім гарадзкім судом грамадзкае аб’яднаньне, быў прадстаўлены сьпецыялістам упраўленьня А. Шчарбовічам. Пазіцыю “Незалежнага таварыства прававых дасьледваньняў” вельмі пераканаўча асьвятлялі старшыня арганізацыі Алена Танкачова і юрыст Алеся Відрук.
Нягледзячы на відавочную пераканальнасьць юрыстаў “Незалежнага таварыства прававых дасьледваньняў”, калегія Вярхоўнага суда прыняла рашэньне адмовіць у задавальненьні скаргі і пакінуць рашэньне Менскага гарадзкога суда ў сіле. Пры гэтым калегія зьмяніла прычыну ліквідацыі арганізацыі: калі Менскі гарадзкі суд палічыў, што дастатковай прычынай дзеля спыненьня дзейнасці аб’яднаньня зьяўляецца “прадстаўленьне інтарэсаў няўрадавых арганізацыяў” падчас судовых працэсаў сябрамі “Незалежнага таварыства прававых дасьледваньняў”, то калегія Вярхоўнага суда ўбачыла “парушэньне тэрыторыі” дзейнасьці арганізацыі – менавіта гэтыя словы прагучалі з вуснаў судзьдзі Яхнавец.
Падтрымаць сяброў праваабарончай арганізацыі прыйшлі шматлікія прадстаўнікі беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, офісу АБСЕ у Менску, прысутнічалі СМІ.