viasna on patreon

Пацікавіўся ў службы "102" - якая адказнасць за абразу і... абразіў прэзідэнта

2022 2022-05-26T08:38:08+0300 2022-05-26T10:25:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sedun-dzmitry.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Седун. Фота з сацыяльных сетак

Дзмітрый Седун. Фота з сацыяльных сетак

У судзе Полацка и Полацкага раёна 25 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы Дзмітрыя Седуна, якога абвінавачваюць у абразе прэзідэнта па ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядае суддзя Віктар Баліка, дзяржабвінаваўца – Каралевіч.

Дзмітрый Седун жыве з маці ў Полацку, да затрымання працаваў вахтавым метадам у Расіі. Раней прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

Па матэрыялах абвінавачання Дзмітрый Седун, 31 студзеня 2022 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона патэлефанаваў на лінію “102” і пад час размовы з дзяжурным супрацоўнікам міліцыі дапусціў выказванні ў непрыстойнай форме ў бок прэзідэнта Беларусі, чым абразіў яго. Лінгвістычная экспертыза пастанавіла, што ягоныя словы з’яўляюцца ненарматыўнай формай маўленчага выказвання.

Сваю віну ў судзе прызнаў часткова, адзначыў, што намеру на абразу ў яго не было.

У суд былі запрошаныя сведкі - сястра і маці абвінавачанага. Аднак яны адмовіліся сведчыць супраць брата і сына.

"Што, нават добрых слоў пра Дзмітрыя сказаць не жадаеце?" - перапытаў іх суддзя.

Сведка, начальнік змены службы “102”, Сяргей Кісялёў на суд не з’явіўся, але прасіў прыняць да ўвагі ягоныя паказанні, дадзеныя пад час следства.

З яго паказанняў вынікае, што 31 студзеня 2022 года на лінію пазваніў нецвярозы мужчына, пацікавіўся ў дзяжурнага адказнасцю за абразу прадстаўніка органаў унутраных спраў, а затым пачаў усіх абражаць, у тым ліку і прэзідэнта.

У суд не з’явіўся сведка Сазонаў, чые паказанні істотныя для працэсу, таму суддзя абвясціў перапынак да 1 чэрвеня, каб забяспечыць яўку сведкі ў суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства