viasna on patreon

Беларуса асудзілі да двух гадоў калоніі за каментар у бок Лукашэнкі пасля пачатку вайны ва Украіне

2022 2022-05-26T15:13:57+0300 2022-05-26T16:51:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fidarau_ihar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Фёдараў

Ігар Фёдараў

25 траўня 2022 года ў судзе Баранавіч і Баранавіцкага раёна да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асудзілі Ігара Фёдарава. Суддзя Вікторыя Пакунова прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса за каментар, які Фёдараў пакінуў у Інстаграм, знаходзячыся ў Польшчы.

Хто такі Ігар Фёдараў?

Ігар Фёдараў шмат год працаваў інжынерам-механікам на “Авіяцыйным рамонтным заводзе" у Баранавічах. Але пасля падзей жніўня 2020 года, калі Ігар разам з іншымі завадчанамі актыўна выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34 і арт. 24.3 КаАП. Пасля гэтага з ім не працягнулі кантракт, а пасля ён і зусім вымушаны быў эміграваць, баючыся крымінальнага пераследу.

Знаходзячыся ў эміграцыі, Ігар распавядаў у інтэрв'ю Intex-press, што сумуе па Радзіме і жыве надзеяй вярнуцца. Але таго, што ён вырашыцца прыехаць у Беларусь напярэдадні рэферэндуму, ніхто з яго сяброў і знаёмых не чакаў.

Вядома, што вярнуцца ў Беларусь ён вырашыў пасля пачатку вайны ва Ўкраіне. Знаходзячыся на мяжы, ён напісаў у сацыяльных сетках пост:

«Я вяртаюся, каб сказаць “не” вайне і беззаконню, знаходзячыся ў сваёй роднай краіне. Рабяты, колькі мы будзем трываць гэта? Я так ганарыўся тым, што я беларус у 2020-м, мы ж, калі разабрацца, толькі тады па-сапраўднаму народам і сталі, а не проста людзьмі, якія жывуць у адной краіне. А цяпер мне так сорамна, сорамна, што мы толькі поглядамі і маўчаннем праводзім танкі, якія едуць забіваць украінцаў, самалёты, якія ўзлятаюць з нашых аэрадромаў і ракеты, якія ляцяць бамбіць украінскія гарады. Вядома, не хочацца быць звольненым, не хочацца трапіць на суткі, атрымаць агромністы штраф ці дубінкай па азадку, страшна лезці пад гумавыя кулі і светлашумавыя гранаты, але нашмат больш страшна тое, што па факту цяпер мы з'яўляемся маўклівымі саўдзельнікамі захвату брацкага нам народа, і ўсе тыя, хто ўжо загінуў і хто яшчэ загіне, будуць і на нашым сумленні таксама, калі мы гэтак жа працягнем маўчаць... Асабіста я буду лепш сядзець у турме, з чыстым сумленнем, чым запужаным, падаўленым, з заткнутым страхам ротам, у цёплай утульнай кватэрцы дзе-небудзь на Паўднёвым у Баранавічах ці на ўскрайку Кракава назіраць за ўсім гэтым піз....ом і нічога не рабіць»,пісаў ён у сацсетках.

27 лютага 2022 года ён вярнуўся дадому, каб паўдзельнічаць у рэферэндуме. Яго затрымалі каля выбарчага ўчастка і змясцілі ў ІЧУ у Баранавічах. 2 сакавіка яго перавялі ў СІЗА-6.

Як праходзіў суд над ім?

Суддзя Вікторыя Пакунова разгледзела справу за адзін дзень – 25 траўня. 26 траўня Фёдараву быў вынесены прысуд – два года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такі тэрмін папрасіла прызначыць памочніца Баранавіцкага міжраённага пракурора Святлана Пасемка.

baranavichy-sud1.jpg
Пакунова і Пасемка

У абодва дні ў залі суда прысутнічала вялікая колькасць людзей – каля 15 чалавек. 

Ігара Фёдарава прызналі вінаватым у тым, што 24 лютага 2022 года ён пакінуў пад фотаздымкам Лукашэнкі каментар са сваёй старонкі ў Інстаграм, які негатыўна ацэньваў Лукашэнку. Каментар утрымліваў наступныя выказванні:  «“нецензурная брань” загнан в угол “нецензурная брань” <неразборчиво> в захватническую войну против братского народа, чтобы получить одобрение очередной <неразборчиво> и стремясь остаться у власти». Згодна з тэкстам абвінавачання, мэтай Фёдараў ставіў нанясенне шкоды аўтарытэту ўлады. Экспертыза прызнала, што ў каментары Лукашэнка ацэньваецца негатыўна.

Мужчына цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што 24 лютага быў у Польшчы, працаваў там таксістам і жыў у адным пакоі ў інтэрнаце з украінцамі. Калі суседзі разбудзілі яго і паведамілі, што Расея напала на Ўкраіну, усе былі ў шоку. Бліжэй да абеда ён праз эмоцыі напісаў абразу пад фота, размясціў гэта ў сторыз і забыў пра гэта. Калі ён. даведаўся, што яго затрымалі за абразу, здзівіўся: ён не думаў, што ягоныя словы могуць трактавацца такім чынам. Калі 27 лютага ён вярнуўся ў Беларусь для галасавання, каля школы ўбачыў бабулю з плакатам – паразмаўляў з ёй і адышоў. Пасля гэтага да яго пад’ехалі супрацоўнікі і затрымалі яго спачатку паводле арт. 24.23 КаАП, а ў аддзяленні – ужо ў межах Крымінальнага артыкула.

Да справы былі далучаныя станоўчыя характарыстыкі Фёдарава з месца працы і каля 41 грамат і дыпломаў – мужчына – майстар спорта па самба.

Падтрымаць Ігара лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і пасылкамі можна па адрасе: 

СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В

Ігар Васільевіч Фёдараў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства