Паўтара года калоніі прысудзілі мінчаніну за абразу прэзідэнта і чыноўнікаў
Суд Ленінскага раёна Мінска 27 траўня вынес абвінаваўчы прысуд палітзняволенаму жыхару Мінска Максіму Анкудзе, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады (арт 369 Крымінальнага кодэкса) і абразе прэзідэнта (арт. 368).
Справу разглядала суддзя Марына Запаснік.
Анкуда быў затрыманы 16 лістапада 2021 года і да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска.
Разгляд крымінальнай справы пачаўся 24 траўня.
Па матэрыялах абвінавачання, Максім Анкуда, з выкарыстаннем сацыяльных сетак і мабільнага тэлефона публічна абразіў некалькі дзяржаўных чыноўнікаў: прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Генеральнага пракурора, старшыню ЦВК, намесніка міністра ўнутраных спраў і іншых службовых асоб у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.
Абвінавачаны прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 368 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, па сукупнасці якіх яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў, а таксама прыгавораны да штрафу ў памеры 100 базавых велічынь (3 200 рублёў).
Суд таксама задаволіў іскавую заяву генеральнага пракурора аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды на суму 10 тыс. рублёў і па яго ініцыятыве пастанавіў пералічыць іх на карысць Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Першамайскага раёна г. Мінска.