viasna on patreon

“Дарыла людзям радасць і добры настрой”: палітзняволеная Крысціна Чаранкова за кратамі 70 дзён

2022 2022-06-01T08:18:00+0300 2022-06-01T11:21:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ere.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Семдзесят дзён за кратамі правяла палітзняволеная з Мазыра Крысціна Чаранкова. Дзяўчыну затрымалі 22 сакавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы за некалькі пастоў у Instagram па арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне сацыяльнай варожасці).  У Instagram, які меў амаль 15 тысяч падпісантаў, Крысціна публікавала фатаграфіі, прысвечаныя субкультурнай модзе, не хавала сваіх палітычных поглядаў. А пасля нападу Пуціна на Украіну яна выкарыстоўвала свой акаўнт для абвяшчэння антываенных лозунгаў.

charankova-kryscina-03.jpg
Крысціна Чаранкова. Фота з сацыяльных сетак.

“Дарыла людзям радасць і добры настрой

Крысціне Чаранковай у Гомельскім СІЗА №3, дзе яна ўтрымліваецца зараз, споўнілася ў красавіку 32 гады. За гэты час дзяўчына паспела скончыць Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, выкладала ў школе англійскую мову.

Затым cустрэла сваё каханне. Пасля вяселля пераехала з Рэчыцы ў Мазыр, дзе на здзіўленне сваякам стала індывідуальнай прадпрымальніцай, пачала займацца афармленнем і дэкарацыяй вяселляў, дарыла людзям радасць і добры настрой.

“Дзесяць гадоў таму сын Фёдар пазнаёміў нас са сваёй дзяўчынай і пайшоў у войска. Пасля вяселля яна пераехала з Рэчыцы ў Мазыр. Давялося змяніць працу. Нечакана для нас, яна стала індывідуальнай прадпрымальніцай - стала займацца дэкарацыяй вяселляў. Стварала прыгожыя дэкарацыі, шмат што для іх рабіла сваімі рукамі,” – піша ў сацыяльных сетках пра нявестку Алена Чаранкова.  – У вольны час, разам з мужам любілі падарожнічаць па Беларусі і Украіне. Яшчэ адно агульнае захапленне – панк-рок. Крысціна з'яўляецца вакалістам гурта VIKT(A)R xOi, які паспеў запісаць некалькі трэкаў, але пасля сакавіцкіх ператрусаў ГУБЗіК забраў абсталяванне. Тым не менш, запіс вакалу Крысціны захаваўся, астатнія інструменты давялося перазапісаць”.

Крысціна ўвесь час выступае за роўнасць і братэрства, вядомая актывістка ў антыфашысцкім асяроддзі з Мазыра, адносіць сябе да руху «Скінхэды супраць расавых забабонаў».

Крысціна Чаранкова. Фота з сацыяльных сетак.
Крысціна Чаранкова. Фота з сацыяльных сетак.

«Нічога добрага не чакаю»

22 сакавіка 2022 года ў Мазыры прайшлі ператрусы і затрыманні дзясятка антыфашыстаў, удзельнікаў розных контркультурных музычных гуртоў. У выніку былі арыштаваныя па крымінальнай справе Крысціна Чаранкова (арт. 130 КК РБ — распальванне сацыяльнай варожасці за некалькі пастоў у Інстаграме) і Ганна Пышнік (арт. 361-4 КК — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, верагодна, за анархісцкія стыкеры).

Астатніх затрыманых асудзілі па адміністрацыйных справах: Аляксандр Дзеравенька, Антон Беляк, Альберт Зубараў, Андрэй Отчык атрымалі па 10 сутак арышту, Арцём Шкірман — 15 сутак. Быў затрыманы і муж Крысціны Фёдар.

 “Апошні раз мы бачыліся з Крысцінай і сынам 9 сакавіка. У той жа дзень ўначы мы з мужам былі вымушаны з'ехаць з Беларусі ў Польшчу. Крысціна з Фёдарам вырашылі застацца, нягледзячы на пераслед. Казалі, што "хтосьці павінен застацца", што "мы ў сваёй краіне", - піша  ў facebook Алена.

У жніўні 2020 года Крысціна напісала ў сваім блогу пра тое, што адбылося з Аленай і Юрасём Чаранковымі 11 жніўня, пра тое, як іх жорстка затрымлівалі. 

Пад час следства старонка Крысціны Чаранковай у Іnstagram была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Ініцыяваў працэс у судзе ГУБАЗіК. «Нічога добрага не чакаю», - паведаміла з гэтай нагоды Крысціна на волю.  Вядома, што ў Гомельскім СІЗА №3 Крысіціну паставілі на ўлік як «схільную да экстрэмізму». І пры гэтым яна стварае кранальныя малюнкі і стараецца перадаць іх на волю.

Крысціна, які і многія іншыя палітвязні, адчувае цяжкасці з перапіскай. Калі ад сваякоў лісты неяк прапускаюць, то ад сяброў і знаёмых вестачкі практычна не даходзяць. За ўвесь час можа два лісты і перадалі.

Перыядычна Крысціну пераводзяць з камеры ў камеру. Яна жартуе, што паспела за час зняволення перазнаёміцца ў СІЗА з усімі “палітычнымі” жанчынамі.

На думку сваякоў, суд над Крысцінай адбудзецца не хутка, не раней за восень.

Падтрымайце Крысціну паштоўкай або лістом: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Крысціна Аляксандраўна Чаранкова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства