Палітзняволенага Алега Канавалава абвінавачваюць яшчэ па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса
Палітзняволены Алег Канавалаў, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары № 3 ў Гомелі па падазрэнні ў распальванні сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 Крымінальнага кодэкса), абвінавачваецца яшчэ па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Канавалава дадаткова абвінавачваюць па частцы 1 артыкула 368 – «Знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», і арт. 369 – «Знявага прадстаўніка улады», паведамляе «Гомельская Вясна».
Тэрмін утрымання пад вартай Алегу Канавалаву працягнуты да 5 ліпеня па прычыне таго, што яшчэ не атрыманы вынікі комплекснай судова-псіхіятрычнай экспертызы і псіхалагічнай экспертызы па першаму абвінавачанню.Гэтыя вынікі будуць атрыманы, верагодна, пасля 20 чэрвеня.
Алег Канавалаў — уладальнік ютуб-канала "Третий регион Беларусь" быў затрыманы 10 студзеня 2022 года, калі вярнуўся з-за мяжы ў Беларусь на святы.
Яго абвінавачваюць у тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну працягваў «размяшчаць у сацсетцы інфармацыю антыдзяржаўнага зместу, прапагандаваць супраціў прадстаўнікам улады». Мужчына загружаў на свой канал відэа з акцый салідарнасці беларусаў у Кіеве. Таксама яму ў віну ставяць "цынічныя каментары" пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.
У канцы лютага 2022 на сем сутак быў змешчаны ў СІЗА №3 у карцар.