Хэйт ляжачага міліцыянта з пікета Ціханоўскага: як судзяць беларусаў за абразы Казлоўскага
Пасля брутальнага затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага, удзельнікаў яго каманды і выбарчага пікету 29 траўня 2020 года ў Гродне хваля рэпрэсій захіснула і тых, хто ў сацсетках выказваў незадаволенасць правакацыяй. Беларусы масава пачалі пісаць участковаму Уладзіміру Казлоўскаму, які знянацку ўпаў на зямлю ў натоўпе. Ён выступаў пацярпелым на судзе над Яўгенам Разнічэнкам і Уладзімірам Кнігам, якіх судзілі за "гвалт у адносінах да міліцыянта". Вядома, што пасля гэтага суда Казлоўскі пайшоў на падвышэнне па службовай лесвіцы: ад старшага ўчастковага інспектара Гродна да начальнікам штабу УУС адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Супраць беларусаў узбуджаюць крымінальныя справы за яго абразы і спаганяюць маральныя кампенсацыі Казлоўскаму. Міліцыянт ужо спагнаў шкоду ў суме 6 800 рублёў з выхавальніцы, бацькі дачкі з інваліднасцю, дальнабойніка, які не мае магчымасці працаваць праз падпіску аб нявыезде, мужчыны з інваліднасцю. Іх усіх асудзілі да абмежавання волі з і без накіраваннем у папраўчыя ўстановы. Распавядаем, як судзяць беларусаў за абразы сумнавядомага міліцыянта Казлоўскага, а юрыст “Вясны” Павел Сапелка каментуе гэты масавы пераслед.
Пра заяву на пагрозы распавёў на судзе па "справе Ціханоўскага"
Пра тое, што ў яго адрас паступаюць пагрозы, міліцыянт Уладзімір Казлоўскі распавёў на судзе па "справе Ціханоўскага" ў Гродне. На гэтай падставе ён прасіў закрыць працэс:
"У мой адрас пачалі паступаць пагрозы, пагражаюць фізічнай расправай, выклікаюць на паядынкі. Я напісаў заяву, па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа".
Але суддзя Вольга Бекушава не стала закрываць суд:
"Інфармацыя аб вас ужо з'яўлялася ў сеткі, закрыццё судовага пасяджэння выкліча яшчэ большую хвалю. Акрамя таго, ніхто не адмаўляе вам у праве звяртацца за абаронай у праваахоўныя органы".
Тады ён запрасіў кампенсацыю маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў, суд абавязаў выплаціць яму 1000 рублёў.
Следчыя далі ход заяве Казлоўскага і пачалі ўзбуджаць крымінальныя справы па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Некаторых бралі нават пад варту да суда.
На судзе па “справе Ціханоўскага” дапыталі ўчастковага Казлоўскага, які на пікеце 29 траўня апынуўся на зямлі
Казлоўскі: "Цягам гадзіны прыйшло больш за тысячу абразаў і пагрозаў"
Напрыклад, 57-гадовага Андрэя Васілеўскага, які мае другую групу інваліднасці ў сувязі з праблемамі з сэрцам, трымалі пад вартай за каментар пра Казлоўскага ў “Аднакласніках” амаль месяц. Паводле версіі абвінавачвання, Васілеўскі пакінуў каментар у "Аднакласніках" пад допісам Вольгі Карач са словам "мразь".
На працэсе ў судзе Савецкага раёна Мінска 27 кастрычніка мінулага году дапыталі на судзе праз відэаканферэнцсувязь на Skype:
"Усё пачалося 29 траўня [2020 году], калі я заступіў на ахову грамадскага парадку на тэрыторыі Ленінскага раёна Гродна, дзе праходзіла пікетаванне па зборы подпісаў кандыдата ў прэзідэнты. Нёс службу разам з напарнікам Хваленем. Пасля ў дачыненні да мяне і да Хвалені быў ўжыты гвалт. Нас для аказання медыцынскай дапамогі даставілі ў лякарню. 30 траўня [2020 года], знаходзячыся ў лякарні, каля 10-й гадзіны на мой мабільны тэлефон у розных сетках: у "Аднакласніках", "ВКонтакте", Instagram — цягам гадзіны прыйшло больш за тысячу абразаў, пагрозаў ужывання гвалту як у дачыненні да мяне, гэтак і ў дачыненні да маіх родных і блізкіх. Пасля чаго я заблакаваў усе старонкі ва ўсіх сацсетках. Карыстальнікі самі пабачылі, што мае старонкі закрытыя, недасяжныя, таму пачалі дадаваць паведамленні на адрас маёй маці, жонкі. Пасля ад супрацоўнікаў УУБ мне стала вядома, што на старонцы ў "Аднакласніках" Вольгі Карач быў пакінуты каментар абразлівага характару ў адносінах да мяне. Усё, па гэтым факце была напісаная заява. Быў фотаздымак, наколькі я памятаю, дзе я ажыццяўляў свае службовыя абавязкі ў 2017-м ці 2018-м годзе на вуліцы Савецкай. І таксама былі па-мойму допісы і каментары іншых грамадзян, якіх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае пікетаванне.
Канкрэтна каментар абражаў мяне як супрацоўніка міліцыі, як прадстаўніка ўлады, насіў негатыўны характар і ацэнку маіх дзеянняў".
У выніку суддзя Аляксандр Воўк асудзіў Васілеўскага да двух гадоў і шасці месяцаў "хатняй хіміі" і пастанавіў спагнаць з абвінавачванага на карысць пацярпелага 1500 рублёў маральнай шкоды.
Суд перад студэнтамі ва ўніверсітэце
Некаторыя суды па справе па абразе Казлоўскага праходзілі паказальна. Так, 7 снежня мінулага году суд Савецкага раёна Гомеля асудзіў да трох гадоў “хіміі” 47-гадовага дальнабойніка Андрэя Дзямідава. Суд праходзіў у будынку Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО". Крымінальную справу супраць гамяльчаніна завялі летам 2021 года і выбралі ў якасці меры стрымання падпіску аб нявыездзе, нягледзячы на тое, што мужчына працуе кіроўцам-міжнароднікам на ўласнай фуры. На працэсе Дзямідаў распавёў, што каментар размясціў на эмоцыях, бо быў абураны дзеяннямі міліцыянтаў пры затрыманні 29 траўня мінулага года блогера Сяргея Ціханоўскага. Пацярпелы Казлоўскі ў суд не з'явіўся па прычыне "моцнай службовай занятасці", але пазоў аб спагнанні маральнай шкоды на 1500 рублёў ён заявіў – яго задаволілі ў поўным аб’ёме.
У судзе Ленінскага раёна Мінска 2 верасня мінулага году да трох гадоў "хатняй хіміі" асудзілі Руслана Літвіна. Яго судзілі за каментар пад публікацыяй фота і персанальных звестак міліцыянта Казлоўскага ў тэлеграм-чаце “Каратели Беларуси” 31 траўня 2020 года. Пацярпелы на пасяджэнне не з’явіўся, але заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў – суд яго задаволіў у поўным аб’ёме.
Суд над выхавацелькай
6 траўня ў судзе Баранавіч і Баранавіцкага раёна вынесены прысуд за абразу Казлоўскага ў “Аднакласніках” выхавацельке дзіцячага садка першай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлане Анціпкінай. На гэтым судзе яго таксама дапытвалі анлайн. Але тут ён казаў, што ў сацыяльных сетках з’явілася каля 700 каментароў, хаця раней заяўляў пра больш за тысячу абраз. Казлоўскі папрасіў прызначыць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў, 800 рублёў Анціпкіна пералічыла за дзень да суда.
Але суддзя нечакана ўзнавіла судовае следства, таму што пракурор хадайнічаў аб выкліку ў суд пацярпелага, каб удакладніць у яго абгрунтаванне кампенсацыі маральнай шкоды.Пасля гэтага Уладзімір Казлоўскі не прыехаў у суд і адмовіўся ад пазову, заявіўшы, што абвінавачаная ўжо кампенсавала яму панесеную шкоду. Суд прызначыў Анціпкінай 1,5 гады "хатняй хіміі".
Суд над бацькам дачкі з інваліднасцю
5 лістапада ў судзе Аршанскага раёна асудзілі да 1,5 гады “хіміі” 55-гадовага муляра Аляксандра Анташкевіча. Таксама з яго абавязалі спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры адной тысячы рублёў.
Паводле абвінавачвання, Аляксандр Анташкевіч 19 студзеня 2021 года пакінуў “абразлівы каментар” у суполцы "Я супраць гэтага рэжыму" пад калажам з фотавыявай Казлоўскага, які быў выкладзены ў інтэрнэт падчас суду ў Гродне над Кнігам, Разнічэнкам, Фурманавым. Суд не агучваў тэкст паведамлення, бо той утрымлівае нецэнзурную лаянку.
На судзе стала вядома, што Анташкевіч выхоўвае 22-гадовую дачку з інваліднасцю першай групы.
Казлоўскі ўдзельнічаў у працэсе па відэасувязі праз скайп з мабільнага тэлефона сакратара судовага пасяджэння. Міліцыянт прад'явіў пазоўныя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1,5 тысячы рублёў, адзначыўшы, што ў сувязі з каментаром абвінавачанага адчуў глыбокае пачуццё зневажання, а таксама "адчуў эмацыйныя перажыванні негатыўных пачуццяў". Суд задаволіў пазоў.
Таксама на адным з судовых працэсаў стала вядома, што 31 кастрычніка 2020 года Казлоўскі звяртаўся з заявай у міліцыю па факту размяшчэння яго персанальных звестак у тэлеграм-канале “Каратели Беларуси”. Уладзіміру Казлоўскаму сталі паступаць тэлефанаванні і смс-паведамленні, а таксама паведамленні ў розных месэнджарах і сацсетках з пагрозамі прымянення гвалту ў дачыненні да яго і членаў яго сям’і, а пад самой публікацыяй было размешчана шмат каментароў абразлівага характара ў яго адрас.
"Ва ўладаў з'явілася падстава асудзіць дзясяткі шчырых неабыякавых людзей"
Юрыст "Вясны" Павел Сапелка каментуе канвеер крымінальных справаў за абразу міліцыянта з пікета 29 траўня 2020 году ў Гродне:
"Гэта нечаканы пабочны эфект: акрамя магчымасці адвольна пазбавіць свабоды Сяргея Ціханоўскага ва ўладаў з'явілася падстава асудзіць да абмежавання волі, абкласці абавязацельствамі па выплаце немалых сум "маральнай шкоды" дзясяткі шчырых неабыякавых людзей. Хоць юрыдычна гэтыя прысуды нікчэмныя. Па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса караецца абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Зразумела, што сёння ў кола службовых абавязкаў "праваахоўнікаў" увайшлі абгаворы, выбітыя дзверы, адвольныя арышты і нават катаванні. У выпадку з Казлоўскім у службовыя абавязкі міліцыянта ўвайшла балаганнага ўзроўню пастаноўка? Падобна на тое, на гэтае пытанне следства і суд адказалі станоўча, ператварыўшы ў невясёлы цырк таксама працэс расследавання і правасуддзя".
Блогер Ціханоўскі — першы палітвязень за падзеі 2020 года: узгадваем гісторыю яго пераследу і затрыманых з ім на пікеце