Больш за дзясятак абраз і пагроз у адрас прэзідэнта, суддзі і супрацоўнікаў міліцыі фігуруе ў судзе над Паўлам Кучынскім
Суд Вілейскага раёна 2 чэрвеня пачаў разгляд крымінальнай справы жыхара Маладэчна палітвязня Паўла Кучынскага.
Справу разглядае суддзя Канстанцін Калядаў, дзяржабвінаваўца – намеснік пракурора раёна Андрэй Жукоўскі.
Палітзняволенага Паўла Кучынскага затрымалі 26 студзеня 2022 года і да суда змясцілі ў Следчую турму ў Жодзіна, пры гэтым ён мае інваліднасць другой групы, у яго чацвёртая стадыя рака.
Спачатку родным казалі, што Павел затрыманы на трое сутак, а пасля высветлілася, што яго будуць трымаць пад вартай да суда. Родныя ездзілі у Бараўляны за паперамі, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні і яго нельга трымаць у такіх умовах, пісалі ў пракуратуру і Адміністрацыю Лукашэнкі — але нічога не дапамагло.
Сваякам удалося дабіцца, каб Кучынскага звазілі ў Бараўляны на абследаванні, па выніках якога бачна, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абследавання следачай з просьбай аказаць дапамогу, тая сказала, што ён нібыта не скардзіцца і што родныя "гэтымі дзеяннямі затрымліваюць працэс".
Канчаткова Кучынскага абвінавачваюць па 5 артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 389 Крымінальнага кодэкса (пагроза ў дачыненні да суддзі або народнага засядацеля);
- арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады);
- арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
- ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- арт. 391 Крымінальнага кодэкса (абраза суддзі або народнага засядацеля).
У справе некалькі пацярпелых суддзяў і прадстаўнікоў улады: Лукашэнка, Філістовіч, Бедункевіч, Каханоўская і Прыгара.
Па матэрыялах абвінавачання, Павел Кучынскі 30 траўня 2021 года, маючы намер на публічную абразу прэзідэнта Беларусі, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона размясціў у тэлеграм-чаце “Маладэчна. Жыццё для.Чат” размясціў негатыўны каментар з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання. У той жа дзень, у тым жа тэлеграм-канале абразіў прадстаўніка ўлады, суддзю Маладзечанскага раёна Іну Каханоўскую.
2 ліпеня 2021 года ў зняважлівай форме публічна абразіў начальніка РАУС Маладзечанскага раёна Вадзіма Прыгару, прычыніў яму маральныя пакуты, прынізіў аўтарытэт супрацоўніка міліцыі. З помсты за ягоную службовую дзейнасць таксама размясціў пагрозы прымяненння гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных спраў.
Яшчэ адзін эпізод тычыцца размяшчэння каментара з пагрозамі гвалту ў адрас суддзі Іны Каханоўскай.
Абразлівыя каментары Кучынскі пакідаў у маладзечанскім тэлеграм-канале “Маладзечна. Чат” ў ліпені 2021 года шэсць разоў. Апроч абразы прэзідэнта, Вадзіма Прыгары і Іны Каханоўскай, дапускаў абразы памочніка камандзіра ўзвода ППС Маладэчанскага раёна Філістовіча і намесніка начальніка ГУБАЗ Бедункевіча.
Усяго ў справе больш за 10 эпізодаў нанясення абраз пацярпелым, здзейненыя ў перыяд з ліпеня па кастрычнік 2021 года.
У суд былі выкліканыя сведкі – маці Паўла Жаровіна і сваячка Скапец, якія адмовіліся даваць паказанні супраць блізкага чалавека. У той жа час у якасці сведкі заявіў сябе дзядуля Паўла Іван Кучынскі.
Абвінавачаны сваю віну прызнаў у поўным аб’ёме.
У судзе дзяржабвінаваўцам было заяўленае хадайніцтва працягваць судовае пасяджэнне ў закрытым рэжыме, паколькі могуць быць агалошаныя персанальныя дадзеныя ўдзельнікаў працэса, а таксама агучаныя звесткі якія прыніжаюць удзельнікаў працэса – пацярпелых.
Пасля перапынку суд падтрымаў хадайніцтва. Далей суд праходзіць у закрытым рэжыме.