viasna on patreon

Як беларусаў судзілі за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады? Вялікая падборка дыфамацыйных прысудаў

2022 2022-06-02T18:02:22+0300 2022-06-02T18:02:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/suddzia_buguk_malenkaja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).

Тут сабраныя прысуды, якія сталі вядомыя праваабаронцам апошнім часам.


Планы пасля смерці Лукашэнкі: "Буду адзначаць тыдзень"

10 і 11 сакавіка 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна горада Брэста прайшоў судовы працэс над Кірылам Піліпуком. Яго абвінавацілі ў публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Пра гэта паведамляе "Берасцейская Вясна".

Кірыл Піліпук 3 траўня 2021 года наведваў сацыяльную сетку “Аднакласнікі”. Там ён убачыў выяву з Аляксандрам Лукашэнкам у труне і вырашыў пакінуць каментар:

"Калі гэты клоўн здохне, я буду адзначаць тыдзень".

За гэты каментар і распачалі крымінальную справу — праз амаль адзін год з моманту яго напісання.

На судовым працэсе быў абвешчаны вынік судова-лінгвістычнай экспертызы. Паводле яе, паказаны каментар «мае негатыўную ацэнку прэзідэнта РБ, выяўленую словам "клоўн"».

У выніку суддзя Іна Клышпач прысудзіла Кірылу Піліпуку два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) — "хіміі", а таксама канфіскацыю смартфона як сродку здзяйснення злачынства.


"Хімія" за "хіміяй"

28 і 29 сакавіка ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прайшлі пасяджэнні паводле крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенага Аляксея Алікіна.

Яго вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

На той момант Аляксей Алікін ужо адбываў пакаранне ў віцебскім ПУАТ № 9 згодна з прысудам суда Асіповіцкага раёна — таксама за абразу прадстаўніка ўлады. Тады Алікіна асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, а пакаранне ён пачаў адбываць з 28 жніўня 2021 года.

На судовым пасяджэнні ў судзе Бабруйскага раёна Алікін адсутнічаў. Ён хадайнічаў пра разгляд справы без ягонага ўдзелу, а сваю віну прызнаў.

Паводле абвінавачвання, віна палягала ў абразе начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама. У адным з тэлеграм-каналаў Алікін пракаментаваў ягоную асобу пад допісам пра затрыманне працаўніка аднаго з ААТ. І тым самым, згодна з абвінавачваннем, хацеў "паказаць нікчэмнасць [падпалкоўніка міліцыі], падарваць аўтарытэт улады".

Як растлумачыў Алікін падчас папярэдняга следства, у тэлеграм-канале ён убачыў публікацыю пра затрыманне незнаёмага яму чалавека, у каментарах да якой карыстальнікі абвінавацілі сілавіка ў збіванні дадзенага грамадзяніна. Таму Алікін апублікаваў два абразлівыя каментары ў бок гэтага падпалкоўніка міліцыі. Зрабіў ён іх са свайго мабільнага тэлефона, які пасля быў канфіскаваны падчас разгляду папярэдняй крымінальнай справы Асіповіцкім судом.

У выніку суд прызначыў Алікіну пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год 6 месяцаў. Аднак з той прычыны, што Аляксей ужо адбывае пакаранне паводле прысуду суда Асіповіцкага раёна, то праз паглынанне меней строгага пакарання больш строгім, канчатковым пакараннем суд прызнаў абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на паўтара года. А таксама Алікін павінен выплаціць "пацярпеламу" падпалкоўніку міліцыі 1000 беларускіх рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.


Каментар пачынаўся з літары "Ч"

5 красавіка 2022 года суд Ленінскага раёна Гродна асудзіў Яўгена Паўлоўскага за каментар — гэта кваліфікавалі як публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК).

Яўген Паўлоўскі — кіроўца-міжнароднік. Яго прызналі вінаватым у тым, што, знаходзячыся на тэрыторыі Польшчы, ён пакінуў каментар у групе "Наш дом" ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" ў адрас супрацоўніка мясцовага АУС. Паводле пераканання боку дзяржабвінавачвання, ён пракаментаваў фотавыяву і публікацыю непрыстойным па форме і зневажальным па скіраванасці тэкстам. Выказванне ўтрымлівала негатыўную ацэнку ў ненарматыўнай форме маўленчага выказвання ў дачыненні да старшага ўчастковага інспектара міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна К. Вядома, што каментар пачынаўся з літары "Ч".

Паўлоўскі прызнаў сваю віну. Праверку каментара правялі паводле заявы пацярпелага, які палічыў, што мэтай выказвання стала абраза яго як супрацоўніка міліцыі, прадстаўніка ўлады, выключна ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.

Лінгвістычная экспертыза выявіла ў тэксце каментара слова з негатыўна-ацэнкавым значэннем. Эксперт быў упэўнены, што "лексема дадзенага слова суправаджаецца ў паказаным слоўніку стылістычнай пазнакай "лаянкава", такім чынам, мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання.

Суддзя Юрый Казакевіч прызнаў Паўлоўскага вінаватым, прызначыў пакаранне ў выглядзе аднаго года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) — "хіміі".

Таксама вядома, што абвінавачаны добраахвотна пакрыў шкоду, нанесеную каментаром. Да суда Паўлоўскі знаходзіўся пад вартай. Пасля вынясення прысуду ў зале суда яго вызвалілі да пачатку адбывання пакарання. Яго ж асуджаны пачаў адбываць 29 красавіка. Праваабаронцы прызналі Яўгена палітвязнем.


Прэстыж усюды падарваны

12 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёна горада Мінска была разгледжана крымінальная справа паводле арт. 369 у дачыненні да Юліі Аніскевіч. Суддзёй выступіла Наталля Бугук, а дзяржаўнай абвінаваўцай — Крысціна Асран.

suddzia_buguk_malenkaja.jpg
Суддзя Наталля Бугук

Юлія Аніскевіч з'яўляецца індывідуальнай прадпрымальніцай. Пад вартай паводле крымінальнай справы яна ўтрымоўвалася з 5 па 7 кастрычніка 2021 года.

Аніскевіч абвінавацілі адразу ў чатырох эпізодах "абразы" вядомых прадстаўнікоў улады. Здзяйсняла іх Аніскевіч, як вызначыў суд, праз каментары ў чаце тэлеграм-канала, "прызнанага экстрэмісцкім".

Кожны эпізод следствам ацэньваўся аднолькава: сваімі рознымі каментарамі Юлія Аніскевіч нанесла ў дачыненні да кожнага з чатырох пацярпелых "шкоду гонару, годнасці, прынізіла аўтарытэт паказанага супрацоўніка ў вачах навакольных". Аднак у ацэнцы "падрыву прэстыжу" ёсць адпаведныя разыходжанні.

Так, паводле абвінавачвання, Юлія Аніскевіч напісала каментары:

  • 15 лістапада 2020 года — у дачыненні да камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама палкоўніка міліцыі Дзмітрыя Балабы. У той дзень у тэлеграм-канале быў размешчаны відэазапіс, у якім фігураваў Балаба разам з пратэстоўцамі на "Плошчы Перамен". Гэтым самым абвінавачаная "падарвала прэстыж кіраўніцкай дзейнасці ў дзяржаве, якая здзяйсняецца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў".
  • 19 лістапада 2020 года — у дачыненні да старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, якая знаходзіцца пад асаблівай абаронай дзяржавы. Тут ужо Аніскевіч сваім каментаром "прынізіла аўтарытэт Качанавай у вачах навакольных і падарвала прэстыж заканадаўчай дзейнасці ў дзяржаве, якая здзяйсняецца чальцамі Парламента Рэспублікі Беларусь".
  • 4 сакавіка 2021 года — у дачыненні да міністра ўнутраных спраў генерал-лейтэнанта міліцыі Івана Кубракова. Так Аніскевіч "падарвала прэстыж кіраўніцкай дзейнасці ў дзяржаве, якая здзяйсняецца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў".
  • 2 чэрвеня 2021 года — у дачыненні да старшай памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна горада Мінска Аліны Касьянчык. Тут Аніскевіч, паводле абвінавачвання, "падарвала прэстыж нагляднай дзейнасці ў дзяржаве, якая здзяйсняецца супрацоўнікам пракуратуры".
  • 18 чэрвеня 2021 года — у дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віталя Уткіна, які знаходзіцца пад асаблівай абаронай дзяржавы. Тым самым абвінавачаная "падарвала прэстыж заканадаўчай дзейнасці ў дзяржаве". У дачыненні да Уткіна было пакінута ўжо два каментары.

Ніхто з чацвярых пацярпелых на суд не з'явіўся. З іх толькі Балаба заявіў грамадзянскі пазоў: спагнаць з абвінавачанай у якасці матэрыяльнага пакрыцця ягонай маральнай шкоды 1500 беларускіх рублёў.

Сваю віну Аніскевіч цалкам прызнала. Яна адзначыла, што пакінула каментары, кіруючыся сваім эмацыйным станам.

Абвінавачванне ацаніла кожны з каментароў, напісаны пасля першага (15 лістапада ў адносінах да Балабы) як асобны эпізод — яны разглядаліся як зробленыя "асобай, якая раней здзейсніла злачынства".

А ў вынясенні прысуду суд прызнаў гэта акалічнасцю, што абцяжарвае адказнасць, — "здзяйсненне злачынстваў асобай, якая раней здзейсніла якое-небудзь злачынства, калі не мінулі тэрміны даўнасці".

У выніку суддзя Наталля Бугук пастанавіла пакараць Юлію Аніскевіч абмежаваннем волі з накіраваннем у ПУАТ тэрмінам на два гады ("хімія"), а таксама задаволіла грамадзянскі пазоў Балабы ў 1500 беларускіх рублёў. Акрамя гэтага, суддзя пастанавіла канфіскаваць iPhone Юліі Аніскевіч, з якога яна пісала каментары, а сім-карту знішчыць.


Патэлефанаваў на "102" — абразіў Лукашэнку

Як стала вядома "Берасцейскай Вясне", 7 красавіка ў Баранавічах асудзілі Сяргея Вікулава. Паводле тэксту прысуду, мужчына выпіў дзве бутэлькі гарэлкі, яму зрабілася блага, з прычыны чаго ён патэлефанаваў у хуткую дапамогу на нумар "103" і ў міліцыю на нумар "102". Падчас тэлефанавання ў міліцыю дапусціў абразу Лукашэнкі.

На судзе Сяргей сказаў, што не памятае, што менавіта казаў у той дзень пра Аляксандра Лукашэнку. А суддзя суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічаў Мікалай Кміта пастанавіў: прызнаць вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК, прызначыць 3 месяцы арышту, канфіскацыю мабільнага тэлефона як прылады злачынства і накіраваць на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

suddzia-kmita.jpg
Суддзя Мікалай Кміта. Фота з архіваў intex-press.by

Жыхарку Мінска чацвёрты раз асудзілі за абразу міліцыянта

12 красавіка 55-гадовую маці-адзіночку з Мінска Ірыну Сташкевіч асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" ў Цэнтральным раённым судзе Мінска. Гэта ейны чацвёрты судовы працэс паводле арт. 369 КК (абраза службовай асобы).

Гэты судовы разгляд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці невядомыя. Справу, як і ў другі раз, разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк. У выніку Ірыну асудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.


Пакаранне — у тым ліку і прымусовае лячэнне

12 і 13 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна горада Мінска адбыліся судовыя пасяджэнні над Аляксандрам Астроўскім. Яму інкрымінавалі публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Суддзя Юрый Машкетаў падчас судовага следства вызначыў, што Астроўскі "9 і 15 снежня 2020 гады з выкарыстаннем мабільнага тэлефона ў адным з дэструктыўных Telegram-чатаў размясціў абразлівыя каментары ў адрас начальніка ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці".

У выніку Аляксандру Астроўскаму прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»). Акрамя таго суд пастанавіў: "Паколькі абвінавачаны на момант супрацьпраўных дзеянняў пакутаваў ад наркаманіі, яму згодна з правіламі арт.107 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначана прымусовае лячэнне".


Сарвалі сцяг удвух — злачынства па папярэдняй змове

13-15 красавіка 2022 у судзе Маскоўскага раёна горада Брэста праходзіў працэс над двума маладымі хлопцамі (2001 і 2002 года нараджэння), паведаміла "Берасцейская Вясна". Гэта Максім Хамічук і Данііл Мурашкін, іх абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК РБ).

У ноч з 21 на 22 студзеня 2022 гады маладыя людзі адпачывалі і выпівалі. Апынуўшыся ля брэсцкай крамы "Хіт!", убачылі там дзяржаўны сцяг. Хамічук паспрабаваў сарваць яго, але з першага разу не выйшла. Тады Мурашкін падсадзіў таварыша, і сцяг апынуўся ў руках (пры гэтым паламалася дрэўка). Сам сцяг хлопцы не рвалі, нічога з ім не рабілі — проста занеслі дадому да Хамічука і ўсталявалі вертыкальна. Пасля пайшлі да знаёмых.

23 студзеня праваахоўнікі затрымалі Хамічука, а на наступны дзень — Мурашкіна. Абодвух неўзабаве змясцілі пад варту ў брэсцкае СІЗА, а 13 красавіка пачалі судзіць.

Паводле абвінавачвання, Хамічук і Мурашкін "здзейснілі злачынства групай асобаў, па папярэдняй змове". Абвінавачаныя на судзе частку наконт "папярэдняй змовы" адмаўлялі.

На судзе ў якасці сведкі выступаў прыяцель абвінавачаных Міхно. Ён адзначыў, што не бачыў зрыў сцяга (бо ў гэты момант размаўляў па тэлефоне) і што сцяг пасля гэтага аднеслі дадому да Хамічука (дзе пражываў і сама сведка).

Пракурор Андрэй Бацюшка на судзе 14 красавіка папрасіў прызнаць абодвух абвінавачаных вінаватымі і запрасіў ім такое пакаранне, якое і вынесла 15 красавіка суддзя Марына Скалковіч: па тры месяцы арышту.


"Подсцілка, якая брыдота"

25 красавіка 2022 у Маскоўскім судзе Брэста пачаўся крымінальны працэс паводле арт. 369 КК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады). Абвінавачаная — Ала Зуйкова. Пра гэта паведамляе "Берасцейская Вясна".

12 жніўня 2020 года ў групах з "чорнымі спісамі" сілавікоў выклалі невялікі тэкст пра афіцыйную прадстаўніцу Следчага камітэта Юлію Ганчарову. Напярэдадні Ганчарова дала каментар дзяржаўным СМІ, дзе паведамляла пра завядзенне крымінальнай справы за блакіроўку дарог у Мінску 10-11 жніўня 2020. Акрамя таго, паводле публікацый у "чорных спісах", работніца СК назвала пратэстоўцаў "правакатарамі". Да допіса была прыкладзеная спасылка на інстаграм-профіль работніцы СК.

У той жа дзень, 12 жніўня 2020-га, Ала Зуйкова напісала на інстаграм-старонцы Ганчаровай:

"Подсцілка, якая брыдота".

julia-gancharova_sk-skrynshot.jpg
Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова. Скрыншот відэа СК Беларусі зроблены "Берасцейскай Вясной"

Калегі Ганчаровай кваліфікавалі гэты каментар як "публічную абразу прадстаўніка ўлады" і распачалі крымінальную справу паводле арт. 369 КК. У красавіку 2022 года справа дайшла да суда, дзе Зуйкова цалкам прызнала сваю віну.

У выніку суддзя Марыя Аліферук прызначыла Зуйковай пакаранне ў паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Менавіта такое пакаранне і запытваў дзяржабвінаваўца Аляксандр Бацюшка. Таксама суддзя пастанавіла: Зуйкова павінна заплаціць 1500 рублёў маральнай кампенсацыі на карысць пацярпелай прадстаўніцы ўлады Ганчаровай.


"Адчуў маральныя пакуты"

4 траўня ў судзе Пінскага раёна і Пінска асудзілі 44-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Ляўлюха. У віну яму ставілі абразу супрацоўніка ДАІ (арт. 369 КК) Яўгена Малахевіча. Справу разглядала суддзя Вольга Лубнік, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Ілля Гузарэвіч.

Андрэя Ляўлюха затрымалі 2 красавіка ў Расіі, дзе ён быў на заробках. Але інфармацыі пра афіцыйную выдачу беларуса на радзіму ў матэрыялах справы няма. Да суда ў Пінску Леўлюх быў узяты пад варту.

Паводле версіі абвінавачвання, 13 снежня 2020 года ў "Аднакласніках" у групе "Вусаты таракан" размясціў пад здымкам Малахевіча каментар абразлівага характару з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі:

"Што цікава, усе яны на адзін твар <…> не абцяжараны інтэлектам. Калі іх <…> у тоне вырасла вось гэта, узлаваная на ўвесь свет істота, нахабная, беспрынцыповая, адданая гаспадару, але тупая, раз дагэтуль не зразумела, гаспадару пляваць <…> ахвяруе пры першай жа магчымасці".

Пацярпелы супрацоўнік ДАІ Дубровенскага РАУС Яўген Малахевіч з прычыны "аддаленасці і занятасці па працы" на суд не з'явіўся. Але ён даслаў грамадзянскі пазоў, дзе растлумачыў, як на яго паўплываў гэты каментар:

"Мне прычыненая маральная шкода, якая выявілася ў тым, што я як грамадзянін і супрацоўнік органаў унутраных спраў РБ адчуў маральныя пакуты, якія выявіліся адчуваннем зневажэння майго гонару і годнасці ў вачах неабмежаванага кола асобаў, азнаёміўшыся з дадзеным каментаром".

Таксама ў грамадзянскім пазове Малахевіч запатрабаваў спагнаць з абвінавачанага 1000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральных пакут.

Абвінавачаны Ляўлюх на судзе сваю віну прызнаў. На пытанне абвінавачвання "Ці не раскайваецеся ў зробленым?" Леўлюх адказаў: "Не было часу падумаць, але віну прызнаю". На судзе пінчук распавёў, што сваім каментаром адрэагаваў на тое, што "супрацоўнік сказаў, што пойдзе страляць".

У выніку, суддзя Вольга Лубнік прызначыла Андрэю Леўлюху два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія"). Менавіта такое пакаранне запытваў дзяржабвінаваўца. Акрамя гэтага, суд пастанавіў спагнаць з абвінавачанага маральную кампенсацыю пацярпеламу даішніку ў памеры 1000 беларускіх рублёў.


Абразіў двух міліцыянтаў, але на суд яны не прыйшлі

4 траўня ў судзе Жодзіна і Жодзінскага раёна Дзмітрыя Коктыша прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Згодна з версіяй абвінавачвання, 17 ліпеня 2020 года Дзмітрый Коктыш размясціў у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" каментар, які абразіў двух міліцыянтаў Пружанскага РАУС — участковага інспектара міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі маёра міліцыі Каляду і ўчастковага інспектара міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі старшага лейтэнанта Таразевіча.

Коктыш напісаў гэты каментар пад чужым допісам, у якім гаварылася, што яны збілі грамадзян.

Пацярпелыя міліцыянты ў суд не з'явіліся, падалі заявы аб разглядзе справы без іх удзелу. Суд палічыў гэта магчымым.

Дзмітрый Коктыш быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 16 сакавіка 2022 года. Два дні правёў у СІЗА, потым знаходзіўся пад падпіскай аб нявыяздзе. Пацярпелыя заявілі падчас разгляду крымінальнай справы патрабаванні аб пакрыцці маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў на кожнага — Коктыш гэта кампенсаваў.

У выніку суддзя Іван Грынкевіч вынес мужчыну прысуд: паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія"). Менавіта такое пакаранне для абвінавачанага запрасіў дзяржаўны абвінаваўца — старшы памочнік пракурора горада Жодзіна Дзмітрый Ярашэвіч.


Без падрабязнасцяў

5 траўня судом Маскоўскага раёна горада Мінска была асуджана Раіса Бабеня. Яе абвінавацілі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса ў абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Суддзя Юлія Шут прызначыла Бабені пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады (“хатняя хімія”). Падрабязнасцяў па справе больш няма.


Чатыры артыкулы адразу

5 траўня ў Гродзенскім абласным судзе да трох гадоў калоніі асудзілі 50-гадовага Андрэя Ражкова. Яго абвінавацілі адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), пагроза гвалтам у дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК), абраза суддзі (арт. 391 КК), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Пра гэта паведамляе “Гарадзенская праваабарона”.

Вядома, што пад вартай Андрэя Ражкова ўтрымліваюць яшчэ з 17 лістапада 2021 года.

А крымінальную справу ў дачыненні да яго разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык.


Абразіла памочніка Лукашэнкі ў Маскве — падлучылася ФСБ

11 траўня суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Таццяна Рахманенка вынесла прысуд Ганне Вольскай за "абразу прадстаўнікоў улады". Пра гэта паведамляе MAYDAY.TEAM.

Жанчыну прызналі вінаватай у тым, што яна ў снежні 2020 года ў чаце "Карнікі Беларусі" пакінула негатыўныя водгукі пра памочніка Аляксандра Лукашэнкі, былога намміністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова і старшага ўчастковага Ленінскага РАУС Магілёва Яўгена Пугіна.

MAYDAY.TEAM лічыць цікавым наступнае: з 2014 года Вольская жыла ў Маскве і каментары пакідала, знаходзячыся ў расійскай сталіцы і карыстаючыся інтэрнэтам ад мясцовага аператара "Білайн".

Ужо 4 студзеня 2021 года да яе прыйшлі расійскія сілавікі, аднак пасля дачы паказанняў адпусцілі, бо ў расійскім заканадаўстве адсутнічае крымінальны пераслед за абразу прадстаўніка ўлады.

Згодна з інфармацыяй MAYDAY TEAM, праз год дзяўчына зноў была затрымана паводле запыту МУС Беларусі. Афіцыйную працэдуру экстрадыцыі ніхто не пачынаў — Вольскую ў суправаджэнні супрацоўнікаў ФСБ адвезлі ў аэрапорт, пасадзілі на самалёт, а ў Беларусі жанчыну ўжо сустракалі айчынныя сілавікі. З 8 сакавіка 2022 года Вольская знаходзілася пад вартай.

Першапачаткова дзяржаўная абвінаваўца прасіла для Ганны 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Аднак суддзя Рахманенка абмежавалася паўтара гадамі абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Вольскую вызвалілі ў зале суда да таго, як прысуд набудзе законную моц.


Сярод доказаў напісання каментароў — пратакол агляду жылля, дзе яны былі напісаныя

11 і 12 траўня ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прайшлі пасяджэнні ў дачыненні да Таццяны Чаркас. У чаканні суда яна знаходзілася пад хатнім арыштам.

Таццяна Чаркас пакідала каментары ў чаце тэлеграм-канала, у прыватнасці пра прэзідэнта Беларусі і пра начальніка аддзела ўнутраных спраў Баранавіцкага гарвыканкама Уладзіміра Максімчыка. Суд ацаніў ейныя дзеянні як паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 367 КК) і публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Згодна з абвінавачваннем, у каментары пра Лукашэнку Чаркас размясціла пра яго "звесткі, звязаныя з абвінавачваннем у арганізацыі забойства дзвюх ці больш асобаў", што, паводле версіі абвінавачвання і суда, не адпавядае рэчаіснасці. Сама Таццяна Чаркас растлумачыла падчас разгляду справы, што яна прачытала нейкую навіну ў тэлеграм-канале, пасля чаго ўвечары напісала каментар да яе пра Лукашэнку.

А Уладзіміра Максімчыка Таццяна Чаркас "абразіла" 18 кастрычніка 2021 года — напісала негатыўны каментар пад ягоным здымкам. Сам жа Максімчык у судовым пасяджэнні расказаў, што пра гэты каментар дазнаўся ад супрацоўнікаў упраўлення па Брэсцкай вобласці ГУУБ МУС Рэспублікі Беларусь (які, у сваю чаргу, выявіў яго "падчас маніторынгу сеткі Інтэрнэт"). І гэты каментар "зневажае ягоны гонар і годнасць".

uladzimir-maksimchyk.jpg
Начальнік аддзела ўнутраных спраў Баранавіцкага гарвыканкама Уладзімір Максімчык. Фота: 100fm.by

Сваю віну Таццяна Чаркас цалкам прызнала. А сярод пісьмовых доказаў віны судом быў даследаваны ў тым ліку і пратакол агляду жылля Таццяны ад 15 лютага 2022 (і нават фотатабліца да яго) — "агледжана кватэра, знаходзячыся ў якой, Чаркас пасылала свае каментары".

Акрамя гэтага, суд разгледзеў і "2 DVD-R дыскі да высноваў эксперта, дзе былі знойдзеныя фотавыявы і відэазапісы, якія пацвярджаюць удзел Чаркас у розных публічных чатах, а таксама пацвярджаюць яе нязгоду з дзейснай уладай у Рэспубліцы Беларусь".

На падставе ўсяго гэтага суддзя Мікалай Кміта прызначыў Таццяне Чаркас пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін чатыры гады без накіравання ў ПУАТ са штрафам у памеры 200 базавых велічынь (6 400 беларускіх рублёў).


Крымінальны пераслед за абразу прэзідэнта спынены

У судзе Вілейскага раёна на 13 траўня быў прызначаны разгляд крымінальнай справы Сяргея Сафарава, якога вінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК). Аднак у суд паступілі медыцынскія дакументы аб прызнанні Сафарава недзеяздольным, і на момант ажыццяўлення злачынства ён не мог адказваць за свае дзеянні.

Паводле інфармацыі, якая стала вядомая праваабаронцам, Сяргей Сафараў паздзекваўся з партрэту Аляксандра Лукашэнкі, груба размаляваўшы яго.

Суддзя Канстанцін Калядаў прыняў рашэнне аб спыненні крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства