Праз нечаканае знаёмства, затрыманне і вайну: гісторыя стасункаў беларускага палітвязня Міка і ўкраінкі Даны
Амаль два месяцы за кратамі ўтрымліваецца адміністратар культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans, палітвязень з Гомеля Мікіта Слепянок. Юнака абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, што можа пагражаць абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Пра Мікіту і нечаканыя стасункі пагадзілася распавесці ягоная дзяўчына з Украіны Дана.
Ад цікавасці і вывучэння беларускай мовы да кахання
Дана — украінка, якой 19 год. Яна пачала актыўна цікавіцца падзеямі ў Беларусі з 2020 года, у час і пасля прэзідэнцкіх выбараў, паколькі яе хвалявалі навіны пра масавыя акцыі пратэсту, пра разгон і затрыманні тысяч беларускіх грамадзян. Дзяўчына пачала глядзець навіны на незалежным беларускім тэлеканале, многія словы былі зразумелыя, аднак многае падавалася дзіўным.
“Якая смешная мова”, — думала Дана напачатку, але з часам пачала цікавіцца ёй усё больш і больш.
У студзені 2021 года далучылася да беларускіх чатаў, нават напісала там аб тым, што калі нешта напіша з памылкамі па-беларуску, каб папраўлялі яе, давалі парады, як лепей выказацца.
Так атрымалася, што шэфства над украінскай дзяўчынай, якая нават ніколі не была ў Беларусі, узяў Мікіта Слепянок, ці Мік, як называе яго Дана.
Дана ўцягнулася ў вывучэнне беларускай мовы, пайшла на дадатковыя курсы і праз некалькі месяцаў, дзякуючы свайму жаданню і дапамозе Мікіты, авалодала мовай на прыстойным узроўні.
Напачатку, як толькі стала размаўляць і пісаць на беларускай, яна пісала гэтак жа, як ён, карысталася тымі ж словамі, што і ён і ўсё за ім паўтарала. Яна адчувала сябе абароненай, калі недзе ў перапісках адчувала, што ён побач, што падтрымае.
Трэба дадаць, што Дана мае вялікія праблемы са зрокам. І аб гэтым напісала ў чаце. Тады Мік абараняў яе ад тых, хто намагаўся зачапіць альбо пакрыўдзіць.
Мікіта распавядаў ёй пра сваю пазіцыю, дзяліўся сваімі ведамі пра гісторыю Беларусі, пра нацыянальнае адраджэнне і сімволіку.
Затым Дана прапанавала беларускаму юнаку сяброўства і ён пагадзіўся. А потым узнікла каханне.
"Мік казаў, што давярае мне. А для мяне гэта першыя стасункі. Ён стаў для мяне найбліжэйшым, хоць мы нават ня бачыліся ніколі. Мік збіраўся прыехаць да мяне 8 лютага, узяў адпачынак. Памятаю, вечарам мы доўга з ім размаўлялі, як заўжды. А потым ён перастаў выходзіць на сувязь. Толькі на другі дзень вечарам з цяжкасцю я даведалася, што раніцай ён ужо быў затрыманы", — распавядае дзяўчына.
Як пазней стала вядома, Мікіту прысудзілі 15 сутак арышту за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).
На волю Мікіта Слепянок выйшаў 23 лютага, але ягоны тэлефон пакінулі для “правядзення далейшых следчых дзеянняў”.
У ІЧУ было вельмі халодна, арыштаваныя захутвалі галовы ў кашулі і футболкі, але і гэта не ратавала. Урэшце ён моцна захварэў, потым доўга лекаваўся, але так і не паспеў прыйсці ў форму.
24 лютага Дана і Мікіта размаўлялі амаль усё ноч, планавалі хуткую сустрэчу, аднак пачалося расійскае ўварванне ў Украіну.
Затым ён паспеў напісаць мне, што яго выклікаюць нібыта сведкай па справе падробкі нейкіх дакументаў супрацоўніка ГУБАЗіКа.
Мікіта Слепянок прызнаны палітзняволеным
4 красавіка Мікіту прыйшла позва да следчых, нібыта яму аддадуць тэлефон, забраны пад час першай адміністрацыйнай справы. Ён прыехаў дадому на другі дзень уначы, а назаўтра, 6 красавіка, пайшоў на допыт і не вярнуўся. Пазней стала вядома, што Слепянка затрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання).
Дане ўдалося напісаць яму ў Гомельскі следчы ізалятар і нават атрымаць адказ. У лісце дзяўчыне Мікіта піша, што ў яго ўсё нармальна, што хвалюецца за яе. Верыць, што абавязкова яны сустрэнуцца. Толькі сама дзяўчына не надта верыць, што з ім усё ў парадку, лічыць, што такім чынам ён аберагае яе.
Дана стварыла нават тэлеграм-чат "Як там Мік", у якім дзеліцца любой інфармацыяй пра каханага хлопца і запрашае далучыцца да канала ўсіх неабыякавых.
"Культурны куток беларускага нацыяналіста"
Мікіту Слепянку ў жніўні споўніцца 22 гады. У ліпені 2021 года ён анансаваў свой культурны праект “Rezystans” з нацыянальным беларускім каларытам, дзе кожны чалавек, які з гонарам усведамляе сваю нацыянальнасць, зможа адшукаць нешта цікавае і карыснае для сябе, сваіх блізкіх і паплечнікаў.
“Гісторыя, культура, літаратура, музыка, навіны, факты і шмат чаго іншага будзе пакрысе з'яўляцца на гэтым канале. На пачатковым этапе публікацыі будуць выходзіць не надта часта, але іх колькасць будзе старанна кампенсавацца якасцю”, — пісаў ён аднадумцам.
Мікіта па прафесіі электрык, але, як асоба шматгранная, захапляецца маляваннем, музыкай, любіць фатаграфаваць. Пасля знаёмства з Данай пачаў вучыць украінскую мову, спрабуе пісаць па-украінску вершы. 29 сакавіка 2022 года МУС прызнаў тэлеграм канал “Rezystans”, у якога на той час было каля 300 падпісчыкаў «экстрэмісцкім фарміраваннем», а ягонага адміністратара Мікіту Слепянка абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.
Падтрымайце палітвязня лістом ці паштоўкай: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Мікіта Антонавіч Слепянок. Альбо праз адмысловы чат-бот, пасля чаго вашае паведамленне паспрабуюць пераслаць Мікіту.