Гамяльчаніна асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады і зліў дадзеных
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 2 чэрвеня да двух з паловай гадоў калоніі асудзілі 49-гадовага Сяргея Індзюкова. Яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватнага жыцця і персанальных дадзеных), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта). Таксама яго аштрафавалі на 1 920 рублёў. Суддзя Яўген Шаршнёў разглядаў справу ў закрытым рэжыме.
Паводле версіі абвінавачвання, Сяргей Індзюкоў "публічна абразіў прэзідэнта і прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, учыненым у інфармацыі, размешчанай у глабальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт, і наўмысна незаконна распаўсюдзіў інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных іншай асобы без яе згоды, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці". Каго канкрэтна абразіў і чые дадзеныя распаўсюдзіў мужчына, а таксама іншыя падрабязнасці па справе невядомыя, таму што суд праходзіў у закрытым рэжыме.
У выніку, суддзя Шаршнёў прызначыў яму наступныя тэрміны:
- па ч. 1 арт. 368 КК — 1 год 6 месяцаў калоніі;
- па арт. 369 КК — 1 год 6 месяцаў са штрафам у памеры 40 базавых велічыняў;
- па ч. 3 арт. 203-1 КК — 2 гады са штрафам у памеры 50 базавых велічыняў.
Канчаткова Сяргею Індзюкову прызначана 2 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, са штрафам у памеры 60 базавых велічыняў (1 920 рублёў).