viasna on patreon

У Мінску судзяць экс-адваката Андрэя Мачалава, які абараняў палітвязняў Дапоўнена

2022 2022-06-09T08:00:00+0300 2022-06-16T15:10:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/machalau_9w.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння, 6 чэрвеня, пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць былога адваката Андрэя Мачалава. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 380 Крымінальнага кодэкса — выкарыстанне падробленых дакументаў. Нібыта адвакат падрабіў ордэр на ўдзел у крымінальным працэсе, хоць нібыта ведаў, што да гэтага часу быў выключаны з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Заяву ў пракуратуру на Мачалава напісала суддзя Анжэла Касцюкевіч, якая судзіла падабаронную адваката. Цяпер справу супраць экс-адваката разглядае суддзя Таццяна Шоцік. Адвакат Мачалава Віталь Брагінец цяпер адбывае адміністрацыйны арышт — 25 траўня яго асудзілі на 15 сутак арышту за "непадпарадкаванне міліцыі", пасля таго, як затрымалі "для праверкі на датычнасць да пратэснай дзейнасці".

Экс-адвакат Андрэй Мачалаў
Экс-адвакат Андрэй Мачалаў

У мінулым чэрвені Мачалаў мусіў абараняць у судзе мінчанку Вольгу Сінялёву, якая папрасіла з'ехаць з арэнднай кватэры пракурорку Аліну Касьянчык. Адвакат прыйшоў на працэс, дзе даведаўся, што яго пазбавілі ліцэнзіі. 

Пра тое, што на Андрэя Мачалава заведзеная крымінальная справа, ён даведаўся ў лістападзе 2021 года:

"27 траўня адбылося пасяджэнне дысцыплінарнай камісіі калегіі адвакатаў, на якім мне абвясцілі аб накладанні дысцыплінарнага спагнання. Патлумачылі, што да моманту выключэння з калегіі я магу працягнуць сваю практыку. Па законе атрымліваецца так: пакуль Савет калегіі не прыме рашэнне аб тваім выключэнні, ты з'яўляешся адвакатам і можаш працаваць на агульных падставах — гэта адбывалася ва ўсіх вядомых выпадках маіх калегаў. Адпаведна, пасля гэтага я расслабіўся і працягне займацца абаронай".

18 чэрвеня Андрэй Мачалаў прыйшоў у суд да сваёй падабароннай, Вольгі Сінелёвай. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, жанчына папрасіла з'ехаць са здымнага жылля памочніцу пракурора Аліну Касьянчык.

"Пасля абедзеннага перапынку суддзя Анжэла Касцюкевіч паведаміла мне, што па электроннай пошце з калегіі прыйшоў ліст: адвакатам я ўжо не з'яўляюся. Мяне адхілілі і папрасілі сысці. Зразумела, я так і паступіў. Толькі пасля гэтага ўжо на маю пошту калегія даслала паведамленне, што з яе я быў выключаны яшчэ 30 траўня. Да гэтага ніякіх падобных апавяшчэнняў я не атрымліваў ні па тэлефоне, ні ў мэсэнджеры, ні любым іншым спосабам. Я проста нічога не ведаў: быў упэўнены, што калегія паведаміць мяне ў выпадку прыняцця такой пастановы", — тлумачыць экс-адвакат.

Па словах Андрэя Мачалава, праз месяц суддзя Касцюкевіч напісала заяву ў пракуратуру. У ім гаварылася, што юрыст прыйшоў у суд з несапраўднымі дакументамі. Са справай у ведамстве разбіраліся доўга, паўгода. Мачалаў лічыць, працэс зацягнуўся, таму што складу злачынства "ў прынцыпе не было".

"Затым сваім волевыяўленнем пракурор Заводскага раёна Мінска Кулакоўскі распачаў крымінальную справу. Тое абвінавачанне, якое мне ставяць у віну, не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі. Яго могуць расследаваць пару тыдняў, максімум — месяц. Але ў выніку ўсё зацягнулі. Матэрыялы справы ідуць у храналагічным парадку, і калі я з імі знаёміўся, убачыў, што па справе апыталі ўсіх сведак. З дакументаў было відавочна: ніхто мяне ні аб чым не паведамляў, — дадае юрыст. — Зразумела, што гэта памылка калегіі, яны забыліся паведаміць мне навіны. Але мабыць, не прыдумалі нічога лепш, чым сказаць, што раз я ўжо быў на дысцыплінарнай камісіі, значыць, пра ўсё ведаў. Гэта і паклалі ў аснову майго абвінавачвання, а ў лістападзе 2021 года яшчэ і забаранілі выязджаць з краіны".

Як распавёў сам Андрэй Мачалаў блогу «Отражение», суд над ім павінен прайсці ў пачатку наступнага тыдня, тым часам ягонага адваката Віталя Брагінца 25 траўня асудзілі на 15 сутак арышту за "непадпарадкаванне міліцыі".

"Віталь абараняе мяне з самага першага допыту. Ён мусіць выйсці на волю ўвечары аўторка. А першае пасяджэнне па маёй справе будзе ў панядзелак, аб 11-ай раніцы. Адпаведна, я папрашу суд адкласці працэс. Дзяжурнага адваката мне абавязаныя прызначыць толькі ў тым выпадку, калі мой абаронца не зможа ўдзельнічаць у справе больш за тры дні", — кажа Мачалаў.

Што адбываецца на судзе?

Падрабязнасці судовага працэса над былым адвакатам публікуе тэлеграм-канал "Право на защиту". 

Мачалаў заявіў у судовым працэсе аб адкладзе судовага пасяджэння да серады, 8 чэрвеня, паколькі тэрмін адбыцця пакарання Віталя Брагінцам мінае 7 чэрвеня, аднак суддзя Таццяна Шоцік гэтае хадайніцтва адхіліла. Пасля гэтага Мачалаў заявіў адвод суду, які таксама быў адхілены.

Судом таксама было прынята рашэнне аб забеспячэнні абароны шляхам выкліку дзяжурнага адваката. У працэс, нягледзячы на пярэчанні Мачалава, была ўключаная адвакатка Наталля Канода. Суд прадаставіў толькі 20 хвілін для азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы.

Пасля перапынку экс-адвакат заявіў хадайніцтва аб адмове ад абароны дзяржаўнай адвакаткай, аднак суд гэтую адмову не прыняў. Таксама Мачалаў заявіў хадайніцтва аб прадастаўленні перапынку на трое сутак для вывучэння матэрыялаў справы новым адвакатам і ўзгаднення пазіцыі, аднак суд і гэта хадайніцтва адхіліў, матывуючы гэта тым, што ў абароны дастаткова часу для падрыхтоўкі пазіцыі і прадастаўвіў перапынак яшчэ на 20 хвілін.

"Судовы працэс працягваецца, нягледзячы на шматлікія парушэнні права на абарону", —  адзначаецца ў тэлеграм-канале "Право на защиту".

Што казалі сведкі на судзе?

7 чэрвеня працягнуўся судовы працэс па справе. "Право на защиту" распавядае яго падрабязнасці. 

У другой палове дня 6 чэрвеня і 7 чэрвеня адбыўся допыт сведак. Асноўнае пытанне, які высветлялі ў сведкаў: ці меў Андрэй Мачалаў права працягваць працу ў перыяд пасля вынясення дысцыплінарнай камісіяй Мінскай абласной калегіі адвакатаў пастановы аб прыцягненні яго да дысцыплінарнай адказнасці і да прыняцця саветам рашэння калегіі аб яго выключэнні. Пазіцыя абвінавачвання заключаецца менавіта ў тым, што ўжо з моманту вынясення пастановы дысцыплінарнай камісіяй адвакат нібыта не мае права ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць.

Адвакат Сяргей Дзегцяроў, які з'яўляўся членам дысцыплінарнай камісіі, наўпрост на гэтае пытанне не адказаў, спаслаўшыся на свой статус сведкі, а не спецыяліста, аднак растлумачыў, што дысцыплінарная камісія ўстанаўлівае толькі факт дысцыплінарнай правіны, а рашэнне аб выключэнні знаходзіцца ў кампетэнцыі Савета калегіі.

Былая старшыня дысцыплінарнай камісіі адвакатка Марыя Каржэвіч заявіла, што адвакат губляе права ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць адназначна толькі з моманту вынясення рашэння Савета, што прама прадугледжана ў законе. Яна таксама адзначыла, што так і адбывалася на практыцы: да рашэння Савета магло прайсці да трох тыдняў, падчас якіх адвакат мог завяршыць свае справы, наведаць кліентаў у СІЗА.

Адвакатка Ірына Смірнова (на момант выключэння Андрэя Мачалава – старшыня Мінскай абласной калегіі адвакатаў) у судзе сцвярджала, што адвакат губляе права ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць з моманту вынясення пастановы дысцыплінарнай камісіі, а рашэнне савета аб выключэнні, на яе думку, носіць фармальны характар. У той жа час нормаў, якія не дазваляюць адвакату ажыццяўляць дзейнасць адразу пасля вынясення пастановы дысцыплінарнай камісіі, Смірнова не назвала.

7 чэрвеня па хадайніцтве абароны ў судзе ў якасці сведкі быў дапытаны Яўген Пыльчанка –адвакат, выключаны з Мінскай гарадской калегіі ў лістападзе 2021 года па такой жа працэдуры, як і Андрэй Мачалаў: гэта значыць за здзяйсненне дысцыплінарнай правіны. Пыльчанка растлумачыў, што пасля вынясення дысцыплінарнай камісіяй 28 кастрычніка пастановы аб яго выключэнні, ён працягнуў працаваць. У сувязі з уступленнем у сілу змяненняў у закон, якія ліквідуюць адвакацкія бюро, ён 1 лістапада перайшоў у юрыдычную кансультацыю № 2 Цэнтральнага раёна горада Мінска, у гэты ж дзень загадчыца ЮК выдала яму пад роспіс новую ордэрскую кніжку, а кіраўніцтва калегіі (на той момант – старшыня Аляксей Швакоў або яго намесніца Вера Арэшка) на час вырабу новага пасведчання выдала даведку, якая пацвярджае, што Пыльчанка з'яўляецца адвакатам юрыдычнай кансультацыі і мае права ўдзельнічаць у судах, следчых органах і наведваць папраўчыя ўстановы. Толькі пасля прыняцця саветам калегіі 2 лістапада рашэння аб выключэнні Пыльчанка з калегіі і апавяшчэнні яго аб гэтым, ён пазбавіўся права ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць.

Таксама ў працэсе стала вядома, што адвакат, напярэдадні прымусова прызначаны судом для абароны Мачалава замест Віталя Брагінца, які адбывае пакаранне, не можа ўдзельнічаць у працэсе, у сувязі з чым суд выклікаў чарговую дзяжурную адвакатку  Наталлю Крыгіну. На гэты раз суд адразу падаў адвакату для азнаямлення з матэрыяламі справы 35 хвілін. На дадзены момант справа ўяўляе сабой два тамы пісьмовых матэрыялаў і каля 4 гадзін аўдыёпратакола першага судовага пасяджэння, што робіць фізічна немагчымым азнаямленне з імі новага адваката на працягу вылучанага часу. Хадайніцтвы Мачалава аб адмове ад абароны, прадастаўленні часу для азнаямлення з матэрыяламі справы і ўзгаднення пазіцыі, а таксама заяву аб адводзе суддзі былі адхіленыя.

Lawyers for Lawyers і Савет адвакатур і юрыдычных таварыстваў Еўропы патрабуюць спыніць крымінальную справу

У сумесным лісце Lawyers for Lawyers і Савет адвакатур і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) ад 8 чэрвеня зрабілі сумесную заяву з нагоды затрымання адваката Віталя Брагінца і крымінальнай справы, узбуджаных у дачыненні да адваката Андрэя Мачалава.

Арганізацыі паведамляюць, што ў выніку адміністрацыйнага арышту Брагінец будзе пазбаўлены ліцэнзіі адваката і права на выкананне сваіх прафесійных абавязкаў у якасці адваката, а прад'яўленыя Мачалаву абвінавачванні з'яўляюцца неабгрунтаванымі і хутчэй звязаныя і служаць незаконнаму спыненню яго законнай дзейнасці ў якасці адваката.

Lawyers for Lawyers і CCBE заклікаюць беларускія ўлады вызваліць Віталя Брагінца і зняць усе абвінавачванні з яго і з Андрэя Мачалова, калі ў ходзе разгляду не будуць прадстаўлены дакладныя доказы, адпаведныя гарантыях справядлівага судовага разбіральніцтва, і гарантаваць, што ўсе адвакаты у Беларусі, у тым ліку названыя вышэй, маюць магчымасць займацца юрыдычнай практыкай без пагроз, запалохвання, перашкод, прыгнёту, неправамернага ўмяшальніцтва або рэпрэсалій.


Мачалаў абараняў палітзняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч і шматдзетную маці Вольгу Залатар. Яму пагражае да двух гадоў "хіміі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства