viasna on patreon

Творчасць палітзняволеных: якую музыку можна пачуць праз краты?

2022 2022-06-07T16:32:39+0300 2022-06-07T17:42:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/music_prison.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: flickr.com/photos/ilovedoodle

Фота: flickr.com/photos/ilovedoodle

За кратамі ў Беларусі цяпер знаходзяцца прадстаўнікі шматлікіх прафесій, культур і родаў дзейнасці. Сярод іх — і людзі, чые жыццё моцна пераплеценае з музыкай розных форм і жанраў. Цяпер, калі музыканты, выканаўцы, кампазітары вымушаныя быць у зняволенні, іхнімі галасамі могуць стаць людзі на волі. Для гэтага дастаткова не пераставаць слухаць тое, ўва што яны ўкладвалі ўвесь свой імпэт, і пры магчымасці — пашыраць веды пра беларускую культуру. Таму сёння мы прапануем пазнаёміцца з музыкай палітзняволеных, якую яны стварылі яшчэ да таго, як трапіць за краты. 

"Эта музыка старее, чем мир
Она нелепа и смешна
Но я буду танцевать под неё
Даже если она не слышна"

Барыс Грэбеншчыкоў, "Песни нелюбимых" 


Крысціна Чаранкова

гурт VIKT(A)R xOi!

Крысціна — актывістка антыфашысцкага руху і вакалістка мазырскага пост-панк гурта VIKT(A)R xOi!. Яна выступала там разам з суджэнцам Фёдарам. Музыкі паспелі запісаць некалькі трэкаў, але пасля сакавіцкіх ператрусаў ГУБЗіК забраў абсталяванне. Тым не менш, запіс вакалу Крысціны захаваўся, астатнія інструменты давялося перазапісаць. Пакуль яна знаходзіцца за кратамі, ейныя калегі рыхтуюць сінгл з вакалам Крысціны. 

Падрабязней пра гурт Крысціны можна даведацца ў выпуску "Еўрарадыё". 


Гурт Irdorath

Бадай, самыя знакамітыя музыкі-палітзняволеныя — фэнтэзі-фолк гурт Irdorath, усе ўсе ўдзельнікі якога знаходзяцца за кратамі. А менавіта — вакалістка Надзея Калач, ейны муж, франтмэн Уладзімір Калач, бэк-вакалістка некаторых праектаў гурта, харавая дырыжорка Юлія Марчанка — жонка былога гітарыста гурта Пятра Марчанкі, ударнік і струннік Антон Шніп. Гурт грае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку. Сярод знакамітых песен гурта — твор на словы Уладзіміра Караткевіча "Быў. Ёсць. Буду".

Аднак мала хто ведае, што Надзея мае ўласны праект, цягам якога яна публікавала ўласныя песні. 


Максім Знак

Максім — ня толькі знакаміты юрыст, выкладчык юрыдычных навук, аўтар публікацый па юрыдычнай тэматыцы, але і творчы чалавек, імпэт якога не абмяжоўваецца кратамі. З СІЗА і калоніі ён працягвае дасылаць свае вершы, аповесць, апавяданні. У сеціве ўжо даступная частка ягонага зборніка апавяданняў пра побыт у турме "Зэкамерон". Таксама Максім Знак вядомы сваімі бардаўскімі выступамі, шматлікія з ягоных песень прысвечаныя гісторыі Беларусі. Адну з іх ён выканаў на мурах Крэўскага замку ў 2011 годзе.


Аляксандр Казакевіч

гурт "Kanflikt"

Маладзечанец Аляксандр Казакевіч грае ў метал-гурце "Kanflikt". Ён быў затрыманы 12 красавіка 2022 пасля ператрусу ў доме. 


Арцём Федасенка

праект AF

Палітвязень Арцём Федасенка — аўтар музычнага праекта AF, за кратамі піша вершы. Дырэктар мінскай прыватнай тыпаграфіі быў затрыманы 19 сакавіка 2021 года за друк "незарэгістраваных газет, налепак, лістовак пратэснага характару”. Незадоўга да арышту Арцём выпусціў два сінглы, але не паспеў паведаміць пра рэліз.


Аляксей Санчук

гурт "Требуем разойтись"

Аляксей — музыкант, удзельнічаў у гурце "Требуем разойтись", які акрамя іншага граў на Маршах і дваравых канцэртах у Мінску ў 2020 годзе. Аляксея затрымалі 4 лістапада 2020 года на рэпетыцыйнай кропцы ў Мінску з барабаншчыкамі. На відэа АНТ Аляксей пасля затрымання толькі сказаў"Я вучыў рытм". Цяпер у сеціве запушчаны флэшмоб #яучилритм, дзе людзі адбіваюць рытм на барабанах ці нават на рондалях за вызваленне Аляксея Санчука і іншых палітвязняў. Песню "Хто ты?" са зваротам да беларусаў гурт Аляксея запісаў, калі мужчына ўжо быў за кратамі.


Анатоль Хіневіч

Анатоль — праграмicт з Барысава, у родным горадзе яго таксама ведаюць як барда і выканаўцу ўласных песень. Ён узяў удзел у "Бардаўскай восені-2017". На імпрэзе ён выступіў з песняй на свае словы і музыку. Разам з акторам Свабоднага тэатра Кiрылам Калбаснікавым "Честные люди" агучылі верш, які Анатоль даслаў з турмы.


Павел Ларчык

Гамяльчук Павел Ларчык грае на гітары ў рок-метал каверы на вядомыя музычныя кампазіцыі. 


Артур Аміраў

29-гадовы жыхар Брэста Артур Аміраў піша музыку і захапляецца дыджэінгам яшчэ са школьных часоў. DJ Artur Amirov стажыраваўся ў некалькіх маскоўскіх клубах, працаваў у культавым брэсцкім клубе "Korova". Ягоныя музычныя трэкі адабраў нямецкі лэйбл і заключыў з Артурам кантракт. Хлопец грае ў напрамках funk, disco, house, r'n'b, deep house.

Arthur Amirov · Arthur Amirov Special Mix For @Lotus Events


Марыя Калеснікава

Кіраўніца выбарчага штаба Віктара Бабарыкі таксама грае на флейце, з'яўляецца мэнэджаркай культуры. Навучалася ў Акадэміі музыкі, выступала ў складзе Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра. Марыя прымала ўдзел у канцэртах, займалася арганізацыяй міжнародных культурных праектаў як у Германіі, так і ў роднай краіне. Пасля вяртання з Германіі таксама праводзіла ў Беларусі лекцыі "Уроки музыки для взрослых".


Сяргей Далівеля 

Сяргей — кампазітар, выканаўца, музыка. Выступаў ў гуртах "Band&roll" і "Без паники", таксама запісваў аўтарскія каверы на вядомыя песні.


Віктар Катоўскі

Віктар — бас-гітарыст музычнага гурта з Палесся "TerraKod", што спалучае ў сабе фолк і альтэрнатыву. Пераможца "Sound of Borderland-2012" (Польшча) і "Men's Fest-2011" (Беларусь).


Андрэй Пачобут 

Андрэй — заснавальнік панк-гурта "Deviation", у складзе якога выступаў на фестывалі "Басовішча-1997". Таксама ён — сонграйтэр песні "Зброя", якую Алесь Дзянісаў напісаў для "Дзецюкоў", аўтар аднайменнага верша.


Таксама вядома, што да беларускай музыкі мелі тое ці іншае дачыненне яшчэ некалькі палітвязняў. Рэдактар "Нашай нівы" Андрэй Скурко быў адным з заснавальнікаў і ўдзельнікаў рок-гурта "Драконы" (1997) і "Band_A" (2006). Аксана Каспяровіч — настаўніца ў музычнай школе ў Лідзе, навучае дзетак граць на скрыпцы. Сяргей Спарыш скончыў Гродзенскае музычнае вучылішча як музыказнаўца, граў на скрыпцы, потым — вучыўся ў Акадэміі музыкі на кампазітара. У 18 гадоў, з'яўляючыся дыпламантам Міжнароднага конкурсу маладых кампазітараў, даў свой першы аўтарскі канцэрт і напісаў сімфонію. Сяргей Ціханоўскі таксама захапляецца музыкай, у юнацтве быў дзіджёем, а потым стаў музычным мэнэджарам: каля 10 год ладзіў вечарыны электроннай музыкі, фестывалі, канцэрты замежных і беларускіх гуртоў, таго ж N.R.M., забаўляльныя шоу. Папулярныя клубы Гомельшчыны "Нэма", "Брава", "Лайт", "Эльза" таксама адкрыліся не без удзелу Сяргея. Больш даведацца пра рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў культуры можна ў маніторынгу.

Пашырайма музыку беларусаў за кратамі!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства