viasna on patreon

Папаўненне ў "экстрэмісцкім" спісе: хроніка пераследу 8 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-08T09:56:00+0300 2022-06-09T08:12:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bel-rada-kultura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У спісе экстрэмістаў – "Беларуская Рада культуры"

У спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў уключаная "Беларуская Рада культуры", сайт арганізацыі, яе сацыяльныя сеткі, а таксама ініцыятывы па стварэнню Рэсурснага цэнтру беларускай культуры, Інстытуту прамоцыі Беларусі і культурніцкага Сойму. З прапановай выступіла Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

"Беларуская Рада культуры" створаная ў кастрычніку 2020 года як Беларускі фонд культурнай салідарнасці, у пачатку 2021 года ператварылася ў Беларускую Раду культуры (БРК).

Рада ініцыюе і праводзіць глабальныя міжнародныя кампаніі пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Каардынацыйнага Савета, іншых грамадскіх ініцыятыў і арганізацый. Ад часу заснавання інстытуцыю падтрымліваюць ключавыя фігуры беларускай культуры і прадстаўнікі дыяспары, да імпрэзаў і акцый БРК далучаюцца і замежныя артысты і арт-актывісты.

Заснавальнік і кіраўнік Беларускай Рады культуры — Сяргей Будкін.


Суд Талачынскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «ByProsvet» «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Праект «ByProsvet» займаецца аб'яднаннем усяго самвыдату Беларусі.


Перавялі з "хатняй хіміі" ў калонію хлопца, асуджанага за кактэйль Молатава

Елісей Кузняцоў у жніўні 2020 года быў 16-гадовым хлопцам, які вучыўся ў школе ў Жабінцы. 11 жніўня 2020 у горадзе падчас акцыі пратэсту адбыўся інцыдэнт: хтосьці кінуў у міліцэйскую машыну "кактэйль Молатава" — але ніхто не пацярпеў, а шкода аўтамабілю была толькі" ў выглядзе сажы", якую змылі пасля першай жа мыйкі.

За гэты інцыдэнт асудзілі Елісея да 2.5 года абмежавання волі. 

Зараз стала вядома, што Кузняцова 20 сакавіка 2022 арыштавалі, а цяпер хлопец ужо знаходзіцца ў калоніі.


Прызначаная дата новага суда над палітзняволенай

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу, якая адбывае пакаранне ў калоніі № 4 ў Гомелі, 13 чэрвеня пачнуць судзіць зноў – за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі”.

Справу будзе разглядаць суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля, суддзя – Мальцаў Сяргей Мікалаевіч. Верагодна, суд будзе праходзіць у выяздным пасяджэнні ў калоніі.

Новая крымінальная справа супраць 40-гадовай Вікторыі Кульшы была ўзбуджана ў канцы сакавіка. Вікторыю абвінавацілі па частцы 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”.


Сілавікі разграмілі кватэру прадстаўніцы кіберпартызанаў

Сілавікі разграмілі кватэру прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец і апублікавалі відэа з наступствамі свайго візіту.

Цынічнае відэа, якое яны выклалі, стылізаванае пад праграму «Кватэрнае пытанне», толькі наадварот. Спачатку паказваюць прыбраную чыстую кватэру, а потым — пагромленую. На відэа накладзеная гукавая дарожка з вядомай праграмы.


На гітарыста гурта "Deviation" Пашу Бяланава дадаткова завялі крымінальную справу

Вядома, што Бяланаў ужо сядзіць па адміністрацыйным артыкуле, а зараз на яго дадаткова завялі крымінальную справу па арт.368 КК РБ (абраза прэзідэнта).


Спынены крымінальны пераслед чатырох чалавек па справе ўдзельнікаў забастовак

7 чэрвеня орган Следчага камітэта спыніў крымінальны пераслед у адносінах да Дзмітрыя Елісеева і Святланы Зыль са Жлобіна, а таксама Маргарыты Зубаравай з Гомеля. Аналагічнае рашэнне прынята адносна Наталлі Белабехавай. Яны праходзілі па справе, якая вядзецца супраць удзельнікаў «Рабочага руху» – тых, хто падтрымаў забастоўку пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, піша "Гомельская вясна".

Спынены крымінальны пераслед у дачыненні да траіх фігурантаў справы "Рабочага руху"

На працягу 21-23 верасня 2021 года пракацілася хваля затрыманняў завадчан і стачкамаўцаў з "Гродна Азота", Беларускага металургічнага завода, Беларускай чыгункі і "Нафтана".

Па крымінальнай справе яны зараз з'яўляюцца сведкамі. Зараз па гэтай справе ў якасці абвінавачаных праходзіць 21 чалавек.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства