viasna on patreon

Заява аб прызнанні палітвязнямі Алеся Любенчука і Канстанціна Залатых

2022 2022-06-08T10:17:14+0300 2022-06-08T10:17:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zalatyk_liubianchuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

18 траўня 2022 г. КДБ правёў ператрусы  ў рэдакцыi газеты “Беларусы і рынак” i дома ў дырэктара газеты Канстанцiна Залатых, пасля чаго ў яго канфіскавалi ноўтбук і сродкі сувязі, а потым Канстанцiн быў затрыманы. Адвакат затрыманага амаль тыдзень не здолеў сустрэцца са сваім падабаронным, а дакладнае месца знаходжанне дырэктара выдання заставалася невядомым.

Канстанціну Залатых выставілі крымінальнае абвінавачанне па ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусi – распальванне варажнечы, спалучанае з гвалтам альбо здзейсненае службовай асобай. Па гэтым артыкуле Канстанціну пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. На дадзены момант Канстанцiн Залатых знаходзiцца ў СІЗА ў Жодзіне.

26 траўня 2022 г. прайшоў ператрус i ў доме журналiста Аляксандра (Алеся) Любенчука, а сам Аляксандр быў затрыманы ў межах крымінальнай справы i дастаўлены ў ізалятар часовага утрымання ў Мінску. На дадзены момант журналісту выставілі абвінавачванні, але дакладны крымінальны артыкул, які інкрымінуюць Любенчуку, невядомы (адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні).

Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Канстанцiна Залатых i Аляксандра (Алеся) Любенчука з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Канстанцiна Залатых i Аляксандра (Алеся) Любенчука з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару ix публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Канстанцiна Залатых i Аляксандра (Алеся) Любенчука палітычнымi зняволенымi і патрабуем:

  • неадкладнага вызвалення Канстанцiна Залатых i Аляксандра (Алеся) Любенчука і спынення ў дачыненні да ix крымінальнага пераследу;
  • адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;
  • неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. 

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі ПЭН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства